Аркадзь ШКЛЯР: “У адукацыі няма догмаў”

- 10:54Моя школа

Сённяшнім героем праекта “Мая школа” стаў чалавек, які большую частку свайго жыцця прысвяціў развіццю сістэмы прафесійнай адукацыі нашай краіны, і сёння на вопыт яго работы звяртаюць увагу не толькі краіны былога СССР, але і дзеячы адукацыі Еўропы. Пра свой жыццёвы шлях і прафесійны вопыт расказвае былы рэктар Рэспубліканскга інстытута прафесійнай адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар Аркадзь Ханонавіч ШКЛЯР.

— Адкуль вы родам? Раскажыце крыху пра ваша дзяцінства.

— Карані мае ідуць з Віцебшчыны: тата Ханон Абрамавіч родам з Гарадка, а мама  Раіса Сямёнаўна з Віцебска. Мне шмат разоў даводзілася бываць у Гарадку, і з дапамогай сяброў з сістэмы прафтэхадукацыі я пабываў на тым месцы, дзе стаяў дом татавых бацькоў і дзе рос бацька і тры яго сястры.

У 1941—1942 гадах бацька ваяваў — быў удзельнікам партызанскага руху Віцебшчыны. У пачатку вайны яго разам з некаторымі калегамі пакінулі ў Віцебску для арганізацыі падполля і партызанскай барацьбы. Яны ведалі, дзе знаходзяцца сховы зброі, якую можна было выкарыстоўваць для ўзбраення падполля.

У канцы 1941 года атрад, у якім у якасці камісара ваяваў бацька, быў акружаны, але здолеў прарваць акружэнне. Чацвёра партызан, сярод якіх быў мой бацька, пешшу дайшлі да Масквы. Бацьку як каштоўнага спецыяліста (да вайны ён быў адным з кіраўнікоў Віцебскага дзяржаўнага ігольнага завода) адправілі ў эвакуацыю ў Тулінаўку Тамбоўскай вобласці, куды быў эвакуіраваны яго завод і дзе ён потым працаваў на пасадзе галоўнага інжынера, наладжваючы вытворчасць гранат.

Мама была студэнткай Віцебскага медыцынскага інстытута, які з пачаткам вайны разам са студэнтамі быў эвакуіраваны ў Чэлябінск, а потым у Яраслаўль. Тата змог яе знайсці і перавезці разам з яе бацькамі ў Тулінаўку, дзе неўзабаве згулялі вяселле (справа ў тым, што іх вяселле было запланавана на 23 ліпеня 1941 года, а 22 чэрвеня пачалася вайна). Маці стала працаваць у бальніцы медсястрой і даглядала параненых. Там, у Тулінаўцы, у 1944 годзе нарадзіўся мой старэйшы брат Леанід. Амаль адразу пасля таго, як быў вызвалены Мінск, у жніўні 1944 года бацькі вярнуліся ў Беларусь і тату прызначылі кіраваць аднаўленнем таго самага завода імя Леніна (у тыя часы імя Молатава).

Спачатку бацькі з братам жылі ў бараку, і якраз напярэдадні майго нараджэння (а нарадзіўся я 1 снежня 1949 года) бацькам далі кватэру ў новым — адным з першых пабудаваных пасля вайны — доме на праспекце Сталіна (сённяшнім праспекце Незалежнасці). І пасля нараджэння мяне з радзільнага дома, што быў у тым месцы, дзе зараз знаходзіцца 1-я гарадская клінічная бальніца, прывезлі ў гэтую кватэру.

