Першы. Гарачы. Студэнцкі

- 16:09Рознае, Спартыўныя падзеі

Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ пройдзе ў жніўні гэтага года ў Беларусі. Ён стане шостым у гісторыі сусветнага спорту і першым студэнцкім чэмпіянатам такога ўзроўню, які будзе праведзены на тэрыторыі нашай краіны. Днямі ў Міністэрстве адукацыі прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па яго падрыхтоўцы.

Асноўнымі арганізатарамі чэмпіянату вызначаны Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Суарганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца 20 міністэрстваў і ведамстваў і ў першую чаргу Міністэрства спорту і турызму і Беларуская федэрацыя каноэ. Узначальвае аргкамітэт міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Натуральна, што якасным арыенцірам правядзення чэмпіянату стануць аналагічныя мерапрыемствы мінулых гадоў, а таксама сусветныя ўніверсіяды. Акрамя таго, арганізатары плануюць скарыстацца не толькі вопытам, але і пэўнымі рэсурсамі чэмпіянату свету па хакеі, які зусім хутка пройдзе ў беларускай сталіцы.

Якімі падзеямі будзе напоўнены студэнцкі чэмпіянат? Як будуць арганізаваны спартыўныя выступленні, пражыванне і харчаванне яго ўдзельнікаў? Ці будзе аблегчаны візавы рэжым для спартсменаў і балельшчыкаў? Прапануем чытачам “Настаўніцкай газеты” самую свежую інфармацыю на гэтую тэму.
Ужо сёння створаны і падтрымліваецца web-сайт чэмпіянату, што, дарэчы, з’яўляецца адным з першых і абавязковых патрабаванняў Міжнароднай асацыяцыі студэнцкага спорту (FISU), пад эгідай якой і праводзіцца мерапрыемства. Талісманам спаборніцтваў стане сімпатычны сомік Лявон, лодка якога аформлена ў колерах нацыянальнага беларускага сцяга. Таксама прайшлі ўзгадненне з FISU лагатып і эмблемы медалёў.
На ўдзел у чэмпіянаце на дадзены момант падала заяўкі 21 краіна, для параўнання: у мінулым V чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ ў Казані (Расія) прынялі ўдзел спартсмены 18 краін. Спаборніцтвы будуць абслугоўваць 34 суддзі: 10 з іх будуць назначаны міжнароднай федэрацыяй каноэ, астатнія 24 прадстаўлены нашай краінай.
“Месцам правядзення стане Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту ў Заслаўі, які, дарэчы, атрымаў высокую ацэнку тэхнічных дэлегатаў FISU, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Мы чакаем нямала ўдзельнікаў і спадзяёмся, што база будзе адпавядаць усім патрабаванням”.

На пасяджэнні аргкамітэта было закранута пытанне трансферу праз мяжу спартыўных лодак, вёсел і іншага спартыўнага інвентару. Арганізатары спадзяюцца вырашыць яго па аналогіі з чэмпіянатам Еўропы па акадэмічным веславанні, які праходзіў у Заслаўі ў 2012 годзе, калі было забяспечана паскоранае праходжанне мяжы і мытнага кантролю.
Візавы рэжым — адзін з найбольш значных пунктаў арганізацыі чэмпіянату. Як вядома, у 2013 годзе на тэрыторыі Беларусі прайшлі такія міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, як чэмпіянаты Еўропы па боксе, пляжным валейболе, веласпорце на трэку і акадэмічным веславанні. Тады для ўдзельнікаў названых спаборніцтваў уязныя візы прадастаўляліся бясплатна. У дачыненні да чэмпіянату свету па хакеі, “візай” стане білет на хакейны матч або акрэдытацыя (для журналістаў і ўдзельнікаў чэмпіянату). Са жнівеньскім чэмпіянатам пытанне пакуль застаецца адкрытым. Аднак думаецца, што ўжо распрацаваны алгарытм дзеянняў і тут адыграе сваю ролю.
“Прыём гасцей — справа заўсёды адказная для гаспадароў, таму пытанні пражывання і харчавання ўдзельнікаў спаборніцтваў мы лічым аднымі з асноўных, — падкрэсліла дырэктар РЦФВіС Валянціна Віктараўна Баляба. — Сёння заключана дамова з Беларускім дзяржаўным універсітэтам аб падрыхтоўцы пакояў у інтэрнаце № 11, дзе будуць пражываць 300 спартсменаў. Там жа будзе арганізавана і харчаванне: ужо адпрацавана прыкладнае меню “снеданне — абед — вячэра”, а таксама склад прадуктаў ланч-боксаў”.
Спецыялісты, зацікаўленыя ў правядзенні чэмпіянату, мяркуюць, што не трэба будзе пачынаць з нуля работу з валанцёрамі. Лагічным падаецца выкарыстаць банк даных валанцёраў з ліку студэнтаў БДУ, МДЛУ, БДУФК, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы чэмпіянату свету па хакеі. Вядома, што акрамя названых таксама будуць прыцягнуты студэнты іншых устаноў вышэйшай адукацыі: БДМУ — для работы ў зоне допінг-кантролю і медыцынскага сэрвісу, БДУІР — для тэхнічнага суправаджэння зоны акрэдытацыі і інфармацыйнага цэнтра, БНТУ — для транспартна-лагістычнага забеспячэння, БДПУ — для работы ў агітбрыгадзе. Па папярэдніх падліках, усяго для забеспячэння жыццядзейнасці чэмпіянату патрэбна каля 300 валанцёраў.

Увогуле студэнцкі рэсурс адзін з вызначальных пры падрыхтоўцы такой маштабнай падзеі. Менавіта з гэтай мэтай і будзе арганізавана работа студэнцкага штаба. Напрыклад, такім установам адукацыі, як БДАМ і БДУКМ, даручана распрацаваць сцэнарыі цырымоній адкрыцця і закрыцця чэмпіянату. Прапанавана ідэя прыцягваць студэнтаў да іх рэалізацыі ў рамках абароны прафесійнай (пераддыпломнай) практыкі. Разам з тым прагучала і меркаванне, што такую важную частку работы неабходна ўсё ж даверыць прафесіяналам.
Натуральна, што адным з самых вострых пытанняў мерапрыемства з’яўляецца фінансавае. В.В.Баляба завастрыла ўвагу суарганізатараў на тым, што сусветныя ўніверсіяды і чэмпіянаты свету, якія праводзяцца пад эгідай FISU, з’яўляюцца некамерцыйнымі праектамі. Згодна з рэгламентам правядзення падобных міжнародных мерапрыемстваў, бюджэт жнівеньскіх спаборніцтваў складзе каля 3 млрд рублёў. Фінансавацца чэмпіянат будзе з рэспубліканскага бюджэту Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму. Таксама будуць прыцягнуты сродкі Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту. Адначасова накіраваны лісты аб аказанні спонсарскай дапамогі ў адрас шасці беларускіх банкаў.
Як і дзе прагучаць навіны чэмпіянату, ці стане ён папулярным сярод беларускіх студэнтаў? Адказы на гэтыя пытанні будуць вядомы толькі ў жніўні. Пакуль жа арганізатары рыхтуюцца да акрэдытацыі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і арганізоўваюць прамоўшн-акцыі ў сталічных установах вышэйшай адукацыі.

 

Наталля АЛЁХІНА.