Пяць гадоў назад апантанасць беларускай культурай прывяла Эльвіру Бараноўскую да заснавання гурта “Арацэя”. Праз тры гады дзяўчына пайшла далей — стварыла яшчэ і гурт “Арацэечка” на базе сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ”. Гісторыі абодвух калектываў вы пачуеце з вуснаў самой Эльвіры Сяргееўны.
Аналаг папараць-кветкі
“Калі я вырашала, куды паступаць, разглядала два напрамкі: акадэмічны хор і народны. Мяне ўгаворвалі пайсці на другі, бо гэта вельмі пазітыўны, крэатыўны хор, у якім, акрамя спеваў, можна і патанцаваць, і павесяліцца, і праявіць актыўнасць. На ім і спынілася”, — расказвае педагог.
Эльвіра Бараноўская нарадзілася ў Наваполацку і вучыцца вырашыла там жа. Паступіла ў дзяржаўны музычны каледж на спецыяльнасць “Дырыжыраванне (народны хор)”. Такі выбар яна зрабіла невыпадкова: у сям’і ўжо былі музыканты. “Мая бабуля спявала ў акадэмічным хоры Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Віктара Уладзіміравіча Роўды, потым выкладала (і выкладае дагэтуль) у Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы. Я пайшла па яе слядах, бо яна заўсёды была для мяне прыкладам”, — прызнаецца Эльвіра Сяргееўна. У сваёй бабулі яна не вучылася, але з павагай расказвае пра прафесіяналізм і моц педагагічнага складу каледжа: “Тыя людзі, якія вучылі мяне і маіх сяброў, — гэта тытаны, на якіх стаяў наш каледж. Яны далі нам шмат ведаў, якія цяпер мы перадаём сваім навучэнцам”.
Пасля каледжа Эльвіра Бараноўская працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Менавіта гэтая ўстанова вывела на новы ўзровень любоў педагога да нацыянальнай культуры. “Захапленне беларускімі традыцыямі ўзнікла дзесьці на 2 курсе, калі нам давалі больш грунтоўныя веды па нацыянальных спевах, аўтэнтычных строях. Тады ж я пачала захапляцца і рознымі музычнымі інструментамі. Першай была акарына (старажытны духавы музычны інструмент у выглядзе глінянай свістковай флейты, мае авальную форму, ёсць свістковае прыстасаванне і 8—10 ігравых адтулін. — Заўв. аўт.). Цяпер, акрамя таго, што спяваю, іграю на ўсіх духавых інструментах”.
У 2015 годзе пачаў сваю дзейнасць этнічны гурт “Арацэя”. Эльвіры Сяргееўне хацелася выступаць не толькі ў калектывах установы, дзе яна працавала, а стварыць нешта сваё. Яна падключыла да гэтай справы сяброў і мужа, праўда, спачатку яны збіраліся як аматары. З цягам часу калектыў перайшоў на прафесійны ўзровень: больш глыбока займаліся аранжыроўкай песень, спрабавалі зрабіць іх сучаснымі, каб музыка знайшла сваіх слухачоў сярод моладзі. Іх творы — песні, прымеркаваныя да каляндарна-земляробчага кола (пра Каляды, Масленіцу, Купалле, Русальны тыдзень і г.д.). “Зараз мы рухаемся больш у поп-музыку, але захоўваючы традыцыі і беларускія тэксты, — гаворыць Эльвіра Бараноўская. — Выкарыстоўваем розныя інструменты. Ёсць і ірландскі інструмент бузукі (сумесь гітары і мандаліны), і перкусія, тут жа беларускія цымбалы і беларуская дуда. Атрымліваецца такая калабарацыя інструментаў і стыляў. Калі ў нас праходзяць вялікія канцэрты, мы запрашаем на іх вельмі разнастайную публіку. Разам з намі могуць адпачываць дзеці з “Арацэечкі” і іх бацькі, маладыя і сталыя людзі, якім падабаецца наша творчасць. Мы робім музыку адкрытай для ўсіх”.