У 1956 годзе я пайшоў у школу. Пачынаў вучыцца ў школе № 20 (зараз у тым будынку знаходзіцца ваенная кафедра БНТУ). Чатыры гады вучыўся там, потым некаторы час у 13-й школе. А пасля таго як на вуліцы Якуба Коласа пабудавалі новае памяшканне для 20-й школы, яшчэ два гады вучыўся ў новым будынку. Калі ж на вуліцы Беламорскай адкрылі новую школу № 76, прыйшлося перайсці туды. У тыя часы ўсе былі прымацаваны да пэўных школ па тэрытарыяльным прынцыпе і выбіраць асабліва не прыходзілася. Пры адкрыцці новых школ, якія тады актыўна ўзводзіліся, навучэнцаў часцяком пераводзілі з адной у другую. Пазіцыя дзяржавы была такой: не мае значэння, у якой школе ты вучышся — усюды настаўнікі аднолькава добрыя. Сёння бацькі нібыта разумеюць, хто з настаўнікаў добры ці дрэнны, а ў тыя гады настаўнік быў аўтарытэтам, і бацькі ніколі ні ў чым не маглі яму пярэчыць. Слова настаўніка было законам для ўсіх. Ты мог ставіцца да педагога, як табе хочацца, але ты ніколі не мог выказваць у адрас настаўніка негатыўныя рэчы. Усе настаўнікі даюць табе веды, і толькі ад цябе залежала, ці засвоіш ты гэтую інфармацыю. Важным момантам выхавання было тое, што ў тыя часы фарміраваліся павага да старэйшага пакалення і любоў да Радзімы.

Сярод маіх аднакласнікаў былі і хлопцы, якія ў час вайны не мелі магчымасці вучыцца, таму наганялі школьную пра­граму.

— З якімі складанасцямі вы сутыкаліся на працягу вашага жыцця?

— Калі мне было 14 гадоў, заўчасна памёр бацька. У той час маці ўжо працавала санітарным урачом (прыехаўшы ў Мінск, яна завяршыла навучанне ў медінстытуце), курыравала ў горадзе пытанні, якія датычыліся санітарнай апрацоўкі і дэзынфекцыі, і па рабоце часта выязджала ў камандзіроўкі на некалькі дзён. Калі памёр бацька, ёй прыйшлося праца­ваць амаль на дзве стаўкі. Памятаю, як яна казала мне і старэйшаму брату-студэнту: “Я зраблю ўсё, каб вы не сталі жыць горш”. І на самай справе, мы былі акружаныя яе клопатам і не адчувалі матэрыяльнай нястачы. Мы з братам былі вельмі розныя: у яго было больш адказнасці — ён з медалём скончыў школу і добра вучыўся ў інстытуце, а мяне больш вабілі вуліца і хлапечыя забавы. Таму маці даводзілася больш займацца мной.

— Наколькі цяжка даўся выбар прафесійнага шляху?

— Часта можна пачуць, што да заканчэння школы чалавек павінен вызначыцца з будучай прафесіяй. Зыходзячы са свайго жыццёвага вопыту і гле­дзячы на іншых, я лічу, што не столькі мы выбіраем далейшае жыццё, колькі існуе нейкі лёс, які вядзе нас у тое ці іншае месца. Безумоўна, ёсць лю­дзі, якія выбіра­юць прафесію вельмі рана, але найчасцей гэта лю­дзі мастацтва: мастак, музыкант, артыст… І такіх толькі 20 працэнтаў. Я сябе адношу да астатніх 80.

— Ці былі нейкія захапленні?

— У дзяцінстве я вельмі любіў спорт і надрэнна гуляў у футбол. Трэнеры, якія бачылі мяне на полі, вырашылі паспрабаваць мяне ў дубліруючым скла­дзе ленінградскага “Дынама”. Пасля заканчэння школы, калі мне было 17 гадоў, мяне запрасілі ў клуб. Паўстала пытанне пераезду ў Ленінград. Маці пагадзілася на мой ад’езд, але паставіла ўмову, каб я абавязкова паступіў вучыцца. Трэнеры прапанавалі мне паступіць у лесатэхнічную акадэмію на спецыяльнасць “Водны транспарт лесу”. (Смяецца.) Там давалі інтэрнат і вучыцца было няцяжка. На той момант у мяне была мэта займацца спортам, а дзе я буду вучыцца, было ўсё роўна. Ніхто ж не думаў, што праз 5 гадоў прыйдзецца е­хаць у тайгу сплаўляць лес.

Паступіў я без праблем. Здаўшы экзамены на “пяцёрку” і тры “чацвёркі”, я аказаўся  лепшым сярод абітурыентаў, бо конкурс быў вельмі малы і паступалі нават з 12 баламі. Цікава было тое, што прымалі не на канкрэтную спецыяльнасць, а на факультэт з далейшым размежаваннем.

