Сабраць уласнага робата, паказаць уменні ў праектаванні і стварэнні сайтаў і нават пазмагацца ў спаборніцтве беспілотных лятальных апаратаў — усё гэта прапанавалі ўдзельнікам заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі Hi-Tech. Каманды ўсіх абласцей і Мінска змагаліся ў спаборніцтвах па высокіх тэхналогіях 27—28 лістапада.
Удзельнікі Hi-Tech прайшлі чатыры этапы — ад конкурсу ва ўстанове адукацыі да рэспубліканскага. Таму ў фінале, які прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, сустрэліся каманды з рэгіёнаў (восем вучняў), прадстаўнікі якіх ужо сталі лепшымі ў сваёй намінацыі ў папярэдніх этапах.
Школьнікам прапанавалі заданні, набліжаныя да тых, з якімі могуць сутыкнуцца інжынеры і праграмісты на сапраўднай рабоце. Напрыклад, удзельнікі намінацыі “Сістэмнае адміністраванне” павінны былі сабраць камп’ютар, устанавіць патрэбнае праграмнае забеспячэнне, а пасля наладзіць сетку паміж некалькімі камп’ютарамі і настроіць іх па пэўных параметрах (лепшым стаў выхаванец Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Кірыл Качановіч).
А ў намінацыі “Інжынерны дызайн CAD” удзельнікі павінны былі зрабіць 3D-мадэлі прапанаваных дэталей спачатку па гатовых чарцяжах, а пасля і па самой дэталі. “Таксама яны павінны стварыць анімацыю, каб па ёй было зразумела, для чаго распрацаваны гэты механізм, — расказаў загадчык кабінета інжынернага праектавання РЦІТТ Ігар Мікалаевіч Мацюшка. — Крытэрыі ацэнкі вельмі дакладныя. Мы будзем ацэньваць выкананне асобных элементаў, правільнасць пабудовы дэталей, стварэнне зборкі, дакладнасць чарцяжоў. Па-за ўвагай не застанецца і эстэтычны бок: у другі дзень конкурсу ўдзельнікі ствараюць фотарэалістычную выяву дэталі”. “Школьнікі маюць вельмі высокі ўзровень ведаў і спраўляюцца з заданнямі, якія выконваюць студэнты на 1—2 курсе навучання інжынернай, камп’ютарнай графіцы”, — падкрэсліла старшы выкладчык кафедры інжынернай графікі машынабудаўнічага профілю Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Наталля Міхайлаўна Грыцко.
Перамогу ў намінацыі атрымаў Уладзіслаў Філіпенка з Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Крэатыўнасць, мастацкі густ і тэхнічную падкаванасць павінны былі праявіць удзельнікі намінацый “Графічны дызайн” і “Вэб-дызайн”. Першыя працавалі над лагатыпам і фірменным стылем, распрацоўвалі інфармацыйныя плакаты (лепшай стала Настасся Цемушава з гімназіі № 36 Мінска). Другія стваралі сайт з адаптыўнай вёрсткай і ўзнаўлялі настройкі сайта, які па легендзе “згубіў” адзін з файлаў, патрэбных для правільнай работы (пераможца — Ягор Караткевіч з Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі).
Напэўна, найбольш відовішчнымі былі спаборніцтвы ў намінацыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”. Навучэнцы дэманстравалі дакладнасць кіравання беспілотнікам, выконваючы зададзеныя фігуры і пасадку на абмежаванай пляцоўцы, а таксама хуткасць рэакцыі падчас своеасаблівых гонак для лятальных апаратаў. Лепшы вынік паказаў Максім Парфяновіч з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.
Своеасаблівы прататып аўтаматызаванага складу стваралі пачынаючыя інжынеры ў намінацыі “Мабільная робататэхніка”. Каманды распрацоўвалі робата-пагрузчыка, які ўмее прымаць “заказ”, выбіраць патрэбны “тавар” і аддаваць “кліенту”. Журы ацэньвала не толькі дакладнасць, але і хуткасць работы. Першае месца занялі прадстаўнікі Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Герман Сарокін і Мацвей Каштанаў. “Вынікі залежалі ад валодання праграмаваннем, складаннем алгарытмаў, — расказала педагог дадатковай адукацыі РЦІТТ Жанна Яўгенаўна Ракава. — Было добра бачна, калі школьнікі маглі хутка скарэкціраваць алгарытм, каб з другой спробы выступіць лепш. Самыя частыя памылкі: робаты прывозілі “тавар” у няправільным парадку ці праязджалі міма “кліента”, бо датчыкі не счытвалі дадатковыя лініі, якія павінны былі накіраваць робатаў”.
У намінацыі “Прататыпаванне” ствараліся мадэлі для 3D-прынтара, каб раздрукаваць іх і сабраць механізм. Найбольш паспяхова з задачай справіўся Дзяніс Усовіч з сярэдняй школы вёскі Чэрні Брэсцкага раёна.
Конкурс Hi-Tech праводзіцца ў рамках руху JuniorSkills Belarus ужо другі раз. Ён не толькі дае ўдзельнікам магчымасць праявіць свае ўменні ў пэўнай сферы ў галіне высокіх тэхналогій, але і дапамагае ў выбары прафесійнага шляху і развіцці цікавасці да спецыяльнасцей, звязаных з робататэхнікай, праграмаваннем, інжынернай справай.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.