Агульная сярэдняя адукацыя

- 10:02Адукацыйная прастора Беларусі: лічбы і факты

У Рэспубліцы Беларусь створаны неабходныя ўмовы для рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян краіны на атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На сёння функцыянуе 3020 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. З іх 3003 з’яўляюцца дзяржаўнымі, 17 — прыватнымі. Агульная колькасць навучэнцаў, якія вучацца ў гэтых установах, складае 1 031 738 чалавек.

У 2019 годзе ў эксплуатацыю ўведзена 8 новых школ на 7288 вучняў.

Для забеспячэння і ў гімназіях, і ў ліцэях, і ў звычайных школах аднолькавых умоў для атрымання якаснай адукацыі, арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, накіраванай на свядомае вызначэнне профілю навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцам 8—9 класаў прадастаўлена магчымасць вывучэння асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.

Працягваецца работа па арганізацыі функцыянавання ўстановы адукацыі “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”. Ён будзе ажыццяўляць дзейнасць па выяўленні і падтрымцы адораных навучэнцаў; развіцці ў іх цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці; фарміраванні інавацыйнага мыслення і матываванні да выбару будучай прафесіі праз інтэлектуальную і гульнявую дзейнасць.

У рамках профільнага навучання адкрыты і функцыянуюць 10—11 педагагічныя, аграрныя і спартыўна-педагагічныя класы. Афіцыйны статус набылі класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Адначасова з профільнымі на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі працягваюць функцыянаваць базавыя класы, навучэнцы якіх асвойваюць курс прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Для 45,8% навучэнцаў такіх класаў арганізавана прафесійная падрыхтоўка на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, для 54,2% — устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У 2019/2020 навучальным годзе завершаны пераход на абноўленыя вучэбныя праграмы на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам яе адноснай завершанасці. Пры гэтым улічаны паўната і паслядоўнасць матэрыялу, які вывучаецца, мэтазгоднасць яго вывучэння ў канкрэтным класе, міжпрадметныя сувязі, рацыянальнасць размеркавання вучэбнага часу на вывучэнне асобных тэм і раздзелаў.

Па новых вучэбных праграмах адукацыйны працэс ужо ажыццяўляецца ў 1—9 класах.

У 2015—2019 гадах былі абноўлены ўсе запланаваныя 217 школьных падручнікаў.

Электронныя версіі ўсіх дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, размешчаны ў вольным доступе на Нацыянальным адукацыйным партале (звыш 400 тысяч школьных вучэбных дапаможнікаў, 258 электронных адукацыйных рэсурсаў, каля 70 электронных сродкаў навучання па розных вучэбных прадметах).

Рэалізуецца рэспубліканскі праект для малодшых школьнікаў “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, а таксама праект “Электронная школа”, які прадугледжвае, акрамя шырокапалоснага і бесправаднога доступу да інтэрнэту, пераход да цэнтралізаванай сістэмы вядзення электронных класных журналаў і дзённікаў, рэгістра навучэнцаў, стварэнне карпаратыўнай адукацыйнай сеткі з выкарыстаннем воблачных тэхналогій.

Для арганізацыі індывідуальнага навучання распрацоўваецца адзіная адукацыйная платформа, якая будзе акумуляваць відэафрагменты ўрокаў, аўдыяматэрыялы, інтэрактыўныя заданні, схемы, карты і іншае і дазволіць з дапамогай анлайн-узаемадзеяння арганізаваць усе асноўныя этапы навучання: ад тлумачэння вучэбнага матэрыялу да яго замацавання і кантролю.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” за перыяд з 2013 па 2019 год пастаўлена вучэбнае абсталяванне для 612 кабінетаў фізікі, 645 кабінетаў хіміі, 30 кабінетаў біялогіі, а таксама 2000 інтэрактыўных сэнсарных сістэм (мультыбордаў).

Сёлета плануецца завяршыць пастаўку абсталявання для кабінетаў хіміі, прадоўжыць абсталяванне кабінетаў біялогіі і пастаўку мультыбордаў.

Сярэдні рэспубліканскі паказчык забяспечанасці спартыўным інвентаром і абсталяваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі складае 94,4%. Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у цяперашні час ствараецца Беларуская асацыяцыя школьнага спорту, каардынатарам якой з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Для далейшага ўдасканалення форм і метадаў патрыятычнага выхавання, павышэння прэстыжу ваеннай службы сярод навучэнскай моладзі ў школах уведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.

У мэтах захавання бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў распрацаваны Тыпавыя правілы ўнутранага распарадку, якія ўстанаўліваюць правы і абавязкі навучэнцаў, парадак наведвання вучэбных заняткаў і мерапрыемстваў у пазаўрочны час, выкарыстання мабільнай сувязі ў адукацыйным працэсе, патрабаванні да знешняга выгляду і інш.

Зацверджана прыкладная інструкцыя аб арганізацыі прапускнога рэжыму, пералікі прадметаў і рэчываў, забароненых да выкарыстання навучэнцамі падчас знаходжання ў школе.

Для якаснай прыёмкі школ распрацаваны праект Акта гатоўнасці ўстановы адукацыі, які будзе ўтрымліваць звесткі аб выкананні патрабаванняў аддзела (упраўлення) па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў, санітарна-эпідэміялагічных службаў і службаў кантролю і нагляду за будаўніцтвам, аб захаванні бяспечнага знаходжання вучняў і работнікаў (агароджа, сістэма відэаназірання, асвятленне тэрыторыі, трывожная кнопка), укамплектаванасці кадрамі, забяспечанасці вучэбна-праграмнай дакументацыяй і іншае.

Ажыццёўлены пераход ад каштарыснага да нарматыўнага планавання расходаў на функцыянаванне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на аснове нарматыву расходаў на аднаго навучэнца.

Працяг будзе.