“Чытаючы дзецям казкі, мудрыя бацькі і педагогі ствараюць у іх пэўны запас псіхалагічнай трываласці, сімвалічны банк жыццёвых сітуацый. Галоўнае, каб сэнсы і ўрокі казак былі імі ўсвядомлены і засвоены. Для гэтага трэба працаваць з казкамі, аналізаваць іх”, — адзначае Святлана Валяр’янаўна Рэзнік, выхавальнік-метадыст ясляў-сада № 77 Гродна, педагог-псіхолаг з 20-гадовым стажам, якая вучылася казкатэрапіі ў аўтарскай школе беларускага псіхолага Наталлі Аляксандраўны Саковіч і сёння сама праводзіць семінары-практыкумы, майстар-класы і трэнінгі для педагогаў па інавацыйных метадах работы з казкай.
“У Ваўкавыскім педвучылішчы, дзе я вучылася, псіхалогію выкладала Таццяна Уладзіміраўна Жывіца, — прыгадвае Святлана Валяр’янаўна. — Калі я ўбачыла, як яна ўзаемадзейнічае з людзьмі, як падае матэрыял па псіхалогіі, я па-дзіцячы была захоплена, мне хацелася стаць такой, як яна. Паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэт практычнай псіхалогіі. У пэўны момант зацікавілася такім кірункам у псіхалогіі, як бібліятэрапія, або тэрапія лячэння кнігай. Некаторы час працавала бібліятэкарам і заўважыла, што пэўныя кнігі, якія прапаную людзям для чытання, дапамагаюць ім у пераадоленні той ці іншай сітуацыі або праблемы. І гэта не толькі духоўная літаратура, але і мастацкая, у тым ліку казкі. У дзяцінстве я чытала шмат казак, асабліва любіла Андэрсена, Фолькмана, з народных мне падабаліся, напрыклад, кубанскія казкі і, вядома, беларускія”.
Як расказала Святлана Валяр’янаўна, казкі бываюць аўтарскія і народныя, чароўныя і павучальныя, авантурныя і сацыяльныя, у форме легенд, навел і жартаў, а таксама казкі, якія дазваляюць атрымаць веды, уменні і навыкі, казкі, звязаныя са шлюбнымі адносінамі, а яшчэ — створаныя на аснове міфа пра ўзнікненне свету і яго будову. Па мэтавым прызначэнні вылучаюць казкі дыдактычныя (выкарыстоўваюцца для “ўпакоўкі” вучэбнага матэрыялу); псіхакарэкцыйныя (для мяккага ўплыву на паводзіны дзяцей, тлумачэння сэнсу таго, што адбываецца (да 11—13 гадоў); псіхатэрапеўтычныя (лечаць душу, дапамагаюць выйсці з крызісу, раскрываюць глыбінны сэнс падзей, што адбываюцца; не заўсёды адназначныя і са шчаслівым канцом, але глыбокія і пранікнёныя); медытатыўныя казкі (для назапашвання станоўчага вобразнага вопыту, зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, стварэння ў душы лепшых мадэлей узаемаадносін, развіцця асобаснага рэсурсу; у іх няма канфліктаў і злых герояў).
Усе казкі з’яўляюцца развіццёвымі, паколькі фарміруюць пэўныя якасці асобы. Напрыклад, авантурная казка пра тое, як Братка Ліс ніяк не мог дагнаць і з’есці Братку Труса. Тады ён вырашыў схітраваць, сказаўшы, што хоча жыць з Браткам Трусам у міры і згодзе. Але Братка Трус не даў сябе падмануць. Гэтая казка не толькі пра хітрасць, але і пра кемлівасць. Развіццю эмацыянальнай сферы спрыяе казка “Калабок”, да якой Святлана Рэзнік распрацавала 7 карэкцыйна-развіццёвых заняткаў з дзецьмі. У пачатку казкі мы адчуваем сум, але бабуля з дзядулем увасабляюць радасць, дарога — здзіўленне, Заяц — страх, баязлівасць, Воўк — гнеў, злосць, агрэсію, Мядзведзь — самазадаволенне, уладу, Ліса — ліслівасць, хітрасць, цікаўнасць.
