“Мы нацэлены на далейшае развіццё”

- 11:26Адукацыйная прастора

Нацыянальнаму інстытуту адукацыі, найстарэйшай у Беларусі навукова-метадычнай установе, якая займаецца даследаваннямі праблем развіцця дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, спаўняецца 90 гадоў! Віншуем! Напярэдадні юбілею мы разам з дырэктарам інстытута адукацыі Валянцінай Гінчук падводзім вынікі дзейнасці, аналізуем дасягнутае. У НІА  ставяць перад сабой новыя задачы, вызначаюць прыярытэтныя кірункі і патэнцыял для далейшага развіцця. Нягледзячы на ўзрост, трэба рухацца далей. Тут заўсёды адкрыты для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва ў сферы навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

— Валянціна Васільеўна, давайце крыху вернемся ў мінулае, каб асэнсаваць значнасць той работы, якую рабіў і робіць інстытут.

— Дзейнасць інстытута на ўсіх этапах існавання была непарыўна звязана з развіццём нашай краіны і нацыянальнай сістэмы адукацыі. Створаны ў 1929 годзе як НДІ педагогікі і педалогіі, інстытут некалькі разоў мяняў сваю назву: у 1931—1934 гадах — НДІ камуністычнага выхавання, у 1934—1939 гадах — НДІ школьнай педагогікі; у 1939—1951 — НДІ школ, у 1951—1990  — НДІ педагогікі, у 1990—1993 — БелНДІ адукацыі, у 1993—2002 гадах — установа “Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь”. А з 2002 года мы навукова-метадычная ўстанова “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нязменнымі заставаліся імкненне да развіцця і ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі, атмасфера навуковага пошуку, садружнасць высокапрафесійных спецыялістаў, якія кампетэнтна вырашалі пастаўленыя задачы.

Сёння Нацыянальны інстытут адукацыі ўносіць значны ўклад у рэалізацыю асноўных кірункаў дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, вызначаных у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады, дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030 года. Адной з асноўных задач, якія вызначаны Канцэптуальнымі падыходамі да развіцця сістэмы адукацыі, зацвер­джанымі на Рэспубліканскім педагагічным савеце ў жніўні 2017 года, з’яўляецца павышэнне якасці адукацыі. Механізмы яе рэалізацыі — абнаўленне зместу адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм; удасканаленне вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, накіраванага на рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў; падрыхтоўка на конкурснай аснове вучэбных дапаможнікаў; распрацоўка сучасных электронных адукацыйных рэсурсаў — вызначаюць асноўныя кірункі дзейнасці Нацыянальнага інстытута адукацыі на сучасным этапе.

— Нацыянальны інстытут адукацыі — шматпрофільная ўстанова. Акрэсліце, калі ласка, напрамкі сваёй дзейнасці.

— Сапраўды, Нацыянальны інстытут адукацыі — шматпрофільная ўстанова, якая каардынуе і праводзіць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў сферы педагогікі і псіхалогіі навучання і выхавання, методыкі выкладання вучэбных прадметаў; рыхтуе да выдання і выдае вучэбна-метадычныя комплексы для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі; забяспечвае навукова-метадычнае і арганізацыйнае суправаджэнне дослед­най праверкі вучэбных выданняў, эксперыментальнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установах дадатковай адукацыі дарослых; вывучае якасць адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Інстытут арганізуе апрабацыю новых механізмаў фінансавання ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, закупку вучэбнага абсталявання і сродкаў навучання для вучэбных кабінетаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі; забяспечвае выкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” у рамках пагаднення аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Сусветным банкам.

На працягу амаль векавой гісторыі найважнейшай задачай інстытута застаецца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Гэтая задача вырашаецца, у першую чаргу, праз арганізацыю і правядзенне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў. Усе нашы поспехі і дасягненні сталі магчымымі дзякуючы шматгадовай працы пакаленняў вучоных, метадыстаў, высокаму ўзроўню навуковых школ, створаных у інстытуце.

Распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі на ўсіх этапах дзейнасці інстытута была звязана з мадэрнізацыяй зместу адукацыі, якая адбывалася ў сувязі з пераходам да абавязковай усеагульнай сярэдняй адукацыі, рэформамі агульнаадукацыйнай школы, рэалізацыяй прынцыпу адноснай завершанасці зместу адукацыі на ІІ ступені і профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Спецыялісты інстытута распрацоўвалі праекты адукацыйных стандартаў і вучэбных планаў, канцэпцыі вучэбных прадметаў, вучэбныя праграмы, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі, нормы ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў.

Прыярытэтным у дзейнасці інстытута заўсёды было задавальненне патрэб адукацыйнай практыкі. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу былі распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы факультатыўных заняткаў, кантрольна-вымяральныя матэрыялы для атэстацыі вучняў (рознаўзроўневыя заданні, тэсты, задачы і практыкаванні, дыктанты, пераказы, кантрольныя работы і інш.), дыдактычныя сцэнарыі ўрокаў, прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне, электронныя адукацыйныя рэсурсы (даведачна-інфармацыйныя, кантрольна-вымяральныя, інтэрактыўныя), дыдактычныя і дыягнастычныя матэрыялы. Распрацаваныя электронныя адукацыйныя рэсурсы размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале. Сёння яны выкарыстоўваюцца як самастойныя электронныя сродкі навучання (тэставыя работы, інтэрактыўныя заданні, прэзентацыі, слоўнікі тэрмінаў, электронныя трэнажоры, практыкумы і інш.), так і ў якасці дадатковых сродкаў навучання, гіперспасылкі на якія дадзены ў новых вучэбных дапаможніках.

Навуковыя даследаванні інстытута на сучасным этапе накіраваны на рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. У 2018—2020 гадах у рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Выхаванне праз навучанне” распрацоўваюцца дыдактычныя, дыягнастычныя матэрыялы і метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні і дыягностыцы ў вучняў асобасных і метапрадметных кампетэнцый. За многія гады супрацоўніцтва з вядучымі навуковымі і адукацыйнымі ўстановамі нашай краіны інстытуту ўдалося сфарміраваць творчыя навуковыя калектывы, якія распрацоўваюць навукова-метадычнае забеспячэнне для ўстаноў адукацыі. У сферы навуковай дзейнасці інстытут актыўна супрацоўнічае з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы, рэгіянальнымі ўніверсітэтамі і інстытутамі развіцця адукацыі. У мэтах павышэння эфектыўнасці навукова-метадычнага забеспячэння ў склад навуковых калектываў разам з навукоўцамі ўключаюцца метадысты і настаўнікі.

Для прадстаўлення вынікаў навуковых даследаванняў супрацоўнікаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, а таксама іншых айчынных і замежных навукоўцаў інстытут выдае навуковы часопіс “Образование и педагогическая наука” і навукова-практычны і інфармацыйна-метадычны часопіс “Веснік адукацыі”, якія ўключаны ў пералік навуковых выданняў, рэкамендаваных ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

— Сёння можна з упэўненасцю гаварыць, што ў Нацыя­нальным інстытуце адукацыі рэалізаваны поўны цыкл навукова-даследчай дзейнасці ў сферы адукацыі. Вынікі такой дзейнасці праходзяць апрабацыю ў школах, правяраюцца ў ходзе маніторынгу.  Наколькі такая зваротная сувязь уплывае на якасць нашай школьнай адукацыі?