Але якія там былі выкладчыкі! Вышэйшую матэматыку чытаў акадэмік Арыстарх Кан­станцінавіч Мітрапольскі. Дарэчы, ён прымаў і ўступны экзамен па матэматыцы. Я тады быў моцна ўражаны. Уявіце сабе вялізную аўдыторыю, па сценах якой вісяць каля 20 дошак. Запускалі адразу 20 абітурыентаў, і кожны на сваёй дошцы выконваў атрыманыя заданні. Спачатку члены камісіі па чарзе падыхо­дзілі да кожнага і слухалі адказ на тэарэтычныя пытанні. Другую частку — дзве задачы на дошцы — правяраў сам Мітрапольскі. Ён захо­дзіў у аўдыторыю, павольна ішоў уздоўж гэтых дошак і, паглядзеўшы на напісанае рашэнне, дыктаваў асістэнту адзнаку. Памятаю, была адна дзяўчына, якая на момант праверкі рашыла адну задачу, а другую толькі пачала, але экзаменатар, высока ацаніўшы метад рашэння задачы, паставіў ёй “чатыры з плюсам”.

— Але вы не давучыліся ў Ленінгра­дзе. Чаму?

— У Ленінградзе я вучыўся год. У інтэрнаце ў мяне быў асобны пакой. Мне як спартсмену плацілі зарплату, да таго ж аплачвалі харчаванне. У тыя часы і грошы асабліва траціць не было куды. Ды і, вучачыся і трэніруючыся, часу на гэта не было. Так што ў мяне была магчымасць кожны месяц адсылаць 100 рублёў маці.

У канцы студзеня мая каманда паехала на зборы пад Геленджык, а мяне пакінулі ў Ленінградзе, бо мой агранізм стаў не спраўляцца з нагрузкамі. Пераспрабавалі розныя метады лячэння, але яны не далі ніякага выніку. І ў сакавіку мне паведамілі, што ў мяне ўсё добра атрымліваецца, але прафесійным футбалістам па стане здароўя я быць не змагу — такое была мая трагедыя. Перажыць гэта было няпроста і ў псіхалагічным, і ў фінансавым плане. І маці, неяк прыехаўшы ў Ленінград да сваякоў і ўбачыўшы мой стан, сур’ёзна пагаварыла са мной, і мы вырашылі, што мне трэба вяртацца ў Мінск. Не без праблем, але мне далі дазвол на перавод на інжынерна-педагагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Так я стаў студэнтам 2 курса палітэха. Мне вельмі падабалася вучыцца. Многіх педагогаў памятаю па імёнах і шмат з кім доўгі час па сваёй рабоце падтрымліваў зносіны.

Пасля заканчэння інстытута я павінен быў атрымаць кваліфікацыю “інжынер-механік-педагог” — нас рыхтавалі да работы ў сістэме прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. У тыя гады такую ўнікальную спецыяльнасць можна было набыць толькі ў Мінску. Ля вытокаў падрыхтоўкі кадраў для прафесійнай школы стаяў Барыс Арсеньевіч Бялькевіч. Тое, што ён зрабіў, было прарывам у падрыхтоўцы кадраў для прафесійнай школы. Беларусь увогуле заўсёды была эксперыментальнай пляцоўкай сістэмы адукацыі: тут адпрацоўваліся інавацыі ва ўсіх сферах адукацыйнай галіны. У прыватнасці ў нашай краіне ўпершыню аб’ядналі прафесійную і агульную сярэднюю адукацыю ў адзіным вучэбным працэсе ў вучылішчы № 8 завода імя Вавілава.

Праз некаторы час Дзяржкамітэт СССР па прафесійнай адукацыі запланаваў адкрыццё ў Мінску інжынерна-педагагічнага інстытута. Для яго за саюзныя грошы нават узвялі асобны комплекс (зараз там размешчаны індустрыяльна-педагагічны каледж) і абсталявалі па апошнім слове тэхнікі. Але склалася так, што наверсе рашэнне памянялі і такі інстытут саюзнага значэння адкрылі ў Свярдлоўску — так з’явіўся Сібірскі індустрыяльна-педагагічны інстытут, а мінскі праект закрылі.

— А як жа футбол?

