Сёння на Маларытчыне пражываюць 7 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 17 дзяцей, і дзейнічаюць 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе знайшлі маму і тату 14 непаўналетніх.
Здараецца, што перад бацькамі час ад часу паўстаюць пытанні па выхаванні дзяцей і наладжванні ўзаемаадносін з імі. Нават нягледзячы на вялікі жыццёвы вопыт, даволі часта ўзнікаюць сітуацыі, калі цяжка, а часам і немагчыма знайсці з іх адзіна правільнае выйсце. Тады на дапамогу прыходзяць спецыялісты Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У сваёй рабоце яны выкарыстоўваюць розныя метады, прыёмы і сродкі. Даволі эфектыўнымі з’яўляюцца пасяджэнні клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”, адно з якіх нядаўна прайшло ў нядзельнай школе пры храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Маларыце.
Такія сустрэчы, на думку іх удзельнікаў, дапамагаюць павысіць выхаваўчы патэнцыял сем’яў, згуртаваць прыёмных бацькоў, пашырыць іх веды па выхаваўчых пытаннях, развіць педагагічную кампетэнтнасць.
Чарговае пасяджэнне клуба праходзіла, як заўсёды, у нефармальнай атмасферы з удзелам протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук. Падчас шчырай і зацікаўленай размовы абмяркоўвалася актуальнае пытанне, звязанае з роляй бацькоў у вучобе дзяцей.
Удзельнікі пасяджэння даведаліся шмат цікавага і карыснага, атрымалі станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і добрага настрою ад зносін. За кубкам чаю ўсе адчулі сябе дружнай сям’ёй аднадумцаў. Напрыканцы сустрэчы айцец Віктар Паляціла адказаў на пытанні бацькоў.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.