— Штогод ва ўстановах адукацыі краіны рэалізуецца ад 15 да 20 эксперыментальных праектаў. Актуальныя для сучаснай сістэмы адукацыі напрамкі эксперыментальнай дзейнасці звязаны з апрабацыяй розных варыянтаў вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродку праектавання індывідуаль­най адукацыйнай траекторыі вучняў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі; норм ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, распрацаваных у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу; адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; сучасных методык навучання і выхавання, заснаваных на выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Пачынаючы з 2003 года інстытут праводзіць рэспубліканскі маніторынг якасці агульнай сярэдняй адукацыі, у рамках якога вывучаюцца ўзровень навучанасці, узровень стамляльнасці і працаздольнасці, асабістае развіццё, чытацкая і фінансавая дасведча­насць вучняў, якасць адукацыйных паслуг. З 2017/2018 навучальнага года інстытут праводзіць рэспубліканскія кантрольныя работы па вучэбных прадметах. Змест і мадэлі правядзення кантрольных работ распрацоўваюцца з улікам міжнародных падыходаў да ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў, у тым ліку міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA), уд зел у якой наша краіна прыняла ўпершыню ў 2018 го­дзе. На аснове атрыманых вынікаў распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі па павышэнні якасці адукацыі, якія публікуюцца на Нацыянальным адукацыйным партале, у “Весніку адукацыі”, навукова-метадычных прадметных часопісах. Вынікі маніторынгу выкарыстоўваюцца для ўдасканалення вучэбных планаў, вучэбных праграм па вучэбных прадметах, вучэбных дапаможнікаў, праграм падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.

— Не магу не спытаць пра падручнікі, распрацоўкай якіх займаюцца ў НІА. Сёння тэма школьных падручнікаў, напэўна, адна з самых папулярных у нашым грамадстве.

— Асноўным кірункам навукова-метадычнай дзейнасці інстытута з’яўляецца падрыхтоўка вучэбных выданняў для ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Трэба адзначыць, што першыя вучэбныя дапаможнікі былі створаны ў інстытуце яшчэ ў пачатку 50-х гадоў. Прыемна адзначыць, што падручнікі, распрацаваныя супрацоўнікамі інстытута ў першай палове 80-х гадоў, былі адзначаны медалямі ВДНГ СССР: падручнік “Беларуская мова. V—VI класы” (аўтараў В.К.Андрэенка і М.С.Яўневіча) атрымаў сярэбраны медаль ВДНГ СССР, падручнік “Беларуская літаратура. VIII клас” (аўтараў В.В.Івашына і М.А.Лазарука) — бронзавы медаль.

З 1991 года ў Рэспубліцы Беларусь паступова ствараецца сістэма айчыннага вучэбнага кнігавыдання: сталі выдавацца падручнікі і вучэбныя дапаможнікі па ўсіх вучэбных прадметах. Работа з аўтарскімі калектывамі па стварэнні айчынных падручнікаў праводзілася ў Цэнтры вучэбнай кнігі і сродкаў навучання, які з 2002 года стаў часткай Нацыянальнага інстытута адукацыі. З 2015 года ў сувязі з абнаўленнем зместу агульнай сярэдняй адукацыі, распрацоўкай абноўленых вучэбных праграм па ўсіх вучэбных прадметах пачалі распрацоўвацца новыя вучэбныя дапаможнікі для 1—11 класаў.

Новае пакаленне вучэбных дапаможнікаў распрацоўваецца на конкурснай аснове. Правёўшы конкурс, мы далі магчымасць усім (дзеючым аўтарскім калектывам і тым спецыялістам, якія крытыкавалі школьныя падручнікі) паспрабаваць свае сілы, перамагчы і прыняць удзел у распрацоўцы школьнага падручніка. Прыкладна 30% тых, хто распрацоўвае новыя вучэбныя дапаможнікі, — аўтары раней дзеючых падручнікаў. Яшчэ 30% — аўтарскія калектывы, у якіх аўтары ранейшых падручнікаў аб’ядналіся з новымі спецыялістамі — настаўнікамі, метадыстамі. Каля 40% аўтарскіх калектываў пішуць вучэбныя дапаможнікі ўпершыню. Трэба адзначыць, што кожны пяты пераможца конкурсу на стварэнне школьных падручнікаў — настаўнік.

Мы шмат працуем з аўтарскімі калектывамі: праводзім семінары, на якіх тлумачым патрабаванні да новых вучэбных дапаможнікаў, шляхі іх рэалізацыі. Для нас прынцыпова важным з’яўляецца захаванне выхаваўчага патэнцыялу школьных падручнікаў, які рэалізуецца ў тым ліку і праз уключэнне ў змест заданняў і практыкаванняў, у якіх прадстаўлена інфармацыя пра дасягненні беларускай прамысловасці, спорту, медыцыны, навукі, інфармацыі аб культурных і прыродных славутасцях нашай краіны.