“У 2015 годзе я скончыла аўтарскія курсы па казкатэрапіі Надзеі Аляксандраўны Саковіч — старшага выкладчыка кафедры псіхалогіі РІВШ, сэндплей-тэрапеўта, арт-тэрапеўта, казкатэрапеўта і практычнага псіхолага, — расказала Святлана Валяр’янаўна. — Гэтыя курсы не толькі навучылі мяне розным спосабам і метадам работы з казкай, але і моцна паўплывалі на мяне асабіста. Калі падчас групавых заняткаў мы складалі і аналізавалі казкі, адбываліся маё глыбіннае ўсведамленне самой сябе, карэкцыя ўнутраных крызісаў і паводзінскіх якасцей. Я зразумела і тое, што ў кожнага чалавека суб’ектыўны погляд на казку, кожны аналізуе яе скрозь прызму свайго светапогляду. Калі я, напрыклад, хрысціянін, веруючы чалавек, то казку буду аналізаваць з таго пункту гледжання, ці развівае яна духоўна-маральныя якасці, ці адлюстроўвае хрысціянскія каштоўнасці. І, напрыклад, у чароўнай казцы пра Ямелю на печы найперш адзначу, што галоўны герой незласлівы, просты, сціплы. А ў казцы “Лёгкі хлеб” звярну ўвагу на такую якасць, як працавітасць. Нашы продкі ў казках шмат гаварылі пра хрысціянскія каштоўнасці, не заўсёды называючы іх так: аб паслухмянстве і дабрыні, любові і пакоры, цярплівасці і лагоднасці, праўдзівасці і міласэрнасці, суперажыванні і супрацоўніцтве, уменні выходзіць з канфліктных сітуацый і перамозе дабра над злом. Бываюць казкі, дзе няма відавочнай перамогі дабра над злом і шчаслівага канца, як у нанайскай казцы “Айога” аб гультаяватай, скупой, злой і зайздроснай дзяўчынцы, якая была грубай са сваёй мамай, не хацела ёй дапамагаць і ў выніку ператварылася ў гусяня. У казцы гаворыцца пра пакаранне, каб чытачы разумелі, што вынікі дрэнных паводзін бываюць сумныя. Таксама ёсць вельмі натуралістычныя і нават жорсткія казкі, напрыклад, у Шарля Перо або Братоў Грым. Узгадайце “Воўка і семярых казлянят”, “Чырвоную Шапачку” ці “Спадарыню Мяцеліцу”. Як псіхолаг магу сказаць, што такія казкі цікавыя дзецям, бо дапамагаюць перажываць і пераадольваць моцныя пачуцці (страх, агрэсію, адчай і г.д.). У той жа час дзіця праз такую казку бачыць дрэнны вынік, да якога прыводзяць агрэсія, злосць, нянавісць”.
Работа з казкай дае зваротную сувязь, паказвае, як ацэньваюць паводзіны галоўнага героя тыя, хто побач, і што яны пры гэтым адчуваюць. Разам з педагогам дзеці павінны шукаць адказы на пытанні: пра што гэтая казка? Чаму яна вучыць? Чаму герой робіць менавіта так? Чаго ён хацеў на самай справе? Як герой вырашае праблему, які спосаб паводзін або рашэння выбірае? Якія эмоцыі прыносяць паводзіны героя тым, хто побач? Якія эмоцыі выклікае кожны з эпізодаў і чаму? Хто ж такі па сутнасці галоўны герой?
“Для мяне работа з казкай кожны год раскрываецца новымі гранямі і ракурсамі, — адзначае Святлана Валяр’янаўна. — Вучу магчымасцям казкатэрапіі педагогаў. Распрацавала 6 семінараў-практыкумаў па казках, разлічаных на паўтары гадзіны кожны. Часам для сваіх выступленняў раблю кампіляцыю матэрыялаў з некалькіх семінараў. Першымі маімі слухачамі былі калегі з нашай установы. Таксама дзялілася вопытам і напрацоўкамі на ўзроўні горада, вобласці і краіны. Сёлета правяла майстар-клас па казкатэрапіі на базе дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага для дзіцячых бібліятэкараў, якія працуюць у сельскай мясцовасці. Маімі слухачамі былі таксама педагогі нядзельнай школы пры храме.
