Алег Юрэня: “Пра стыпендыю FISU, кроў, пот і тое, чаму ў Мазыры трэба вучыцца”

- 16:47Рознае, Спартыўныя падзеі
Дзякуючы Алімпіядзе ў Сочы, Беларусь заявіла пра сябе ўсяму свету. А напярэдадні Алімпійскіх гульняў у нас была яшчэ адна магчымасць парадавацца за нашага земляка і, дарэчы, калегу, сярэбранага і бронзавага прызёра чэмпіянатаў свету па веславанні, неаднаразовага чэмпіёна і сярэбранага прызёра чэмпіянатаў Еўропы, члена нацыянальнай зборнай і студэнта выпускнога курса Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Алега Юрэню.
Алег стаў адным з уладальнікаў стыпендыі Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FISU) на 2013/2014 навучальны год. Дарэчы, беларускія спартсмены ўпершыню прынялі ўдзел у гэтым прэстыжным міжнародным праекце, які створаны для падтрымкі маладых спартыўных талентаў. Стыпендыя выдзяляецца дзвюм дзяўчатам і аднаму хлопцу, якія выбіраюцца сярод прэтэндэнтаў з усяго свету. Крытэрыем выбару з’яўляюцца высокія спартыўныя і вучэбныя дасягненні.
Акрамя Алега Юрэні, уладальніцамі стыпендыі сёлета сталі Саранзаболд Батсэтсэг з Манголіі (вольная барацьба, Азіяцкая федэрацыя ўніверсітэцкага спорту) і Ідаліз Орціз Бакорт з Кубы (дзюдо, Панамерыканская федэрацыя ўніверсітэцкага спорту).
Нам пашчасціла застаць спартсмена ў Мазыры, і ён з задавальннем прыняў прапанову даць інтэрв’ю свайму прафесійнаму выданню — “Настаўніцкай газеце”.

— Алег, стыпендыя стала нечаканасцю?
— Сапраўднай (смяецца). Шчыра кажучы, я думаў, што падставай для выдзялення стыпендыі з’яўляецца выступленне на Сусветнай летняй універсіядзе ў Казані. Там я стаў сярэбраным і бронзавым прызёрам, але не чэмпіёнам. Таму быў вельмі здзіўлены, калі мяне выбралі сярод спартсменаў усяго свету.
Эмоцыі самыя прыемныя. Ніяк не чакаў такога рэзультату. Думаю, гэта будзе нядрэнным укладам у вырашэнне майго кватэрнага пытання.

— Сёння вы вядомы спартсмен і стыпендыят FISU. Памятаеце, з чаго пачынаўся шлях у веславанне?
— Гэта дастаткова вядомая гісторыя. Пачалося ўсё, калі мне было гадоў недзе каля дзесяці. Мы з бацькам любілі прабегчыся разам. Неяк прыбеглі на бераг Нёмана, дзе якраз ішла трэніроўка секцыі па веславанні. Бацька падышоў да трэнера і спытаўся, ці можна мне паспрабаваць. І цяпер памятаю гэтае адчуванне палёту, быццам лунанне ў паветры. Калі не верыце, паспрабуйце (смяецца). Я сеў і паплыў…
Прыйшоў на наступны дзень, а мне сказалі, што малы яшчэ, і прапанавалі прыйсці на наступны год. Было так крыўдна, што я заплакаў. Праз нейкі час у Спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву № 1 Мастоў Гродзенскай вобласці мяне ўсё ж узялі. Мае сур’ёзныя трэніроўкі пачаліся пад кіраўніцтвам Уладзіміра Міхайлавіча Задоліна. Ён з’яўляецца маім асабістым трэнерам і па сённяшні дзень.

— У нацыянальную зборную трапілі ў сямнаццаць?
— Так, і пачаў трэніравацца побач з такімі тытанамі, як Петрушэнка, Махнеў… Для непаўналетняга хлопца гэта было складана. У нас былі розныя інтарэсы, таму я практычна ні з кім у камандзе не падтрымліваў зносіны. Памятаю, што амаль увесь час хацелася дадому. Аднак час ішоў — і ўжо праз год усё нармалізавалася, з’явіліся знаёмыя і сябры.

