Як угледзець вучнёўскія здольнасці? Ці існуе хімічная адоранасць? З чаго складаецца сістэма работы з таленавітымі дзецьмі? Гэтыя і іншыя пытанні сталі прадметам гутаркі з настаўнікам-метадыстам, настаўнікам хіміі гімназіі № 1 Віцебска Русланам Валянцінавічам Шклейнікам. Рыхтаваць школьнікаў да алімпіяд Руслан Валянцінавіч пачаў практычна адразу пасля прыходу ў школу і дасягнуў у гэтай няпростай справе выдатных поспехаў.
— Руслан Валянцінавіч, давайце знаёміцца. Раскажыце, калі ласка, гісторыю свайго педагагічнага станаўлення.
— Яшчэ ў пару навучання ў школе мяне прыцягвала настаўніцкая дзейнасць, што было хутчэй неўсвядомлена, проста падабалася, і ўсё. Як мне здаецца, немалаважную ролю ў выбары прафесіі настаўніка адыграла мой класны кіраўнік і настаўніца хіміі Аляксандра Васільеўна Вінакурава. Хімія мне падабалася, лёгка давалася, нават удзельнічаў у раённай і гарадской алімпіядах. Перад цяжкай хваробай яна завяшчала многія свае напрацоўкі, перадала шмат кніг па займальнай хіміі.
На мой выбар паўплываў і той факт, што родная сястра маці таксама па адукацыі настаўніца біялогіі і хіміі. У тым, што я стаў настаўнікам хіміі і біялогіі — ёсць заслуга і бацькоў: калі выбіраў паміж хімфакам БДУ і біялагічным факультэтам ВДУ, то, па рэкамендацыі бацькоў, спыніўся на апошнім варыянце.
Яшчэ ва ўніверсітэце выкладалі выдатныя спецыялісты, сапраўдныя майстры сваёй справы: Сахіб Ісмаіл Аглы Куліеў, Таццяна Міхайлаўна Енякова, Софія Мікалаеўна Каладзяжная, Святаслаў Генрыхавіч Сцёпін і шмат іншых, дзякуючы якім у мяне досыць вялікі, на мой погляд, запас ведаў па хіміі.
Пачынаў я сваю педагагічную кар’еру ў сярэдняй школе № 24 Віцебска. У гэтай школе я працаваў з лістапада 1997 па жнівень 2004 года. Тут жа пачаў рыхтаваць навучэнцаў да алімпіяд па хіміі і біялогіі. Ужо тады зразумеў, што ў кожным класе ёсць разумныя дзеці, якіх трэба развіваць далей. А працаваць з разумнымі і матываванымі вельмі цікава і ў той жа час адказна. З першых сваіх урокаў ставіўся да навучэнцаў як да асоб, якія маюць права на ўласнае меркаванне і свой погляд на многія рэчы. Не ўсім калегам гэта падабалася, і не ўсе дзеці гэта разумелі.
Летам 2004 года Уладзімір Уладзіміравіч Шыцько запрасіў мяне папрацаваць настаўнікам хіміі ў вядомай Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Менавіта ў Лужасне я вырас і стаў тым настаўнікам хіміі, якім мяне шмат хто ведае. Вырас прафесійна, зацвердзіўся ў методыцы выкладання хіміі, сфарміраваўся ў сваім стаўленні да дзяцей, выпрацаваў сваю методыку падрыхтоўкі да алімпіяды па хіміі.
З сакавіка 2015 года я працую ў гімназіі № 1 Віцебска, за што вялікі дзякуй яе дырэктару Валянціне Трафімаўне Шырокавай, якая прытуліла ў сярэдзіне навучальнага года і падтрымала ў складанай жыццёвай сітуацыі.
— Наколькі валодаю інфармацыяй, за гады сваёй педагагічнай дзейнасці вы здолелі падрыхтаваць далёка не аднаго алімпіядніка. Якіх поспехаў вам і вашым вучням удалося дасягнуць?
— Мае поспехі — гэта перш за ўсё поспехі маіх вучняў. Наглядна ўсё гэта дэманструюць нашы з вучнямі перамогі на алімпіядах рознага ўзроўню. З 2004 па 2015 год было падрыхтавана 85 пераможцаў II этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, 61 пераможац III этапу (з іх 16 дыпломаў I ступені, 21 дыплом II ступені і 24 дыпломы III ступені). 19 вучняў (16 дыпломаў III ступені, 2 дыпломы II ступені і 1 дыплом I ступені) станавіліся прызёрамі заключнага этапу алімпіяды па хіміі.
