Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання рыхтуе для ўсіх нас карміцеляў — будучых работнікаў малочных і мясных заводаў, пекараў і кандытараў. Установа мае сур’ёзны аўтарытэт сярод бацькоў, якія са спакойнай душой адпраўляюць сюды вучыцца сваіх дзяцей. У многіх сем’ях ёсць дынастыі выпускнікоў установы. Не меншай павагай карыстаецца каледж і ў прадпрыемстваў, якія бяруць выпускнікоў на работу з вялікай ахвотай, а таксама ў замежных калег, якія з цікавасцю знаёмяцца з вопытам работы аршанцаў. А навучэнцы каледжа расказваюць, што ім падабаецца, як наладжана навучанне: з аднаго боку, яны адчуваюць клопат педагогаў, а з другога — маюць магчымасць дзейнічаць самастойна і па-сапраўднаму браць на сябе адказнасць. Як усё гэта спалучаецца ў адной установе, мы даведаліся, наведаўшы яе.
Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання — шматпрофільная навучальная ўстанова. Сёння гэта адзіная ў краіне ўстанова, якая рыхтуе па ўсіх рабочых прафесіях, прадстаўленых у галіне перапрацоўкі харчовых прадуктаў. Прафесійна-тэхнічную адукацыю тут можна атрымаць па спецыяльнасцях абвальшчыка і жылоўшчыка мяса і субпрадуктаў, вытворцы мясных паўфабрыкатаў, фармоўшчыка каўбасных вырабаў, кандытара і пекара, кухара і прадаўца, машыніста халадзільных установак. Каледж прапаноўвае прадоўжыць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і атрымаць спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага для работы з мяснымі або малочнымі прадуктамі. Сёння тут вучацца больш за 430 юнакоў і дзяўчат.
Партнёры = сябры
Каб навучанне ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі было паспяховым, неабходна працаваць у цеснай сувязі з сацыяльнымі партнёрамі. У гэтым у каледжы харчавання перакананы, таму і сетка партнёрства надзвычай шырокая. З многімі партнёрамі адносіны даўнія і перараслі ў сяброўства.
У першую чаргу сур’ёзная работа вядзецца з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Калі адзначыць на карце нашай краіны месцазнаходжанне прадпрыемстваў, з якімі супрацоўнічае каледж, то можна пераканацца, што іх мноства і знаходзяцца яны не толькі на тэрыторыі Віцебшчыны. Установа забяспечвае кадрамі паўночны ўсход краіны, ды і ў іншых рэгіёнах выпускнікоў з Оршы цэняць. Навучэнцы праходзяць практыку і размяркоўваюцца на малочныя і мясакамбінаты, сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы Оршы, Віцебска, Полацка, Магілёва, Горак, Гродна і інш.
На прадпрыемствы навучэнцы трапляюць літаральна з першага дня навучання — менавіта так праходзяць першыя заняткі “Уводзіны ў прафесію”. Не прымушае сябе чакаць і практыка на прадпрыемствах. Адметна, што ўся практыка для навучэнцаў каледжа аплачваецца. І гэта таксама вынік супрацоўніцтва з партнёрамі. Дырэктар каледжа адзначае, што гэта вельмі важны момант. Па-першае, у навучэнцаў павышаецца матывацыя, па-другое, павышаецца ўзровень адказнасці.
Практыка арганізоўваецца надзвычай сур’ёзна. Прыпыніць або замарудзіць работу прадпрыемства, зразумела, немагчыма, таму навучэнцы адразу трапляюць ва ўмовы рэальнай працы. Ніхто не ставіцца да іх, як да малых дзяцей, якіх трэба шкадаваць. Прыйшоў — працуй, зарабляй грошы. Дзякуючы папярэднім заняткам у каледжы, юнакі і дзяўчаты справы не баяцца і гатовы да такой работы. Падчас летняй практыкі навучэнцы наогул паўнавартасна замяняюць работнікаў прадпрыемства, якія знаходзяцца ў адпачынку. Такой магчымасцю работадаўцы карыстаюцца з задавальненнем.
Звычайная сітуацыя, калі пасля практыкі арганізацыя накіроўвае ў каледж запыт размеркаваць да сябе на работу былых практыкантаў. Дарэчы, з пошукам месцаў для размеркавання ў каледжа праблем няма, зноў жа дзякуючы бесперапыннай рабоце з заказчыкамі кадраў.
