У інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен

- 11:34Дашкольная адукацыя, Спецыяльная адукацыя

Гімназія Мсціслава і Мсціслаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з верасня 2019 года рэалізуюць маладзёжную ініцыятыву “Укараненне падыходу, заснаванага на правах чалавека, у практыкі адукацыі для ўстойлівага развіцця Мсціслаўскага рэгіёна” ў рамках праекта фонду “Новая Еўразія”. Яго аўтар — настаўнік інфарматыкі гімназіі Сяргей Аляксандравіч Кальцоў. Інфармацыя аб ініцыятыве распаўсюджваецца праз інтэрнэт-рэсурс установы “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен” (праект “Права кожнага”).

“Дзеці з АПФР — неад’емная част­ка сучаснага грамадства. Яны здольны ўносіць свой уклад у развіццё рэгіёна, у якім пражываюць. Але ў іх ёсць асаблівыя адукацыйныя патрэбы, якія, на жаль, не заўсёды ўлічваюцца, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — Наведваючы ЦКРНіР, нашы навучэнцы звярнулі ўвагу на тое, што выхаванцы цэнтра вельмі любяць працаваць на камп’ютары. У нас узнікла ідэя стварыць камп’ютарныя праграмы для дзяцей з АПФР. Гімназісты, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Sсratch” пад маім кіраўніцтвам, пачалі займацца праектаваннем і праграмаваннем інтэрактыўных развіццёвых рэсурсаў для дзяцей з парушэннямі развіцця на мове віртуальнага праграмавання Scratch і праводзіць майстар-класы і прэзентацыі сваіх праграмных прадуктаў. Педагогі ЦКРНіР таксама прынялі ўдзел у праектаванні сцэнарыяў развіццёвых гульняў-практыкаванняў”.

Напрыклад, адзін з актыўных удзельнікаў праекта — навучэнец 6 класа гімназіі Андрэй Цывіс — у свае 11 гадоў валодае асноўнымі паняццямі праграмавання, сістэмай каманд выканаўцы, спосабамі запісаў алгарытму, алгарытмічнай мовай, блокамі схем, разумее сістэму праграмавання. Нядаўна Андрэй стварыў камп’ютарную гульню для дзяцей з асаблівасцямі развіцця на аснове праграмы Scratch, якая дазваляе ім больш эфектыўна запамінаць літары рускага алфавіта. Андрэй з вялікай цікавасцю апрабоўвае гэтую праграму з выхаванцамі Мсціслаўскага раённага ЦКРНіР і ў далейшым плануе распаўсюдзіць яе ў інтэрнэт-прасторы. Вынікам праекта стала серыя з больш чым 10 інтэрактыўных гульняў (работа працягваецца) для навучання дзяцей з АПФР, якія могуць выкарыстоўваць у рабоце педагагічныя работнікі ўстаноў адукацыі раёна, а таксама бацькі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Гульні знаходзяцца ў свабодным доступе на спецыяльным сайце праекта “Права кожнага”.

У далейшым напрацаваныя падчас праектнай дзейнасці алгарытмы плануецца выкарыстоўваць у рамках сеткавага партнёрства ў Мсціслаўскім раёне. Будзе працягвацца работа і будуць маштабавацца напрацоўкі на работу з дзецьмі, якія вучацца ў інтэграваных класах, з дашкольнікамі і школьнікамі малодшых класаў устаноў адукацыі раёна.

“У Мсціслаўскім раёне актыўна развіваецца валанцёрскі рух у розных сферах дзейнасці, — расказала намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Ганна Міхайлаўна Сокал. — Ажыццяўляецца работа з дзецьмі з АПФР падчас традыцыйных акцый “Збяром дзіця ў школу”, “Цуды на Каляды”, “Працягні руку дапамогі”, “Чырвоная рукавічка” і інш. З’яўляюцца новыя формы ўзаемадзеяння. Вучні гімназіі, наведваючы Мсціслаўскі раённы ЦКРНіР, звярнулі ўвагу на аўтарскія дыдактычныя дапаможнікі, зробленыя педагогамі цэнтра, і вырашылі арганізаваць дзейнасць па іх вырабе. Першыя ўзоры ўжо зроблены. У планах валанцёраў — стварэнне бізнес-кампаніі па вырабе развіццёвых дыдактычных дапаможнікаў, а кансультантамі ў іх будуць настаўнікі-дэфектолагі ЦКРНіР”.

У гімназіі Мсціслава таксама пачаў рэалізоўвацца праект “Гуляючы, развіваюся!” з мэтай павышэння даступнасці і эфектыўнасці адукацыйных практык інклюзіўнай адукацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мсціслаўскім раёне і ў Беларусі. Яго задачы — распрацаваць і распаўсюдзіць комплекс праграмных прадуктаў для інклюзіўнай адукацыі, стварыць развіццёвы дыдактычны матэрыял для дзяцей з АПФР, арганіза­ваць дапамогу ў стварэнні ўмоў развіцця кампанентаў адукацыі для ўстойлівага развіцця рэгіёна. Чаканы эфект ад рэалізацыі праекта — стварэнне спецыя­лізаваных развіццёвых інтэрактыўных прадуктаў для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, распаўсюджванне адпаведнага вопыту сярод устаноў адукацыі Беларусі, якія рэалізуюць інклюзіўныя падыходы, і садзейнічанне ў прафесійным самавызначэнні навучэнцаў у сферы IT-тэхналогій.

Надзея ЦЕРАХАВА.