Другім прыкладам выніковасці работы, якая праводзіцца з адоранымі навучэнцамі, з’яўляюцца балы, атрыманыя на ЦТ па хіміі, і геаграфія іх паступлення ў вядучыя вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны. Усе мае вучні, якія здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па хіміі, атрымлівалі балы прыкладна ад 75 да 100. Многія сталі студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ёсць вучні, якія вышэйшую хімічную адукацыю атрымлівалі за мяжой.
За сваю работу (што вельмі прыемна, і я ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў і падтрымлівае) не раз атрымліваў ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама (у 2005, 2006, 2011, 2014, 2015 гадах), грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2008), Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (2011). Маю пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (2008 і 2012).
— Статыстыка алімпіядных перамог вашых вучняў уражвае. Руслан Валянцінавіч, а што вы ўкладваеце ў паняцце “адоранасць”? І што, на ваш погляд, хаваецца за хімічнай адоранасцю?
— Як такой хімічнай адоранасці ўсё ж такі не вылучаюць. Ёсць нейкія тэсты, якія дазваляюць выявіць у дзіцяці пачуццё рэчыва, наколькі ён умее абыходзіцца з рэчывамі, наколькі ў яго развіты вакамер, уменне адчуваць пахі, адрозніваць растворы па канцэнтрацыі і г.д.
У маім разуменні адоранасць — гэта асаблівы склад розуму, вялікая працавітасць, мэтанакіраванасць, захопленасць і шмат іншых якасцей, якія вылучаюць адоранага вучня сярод астатніх навучэнцаў. Многія таленавітыя дзеці імкнуцца сябраваць са старэйшымі, не маюць сяброў сярод аднагодкаў, але гэта, хутчэй, выключэнне з правіл.
Развіццё таленавітага вучня зводзіцца да таго, каб сфарміраваць у яго пэўныя ўменні і навыкі па хіміі і развіваць бачанне прычынна-выніковых сувязей на прыкладах хімічных з’яў. Развіццю вучня спрыяе і назапашванне фактычнага матэрыялу па розных раздзелах хіміі. Нарэшце, удзел навучэнцаў у алімпіядах рознага ўзроўню — гэта таксама развіццё, у тым ліку і сацыяльнае.
— А як усё ж можна ўгледзець таго вучня, які здольны менавіта да хіміі?
— Знайсці адоранага вучня мне шмат у чым дапамагае інтуіцыя. Выразнага алгарытму пошуку адоранага школьніка ў мяне няма. Часам хапае некалькіх урокаў, каб заўважыць здольнае дзіця. Іншых заўважаеш адразу пасля аднаго-двух адказаў на пытанні, ну а да трэціх можна і трэба прыглядацца месяцамі.
Сістэма работы з адоранымі дзецьмі, вядома ж, склалася далёка не адразу. Гэтаму ніхто не вучыць, ды і, напэўна, гэтаму і навучыць нельга. Усё складалася паступова, шляхам спроб і памылак. У аснове работы з алімпіяднікамі ляжыць прынцып: дапамагаць, але ні ў якім разе не прымушаць (хоць, вядома, часам даводзіцца). Набіраючы новы клас, адразу заўважаеш здольных і таленавітых дзяцей і прапануеш ім заняцца алімпіядамі. Але, калі шчыра сказаць, то работа з кожнай новай групай адораных дзяцей мае свой характар і асаблівасці, хоць у цэлым быццам бы робіш адно і тое ж.
— Руслан Валянцінавіч, ці можна гаварыць пра змены вашага педагагічнага стылю?
— Як я ўжо казаў, з самага пачатку стараўся ставіцца да вучняў з павагай і годнасцю, бачачы ў іх асобы. На сваіх уроках стараюся не быць сумным і занудлівым, а каб зняць напружанне, дазваляю сабе і вучням пажартаваць. Але ў той жа час застаюся патрабавальным і строгім настаўнікам. Як многія адзначаюць, у мяне добра атрымліваецца тлумачэнне новага матэрыялу. Часам на гэты этап урока траціцца вельмі шмат часу, але мне здаецца, што самае галоўнае ў хіміі — гэта зразумець яе, высветліць лагічныя заканамернасці. Калі няма разумення, то нічога добрага з гэтага не выйдзе. Так, ёсць матэрыял, які неабходна проста вывучыць і запомніць, але ўсё-такі вельмі шмат у хіміі залежыць ад разумення.
Калі ў дзіцяці ўзнікла жаданне пазаймацца, ніколі не адмаўляю. Бывае па-рознаму: у некага атрымліваецца, а ў кагосьці — не. Многія спрабуюць займацца адначасова і біялогіяй, і хіміяй. Але я дастаткова спакойна ўспрымаю выбар навучэнцаў не на карысць хіміі.
— Зразумела, што падрыхтоўка алімпіядніка — гэта шмат гадзін заняткаў пасля ўрокаў, але ж здольных вы знаходзіце на ўроку. Зыходзячы з вашага вопыту, які ўрок можна лічыць эфектыўным?
