Звыш 360 юных талентаў — такая колькасць адораных навучэнцаў з усёй краіны сабралася на мінулым тыдні ў Магілёве. Нагодай стаў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды. У горадзе на Дняпры ён праходзіў адразу па трох вучэбных прадметах: матэматыцы, фізіцы і астраноміі.
Своеасаблівай праверкай ведання дакладных навук для ўдзельнікаў алімпіяд сталі разнастайныя заданні, якія падрыхтавала для іх кампетэнтнае журы. Як высветлілася, заданні былі не з лёгкіх, але юныя інтэлектуалы з імі справіліся і прадэманстравалі добрыя вынікі.
Як паведаміў старшыня журы Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізіка”, загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт А.І.Слабадзянюк, нейкіх прынцыповых новаўвядзенняў у заданнях сёлета не было. Яны былі традыцыйнымі. У аснове — курс школьнай праграмы.
— Тэарэтычны тур складаўся з трох заданняў, у кожным з якіх было па сем-восем пунктаў, звязаных паміж сабой. Важна, што кожная задача мела прывязку да рэальнага жыцця. Цікавай была тэарэтычная задача ў адзінаццацікласнікаў. Яна была пабудавана на адной з работ Эйнштэйна, якая тычыцца намагнічвання і механічных уласцівасцей. Рашыць яе было няпроста, бо сам Эйнштэйн прызнаваўся, што дапусціў памылку ў гэтай рабоце. Але ўдзельнікі справіліся, — заўважыў А.І. Слабадзянюк.
У эксперыментальным туры ўдзельнікаў чакалі больш творчыя заданні. Аўтарам большасці з іх выступіў непасрэдна старшыня журы.
— У дзевяцікласнікаў адметнай была аптычная задача. Мы прыдумалі сітуацыю, калі пры вядомай формуле лінзы яна не вельмі добра працавала. Трэба было праз эксперымент выпрацаваць новую тэорыю. Дастаткова складаная задача была прапанавана для рашэння дзесяцікласнікам. Ім трэба было эксперыментальным шляхам высветліць, якім чынам цяпло паступае ад аднаго цела да іншага. Ёсць розніца тэмператур, ёсць паток цяпла, і неабходна было даведацца, што будзе ў тым выпадку, калі ўлічваць выпарэнне? Для гэтага ўдзельнікі вымяралі, якая доля цяпла пераносіцца выпарэннем і кандэнсацыяй. У прыродзе гэта неверагодна важны механізм. Ён мае вялікую ролю ў такіх з’явах, як стварэнне навальнічных аблокаў, фарміраванне цыклонаў і тайфунаў, перанос цяпла з экватарыяльных абласцей ва ўмераныя шыроты. Нестандартныя заданні былі прадугледжаны і для адзінаццацікласнікаў. Напрыклад, у адной з задач ім трэба было распрацаваць методыку вымярэння вельмі малога часу, даведацца, колькі доўжыцца кантакт пры сутыкненні металічнага шарыка і цыліндра. Гаворка ішла літаральна пра адну дзесяцітысячную секунды. Для 11-х класаў была прапанавана таксама цікавая аптычная задача. Дзеці рыхтавалі раствор гліцэрыну ў вадзе, а пасля ім трэба было вымераць залежнасць каэфіцыента праламлення ад канцэнтрацыі. Гэтая задача па сваёй сутнасці пабудавана на тэорыі ўзнікнення вясёлкі. Усе алімпіядныя заданні былі нялёгкімі, але ўдзельнікам было цікава іх рашаць, — падкрэсліў Анатоль Іванавіч.
— Мы старанна рыхтаваліся да алімпіяды. Наш настаўнік фізікі Алена Паўлаўна Знахарэнка, трэнеры — выкладчык ГДУ імя Ф.Скарыны Валерый Мікалаевіч Капшай і аспірант гэтай УВА Антон Ігаравіч Талкачоў — цудоўныя педагогі высокай кваліфікацыі. У цэлым заданні нам не здаліся складанымі. Дзесьці яны былі аб’ёмнымі і трэба было мабілізавацца, каб паспець усё рашыць. Але, дзякуючы карпатлівай падрыхтоўцы, нам удалося з усім справіцца, — падзяліліся навучэнцы гімназіі № 14 Гомеля Леанід Кузьмянкоў, Алег Лашкевіч, Аляксандр Агееў, Уладзіслаў Андрэйкавец.
Рознабаковыя заданні чакалі і ўдзельнікаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Астраномія”. У тэарэтычным туры навучэнцы рашалі задачы па вельмі шырокім коле ведаў. Гэта былі заданні, звязаныя з рознымі раздзеламі астраноміі і астрафізікі.
— Спектр заданняў быў вельмі шырокім. На тэорыі былі задачы, прысвечаныя сонечнаму зацьменню, транзіту планет па дыску сонца, чарнацельнаму выпраменьванню зорак, руху касмічных апаратаў. Усяго ў тэарэтычным туры было прадстаўлена пяць структураваных задач, якія мелі некалькі падпунктаў і ацэньваліся рознай колькасцю балаў. Характэрна, што ў гэтым годзе не было традыцыйных задач па нябеснай сферы, — паведаміў старшыня журы, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Г.Ю.Цюмянкоў.
Паводле яго слоў, практычны тур таксама ўтрымліваў пяць задач. Традыцыйным было заданне з нямой картай нябеснай сферы. Яшчэ ў ходзе практычнага тура ўдзельнікі рашалі задачы на распазнаванне і характарыстыку рознага тыпу нябесных аб’ектаў, пачынаючы ад галактык і заканчваючы метэорнымі кратэрамі.