Новыя вучэбныя дапаможнікі адрозніваюцца ад ранейшых выкарыстаннем розных форм падачы інфармацыі (дыяграмы, графікі, табліцы і інш.); наяўнасцю практыка-арыентаваных заданняў, сучасным дызайнам, спасылкамі на дадатковыя электронныя рэсурсы. У новых вучэбных дапаможніках актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі (QR-коды, дапоўненая рэальнаць, 3D-мадэлі). Электронныя версіі вучэбных дапаможнікаў размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале ў адкрытым доступе.

Выданне новых вучэбных дапаможнікаў патрабавала кансалідацыі сіл супрацоўнікаў інстытута, аўтарскіх калектываў, выдавецтваў, паліграфічных прадпрыемстваў. Мы ўдзячны ўсім за паспяховае супрацоўніцтва ў гэтай справе. Вучэбныя дапаможнікі, падрыхтаваныя разам, неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі рэспубліканскіх конкурсаў. Так, напрыклад, пераможцамі Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, які праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, сталі вучэбныя дапаможнікі “Фізіка. 7 клас” (аўтары Л.А.Ісачанкава, Ю.Д.Ляшчынскі), “Китайский язык. 5 класс” (аўтар А.П.Паніматка), “Геаметрыя. 8 клас” (аўтар В.У.Казакоў), “Немецкий язык. 3 класс” (аўтары А.Ф.Будзько, І.Ю.Урбановіч), “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку” (складальнікі Н.Г.Ваніна і інш.).

Беларускія вучэбныя выданні паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах. Так, вучэбны дапаможнік “История Древнего мира. 5 класс” (пад рэд. У.С.Кошалева) узнагароджаны дыпломам II ступені Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзель­ніц СНД (Баку, 2019). Дыпломамі I і II ступені Еўразійскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу EurasianBookFair — 2017, 2018 (Астана, Рэспубліка Казахстан) узнагароджаны дапаможнік для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” (аўтары Г.А.Васілевіч і інш.); “Музыка. 3 клас” (аўтар А.Р.Гуляева); вучэбна-метадычны комплекс “Развитие речи. 1 класс” для спецыяльных агульнаадукацыйных школ для дзяцей з парушэннямі слыху (аўтар А.У.Рахманава).

Разам з тым работа над зместам вучэбных дапаможнікаў на гэтым не заканчваецца. Сёння інстытут праводзіць доследную праверку новых вучэбных дапаможнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Уся інфармацыя па выніках праверкі сістэматызуецца, абмяркоўваецца з аўтарскімі калектывамі. Заўвагі і прапановы настаўнікаў улічваюцца пры падрыхтоўцы вучэбнага дапаможніка да перавыдання. Зваротную сувязь аб якасці новых вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў мы атрымлі­ваем таксама праз анлайн-анкетаванне настаўнікаў і вучняў, водгукі настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў у раздзелах Нацыянальнага адукацый­нага партала “Новыя вучэбныя праграмы: вывучаем, абмяркоўваем”, “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем”. Дарэчы, у раздзеле “Новыя падручнікі: вывучаем, абмяркоўваем” можна задаць пытанне аўтарам вучэбных дапаможнікаў.

— Валянціна Васільеўна, мы супрацоўнічаем з інстытутам вельмі даўно. Для нас гэтая ўстанова — найперш людзі, высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія робяць нашу адукацыю больш якаснай, таму мы віншуем вас і жадаем не збаўляць тэмпаў.

— Дзякуй. Калектыў інстытута сёння, як і шмат гадоў назад, свой талент і педагагічнае майстэрства аддае справе выхавання і адукацыі ў Беларусі. Працягваючы традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі вучоных і практыкаў, мы нацэлены на далейшае развіццё, на рэалізацыю новых навуковых і адукацыйных праектаў.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.