— Футбол я не кінуў. Гуляў за зборную інстытута, потым, будучы яшчэ студэнтам, трэніраваў другую зборную інстытута, а праз некаторы час мяне запрасілі ў адзін з клубаў.

— Дзе пачыналі працоўную кар’еру?

— Пасля атрымання дыплома я пайшоў служыць у армію, таму што мяне зусім не цягнула ісці некуды працаваць. (Смяецца.) Да таго ж у 1972 годзе я ажаніўся. Я заўсёды кажу, што 80—90% майго жыццёвага поспеху забяспечыла мая жонка Рэгіна Казіміраўна. Яна поўнасцю выключыла з майго жыцця ўсе хатнія праблемы, і я займаўся толькі сваёй прафесійнай дзейнасцю — цэлымі днямі я быў на рабоце. І за гэта ёй трэба нізка пакланіцца. Камічна, канечне, і для многіх незразумела, але сёння я нават магу не ведаць, дзе ляжаць, напрыклад, лыжкі і відэльцы. (Смяецца.)

Служыў я на сваёй малой радзіме — на Віцебшчыне. У Лепельскім раёне дыслацыравалася буйная танкавая дывізія. Я служыў камандзірам асобнага рамонтна-аднаўленчага батальёна. У маім падпарадкаванні былі стацыянарныя і перасовачныя металаапрацоўчыя майстэрні. У нашы абавязкі ўваходзіла мабільнае тэхнічнае суправаджэнне аўтамабільных і танкавых калон, калі яны некуды выязджалі.

Неяк мяне адправілі на Дрэтуньскі палігон на аднаўленне калейнага моста. Трэба было разлічыць памеры, формы, начарціць і пабудаваць яго ў максімальна кароткі тэрмін. Усё гэта я ведаў і ўмеў — супраціўленне матэрыялаў у мяне выкладаў Іван Францавіч Куроўскі. Ён мне быў вельмі сімпатычны як педагог, і, дзякуючы яму, я палюбіў гэты прадмет, як жанчыну. (Смяецца.)

З будаўніцтва таго моста я на ўсё жыццё запомніў адну фразу. Праверыць, як ідзе работа, да нас прыехаў новы намеснік камандзіра дывізіі (падчас адных з вучэнняў Полацкая дывізія атрымала нездавальняючую адзнаку ад камісіі, якая правярала баяздольнасць войскаў, і ўсіх высокіх военачальнікаў паздымалі з пасад). Работа ішла поўным ходам. Я стаў дакладваць, але правяраючы перапыніў мяне і запытаў: “Таварыш лейтэнант, сынок, мне не трэба твая тэхналогія, ты мне раскажы, калі будзе перамога (мелася на ўвазе, калі мы скончым работу)?” — “Таварыш палкоўнік, тры дні,” — адказаў я. — “Лейтэнант, праз паўтара дня прыеду — павінна быць гатова”. І калі я працаваў на кіруючых пасадах, часта паўтараў гэтую фразу ў зносінах са сваімі падначаленымі. Але гэта не азначае, што чалавека заўсёды трэба толькі ду­шыць за вынік — бываюць розныя абставіны, і іх таксама трэба ўлічваць. Але гэтая фраза для мяне стала надзвычай актуальнай, таму і сваю кнігу я назваў: “Дело жизни — работа на результат”. Мне прый­шлося рэалізоўваць вельмі шмат новых праектаў, за якія да мяне ніхто не браўся, і толькі два з іх я не давёў да канца.

Служба ў арміі мне дала вельмі шмат. Да таго ж, я быў, бадай, адзіным афіцэрам, які падчас тэрміновай двухгадовай службы датэрмінова атрымаў званне старшага лейтэнанта.

— Раскажыце, калі ласка, што гэта за праекты і чаму не ўдалося іх рэалізаваць?

— Я казаў, што адным з маіх захапленняў з’яўляецца футбол. Нават калі ўжо сам не гуляў, заўсёды падтрымліваў футбалістаў. Напрыклад, у вучылішчы да гэтага часу стаіць Кубак чэмпіёнаў СССР сярод навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, які юнацкая футбольная каманда вучылішча, дзе я працаваў, заваявала ў Адлеры ў 1991 годзе (яго, дарэчы, пасля распаду СССР у нас хацелі забраць, але мы не аддалі).