Падчас семінараў “Падарожжа ў казачны свет” і “Даследаванне казак” звяртаюся да слухачоў: “Кожны чалавек, часта не ўсведамляючы таго, жыве ў сваёй казачнай прасторы, якую атрымаў у далёкім дзяцінстве. Мы ўсе з’яўляемся яго героямі. Часам гэта вельмі для нас стваральна, часам — драматычна, а часам — трагічна. На семінары кожны з вас пазнаёміць нас з казачнай прасторай, у якой ён, магчыма, таго не ўсведамляючы, жыве. Мы паспрабуем прааналізаваць праграмныя і любімыя вамі казкі па тыпах і функцыях, якія яны могуць выконваць для вас і вашых дзяцей”. У далейшым педагог прапануе калегам даследаваць іх любімыя казкі з выкарыстаннем псіхадраматычнай гульні. Казка — гэта заўсёды нешта чароўнае. Чараўніцтва валодае асаблівым станоўчым эфектам. Чараўнік — той, у каго ёсць незвычайныя стваральныя здольнасці: мастацтва фарміравання асаблівага стану душы, праяўлення стваральнай творчай сілы, трансфармацыі, ператварэння, змены і г.д. Удзельнікі семінара-практыкуму “Чароўныя прадметы ў казках” вучацца развіваць у сабе сімвалічнае мысленне, разглядаюць спосабы пазбаўлення ад вядзьмарства ў чароўных казках, вывучаюць магчымасці і рэсурснае значэнне чароўных прадметаў на занятках з дзецьмі і ва ўласным жыцці і г.д. Існуючыя ў казках віды вядзьмарства: сон, ператварэнне ў жывёлу і інш. — можна спраектаваць на рэальныя жыццёвыя сітуацыі і праблемы чалавека. Казкі прапануюць спосабы пазбаўлення ад вядзьмарства, напрыклад: чароўнае зелле, жывую ваду, замову, якія таксама можна ператварыць у рэальныя псіхалагічныя практыкі (тэхналогіі) па пошуку вырашэння праблем. Напрыклад, слёзы (жывая вада, ачышчэнне, пазбаўленне ад цялесных заціскаў). Або замовы — у псіхалагічных тэхналогіях гэта работа з метафарамі, прыёмы пераканання, афірмацыі, аўтагенныя трэніроўкі, асабістая мантра (у будызме), малітва (праваслаўная псіхалогія), пацешкі, калыханкі і г.д. Адпраўляючыся ў падарожжа па казачных сюжэтах на семінары “Распрацоўка заняткаў з казкамі”, педагог ставіць мэту навучыць калег розным метадам распрацоўкі заняткаў з казкамі, узбагаціць іх педагагічнымі сакрэтамі выкарыстання казак, напісаць метафарычную казку пра жыццё, распрацаваць заняткі-прыгоды і карэкцыйна-развіццёвыя казкатэрапеўтычныя заняткі. На семінары-практыкуме “Складанне казак” Святлана Валяр’янаўна навучыць метадам і прыёмам складання развіццёвых, псіхакарэкцыйных, медытатыўных і псіхатэрапеўтычных казак.
Святлана Рэзнік займаецца з дзецьмі ў рамках дадатковай адукацыйнай паслугі “Урокі дабра”. Ва ўстанове з 2013 года дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Калектыў дзіцячага сада пачынаў працаваць у гэтым кірунку ў 2007 годзе з укаранення адпаведных праграм і інавацыйных праектаў. Педагогаў, якія заняты ў рабоце рэсурснага цэнтра, запрашаюць дзяліцца вопытам на курсы ў Гродзенскі абласны ІРА, а таксама ва ўстановы адукацыі вобласці.
На ўроках дабра Святлана Валяр’янаўна расказвае малышам пра Святое Пісанне, абмяркоўвае з імі біблейскія гісторыі пра жыціе Багародзіцы, Ісуса Хрыста, бітву Давіда і Галіяфа, пра Ноеў каўчэг. Праводзіць дыдактычныя і рухавыя гульні, фізкультхвілінкі і псіхагімнастыку. Выкарыстоўвае вучэбны наглядны дапаможнік — фланелеграф казак і біблейскіх гісторый (дошку, абцягнутую фланеллю, на якую мацуюцца выразаныя фігуркі), а таксама макет каласка, які дапамагла зрабіць выхавальніца Алена Іванаўна Дабрыянец, дзе кожнае зерне — пэўная дабрадзейнасць, напрыклад, пакора. На прыкладзе прытчаў з жыцця Ісуса Хрыста Святлана Валяр’янаўна расказвае выхаванцам пра дабрадзейнасць, дзе яна прадстаўлена ў Святым Пісанні. Дамашні ўклад праваслаўнай сям’і можна разгледзець з выкарыстаннем макета дома. Яго падмурак з камянёў — гэта вера, надзея, любоў. Праца змацоўвае цэментам камяні. Сцены — гэта межы паміж знешнім і ўнутраным, фасад дома — тое, што сям’я дазваляе бачыць іншым, за фасадам дома — унутраны свет сям’і.
