Вольга БУЛАЙ:“Што ты пасылаеш у Сусвет, тое табе і вяртаецца”

- 15:45Моя школа

З Вольгай Шамархан мне давялося пазнаёміцца задоўга да таго, як яна стала прафесійнай спявачкай і пераможцай спеўных конкурсаў. У той час яна, дзевяцікласніца сельскай школы, прыехала ў суседні раённы цэнтр на кастынг конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца”, які на працягу пяці гадоў рэалізоўвала “Настаўніцкая газета”. Сёння Вольга вядзе актыўную канцэртную і педагагічную дзейнасць, імкнецца як мага больш поўна рэалізаваць сябе як спявачка і педагог.

— Вольга, адкуль вы родам? Раскажыце крыху пра вашу сям’ю.

— Нарадзілася я ў вёсцы Цяпіна Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці (тое самае Цяпіна, адкуль родам славуты асветнік, перакладчык і выдавец Васіль Цяпінскі. Заўвага рэдакцыі.).

Тата Аляксандр Іванавіч працуе ва­дзіцелем у мясцовай ПМК і гаспадарыць дома. Безумоўна, радуецца маім поспехам, але большасць бягучых пытанняў мы вырашаем з мамай.

Мама Святлана Францішкаўна ўсё жыццё — ні ўправа, ні ўлева — працуе настаўніцай пачатковых класаў.

Нас у сям’і было пяцёра дзяцей. У мяне дзве старэйшыя родныя сястры. Ірына жыве ў Горках, Алена — у Чашніках. Яна, як і мама, працуе ў Цяпін­скай школе настаўніцай. Так склалася, што мае бацькі выхоўвалі яшчэ нашых стрыечных брата і сястру. Дык вось стрыечная сястра Люба таксама педагог — пэўны час выкладала фізічную культуру.

Часта тэлефаную маме, каб атрымаць параду па выхаваўчых пытаннях. Я сёння працую з маленькімі дзецьмі, і часта звяртаюся да мамы, каб знайсці выйсце з якой-небудзь складанай педагагічнай сітуацыі.

Дзед па татавай лініі быў маім сябрам — з дзедам Іванам мы разам нават матацыклы рамантавалі. А вось вакальныя здольнасці ў мяне, відаць, ад дзеда Франака.

З першай настаўніцай.

— Якімі былі вашы школьныя гады?

— Мне вельмі пашанцавала, бо ў пачатковай школе маёй настаўніцай была мая хросная маці Святлана Мікалаеўна Прышчэп. Яна ўвесь час ставіла мяне ў прыклад, але не таму, што я яе хросная дачка, а таму, што з-за сваёй адказнасці сапраўды была прыкладнай вучаніцай.

Самае важнае, што я зразумела са школьных гадоў, што роля педагога вельмі значная. Калі педагог жыве сваёй справай, любіць свой прадмет, вучні гэта адчуваюць.

Калі перайшла ў пяты клас, педагогі былі розныя. Больш за ўсё падабалася нямецкая мова. У першую чаргу з-за таго, што мне вельмі імпанавала настаўніца — Ала Іванаўна Кузьміна.

Адразу палюбіла беларускую мову з-за таго, што педагог быў цудоўны — Жанна Генадзьеўна Прышчэп (таму, дарэчы, і дыктоўку пры паступленні пісала на беларускай мове). А вось фізіку, якую выкладаў дырэктар школы Віктар Аляксеевіч Шалухін, асабліва не разумела, таму і не любіла.

Вельмі прыемна, што мае настаўнікі сочаць за маімі поспехамі і падтрымліваюць мяне. Іх няма ні ў Instagram, ні ва “УКантакце”. А ў “Аднакласніках” яны мне пастаянна пішуць і падтрымліваюць.

Неад’емнай часткай майго школьнага жыцця былі канцэрты. Я імі жыла і пастаянна чакала чарговага выхаду на сцэну.

Але для мяне ўсё ж сям’я — гэта каледж. З аднакласнікамі зносіны амаль не падтрымліваем, таму што, па-першае, я пайшла са школы пасля 10 класа, а па-другое, я вельмі рэдка езджу да бацькоў, каб мець магчымасць пабачыцца з тымі, з кім вучылася ў школе.

