Вучоныя БДУ Кацярына Мацюшэўская і Рыгор Марціновіч сталі лаўрэатамі прэстыжнай Макарыеўскай прэміі (намінацыя “Навуковыя даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук, якія маюць высокае грамадскае і грамадзянскае значэнне”). Кацярына Мацюшэўская адзначана за манаграфію, прысвечаную дэндракліматычным і дэндраэкалагічным праблемам, а Рыгор Марціновіч — за даследаванні механізмаў проціпухліннага дзеяння рэдакс-актыўных фенолаў.
Пра гісторыю Макарыеўскай прэміі, конкурсныя патрабаванні, крытэрыі ацэньвання і ўласна пра навуковыя даследаванні — наша гутарка з загадчыкам кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Кацярынай МАЦЮШЭЎСКАЙ.
Прэмія названа ў гонар мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Макарыя (Булгакава) — адзінай духоўнай асобы, выбранай у 1854 годзе ардынарным членам Акадэміі навук. У 1867 годзе Макарый, будучы архіепіскапам, ахвяраваў дзяржаве ганарары, атрыманыя ім ад выдання сваіх кніг, каб на працэнты штогод прысуджаліся прэміі яго імя за лепшыя работы па багаслоўскіх і свецкіх навуках. Макарыеўская прэмія ўручалася да 1918 года. У Расійскай імперыі яна лічылася адной з самых ганаровых узнагарод. У галіне прыродазнаўчых навук яе былі ўдастоены С.М.Алферакі, В.В.Дакучаеў, А.С.Ярмолаў, С.А.Макараў, І.В.Мушкетаў і іншыя вучоныя.
Макарыеўская прэмія была адроджана ў 1995 годзе і прысуджаецца па гуманітарных, а з 2018 года — па прыродазнаўчых навуках. Яе сучаснымі заснавальнікамі з’яўляюцца Руская праваслаўная царква, Урад Масквы і Расійская акадэмія навук. Экспертны савет Макарыеўскага фонду складаецца са свецкіх і царкоўных вучоных, якія прадстаўляюць Расійскую акадэмію навук, МДУ імя М.В.Ламаносава, Маскоўскую духоўную акадэмію і царкоўна-навуковы цэнтр “Праваслаўная энцыклапедыя”. Узначальвае экспертны савет доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік С.П.Карпаў.
“Пра вылучэнне работ на саісканне прэмій памяці мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага Макарыя (Булгакава) я даведалася з ліста Міністэрства адукацыі. Там было запрашэнне старшыні Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук В.М.Пармона прыняць удзел у конкурсе, — расказвае Кацярына Віктараўна. — Акадэмік Пармон адзначыў, што сярод навуковых праблем, якія актыўна абмяркоўваюцца ў Расіі, значацца ў тым ліку праблемы аховы і маніторынгу стану лясоў. Важнай умовай для конкурснай работы з’яўлялася таксама прымяненне метадаў прыродазнаўчых і дакладных навук, уключаючы матэматыку. Мая манаграфія “Фактары зменлівасці радыяльнага прыросту дрэў”, якая адлюстроўвае вынікі шматгадовага вывучэння беларускіх лясоў, адпавядала гэтым крытэрыям”.
13 лістапада на пасяджэнні Камітэта па Макарыеўскіх прэміях былі зацверджаны вынікі конкурсу ў галіне прыродазнаўчых навук — другі раз у сучаснай гісторыі (Макарыеўская прэмія ўручаецца раз у два гады). Па рашэнні экспертнага савета і Камітэта па прэміях конкурсная работа Кацярыны Мацюшэўскай атрымала высокую ацэнку і ўдастоена трэцяй прэміі ў намінацыі “Навуковыя даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і дакладных навук, якія маюць высокае грамадскае і грамадзянскае значэнне”.
“Манаграфія, выдадзеная ў 2017 годзе, — плён амаль двух дзесяцігоддзяў вывучэння беларускіх хвойнікаў, — тлумачыць Кацярына Віктараўна. — У кнізе разглядаецца зменлівасць радыяльнага прыросту дрэў пад уплывам натуральных і антрапагенных фактараў на тэрыторыі Беларусі. Аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца сучасныя пакаленні елкі і сасны ў натуральных умовах (без антрапагеннага ціску) і ва ўмовах, пры якіх антрапагенны фактар відавочны (асушальная меліярацыя ў Беларускім Палессі і тэхнагеннае забруджванне паветранага асяроддзя ў Мінску і Магілёве).
Беларусь — лясная краіна, і даследаванне экалагічнай ролі лясоў у прыродзе выходзіць за рамкі галіновых інтарэсаў, — працягвае Кацярына Мацюшэўская. — Важна зразумець механізм узаемадзеяння лясных экасістэм са зменлівымі экалагічнымі фактарамі як натуральнага, так і антрапагеннага паходжання. Прадухіліць крызісныя з’явы ў беларускіх хвойніках магчыма (хоць і не цалкам), толькі высветліўшы прычыны, якія іх выклікаюць”.