— У спорце, мабыць, як і ў любой справе, ёсць людзі адораныя, якім усё даецца з лёгкасцю, а ёсць тыя, каму прыходзіцца змагацца за кожны крок наперад. Да якой катэгорыі вы аднеслі б сябе?
— Да ўнікумаў, якім усё дадзена ад прыроды, дакладна не. Канечне, задаткі ў мяне ёсць (і нядрэнныя), але па вялікім рахунку ўсё даецца потам і кроўю. Я вельмі шмат працаваў і працую. Кожны пачатак сезона — гэта мазалі. Калі я гавару пра пот і кроў, то ўсё так і ёсць на самай справе.
Калі збоку глядзець на веславанне, на тое, як ідзе лодка, усё здаецца лёгкім і прыгожым. Аднак зазірніце на нашы трэніроўкі ў зале, дзе за тры хвіліны мы проста ўзмыленыя. Адразу зразумела, як дорага каштуе гэтая лёгкасць.

— Алег, наколькі я зразумела, вы не вельмі задаволены сваім выступленнем на ўніверсіядзе ў Казані?
— Я не сказаў бы, што незадаволены. У адзіночцы на 1000 метраў прайграў не каму-небудзь, а бронзаваму прызёру чэмпіянату Еўропы — 2011 Фернанда Піменце, стаў сярэбраным прызёрам універсіяды. Мяне хутчэй зачапіла не тое, што аказаўся другім, а тое, як прайграў. У мінулым годзе пасля этапаў Кубка свету ў мяне пайшоў спад формы. Настолькі, што практычна не мог трэніравацца. Быццам бы працаваў, але не было ўнутранай матывацыі, каб вылажыцца да канца. І ў нейкі момант гэта стала сапраўднай праблемай.
Выступленне на ўніверсіядзе для нас мела два бакі. Для прафесіянала гэта не вельмі сур’ёзна. Аднак гэта толькі другая ўніверсіяда ў гісторыі, дзе ў якасці дадатковага віду спорту ў праграму было ўключана веславанне на байдарках і каноэ. Першы і апошні раз яно было прадстаўлена на Сусветнай летняй універсіядзе 1987 года ў Заграбе. І вось другі раз у Казані. Ужо сам гэты факт выклікаў адказнасць.

— Не так даўно вы з адзіночкі пераселі ў байдарку-двойку. І адразу паказалі вынік. Наколькі складанай была адаптацыя? Вам усё ж лягчэй працаваць аднаму ці ў пары?
— Цяжкасцей асаблівых для мяне не было. Справа ў тым, што я пачынаў якраз з двойкі. У 2007 годзе мы з Віталем Бялько сталі сярэбранымі прызёрамі чэмпіянату свету сярод юніёраў. У гэтым жа годзе выйгралі чэмпіянат Еўропы на дыстанцыі 1000 метраў і сталі другімі на дыстанцыі 500 метраў. Так што прывыкаць доўга не прыйшлося. Адзінае, што сапраўды далося цяжка, — гэта немагчымасць выступаць у адзіночцы на 1000 метраў. Хацелася быць і там, і там. Але гэта немагчыма. Разам з тым я разумею, што ў параўнанні з адзіночкамі ў двойках меншая канкурэнцыя. Таму разлік быў дакладны: выступленне ў двойцы прынясе медалі. А ў фізічным плане гэта значна лягчэй — патрэбна толькі адчуваць партнёра.