— Які з момантаў свайго жыцця лічыце паваротным?

— Калі я стану вядомай артысткай, я ўсім буду расказваць, што пачаткам майго творчага жыцця я абавязана праекту “Звонкая раніца”, які рэалізоўвала “Настаўніцкая газета”. Калі б у маім жыцці не было “Звонкай раніцы”, я паступала б у медыцынскі ўніверсітэт і сёння, магчыма, была б педыятрам, таму што дзяцей я люблю і заўсёды ведала, што мне трэба працаваць з
лю­дзьмі.

Добра памятаю той вечар. Было ўжо даволі позна, я амаль спала, бо назаўтра трэба было ісці ў школу. Мама — настаўніца пачатковых класаў Цяпін­скай школы-сада і пастаянны чытач “Настаўніцкай” — разбу­дзіла мяне: “Глядзі, тут у Бешанковічах (а гэта за 60 кіламетраў ад нашай вёскі) кастынг! Не дарма ж мы цябе 7 гадоў у музычную школу вазілі!”

На чым мяне толькі не вазілі ў музычную школу: і на веласіпедзе, і на кані, і пешшу хадзілі — мне вельмі хацелася займацца музыкай, і бацькі зрабілі ўсё, што ад іх залежала, каб падтрымаць мяне ў гэтым. Гэта быў якраз апошні год у музычнай школе, і маці слушна заўважыла: “Вось няхай гэта стане тваім вынікам! Паспрабуй!”

Было страшнавата, бо я ніколі не ўдзельнічала ні ў якіх конкурсах, акрамя гарадскіх і раённых, што праходзілі ў Чашніках. “Ты што, сумняваешся? — спытала тады мама. — Калі ты спяваеш, у мяне мурашкі. Давай паспрабуем!”

Я ведала, што ў баць­коў нямнога грошай, але мама настаяла на тым, каб мы паехалі ўзяц­ь напракат самую прыгожую сукенку.

Вось з’ездзілі мы на кастынг у Бешанковічы і сталі чакаць вынікаў, якія павінны былі апублікаваць у “Настаўніцкай газеце”. У глыбіні душы я была ўпэўнена, што прайду ў фінал. Праглядала кожны нумар газеты і чакала. Вельмі добра памятаю, як маці прыйшла прама на мой урок нямецкай мовы (я вучылася ў той самай школе, дзе працавала мама) і сказала: “У мяне для цябе навіна: ты прайшла, толькі прозвішча напісана няправільна — праз літару “к”! (Маё дзявочае прозві­шча — Шамархан, і ў ім пастаянна дапускалі гэтую памылку.) Вось напісана: “Чашнікі”. Гэта ж ты!” А потым я сама хадзіла на пошту і атрымлівала ліст-запрашэнне. Колькі было шчасця! Для мяне гэта быў такі гонар: вясковая дзяўчынка едзе ў “Зубраня” на фінал рэспубліканскага конкурсу! Да гэтага часу не ведаю, як я атрымала гран-пры.

З мамай Святланай Францішкаўнай.

Я была няўпэўненая ў сабе, і цяпер, выкладаючы вакал у вакалістаў-пачаткоўцаў, разумею, наколькі важна падба­дзёрыць чалавека і паверыць у свае магчымасці. Які б вялікі талент у цябе ні быў, няўпэўненасць можа перакрэсліць усё! У той момант у мяне такога чалавека не было, таму зараз я імкнуся зрабіць так, каб мае выхаванцы паверылі ў сябе і раскрыліся напоўніцу.

На “Звонкай раніцы” былі цудоўныя педагогі. Але ў нас было настолькі мала часу (за тыдзень трэба было падрыхтаваць новую песню і выступіць на справаздачным канцэрце), што многае з таго, што гаварылі нам педагогі, мы прапускалі, засяродзіўшыся на песні. Я павінна была спяваць на англійскай мове, якую не ведала (бо ў школе вучыла нямецкую). Трэба было праспяваць так, каб ніхто не заўважыў, што я не ведаю гэтай мовы. І я па начах адпрацоўвала ледзь не кожнае слова.

— Што адчувалі, калі даведаліся пра перамогу?