— Цікавай была задача аб эліптычных галактыках. Яна вельмі спецыялізаваная. Пры рашэнні неабходна было прааналізаваць свяцільнасць галактык з улікам дысперсіі хуткасцей зорак, якія ўваходзяць у гэтыя сістэмы. Сёлета было і новаўвядзенне — задача, звязаная з прымяненнем ведання міжнароднай мовы астраноміі і лацінскай тэрміналогіі некаторых астранамічных аспектаў. Нават для рашэння больш простых заданняў ад удзельнікаў патрабаваліся шырокія веды, а каб рашыць больш складаныя задачы, неабходна было яшчэ і добра разбірацца ў фізіцы, матэматыцы. Нейкіх неверагодных вынікаў удзельнікі алімпіяды не паказалі, але сярэдні бал выступленняў дастаткова высокі, — расказаў Генадзь Юр’евіч.
— Нашай камандзе спадабалася, што задачы былі рознага ўзроўню складанасці. У асноўным яны былі накіраваны на дэманстрацыю канкрэтных ведаў, але заставалася месца і для праяўлення творчай думкі, астранамічнай эрудыцыі. Для ўдзельнікаў заданні былі па сілах, бо яны доўга і плённа рыхтаваліся да ўдзелу ў алімпіядзе. Мне як педагогу асабліва прыемна было назіраць за поспехамі навучэнцаў, радавацца разам з імі, калі пацвярджалася, што рашэнне задачы ў іх было правільным. Выніковаму выступленню, на маю думку, спрыяў і высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды. Была створана сямейная, цёплая атмасфера. Важна і тое, што падчас тураў усе дзеці былі ў роўных умовах, і ўдзельнікі нашай каманды разлічваюць, што змаглі добра праявіць сябе, — падзялілася ўражаннямі кіраўнік каманды Мінскай вобласці па вучэбным прадмеце “Астраномія” настаўнік фізікі і астраноміі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя І.Г.Герасімчык.
Прадэманстраваць сябе змаглі і ўдзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Матэматыка”. Між тым заданні, якія ім былі прапанаваны, мелі пэўную складанасць.
— Сёлета мы традыцыйна прапанавалі ўдзельнікам алгебраічныя і геаметрычныя задачы, задачы па тэорыі лікаў і камбінаторыцы. Былі і даволі складаныя заданні. Напрыклад, стэрэаметрычная задача для адзінаццацікласнікаў. Характэрнай асаблівасцю ўсіх заданняў была іх творчая накіраванасць. Калі падрабязней, то, каб знайсці правільны адказ, патрэбен быў не столькі важкі багаж ведаў, колькі веданне розных метадаў і прыёмаў рашэння, — адзначыў старшыня журы старшы навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі НАН Беларусі М.В.Карпук. — У цэлым з заданнямі ўдзельнікі справіліся нядрэнна. А асобныя з іх змаглі набраць даволі высокія балы, — дадаў Міхаіл Васільевіч.
Годна выступіць здолеў вучань сярэдняй школы № 37 Мінска Мацвей Зорка. Юнак удзельнічае ў алімпіядным руху з 5 класа. На яго погляд, у гэтым годзе заданні былі крыху іншага фармату, чым звычайна.
— Мы спрабавалі шукаць складаныя рашэнні, хоць на самай справе ўсё рашалася больш простымі метадамі. Калі зразумеў гэта, атрымалася нядрэнна справіцца з прапанаванымі задачамі, хоць адразу яны здаліся складанымі і нават непад’ёмнымі. Змог набраць 41 бал з 60 магчымых. Для мяне гэта добры вынік, — расказаў Мацвей.
Высокія дасягненні і трывалыя веды ўдзельнікаў былі адзначаны на цырымоніях узнагароджання, падчас якіх дыпломы розных ступеняў, пахвальныя водзывы, а таксама спецыяльныя прызы былі ўручаны больш як ста хлопцам і дзяўчатам.
Бліскучыя веды па матэматыцы прадэманстравалі навучэнцы гімназіі № 2 Віцебска Іван Коршунаў, Уладзіслаў Шымко, Уладзіслаў Максіменкаў і Андрэй Шадрын, вучні гімназіі № 8 Віцебска Аляксандр Самахвалаў і Даніла Окунеў, навучэнцы Ліцэя БДУ Арцём Мялік, Аляксей Варанко, Дзмітрый Гаравой, Антон Клімза, Леанід Дарашко і Марына Горбач, вучаніца сярэдняй школы № 21 Оршы Ксенія Шэстакова, навучэнец сярэдняй школы № 13 Гомеля Максім Давідзенка, вучань гімназіі № 51 Гомеля Павел Цітоў, навучэнец сярэдняй школы № 37 Мінска Мацвей Зорка, вучань гімназіі № 146 Мінска Мікіта Шутро, навучэнка гімназіі № 3 Гродна Міланна Пагасян. Яны ўдастоены дыпломаў І ступені.
Пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені па астраноміі сталі вучань Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Яўген Антончанка, навучэнец ліцэя БДУ Арцемій Сыракваш, вучань ліцэя № 1 Гродна Арсеній Камароў, навучэнец сярэдняй школы № 30 Мінска Аляксандр Атрэшчанкаў. А ў веданні фізікі не было роўных вучням гімназіі № 14 Гомеля Леаніду Кузьмянкову, Аляксандру Агееву, Алегу Лашкевічу, Платону Віннічэк і Ільі Філатаву, навучэнцу гімназіі № 1 Слоніма Мікіту Ціханчуку, вучню гімназіі № 7 Віцебска Максіму Барыніну, навучэнцам ліцэя БДУ Платону Кастрыцкаму, Цімуру Галубовічу і Міхаілу Хартону, вучню гімназіі № 1 Барысава Дзянісу Дзядкову, навучэнцу гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра Мікіту Цыбліенку, вучню гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Аляксандру Сіманковічу.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.