— Дарэчы, заўсёды было цікава, ці могуць два чалавекі быць прынцыпова рознымі людзьмі, не з’яўляцца сябрамі і быць пры гэтым бліскучым экіпажам?
— Калі яны проста розныя людзі, а не ворагі, то чаму б і не… Гэта магчыма. Галоўнае, каб не было непрыязнасці. Калі вы ў нармальных прафесійных адносінах, што дазваляе вам чуць і прымаць заўвагі адно аднаго, то праблем няма. Але калі кожны з партнёраў упэўнены, што толькі ён ведае, як правільна, то задача ўскладняецца ў шмат разоў і пра бліскучы вынік гаварыць бессэнсоўна.
Канечне, розныя сітуацыі бываюць у жыцці. У мяне асабіста да спрэчак не даходзіла, але з бурчаннем партнёраў сутыкацца прыходзілася (смяецца). Бывае і такое, што двойка едзе падчас трэніроўкі і маўчыць. Нармальна? Нармальна! Падчас выступлення мы звычайна таксама амаль не перагаворваемся. Гэта могуць быць толькі асобныя словы ці гукі кшталту “эээ, давай…” (смяецца).

— Алег, калі вярнуцца да стыпендыі FISU, то мы неяк па-за ўвагай пакінулі вашы акадэмічныя поспехі. Як пры напружаным графіку трэніровак паспяваеце вучыцца?
— Галоўны трэнер нашай нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантаровіч кожны раз падкрэслівае: “Мазырскі педагагічны ўніверсітэт — гэта вам не сталічная ўстанова адукацыі, тут трэба вучыцца” (смяецца). Канечне, гэта жарт, але вучобу на самай справе ніхто не адмяняў. Мне асабіста вучыцца няцяжка. Думаю, тут патрэбны два важныя ўменні: першае — уменне ўважліва слухаць, другое — правільна і лагічна выказваць свае думкі — адным словам, умець гаварыць. Я ўжо на пятым курсе. Наперадзе дзяржаўныя экзамены, так што гэты шлях амаль пройдзены. Ну і, канечне, ва ўніверсітэце нас разумеюць, калі трэба, ідуць насустрач у вырашэнні самых розных вучэбных пытанняў.

— У школе вам таксама вучоба давалася лёгка? Памятаеце сваіх самых любімых настаўнікаў?
— Выдатна памятаю ўсіх. У школе быў нядрэнным вучнем, не выдатнікам, але недзе недалёка. Ну і, канечне, без здарэнняў не абышлося. Памятаю, як выбіў акно (усміхаецца).
Мне добра давалася матэматыка, вельмі любіў нямецкую мову. Магчыма, з-за настаўніцы — яе ў нас выкладала Аліна Анатольеўна Пятрашка. Самае смешнае, што цяпер, калі спрабую размаўляць з немцамі на іх роднай мове, яны адказваюць мне на англійскай.
Калі, будучы школьнікам, пачаў ездзіць на зборы, то крыху адставаў. Але на кантрольныя работы стараўся прыходзіць падрыхтаваным.

— Ёсць жаданне самому выкладаць у школе?
— Шчыра кажучы, я падумаў бы пра гэта. Злавіў сябе на думцы, што, калі замяняю трэнера, мне вельмі падабаецца сам працэс і мая роля ў гэтым працэсе. Але на сённяшні дзень гэта дастаткова альтруістычная работа. Таму ў мае планы яна не ўваходзіць.

— Чым цяпер займаецеся ў Мазыры?
— У асноўным гэта атлетычная падрыхтоўка, работа на вяслярным трэнажоры. Зусім хутка, ужо ў канцы красавіка, будзе праходзіць Кубак Беларусі, у сярэдзіне мая — этап Кубка свету, потым — чэмпіянат Еўропы і чэмпіянат свету. У жніўні спадзяюся выступіць на VI чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ, які пройдзе ў Мінску.

— Напрыканцы нашай размовы што хацелі б пажадаць па сутнасці ўжо вашым калегам, настаўнікам фізічнай культуры?
— Памятаць, што іх вучні нават пры відавочным спартыўным таленце ўсё роўна павінны імкнуцца быць адукаванымі людзьмі. Жадаю педагогам разумення гэтага і жадання даносіць свой прадмет цікава і глыбока. Ну і, канечне, таленавітых вучняў!

Наталля АЛЁХІНА.