Пры гэтым дырэктар каледжа Генадзь Анатольевіч Сіняўскі адзначае, што над сістэмай узаемадзеяння прадпрыемстваў і ўстаноў прафесійнай адукацыі яшчэ трэба шмат працаваць. На жаль, вытворцы, якія, здавалася б, першыя павінны цікавіцца тым, колькі і якія кадры будуць для іх рыхтавацца, далёка не заўсёды звяртаюць увагу на гэты кірунак работы, не робяць якаснага кадравага планавання. Установы адукацыі нават пры ўсім жаданні не могуць зрабіць за іх прагнозы. Выбудоўванне найбольш эфектыўнай сістэмы ўзаемадзеяння для работы на апярэджанне — адна з першасных задач для каледжа.
Таксама каледж наладзіў партнёрскія і сяброўскія адносіны з іншымі навучальнымі ўстановамі. Супрацоўнічае з шэрагам каледжаў Мінска, Пінска, Магілёва, Слуцка, сельскагаспадарчай акадэміяй. Надзвычай важным тут лічаць узаемадзеянне з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання. У гэтай установе выпускнікі каледжа могуць вучыцца па скарочанай праграме. Зараз вядуцца перамовы, каб вынікі выпускных экзаменаў каледжа залічваліся навучэнцам як уступныя экзамены ва ўніверсітэт.
Асаблівы вектар работы каледжа — узаемадзеянне з калегамі з іншых краін. Ужо шмат гадоў установу звязваюць сяброўскія сувязі з Даўгаўпілскай прафесійнай будаўнічай школай і Даўгаўпілскім медыцынскім каледжам. Установы падпісалі дагаворы аб узаемадзеянні больш як 10 гадоў назад і актыўна абменьваюцца вопытам педагагічнай дзейнасці і развіцця вучнёўскага самакіравання. З 2012 года да ўзаемаадносін далучылася Даўгаўпілскае гандлёвае вучылішча.
Знайшлі аршанскія педагогі сяброў і ў Расіі — гэта Дзяржынскі тэхнічны каледж, Дзяржынскі тэхнікум бізнесу і тэхналогій, Ніжагародскі тэхнікум гарадской гаспадаркі і прадпрымальніцтва. На сумесных мерапрымствах калегі абмяркоўваюць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для розных галін эканомікі.
Два гады назад партнёрскае пагадненне было падпісана паміж Аршанскім каледжам харчавання і Тульскім тэхнікумам тэхналогій харчовых вытворчасцей. І работа адразу закіпела. Па запрашэнні сваіх калег прадстаўнікі Оршы бралі ўдзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сучасныя праблемы развіцця адукацыі і выхавання моладзі”, што праходзіла ў Туле. Таксама аршанская каманда ўдзельнічала ў конкурснай праграме кулінарнага салона “Кулінарная карта Расіі на Тульскай зямлі”. Потым вырашылі правесці конкурсы прафесійнага майстэрства па кампетэнцыях WorldSkills паміж навучэнцамі з Беларусі і Расіі — мерапрыемства адбылося на базе аршанскага каледжа.
Міжнародныя адносіны ўзбагачаюць штодзённую дзейнасць каледжа новым унікальным вопытам.
Каледж = паліклініка
Дырэктар каледжа Генадзь Анатольевіч Сіняўскі расказвае, што дэвіз работы калектыву гучыць так: “Здаровага і выхаванага чалавека лёгка матываваць да навучання і работы”. Сапраўды: і здароўю, і выхаванню, і матывацыі ва ўстанове ўдзяляецца выключная ўвага.
На базе каледжа дзейнічае філіял гарадской паліклінікі. Ён створаны па ініцыятыве дырэктара.
— Што можа быць важнейшым за здароўе дзяцей? Нічога. Таму і нарадзілася ідэя адкрыць такі медыцынскі пункт для нашых навучэнцаў, — расказвае Генадзь Анатольевіч. — Выдзелілі памяшканні. У іх прыйшлося зрабіць сур’ёзны рамонт, каб яны адпавядалі санітарным нормам, купілі патрэбнае абсталяванне. Было няпроста, але справа, лічу, гэтага вартая.
Такі падыход тым больш актуальны, што выпускнікі каледжа ідуць працаваць на прадпрыемствы, звязаныя з харчаваннем. Для гэтага патрэбна моцнае здароўе, ды і недапушчальна, каб людзі з захворваннямі траплялі на такую вытворчасць.
У філіяле пастаянна знаходзіцца медсястра, гатовая аказаць дапамогу. Дактары з паліклінікі прыходзяць сюды па запытах. Тут жа штогод праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды ўсіх навучэнцаў каледжа — для гэтага ў філіял прыходзяць дзесяць спецыялістаў рознага профілю. Прышчэпкі таксама робяць на месцы. Нават, каб палячыць зубы, нікуды ісці не трэба — абсталяванне ёсць у стаматалагічным кабінеце каледжа, доктар прыходзіць пры першай неабходнасці.