— Перад аб’яўленнем вынікаў я, як і іншыя фіналісты, стаяла за кулісамі і нервова чакала. І раптам у галаве пранеслася думка: “Як я прыеду ў сваю вёску, калі атрымаю гран-пры, як на мяне будуць глядзець людзі?” У той момант побач са мной была педагог “Звонкай раніцы” па вакале Аліна Дзямідава, з якой мы займаліся падчас фіналу. Яна, бачачы маё хваляванне, раптам сказала: “Не хвалюйся! У цябе гран-пры!” Магчыма, раскрыўшы інтрыгу крыху раней, чым трэба, яна псіхалагічна падрыхтавала мяне да гэтай падзеі. І гэта быў адказ на мой пасыл у космас (смяецца). Я ўпэўнена — і для артыста гэта вельмі важна: што ты пасылаеш у Сусвет, тое табе і вяртаецца.

Падарункам да гран-пры ў год маёй перамогі была паездка на дваіх у Львоў. Я была вельмі шчаслівая: “У Львоў! Удваіх з мамай!” Гэта быў цудоўны падарунак, бо мама вельмі шмат працавала ўсе гэтыя гады і заўсёды мяне падтрымлівала.

Калі я прыехала дадому, мяне сустракалі з кветкамі. Я была вельмі ўражана і ўзрадавана. “Гэта класнае пачуццё! Мне гэта падабаецца, — сказала я сабе. — Я хачу так яшчэ!” І вось з-за гэтага “хачу яшчэ” ніяк не магу спыніцца (смяецца). Мяне настолькі захапілі эмоцыі, што я падумала: “Ну які ўрач, калі наперадзе столькі цікавага”, і стала падумваць паступаць у каледж мастацтваў на вакальнае аддзяленне.

Быў варыянт паступаць у Гродна, бо там быў меншы конкурс. Але Гродна вельмі далёка ад маёй малой радзімы, і мяне страшыла тое, што я не змагу часта бываць дома. Ды і інфармацыі падрабязнай не было: інтэрнэтам я магла карыстацца толькі па суботах, калі прыязджала да сяброўкі. У Мінскім каледжы мастацтваў конкурс быў вельмі высокі, і мой педагог па вакале казаў: “Ты што, які Мінск? Ідзі ў Віцебск на харавое аддзяленне — туды 100% паступіш”. Але я не харавік, да таго ж мне вельмі не падабалася спяваць у хоры, калі вучылася яшчэ ў музычнай школе. Неяк угаварыла бацькоў на варыянт паступлення ў Мінск.

— Вы ж паступалі не адразу пасля “Звонкай раніцы”, а праз год?

— Так. Я скончыла 10 класаў і паехала паступаць у каледж. Ведала, што, калі не паступлю, праз год буду пасту­паць у медуніверсітэт, як і думала раней. Таму мама ўсё роўна прымушала мяне вучыць хімію і біялогію.

На жаль, рыхтавацца да паступлення мне прыйшлося самастойна. Я сама знайшла песні, сама вучыла іх. Падрыхтавала “Лебядзіную вернасць” Я.Мартынава, Ave Maria на нямецкай мове і, вядома, Bound to you Хрысціны Агілеры з мюзікла “Бурлеск”. Гэта песня, якую я выконвала ў 2-м туры “Звонкай раніцы” і з якой я сапраўды пачала адчуваць сябе на сцэне ўпэўнена. Дарэчы, яе мне прапанавала менавіта Аліна Дзямідава, за што ёй вялікі дзякуй, а яшчэ за тое, што яна навучыла мяне сябе падаваць.

Тое, што я магла зрабіць самастойна, я зрабіла, і паехала паступаць. Наймаць квартэру ў Мінску мы не маглі сабе да­зволіць, але, на шчасце, знайшлі далёкіх сваякоў, якія далі нам прытулак на час экзаменаў.

Пачаліся экзамены. Першы тур — “дзесяць”. У мяне быў шок! Другі тур — таксама дзясятка. Трэцім экзаменам была дыктоўка па беларускай мове. І зноў дзясятка. Калі даведалася пра вынікі, я яшчэ сумнявалася, ці паступлю. “Ты што? — смяялася мама. — Ты паступіла!” Але мне трэба было дачакацца моманту, калі мне афіцыйна паведамілі, — у гэтым я перфекцыяністка.