“Мы разважаем з выхаванцамі аб тым, чаму вучыць тая ці іншая казка, які герой ім больш за ўсё спадабаўся і чаму, на каго б яны хацелі быць падобнымі, — гаворыць педагог. — Знаёмлю дзяцей з асновамі праваслаўнай культуры з пункту гледжання культуралагічнага аспекту, абрадавых форм не праводзім. Ставім спектаклі ў нашым ценявым тэатры, а таксама батлеечныя пастаноўкі. Музычны кіраўнік Наталля Фёдараўна Валуевіч з’яўляецца рэжысёрам і пастаноўшчыкам, а выхавальніца Святлана Іванаўна Васілеўская — аўтар сцэнарыяў. Батлеечных лялек вырабляе выхавальніца Тамара Васільеўна Якаўчык”.
“Разам з калегай з дзіцячага сада Вольгай Аляксандраўнай Чайкоўскай і са старшакласнікамі-валанцёрамі з сярэдняй школы № 6 Гродна мы ездзім у сацыяльны прытулак вёскі Лойкі, дзе праводзім арт-тэрапеўтычныя трэнінгі з дзецьмі, — расказвае Святлана Рэзнік. — У дзяцей, якія знаходзяцца там, абвостраны пачуцці, шмат страхаў: альбо іх вернуць у сям’ю, калі бацькі выправяцца, альбо адправяць у дзіцячы дом. Улічваючы псіхалагічны стан і патрэбы гэтых дзяцей, стараемся дапамагчы ім перажыць гэтыя моманты пры дапамозе метадаў арт-тэрапіі, знайсці ўпэўненасць у сабе, зразумець сваю ідэнтычнасць. Напрыклад, робім з імі маскі. Я задаю дзецям любое пытанне, напрыклад: “Што ў вас ёсць добрага?” Яны па чарзе адказваюць. Потым расказваю, што ў італьянскай Венецыі праходзяць цікавыя фестывалі і карнавалы, дзе людзі надзяваюць маскі, паказваю ім відэаролік з такога фестывалю і прапаную самім зрабіць маскі з тых нарыхтовак, што мы прыносім (кардон, паеткі, пластылін, клеявыя пісталеты, пацеркі, тасёмкі і інш.). На працягу 40 мінут кожнае дзіця з нашай дапамогай робіць маску і прэзентуе яе. Часта іх маскі з адмоўнай ідэнтычнасцю, бо яны думаюць пра сябе дрэнна. Напрыклад, дзіця гаворыць: “Я пажар, я ўсё спальваю”. Але я гавару яму: “Каля цябе можна пагрэцца, з тваёй дапамогай можна згатаваць ежу”. Такім чынам, мы пашыраем яго разуменне самога сябе і тое, у якіх сітуацыях яму можна сябе праявіць (не толькі ў адмоўных). Ці, напрыклад, хлопчык або дзяўчынка гаворыць: “Я мячык, мяне ўсе штурхаюць”. І зноў мы з калегай выцягваем падапечнага з гэтага стану: “Дзякуючы табе адбываецца цікавая гульня, ты дапамагаеш выйграць спаборніцтвы камандзе”.
Калі ў дзіцяці шмат агрэсіі, прапаную зрабіць барэльеф пачуццяў. Пазначаем колерамі пачуцці, напрыклад: страх будзе чорным, злосць — чырвоная і г.д. Дзеці бяруць пластылін адпаведнага колеру і размазваюць па кардоне, як бы перажываючы пэўнае пачуццё, а потым на гэтым фоне робяць прыгожую карціну пры дапамозе паетак, пацерак, каб суцэльны чорны фон зрабіць больш пазітыўным. Так мы дапамагаем дзецям пражыць свае эмоцыі. Можам зрабіць рыцарскія мячы з газеты, каб яны пагулялі і такім чынам праявілі сябе.
Падчас такіх заняткаў мы, дарослыя, дапамагаем не толькі дзецям, але і самім сабе, таму ўнутранаму дзіцяці, якое ёсць у кожным з нас і якое таксама мае патрэбу ў чараўніцтве”.
Надзея ЦЕРАХАВА.