Адкуль пайшла назва гурта і што яна ўвогуле значыць? Прыдумаць нешта простае, але запамінальнае і не падобнае да іншых, — справа складаная, але часам на дапамогу прыходзіць выпадак. “Аднойчы на фестывалі мы ўбачылі незвычайнае ўпрыгажэнне. Гэта было сонейка з закручанымі праменьчыкамі. Даведаліся, як гэта называецца, аказалася: арацэя. Такую ж назву носіць і старажытная кветка. Гучыць прыгожа. Для нас арацэя з’яўляецца магічным сімвалам, можа, чымсьці падобным да беларускай папараць-кветкі”.
Дзіцячае адгалінаванне
Этнічны гурт “Арацэечка” аб’яднаў вучняў 2—5-х класаў. Амаль усе з беларускамоўнай гімназіі № 9, таму і дзеці, і іх бацькі вельмі зацікаўлены ў занятках. Гурткоўцы вывучаюць нацыянальныя традыцыі, займаюцца харавымі спевамі, народнымі побытавымі танцамі, іграюць на простых музычных інструментах, ставяць невялікія тэатральныя пастаноўкі і, як сапраўдныя дзеці, гуляюць у гульні. Іх яны любяць больш за ўсё. “Гульні — гэта шанс для выхаванцаў і паспяваць, і патанцаваць, і пагуляць. Больш за ўсё ім падабаюцца “Грушка” і “Магічная падушка”. “Грушка” — гэта нешта накшталт даганялак. Дзеці становяцца ў кола, выбіраюць у цэнтры “грушку” і вакол яе водзяць карагоды. “Грушка” павінна расці (“Вось такой вышыні, вось такой шырыні”), танцаваць, скакаць, а потым усіх даганяць. Той, каго яна дагнала, становіцца наступнай “грушкай”. Без гэтай гульні не праходзяць ніводныя заняткі. Яшчэ ў нас ёсць гульня “Магічная падушка”. Дзеці становяцца ў кола, спяваюць песню, а вода ходзіць унутры кола з падушачкай. На кім песня спыняецца, той заходзіць у кола да воды, становіцца з ім каленямі на падушку, і яны абдымаюцца тры разы. Гістарычна гульня больш падыходзіла для дарослых, бо як было раней з дзяўчынай пазнаёміцца? Якраз падчас падобных гульняў”.
Дзеці ўжо даўно вызначыліся і з любімымі песнямі. Адна з іх пра кірмаш. Па сюжэце, хтосьці пайшоў на кірмаш, дзе адбываліся цікавыя рэчы: і дзед бабу за шклянку павідла прадаў, і хлопцы дзяўчат выбіралі, але нікога не выбралі і ўсе грошы патрацілі ў карчме, і яшчэ шмат неспадзяванага. Гурткоўцам падабаецца гэты вясёлы тэкст, ён хутка запамінаецца. “Сёлета мы дабавілі ў рэпертуар і больш складаныя творы з раздзела беларускай кантавай культуры. Канты — гэта песні, прысвечаныя нараджэнню Ісуса Хрыста. Іх мы выконвалі на Каляды ў царкве аграгарадка Бараўляны. Думаю, гэты напрамак будзем развіваць і далей, бо такім чынам дзеці далучаюцца да духоўнасці. Нядаўна ў нас быў цікавы эксперымент: мы вывучылі невялічкі кавалак песні на лацінскай мове. Да таго ж спрабуем спяваць двухгалоссем. Выхаванцаў гэта захапляе, бо ў такім выпадку трэба думаць, запамінаць і самастойна нешта рабіць, а не проста падпяваць за кіраўніком”, — расказвае Эльвіра Сяргееўна.
Творы для спеваў яна ў асноўным бярэ з падручнікаў Тамары Варфаламеевай і Зінаіды Мажэйка. Часам прапануе дзецям для выканання тое, што яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце знайшла ў фальклорнай экспедыцыі. “Я ездзіла ў вёску Варонічы, што на Полаччыне. Там пазнаёмілася з бабуляй 88 гадоў. Яна праспявала некалькі песень, якія потым знайшлі сваё месца ў творчасці “Арацэі” і “Арацэечкі”.