Калі я быў рэктарам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, у мяне з’явілася ідэя заявіць нашу каманду ў другую лігу чэмпіянату Беларусі (пазабюджэтныя сродкі ў нас на гэта былі — мы мелі магчымасць зарабіць іх сваёй дзейнасцю). У першы ж год мы выйгралі другую лігу і перайшлі ў першую. Сталі ўзмацняць каманду. Менавіта ў той час з’явілася вядомая футбольным аматарам каманда “МТЗ-РИПО”. І зноў-такі, з першай спробы выйгралі першую лігу.

Быў азарт ісці далей, але, каб гуляць у найвышэйшай лізе, футбольны клуб павінен быў быць аформлены як юрыдычная асоба, а ўстанова адукацыі не магла выступіць яго заснавальнікам. На той час за нашымі плячыма стаяла цэлая футбольная школа: 350 хлопцаў, якія ў асноўным вучыліся ў нашых каледжах прафесійнай адукацыі. Каб трапіць у адзін з чатырох нашых каледжаў, стаялі чэргі. Сёння ў кожнай з каманд найвышэйшай лігі Беларусі ёсць спартсмены, якія калісьці прайшлі праз нашу школу “МТЗ-РИПО” ці гулялі ў нас. У канцы 1990-х Мінгарвыканкам перадаў нам на баланс стадыён “Трактар”, які мы разам з трактарным заводам аднавілі і адрамантавалі. Дарэчы, на МТЗ футбол быў вельмі папулярным: на пераможным для нашай каманды фінальным матчы Кубка Беларусі 2005 года на трыбунах сталічнага стадыёна “Дынама” сядзела каля 6 тысяч футбольных фанатаў — работнікаў трактарнага завода.

Нам удалося знайсці спонсара — літоў­скага бізнесмена Уладзіміра Раманава, які заснаваў юрыдычную асобу і фінансаваў створаны клуб. Я стаў старшынёй апякунскага савета клуба і прымаў непасрэдны ўдзел у яго рабоце. Мы сталі гуляць у еўракубках, а работнікі трактарнага завода пачалі лятаць са сваёй камандай на матчы ў Венгрыю, Славакію і іншыя краіны. Калі ў той час у адным з інтэрв’ю ў мяне запыталіся пра планы “МТЗ-РИПО”, я адказаў: “Наша мэта — сы­граць з “Баварыяй” і яе абыграць”.

Аднак праз некаторы час цікавасць Раманава да нашага клуба пачала знікаць (ён стаў уладальнікам яшчэ некалькіх еўрапейскіх футбольных клубаў), памянялася палітыка зносін, стала ўкладвацца менш сродкаў. Ды і я амаль не ўмешваўся ў яго дзейнасць, нават на футбол перастаў хадзіць. Так клуб, прагрымеўшы ў Беларусі і паказаўшы сябе ў еўрапейскім футболе, спыніў сваё існаванне.

Другі праект звязаны з іншай сферай маёй прафесійнай дзейнасці. Была ідэя сумясціць пасады майстра вытворчага навучання і выкладчыка спецыяльных тэхналогій. Гэта павінна было выключыць дубліраванне, значна сэканоміць вучэбны час і скараціць бюджэтныя выдаткі. У канцы 1990-х Міністэрства адукацыі дало дазвол на такі эсперымент. Нашы выпускнікі павінны былі атрымліваць прафесійныя веды на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі з элементамі вышэйшай педагагічнай адукацыі. Гэтым мы закраналі інтарэсы вышэйшай інжынерна-педагагічнай адукацыі, і эксперымент быў спынены. Адной з прычын стала традыцыя раздзялення функцый майстра і выкладчыка. Невядома, ці ўдаўся б тады гэты эксперымент, але я і сёння ўпэўнены, што рухацца ў гэтым напрамку трэба.

— Як вы трапілі ў сістэму прафесійнай адукацыі?

