У Рэспубліцы Беларусь прыняты меры, накіраваныя на павышэнне якасці і даступнасці вышэйшай адукацыі з улікам патрэб эканомікі краіны, паляпшэння яе іміджу і канкурэнтаздольнасці.
Уступная кампанія ва УВА стала больш празрыстай, пашырыліся магчымасці для выбару прафесіі. Удасканалена методыка падліку тэставых балаў цэнтралізаванага тэсціравання; змест тэстаў адпавядае школьнай праграме; дазволена здаваць чатыры прадметы цэнтралізаванага тэсціравання; сертыфікаты сталі сапраўднымі на працягу двух гадоў; уведзена большая колькасць рэзервовых дзён.
Захавана магчымасць для кожнага атрымаць вышэйшую адукацыю па конкурсе бясплатна, як гэта замацавана і ў нашай Канстытуцыі.
У сістэме вышэйшай адукацыі функцыянуюць 42 дзяржаўныя ўстановы адукацыі (31 універсітэт, 9 акадэмій, 2 інстытуты), якія знаходзяцца ў падпарадкаванні 12 міністэрстваў і ведамстваў, а таксама 9 устаноў вышэйшай адукацыі прыватнай формы ўласнасці.
Колькасць студэнтаў складае 260,9 тысячы чалавек, у тым ліку ў дзяржаўных УВА — 244,4 тысячы, прыватных — 16,5 тысячы. З іх вышэйшую адукацыю I ступені за кошт бюджэтных сродкаў атрымліваюць 114,7 тысячы чалавек, або 44%. На I ступені вышэйшай адукацыі на дзённай форме навучаюцца 161,1 тысячы студэнтаў, вячэрняй — 1,2 тысячы, завочнай — 98,6 тысячы. Колькасць магістрантаў складае 11,9 тысячы чалавек.
Для збліжэння сфер працы і адукацыі мяняюцца падыходы да заказу кадраў. Мы ўсё больш адыходзім ад ацэнкі выпускніка па дакументах аб адукацыі, якія ў яго ёсць, убок разгляду набытых ім за гады вучобы кампетэнцый.
З ліку выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і навучаліся за бюджэтныя сродкі на дзённай форме і падлягалі размеркаванню (накіраванню на працу), забяспечваюцца першым рабочым месцам 99,9%. Усе выпускнікі платнай формы навучання, якія выказваюць жаданне атрымаць першае рабочае месца, атрымліваюць накіраванне на працу.
Для павышэння эканамічнай эфектыўнасці сістэмы вышэйшай адукацыі працягваецца працэс яе аптымізацыі. Фарміруецца новая сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, заснаваная на выніках навучання, удасканальваецца айчынная прафесійна-кваліфікацыйная структура вышэйшай адукацыі. Анулююцца не запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. Штогод адкрываюцца новыя спецыяльнасці, накіраваныя на забеспячэнне кадрамі высокатэхналагічных сектараў эканомікі, якія базіруюцца на вытворчасцях V і VI тэхналагічных укладаў у такіх сферах, як энергетыка, у тым ліку атамная, медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка, хімічныя тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыя, інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі і інш. Выключаецца дубліраванне падрыхтоўкі на розных узроўнях адукацыі.
Узмоцнена практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. На высокатэхналагічных прадпрыемствах рэспублікі, у арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, інстытутах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на працягу толькі 2019 года створана 107 філіялаў кафедр устаноў вышэйшай адукацыі. Усяго ў арганізацыях эканомікі і сацыяльнай сферы функцыянуе 1122 філіялы кафедр. Ва УВА працуюць 85 сумесных з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторый і 46 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній (у 2019 годзе створана 8 такіх цэнтраў). Атрымала шырокае прымяненне ў адукацыйным працэсе выкананне студэнтамі курсавых і дыпломных работ па заказе рэальнага сектара эканомікі. Арганізавана праходжанне практыкі студэнтаў пачынаючы з 1 курса. Да адукацыйнага працэсу прыцягваюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты з прадпрыемстваў і ўстаноў.
На базе 8 універсітэтаў рэалізуецца праект “Універсітэт 3.0”, падчас выканання якога студэнты набываюць навыкі інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Ва УВА ўкараняюцца новыя элементы адукацыйнага асяроддзя для развіцця і падтрымкі інавацыйных паводзін навучэнскай моладзі ў пазавучэбны час (правядзенне адкрытых конкурсаў маладзёжных тэхналагічных стартапаў, студэнцкіх стартап-праектаў “ІнНаСтарт”, конкурсу талентаў “START-UP”, конкурсу праектаў “Бізнес-бой”, правядзенне спецыялізаваных дадатковых курсаў (факультатываў) з атрыманнем міжнародных сертыфікатаў і інш.). Створана разгалінаваная сетка інавацыйных падраздзяленняў (6 навукова-тэхналагічных паркаў, 3 цэнтры трансферу тэхналогій, 31 галіновая лабараторыя ў розных галінах рэальнага сектара эканомікі, 8 цэнтраў калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем).
У 2019 годзе сістэма вышэйшай адукацыі перайшла на новую мадэль магістратуры — навукова-арыентаваную магістарскую падрыхтоўку па ўзбуйненых спецыяльнасцях.
Імкліва павышаецца ўзровень і патэнцыял сістэмы вышэйшай адукацыі.
УВА ўдзельнічаюць у выкананні заданняў усіх дзеючых у цяперашні час 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (каля 1000 праектаў), выконваюць навуковыя працы па заказах суб’ектаў гаспадарання, удзельнічаюць у рэалізацыі сумесных міжнародных навукова-тэхнічных праектаў і г. д.
Нашы ўніверсітэты запускаюць уласныя касмічныя лятальныя апараты, ствараюць высокатэхналагічную і навукаёмістую прадукцыю для галін народнай гаспадаркі. Так, у кастрычніку 2018 года выведзены на арбіту касмічны спадарожнік BSUSat-1, распрацаваны выкладчыкамі, супрацоўнікамі і студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І гэта не проста спадарожнік, а сапраўдная лятаючая вучэбна-навуковая лабараторыя, якая ўтрымлівае комплекс сродкаў карыснай нагрузкі (лічбавая камера, радыяцыйны спектрометр, інфрачырвоны сэнсар тэмпературы). Прычым у ім выкарыстаны камплектуючыя беларускіх кампаній і прадпрыемстваў, а праграмнае забеспячэнне распрацавана ў БДУ. У БНТУ створана цэлая лінейка імпартазамяшчальных вырабаў і абсталявання медыцынскага прызначэння: для правядзення сардэчна-сасудзістых аперацый, аперацый на апорна-рухальным апараце, лячэння анкалагічных захворванняў і інш. Гэтыя вырабы пастаўляюцца не толькі ў беларускія ўстановы аховы здароўя, але і ў краіны ЕАЭС. Такія ж работы вядуцца і ў іншых установах вышэйшай адукацыі рэспублікі.
Нацыянальная вышэйшая адукацыя даўно перасягнула межы Беларусі. Сёння беларускія ўніверсітэты падтрымліваюць партнёрскія адносіны з навуковымі арганізацыямі 65 краін свету і заключылі з імі звыш 2000 дагавораў.
(Працяг будзе.)