У каледжы шмат увагі ўдзяляецца папулярызацыі спорту: юнакі і дзяўчаты бавяць вольны час у спартыўных секцыях па валейболе, баскетболе, міні-футболе.
Два гады каледж рэалізуе праграму “Здаровая моладзь — будучыня нашай краіны” сумесна з Цэнтрам здароўя падлеткаў і моладзі “Надзея”, што ў Оршы. У рамках праекта рыхтуюць валанцёраў для работы па фарміраванні асноў ЗЛЖ і маральнай культуры ў навучэнцаў. Штомесяц спецыялісты цэнтра “Надзея” — псіхолаг, валеолаг, педыятр і іншыя — праводзяць вучэбныя заняткі з валанцёрамі. А яны потым распаўсюджваюць атрыманыя веды ў асяроддзі моладзі.
Самастойнасць = адказнасць
На любой сустрэчы, мерапрыемстве ў каледжы поруч з дырэктарам і яго намеснікамі працуюць навучэнцы-актывісты. Гэтак жа было на сустрэчы з журналістамі “Настаўніцкай газеты”. Перш-наперш дырэктар прадставіў Аліну Каралёву, старшыню вучнёўскага савета каледжа, яе намесніка Максіма Пацанкова і старшыню савета інтэрната Ягора Савачкіна.
— Гэта мае рукі і вочы, мае першыя памочнікі, — так гаворыць пра іх кіраўнік установы.
Падтрымка самакіравання ў каледжы — адзін з “валуноў” у падмурку выхаваўчай работы. Навучэнцам далі зразумець, што яны тут гаспадары. І яны сталі адносіцца да ўсяго гаспадарліва, бо ўсвядомілі: ад іх саміх залежыць, як і ў якіх умовах яны будуць жыць. І стараюцца, каб жыць было добра. Рамантуюць, сочаць за парадкам, прыстойна сябе паводзяць. Прыдумваюць і прапаноўваюць для правядзення цікавыя мерапрыемствы. Атрымаўшы магчымасць прымаць рашэнні, навучэнцы зразумелі, што самастойнасць прадугледжвае адказнасць. Навучэнцы-актывісты — памочнікі адміністрацыі ў пытаннях навучання, выхавання, арганізацыі вольнага часу, наведвальнасці вучэбных заняткаў.
Валанцёрскі рух — яшчэ адзін важны складнік выхавання. У каледжы створаны і працуе атрад “Добрае сэрца”. Валанцёры займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый навучальнай установы і інтэрната, помнікаў, берагоў рэк Аршыца і Дняпро, бяруць удзел у суботніках.
Значная роля валанцёраў і ў папулярызацыі здаровага ладу жыцця, што, відавочна, надзвычай важна для ўстановы. Два гады назад у каледжы пачалася работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый вучняў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. У рамках праекта праводзяцца трэнінгі з валанцёрамі па актывізацыі асобаснага росту, самаразвіцці і развіцці камунікатыўных навыкаў.
Выхоўваюць юнакоў і дзяўчат таксама творчасцю. З дапамогай педагогаў дадатковай адукацыі яны шукаюць новыя ідэі і ўвасабляюць іх у жыццё на канцэртах і конкурсах. У каледжы харчавання працуюць розныя аб’яднанні па інтарэсах, дзе знаходзяць прымяненне любым здольнасцям. Харэаграфічным калектывам “Эдэм” ужо амаль пяць гадоў кіруе Ірына Уладзіміраўна Ярковіч. Вакальныя заняткі ў студыях “Муза” і “Рэпрыза” вядзе Сяргей Валянцінавіч Новікаў, які з лёгкасцю акампануе салістам на фартэпіяна, баяне і акардэоне. Эстрадным ансамблем і клубам аўтарскай песні і паэзіі кіруе аўтар некалькіх зборнікаў вершаў Аляксандр Фёдаравіч Гераскевіч. Алена Аляксандраўна Цялятнік стварае неверагодныя пастаноўкі разам з удзельнікамі тэатра-студыі “СтудэнціК”.
Дынамічнае развіццё выхаваўчай прасторы каледжа адбываецца таксама дзякуючы выкарыстанню патэнцыялу вэб-сайта, сацыяльных сетак, тэлебачання каледжа.
Падыходы і прынцыпы, якія выкарыстоўваюць у каледжы, дапамагаюць не толькі рыхтаваць дастойных работнікаў, але і асоб, здольных гнутка адаптавацца да зменлівых жыццёвых сітуацый, творча і крытычна мысліць, самастойна працаваць над развіццём сваёй маральнасці, інтэлекту, культурнага ўзроўню.
Дар’я РЭВА.
Фота Ірыны ІВАШКА.