— Пасля арміі я спрабаваў уладкавацца ў розныя месцы: падаваў дакументы ў міліцыю, у Дзяржаўтаінспекцыю, у іншыя ўстановы — ужо нарадзіўся сын і трэба было ўтрымлі­ваць сям’ю. Так пасля пошукаў я трапіў у сістэму прафесійнай адукацыі. У 53-м вучылішчы ў той час навучаліся студэнты з В’етнама і Экватарыяльнай Гвінеі, і быў па­трэбны выкладчык, які б мог выкладаць устройства і рамонт аўтамабіля. У арміі я пастаянна з гэтым сутыкаўся і валодаў патрэбнымі навыкамі. Я запоўніў лісток па ўліку кадраў і спакойна пайшоў дадому. А 31 жніўня 1974 года мне пазваніў дырэктар вучылішча і паведаміў, што мая кандыдатура ўзгоднена ў адпаведных органах (гэта было абавязкова для работы з замежнымі студэнтамі) і я магу выхо­дзіць на працу. Праз некаторы час гэтую групу замежных студэнтаў перавялі ў 31-е вучылішча і мяне разам з імі.

Пераходзіць я не хацеў, бо там мне маглі прапанаваць толькі пасаду майстра вытворчага навучання. Але я вельмі ўдзячны, што мяне пераканалі і лёс даў мне магчымасць працаваць там. Безумоўна, мне прыходзілася шмат працаваць над сабой і, каб право­дзіць свае ўласныя заняткі, браць урокі па тэхналогіі вытворчасці ў сваіх калег, бо часам у мяне не было дастатковых практычных навыкаў — інстытут такіх ведаў нам даў мала.

У 1979 годзе мяне запрасілі працаваць спачатку старшым майстрам, а потым намеснікам дырэктара вучылішча № 148. І разам з яго дырэктарам Васілём Адамавічам Босым мы дабудоўвалі і адкрывалі гэтую ўстанову. А з 1982 года 10 гадоў я працаваў дырэктарам ПТВ № 115, якое ў канцы 90-х было пераўтворана ў вышэйшае прафесійнае вучылі­шча № 1. Дарэчы, я тады быў самым маладым дырэктарам прафтэхвучылішча ва ўсім СССР.

Работа кіраўніка навучальнай установы вельмі шматпланавая. Гэта і дзеці, і педагогі, і вытворчасць. У нас былі значныя вынікі. У прыватнасці, мы сталі першай у СССР установай па ўкараненні інавацыйных тэхналогій: укаранялі тэхналогіі “майстар-майстэрня”, “блочна-кальцавая сістэма”, тэхналогію індывідуальных маршрутаў для навучэнцаў агульнай сярэдняй школы.

Менавіта наша ўстанова першай у былым Саюзе пачала ўкараняць сістэму бесперапыннай адукацыі “ПТВ — ССНУ — УВА”, калі дзеці паступалі ў вучылішча, а потым частка з іх у той самай установе атрымлівала сярэднюю спецыяльную адукацыю, пасля пераходзячы ў спецыяльныя групы політэхнічнага інстытута: выпускныя экзамены ІІ ступені прафадукацыі прымала прыёмная камісія УВА. Пасля апрабацыі ў нас бесперапынная сістэма стала ўкараняцца па ўсім свеце.

Потым была шматгадовая (з 1992 па 2017 год) работа на пасадзе рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Мы стварылі сваю нацыянальную навуковую школу, якая сёння прызнана не толькі на прасторы былога СССР, але і ва ўсім свеце. Яна заснавана на станоўчым вопыце мінулага і ўлічвае тэндэнцыі сучаснасці і новыя падыходы да кадравага забеспячэння сучаснай эканомікі. Улік патрэб эканомікі быў адметнасцю нашай навуковай школы.

У 1997 годзе на матэрыяле работы РІПА я абараніў доктарскую дысертацыю. У ліку маіх настаўнікаў былі такія вядомыя расійскія вучоныя, як акадэмік Новікаў, акадэмік Бяляева, доктар навук прафесар Ірына Анатольеўна Іўлева.

— Зараз вы ў якасці кансультанта дапамагаеце станаўленню сістэм прафтэхадукацыі многіх краін. Наколькі гэта складана?

— Дапамагаюць хворым. Мы павінны супрацоўнічаць, аказваць садзеянне, дзяліцца вопытам. Калі чалавек хоча працаваць, ён павінен усведамляць адзін пастулат: калі чалавек усё ведае, у яго няма развіцця. Увесь час трэба вучыцца і не думаць, што ты схапіў жар-птушку за хвост. Такога не бывае. Я заўсёды кажу сваім калегам, што яны павінны пастаянна ўдасканальвацца, атрымліваць усебаковую інфармацыю, якая дасць магчымасць прымаць рацыянальныя рашэнні.