Пасля пераезду ў Мінск ад тэмпу жыцця, мноства людзей і падзей, якія адбываліся штодня, у мяне быў стрэс. Жывучы ў вёсцы, я глядзела на тых, хто жыў у Мінску, як на людзей з іншай планеты. Гэта сапраўды была іншая рэальнасць.

— Што запомнілася за час навучання ў каледжы?

— Чатырохгадовае навучанне ў каледжы было для мяне гадамі ўпартай працы. Я ні пра што не думала: у галаве была толькі вучоба.

Я вельмі ўдзячна старшыні цыклавой камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” каледжа Алене Віктараўне Атрашкевіч за тое, што яна аддала мяне ў рукі педагогу па вакале Святлане Аляксандраўне Борахавай. Гэта было 100%-нае пападанне як у творчым, так і ў эмацыянальным плане. Яна вельмі па­трабавальны педагог. Прыйшоўшы ў каледж мастацтваў, я нават не ведала, што такое дыяфрагма (і гэта пры тым, што сем гадоў спявала!). Як аказалася, базы ў мяне не было ніякай — я карысталася і “выязджала” на тым, што мне дала прырода.

— Вакалісту годна заявіць пра сябе дапамага­юць конкурсы. Калі пачалі ў іх удзельнічаць?

— Я зразумела, што трэба ісці наперад, і першы год асвойвала базу, у той час як іншыя ішлі паперадзе. І толькі на трэцім курсе стала з’яўляцца на конкурсах. Спачатку ўзяла трэцяе месца на конкурсе маладых талентаў. Потым у 2015 годзе была спроба трапіць на вядомы конкурс “Белазаўскі акорд”. Я адправіла свой запіс, але прабіцца ў шэраг 12 фіналістаў не змагла. Святлана Аляксандраўна падбадзёрвала і падтрымлівала мяне. Праз год мы падрыхтавалі арыю Зоркі з рок-оперы “Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты”, але зноў спынілася ў паўкроку ад фіналу. Праз некалькі дзён мне патэлефанавалі з Жодзіна і запрасілі прыняць удзел у фінале замест дзяўчыны, якая захварэла. Вядома, я пагадзілася, паехала і… атрымала гран-пры.

У тым самым 2016 годзе была няўдалая спроба трапіць на Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні ў Маладзечне. Маладзечна скарылася мне з другой спробы. Увогуле 2017 год стаў пераломным у маім жыцці. Пасля перамогі ў Маладзечне мяне без экзаменаў узялі ва Універсітэт культуры і мастацтваў. І менавіта ў гэты час я даведалася, што ў мяне будзе дзіця. Ахвяраваць гэтым дарам я не збіралася, але і з кар’ерай таксама развітвацца не думала. Калі адкрывала Instagram, у мяне была істэрыка: усе вакол спяваюць, а я сяджу з дзіцем.

Праз чатыры месяцы пасля родаў я ўжо зноў займалася са сваім педагогам па вакале, каб прывесці сябе ў тонус. Калі паехала ў Віцебск на абласны адбор да “Славянскага базару”, праспявала невялікі кавалак падрыхтаванай песні, а потым цэлы дзень чакала вынікаў. Стомленая, з дарогі, пасля работы, я выпіла тады, мабыць, тры літры кавы.

Нараджэнне дачкі станоўча паўплывала на мае вакальныя даныя. Менавіта тады паспрабавала свае сілы ў адборы на “Славянскі базар” і ўвайшла ў дзясятку лепшых.

Вельмі педантычна ставілася да стварэння вобразаў для маіх выступленняў. Добра разумею, што калі песня рокавая, значыць, і вобраз павінен быць адпаведны. Проста ў прыгожай сукенцы спяваць рок будзе нелагічна.

З дачкой Ксеніяй.

— Ці былі цікавыя прапановы пасля “Маладзечна” і “Славянскага базару”? У чым рэалізавалі сябе?

— У дэкрэтным водпуску была толькі 3,5 месяца, а потым пайшла выкладаць, бо мне трэба было некуды адда­ваць сваю энергію. Мяне ўзялі выкладаць вакал у Палацы культуры Мінскага аўтазавода ў заслужаным аматарскім калектыве Рэспублікі Беларусь тэатра эстраднай песні “Сябрынка”.