Кацярына Віктараўна спадзяецца, што атрыманыя ёй навуковыя вынікі могуць служыць дадатковай інфармацыйнай асновай для прыняцця рашэнняў у галіне выкарыстання, узнаўлення і аховы лясных рэсурсаў Беларусі, а таксама пры падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне аховы прыроды і прыродакарыстання. У прыватнасці, Дзяржаўнай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету сёлета перададзены “Інфармацыя аб прычынах крызісных з’яў у хвойніках Беларусі і магчымасці іх пераадолення” і “Інфармацыя для выкарыстання пры ўнясенні змен і распрацоўцы новых нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць узнаўленне лясоў”.
Навуковыя інтарэсы Кацярыны Мацюшэўскай не абмяжоўваюцца дэндракліматычнымі і дэндраэкалагічнымі даследаваннямі. Кафедра, якой яна загадвае, з’яўляецца ядром для арганізацыі і выканання навуковых даследаванняў па цэлым шэрагу напрамкаў фундаментальна-прыкладнога профілю. Вучоныя распрацоўваюць тэарэтычныя і прыкладныя праблемы сучаснай фізічнай і эвалюцыйнай геаграфіі, біягеаграфіі, маніторынгу і захавання прыродна-рэсурснага патэнцыялу наземных і водных экасістэм, дынамікі клімату і біяразнастайнасці, рэгіянальнай тапанімікі. Іх намаганнямі ажыццяўляецца навукова-метадычнае забеспячэнне якасці сярэдняй і вышэйшай геаграфічнай адукацыі ў Беларусі.
Візітоўкай кафедры сталі метадычныя і практычныя распрацоўкі ў галіне тэхналогій электроннага навучання, што вельмі актуальна ў сучасных умовах. Вучоныя падтрымліваюць цесныя сувязі з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі, забяспечваюць дадатковую адукацыю і павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў сярэдніх школ. “Мы вельмі шануем адносіны са школамі і гімназіямі, для якіх заўсёды адкрыты як партнёры і памочнікі”, — адзначае Кацярына Віктараўна.
Таксама кафедра цесна ўзаемадзейнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук, у прыватнасці з Інстытутам эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча, Інстытутам пладаводства, Цэнтральным батанічным садам, НПЦ па біярэсурсах, Iнстытутам прыродакарыстання. Узаемадзеянне адбываецца як у галiне сумесных навуковых даследаванняў, так i ў арганiзацыi падрыхтоўкi высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў (напiсанне дыпломных работ, праходжанне вытворчай практыкi).
Студэнтам падабаюцца вучэбныя курсы, якія выкладаюць супрацоўнікі кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій: дэкаратыўная дэндралогія і фітадызайн, маніторынг і рацыянальнае выкарыстанне біярэсурсаў, геабатанічнае і заагеаграфічнае ГІС-картаграфаванне, педагагічныя сістэмы і тэхналогіі навучання, тэхналогіі электроннага навучання і інш. На вучэбнай геаграфічнай станцыі “Заходняя Бярэзіна” студэнты праходзяць вучэбную геабатанічную практыку, а ў школах і гімназіях Мінска — педагагічную практыку.
Напрамак спецыяльнасцi “Геаграфiя”, па якой кафедра рыхтуе спецыялістаў, — навукова-педагагiчная дзейнасць (спецыялiзацыi — “рацыянальнае прыродакарыстанне i ахова прыроды”, “бiягеаграфiя” i “фiзiчная геаграфiя”). З самага пачатку вучобы студэнты ўключаюцца ў навукова-даследчую работу кафедры, якую працягваюць потым у магiстратуры i аспiрантуры: пішуць артыкулы, удзельнічаюць у навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, у тым лiку за мяжой.
“Нашы міжнародныя кантакты таксама вельмі шырокія, — адзначае Кацярына Віктараўна, — у тым ліку таму, што дацэнт кафедры А.Я.Яротаў, які прадстаўляе навуковую школу дэндракліматалогіі і дэндраэкалогіі, з’яўляецца старшынёй Беларускага геаграфічнага таварыства і міжнародным экспертам і кансультантам шэрага міжурадавых і грамадскіх арганізацый па пытаннях змянення клімату і адаптацыі да іх наступстваў”.
Кацярына Мацюшэўская прызнаецца, што Макарыеўская прэмія — асаблівая для яе ўзнагарода. На жаль, у сувязі з неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыяй урачыстая цырымонія ўганаравання лаўрэатаў 2020 года па прыродазнаўчых навуках перанесена на наступны год (магчыма, адбудзецца ў лютым).
“Макарыеўская прэмія — прызнаная ў грамадстве і навуковых колах узнагарода. Як адзначыў Прэзідэнт РАН А.М.Сяргееў, мэта яе прысуджэння — развіццё навукі, у першую чаргу міждысцыплінарных даследаванняў, — гаворыць Кацярына Віктараўна. — Таму атрыманне прэміі — важны матывуючы фактар далейшай навуковай дзейнасці, пошуку адказу на пытанне “Як захаваць і прымножыць прыродную спадчыну нашай краіны?”. Таксама гэта магчымасць падтрымліваць і ўмацоўваць прадукцыйныя ўзаемаадносіны з калегамі з Расіі і іншых краін. Геаграфічныя і экалагічныя навукі не ведаюць дзяржаўных меж. Залог іх развіцця і атрымання значных навуковых вынікаў — міжнародныя навуковыя кантакты.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.