Трэба ўмець упэўніць чалавека і зрабіць так, каб ён прыняў твой пункт гледжання. Калі чалавек прымае твой погляд, ён становіцца не выканаўцам, а паплечнікам, які працягвае рэалізацыю тваіх ідэй.

Пастаяннае, няспыннае змяненне тэхналогій будзе весці да вызвалення працоўных рэсурсаў, таму перад намі была пастаўлена задача стварэння зладжанай сістэмы перападрыхтоўкі дарослых, і мы з ёй справіліся. У нас створана вельмі моцная сістэма перападрыхтоўкі, але яе павінна ўкараняць не Міністэрства адукацыі, а міністэрствы, непасрэдна звязаныя з эканомікай і прамысловасцю.

У адукацыі няма догмаў. Адукацыя — гэта працэс навучання і выхавання. І калі ў навучанні мы павінны прытрымлівацца пэўных прынцыпаў, то ў выхаванні да кожнай асобы павінен быць свой падыход, для якога трэба стварыць выхаваўчае адукацыйнае асяроддзе. І калі асоба, трапіўшы ў гэтае асяроддзе, будзе адэкватнай яму, яна зможа атрымаць значныя плюсы — у іншым выпадку асяроддзе выкіне яе.

Вельмі важна разумець, што сістэма прафесійнай адукацыі павінна быць забяспечана не толькі з пункту гледжання праграм, планаў і гадзін па прадметах ці ўкаранення ў вучэбны працэс камп’ютарных тэхналогій. Гэта, бясспрэчна, дае вынікі. Але ў нас не выбудавана стройная сістэма фінансавання прафесійнай адукацыі, хаця дзяржава клапоціцца пра гэта, у нас не выбудавана сістэма змен кваліфікацый (праўда, зрухі ў гэтым кірунку ўжо ёсць). У такіх зменах павінны быць зацікаўлены ў большай ступені прадпрыемствы, а не толькі Міністэрства адукацыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Сёння трэба ўважліва перагледзець нарматыўную базу, але не з пункту погляду “прычэсвання” Кодэкса аб адукацыі, а з пункту погляду знешніх фактараў: нарматываў, фінансавання, узаемадзеяння з прадпрыемствамі і г.д. Трэба даць магчымасць установам адукацыі адчуць сваю значнасць у сістэме адукацыі. Гэта тыя нюансы, якія, пры іх ігнараванні, не дазво­ляць адэкватна рэагаваць на змены эканамічных умоў.

Трэба разумець, што сістэма прафесійнай адукацыі павінна існаваць і, акрамя забеспячэння кадрамі вытворчасці, вырашаць сур’ёзныя сацыяльныя пытанні, якія апошнім часам сталі больш значнымі. Выхаваўчае асяроддзе павінен ствараць увесь калектыў установы прафадукацыі ад тэхперсаналу да дырэктара.

Сёння вельмі важна не адстаць ад развіцця сусветнай эканомікі, якая пераходзіць да лічбавізацыі. Гэта зусім іншыя эканамічныя ўзаемаадносіны. І калі поўнасцю мяняецца эканоміка, нам трэба будзе поўнасцю перагледзець нашу дзейнасць, вызначыць, як мы будзем адэкватна адказваць гэтым выклікам і што нам трэба памяняць у сістэме адукацыі. У ранейшыя часы эканоміка таксама трансфармавалася: аўтаматызацыя, рабатызацыя і іншае, — але гэта былі змены элементаў тэхналагічнага працэсу, і, калі мы рыхтавалі спецыялістаў, над існуючай сістэмай мы надбудоўвалі дадатковыя кампетэнцыі. На жаль, сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для лічбавай эканомікі патрабуе рэвалюцыйных змен. Гэта пасыл зусім іншай і педагогікі, і методыкі. Гэта трэба разумець, і сістэма адукацыі павінна гэтым займацца самым сур’ёзным чынам: абмяркоўваць, асэнсоўваць і эксперыментаваць.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва А.Х.Шкляра.