Мастацкі кіраўнік — Таццяна Трухан.

Паралельна зрэдку працавала на бэк-вакале з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь, але скоса ўвесь час паглядала на месца саліста.

Пасля адбору мяне заўважылі і сталі больш запра­шаць на канцэрты. Вельмі цікавым было супрацоўніцтва з мастацкім кіраўніком Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіславай Арцюкоў­скай, якая прапанавала выступіць у дуэце з Аляксандрам Саванцом.

Неўзабаве паступіла прапанова ад новага дырыжора Прэзідэнцкага аркестра Віталя Кульбакова, які запрасіў мяне праспяваць на канцэрце на Дзень маці. Было вельмі прыемна пачуць гэтыя словы ад кіраўніка аркестра. Потым ён прапанаваў мне выканаць дзве песні ў праграме World Legends of Rock: Listen to your heart гурта Roxette і Zombie гурта Сranberries. Пасля гэтага я зразумела, што магу спяваць таксама і рок.

Для мяне выкладанне стаіць нароўні з выступленнямі на сцэне. Гэта абсалютна розныя сферы і розныя адчуванні. Акрамя таго, лічу, што педагог павінен быць дзеючым артыстам.

— Над чым працуеце зараз?

— Зараз рыхтуюся да святочнага навагодняга канцэрта ў тэатры MusicLand, якім кіруе Анжаліка Граковіч. Працаваць з гэтай камандай вельмі цікава. На рэпетыцыях я магу назі­раць, як нараджаюцца нумары канцэрта і як працуюць сапраўдныя прафесійныя акцёры Сяргей Чэрчас, Вераніка Пляшкевіч, Андрэй Сенькін, Дзіяна Флеер і іншыя. Неяк з’явілася думка схадзіць у трэнажорную залу, але пасля харэаграфічнай рэпетыцыі ў тэатры зразумела, што гэта лепш, чым трэнажорная зала (смяецца). У мяне не заўсёды атрымліваецца спалучаць вакал, харэаграфію і акцёрскую ігру, але я стараюся і нават дома рэпецірую.

У гэтым годзе зноў спрабую сябе на адборы на “Славян­скі базар”, але на гэты раз ад Мінска.

Я імкнуся пастаянна вучыцца і расці. Апошнім часам стала шмат чытаць, ды яшчэ і ў аўташколу пайшла вучыцца.

— Ці часта былі на Новы год Снягуркай?

— Самае цікавае, што Снягуркай ніколі не была. Бабай Ягой, Бякай была, а ролю Снягуркі не прапаноўвалі (смяецца), хаця вельмі хацелася.

У мінулым годзе дзяцей, якія займаюцца ў нашым калектыве, зноў запрасілі ўдзельнічаць у навагодніх паказах, якія ладзіліся кожны дзень на Кастрычніцкай плошчы каля Палаца Рэспублікі. Снягуркай працавала мая калега, а калі ў яе здараліся накладкі з раскладам, некалькі разоў падмяняла яе. Гэта быў вельмі цікавы і карысны вопыт, а да таго ж яшчэ адно пацвярджэнне таго, што калі нечага вельмі хочаш, яно здараецца. Трэба толькі ду­маць і марыць! Паспрабуйце.

— Як сустракалі Новы год у дзяцінстве і як сустракаеце зараз?

— Сёння Новы год — гэта работа. Зараз не вельмі люблю Новы год, бо ва ўсіх свята, а ты працуеш. У дзяцінстве пастаянна чакала Дзеда Мароза і не спала. Мяне спецыяльна клалі на печку, каб я яго не прапусціла, але я, прыгрэўшыся, засынала і раніцай знаходзіла падарунак. У Дзеда Мароза верыла да таго часу, пакуль выпадкова не знайшла падарунак, які потым “пакінуў Дзед Мароз”, у шафе (смяецца).

— Чаго б вы пажадалі чытачам “Настаўніцкай газеты” няпярэдадні Каляд і Новага года?

— У гэтыя светлыя святы жадаю ўсім спакою ў доме, дабра, узаемаразумення, кахання і шчасця. Няхай спраўдзяцца запаветныя мары кожнага. І, безумоўна, у сённяшні нялёгкі для нас час жадаю ўсім моцнага здароўя і сіл.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Вольгі БУЛАЙ.