— Урок эфектыўны, на мой погляд, калі дзіця зразумела матэрыял і можа яго прымяніць хаця б у стандартнай сітуацыі, а яшчэ лепш — у нестандартнай. Наогул я ў захапленні ад кемлівых дзяцей. Для таго каб урок быў эфектыўным, неабходна некалькі складнікаў: гэта і адпаведная падрыхтоўка настаўніка да ўрока, і плённая праца вучняў на ўроку, і, нарэшце, атмасфера, працоўная, але ў той жа час добразычлівая.
Настаўнік павінен так спланаваць дзейнасць вучня на ўроку, каб на выхадзе ён разумеў і ўмеў прымяняць атрыманыя веды.
— А да якіх форм урока вы часцей за ўсё звяртаецеся і чаму?
— Я досыць старамодны ў поглядах на выкладанне. Лічу, што добраму настаўніку дастаткова дошкі і кавалачка крэйды. Вядома ж, на ўроках я стараюся выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, але з’яўляюся прыхільнікам традыцый. Інтэнсіўна выкарыстоўваю лекцыйна-семінарскую сістэму работы, асабліва ў профільных класах.
Сутнасць гэтай сістэмы зводзіцца да наступнага. На адным або двух ўроках тлумачыцца новы матэрыял, навучэнцы атрымліваюць заданні па дадзенай тэме для падрыхтоўкі да семінарскіх заняткаў. На гэтым уроку разбіраем дамашняе заданне, якое, як правіла, складаецца з заданняў 2-га і 3-га ўзроўняў, працуем таксама і з заданнямі 4-га і 5-га ўзроўняў. У канцы другога ўрока (звычайна семінар складаецца з двух урокаў) абавязковы кантроль ведаў і ўменняў навучэнцаў. Вось такі алгарытм.
— Ці ёсць у вас любімыя метадычныя прыёмы?
— Як ужо было сказана вышэй, галоўным у хіміі, на мой погляд, з’яўляецца разуменне сутнасці працэсаў, якія адбываюцца. Таму мой любімы прыём (прымяняецца, калі навучэнцам не вельмі зразумела) — перайсці “на яблыкі”. Прыклады на хімічных з’явах і працэсах не заўсёды зразумелыя, а вось прыклады з жыцця даступныя для разумення амаль для ўсіх.
Растлумачу на канкрэтных прыкладах. Напрыклад, у задачах на раўнавагу хімікі выкарыстоўваюць такія паняцці, як зыходныя і раўнаважкія канцэнтрацыі рэчываў. Важна разумець, што ў ходзе хімічнай рэакцыі канцэнтрацыі зыходных рэчываў паніжаюцца, а канцэнтрацыі прадуктаў рэакцыі павялічваюцца. Для рэакцый, якія ідуць у прамым напрамку, — зыходныя канцэнтрацыі рэагентаў заўсёды вышэйшыя, чым раўнаважкія канцэнтрацыі, а для прадуктаў рэакцыі заканамернасць адваротная — зыходныя канцэнтрацыі заўсёды меншыя за раўнаважкія канцэнтрацыі.
Бачыце, як складана. Але калі правесці аналогіі з яблыкамі, то ўсё становіцца досыць банальным: па меры ўжывання яблыкаў іх колькасць памяншаецца, а колькасць агрызкаў ад яблыкаў пры гэтым павялічваецца.
Часам выдатна дапамагаюць палегчыць працэс успрымання наглядныя прыклады. Змяненне радыуса атамаў пры ператварэнні іх у іоны стараюся наглядна прадэманстраваць з дапамогай стоса кніг, павялічваючы або памяншаючы іх колькасць. Нарэшце, ёсць яшчэ і мнеманічныя правілы, якія дазваляюць палегчыць запамінанне інфармацыі.
Наогул жа пры тлумачэнні новага матэрыялу, ды і не толькі, імкнуся быць эмацыянальным, каб працэс навучання на ўроку быў не сумным, а цікавым і запамінальным.
— Руслан Валянцінавіч, і апошняе пытанне. На ваш погляд, самаадукацыя настаўніка стымулюе ці прыгнятае пэўнымі рамкамі?
— Вельмі хацелася б “закансервавацца” ў пэўным стане і так рухацца па жыцці, ужо нічога не мяняючы. Але гэта немагчыма. Настаўніку асабліва важна быць “на грэбені хвалі”, бо ён мае зносіны з маладым падрастаючым пакаленнем. Таму сама праца настаўніка ўжо мае на ўвазе развіццё. Самаадукацыя — гэта жыццёвая неабходнасць.
— Вялікі дзякуй за цікавую размову і новых алімпіяднікаў у новым навучальным годзе.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.