Летась дзіцячы этнічны гурт ладзіў шмат канцэртаў у гімназіі № 9. Эльвіра Сяргееўна разам з выхаванцамі прадумвалі ідэю выступлення, пісалі сцэнарый і былі рэжысёрамі. “Самы яркі ўспамін — гэта наш першы канцэрт. Мы выйшлі на сцэну, адспявалі, і я адчула, што гэта падабаецца дзецям і бацькам. Гэта адначасова і момант станаўлення нашага калектыву, і самы запамінальны момант. Яшчэ было шмат эмоцый ад кірмашовай пастаноўкі. У нас было мала часу, але шмат работы. Гэтыя ўспаміны пра падрыхтоўку, калі касцюмы шыліся ноччу, застануцца назаўсёды. Тады ўсе пачуцці змяшаліся: і стомленасць ад працы, і асалода ад яе вынікаў”, — дзеліцца эмоцыямі Эльвіра Сяргееўна.
Штогод “Арацэечка” ўдзельнічае ў праваслаўным фестывалі хрысціянскіх культур “Траецкі фэст”, а ў хуткім часе збіралася паехаць яшчэ і на конкурс у Польшчу, але пакуль гэтыя планы прыдзецца адкласці. Затое беларускім гледачам больш дастанецца. На сцэну гурткоўцы заўсёды выходзяць у беларускіх нацыянальных строях. Дзяўчынкі асабліва гэта любяць. Эльвіра Сяргееўна часта бачыць іх сэлфі ў незвычайным адзенні ў сацыяльных сетках. “Яны глядзяць, з якім задавальненнем я нашу гэтыя кашулі і спадніцы, і робяць гэтак жа”, — гаворыць кіраўнік.
З самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Эльвіра Сяргееўна вырашыла, што будзе для сваіх выхаванцаў сябрам. Салістка “Арацэі” разважае так: дзеці могуць сабе дазволіць падвесці дарослага, бо яшчэ цалкам не сфарміравалі ў сабе адказнасць, але сябра яны не падвядуць. “У нас ёсць нефарматныя, так бы мовіць, тусоўкі, куды мы прыносім іншую музыку, робім салодкі стол для дзяцей і бацькоў, апранаемся ў тэматычныя касцюмы і адпачываем. Але ў канцы гэтага невялічкага свята дзеці ўсё роўна спяваюць песню пра кірмаш”. (Смяецца.)
Дружна і далей
Магчыма, у будучыні “Арацэя” разам з “Арацэечкай” змогуць ствараць агульныя аўтарскія праекты. Падобны вопыт ужо быў, толькі ў іншым месцы. “Арацэя” разам з выхаванцамі Эльвіры Бараноўскай ладзілі музычна-тэатральныя імпрэзы. Напрыклад, зрабілі пастаноўку “Русальны тыдзень”. Гэта было такое магічнае фолк-шоу, дзе выступоўцы выконвалі абрад, спявалі, танцавалі, ігралі, як сапраўдныя акцёры, пад музыку гурта. “Гэта быў вельмі цікавы вопыт. Магчыма, калі цяперашні склад “Арацэечкі” падрасце, можна будзе зноў паспрабаваць зрабіць штосьці падобнае”, — прызнаецца Эльвіра Сяргееўна.
Часам дзеці, якія пачынаюць хадзіць у нейкі гурток яшчэ маленькімі, закідваюць справу. Мяняюцца іх інтарэсы, не хапае часу і г.д. Эльвіра Бараноўская ў гэтым пытанні аптымістка: яна верыць, што любоў яе выхаванцаў да беларускай культуры з гадамі не знікне. “Я раней працавала з народным хорам у Бараўлянах і назірала за станаўленнем тых, хто пачаў займацца маленькімі. Яны гэтае захапленне не страцілі. Заняткі з ранняга ўзросту — гэта плюс, а не мінус, таму што дзеці прывыкаюць да педагога, да спеваў, да танцаў, потым яны проста без гэтага не могуць. Першыя мае выхаванцы, з якімі я працавала ў 2011 годзе, і цяпер са мной на сувязі. Так, на пастаноўцы “Русальны тыдзень” чатыры мае былыя выхаванкі прыехалі і падтрымалі нас”.
Творчасць, стварэнне чагосьці тут і зараз — тое прыемнае, што бярэ ад сваёй працы Эльвіра Сяргееўна. Магчыма, яе маленькія гурткоўцы пакуль не за гэта любяць заняткі, але з часам і яны змогуць адчуць чароўную энергію свайго кіраўніка і калектыву.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Э.С.Бараноўскай.