Візуальныя вобразы на ўроках геаграфіі

- 10:40Людзі адукацыі

Геаграфія — вельмі цікавы, але інфармацыйна насычаны школьны прадмет. Для яго паспяховага засваення неабходна запамінаць шмат тэрмінаў, лічбаў, геаграфічных назваў і іншай вучэбнай інфармацыі. Думаю, кожны настаўнік геаграфіі сутыкаецца з праблемай запамінання вучнямі патрэбнага матэрыялу. І кожны задаваў сабе пытанне: як дапамагчы ім, як зрабіць так, каб запаміналася лёгка і нязмушана? Адказ на гэтае пытанне ёсць у настаўніка геаграфіі Маларыцкай раённай гімназіі Вадзіма Шпетнага. Сёння ў нашым інтэрв’ю ён прапануе прыёмы візуалізацыі інфармацыі, якія спрыяюць больш хуткаму запамінанню.

— Вадзім Паўлавіч, геаграфія — не проста цікавы, а вельмі патрэбны ў штодзённым жыцці прадмет. Але ж сваёй інфармацыйнай насычанасцю ён часам адштурхоўвае вучняў. Я сама, калі вучылася ў школе, мучылася з запамінаннем усіх гэтых паясоў, мерыдыян, мацерыкоў і краін.

— Улічваючы невялікую колькасць га­дзін на вывучэнне прадмета “Геаграфія”, навучэнцам даволі складана запомніць вялікі аб’ём разнапланавай вучэбнай інфармацыі, асабліва лічбавай. У сувязі з гэтым настаўніку неабходна выкарыстоўваць у працэсе навучання спецыяльныя прыёмы, якія аблягчаюць успрыманне інфармацыі і спрыяюць павышэнню якасці ведаў навучэнцаў.

З пункту гледжання амерыканскага псіхолага Д.Фіцпатрыка, факты складаюць базу, на якой будуюцца веды. Менавіта фактамі апелюе вучань, робячы высновы, устанаўліваючы ўзаемасувязі паміж аб’ектамі (з’явамі). Факты — гэта не меркаванні, а дакладная інфармацыя, якая патрабуе абсалютна дакладнага запамінання і прайгравання. Часта гэтая інфармацыя не выклікае ва ўяўленні зрокавых вобразаў, што робіць яе запамінанне даволі праблематычным (прозвішчы, імёны, даты, лічбы, паняцці і г.д.). А гэта і ёсць вучэбная інфармацыя.

Механічнае зазубрыванне наўрад ці спрыяе павышэнню цікавасці навучэнцаў да прадмета. Для любога настаўніка, неабыякавага да сваёй справы, вельмі важна, каб яго вучні любілі і ведалі прадмет. Кожны з нас імкнецца знайсці такія педагагічныя прыёмы, якія дапамогуць складаны і аб’ёмны фактычны матэрыял ператварыць у даступны і лёгка запамінальны. Пры гэтым важна не толькі прапанаваць навучэнцам гатовы прадукт для засваення, але і навучыць прыёмам самастойнага канструявання візуальных вобразаў, якія дазваляюць вызначаць сувязі і адносіны паміж аб’ектамі, якія вывучаюцца.

— Тады хачу задаць заканамернае пытанне: як жа запомніць усю гэтую геаграфічную тэрміналогію? З чаго пачынаць?

— Ведаць геаграфію — гэта значыць умець карыстацца мовай гэтай навукі. Мова геаграфіі ўяўляе сабой няпростую сістэму, якая складаецца з наступных частак: паняцці і тэрміны; факты, лічбы, даты; геаграфічная карта, геаграфічныя назвы (наменклатура); геаграфічныя ўяўленні (вобразы).

У геаграфіі шмат знакавай інфармацыі — інфармацыі, пры ўспрыманні якой ва ўяўленні не ўзнікаюць зрокавыя вобразы (даты, вышыні, глыбіні, плошчы, формулы, пастаянныя велічыні, імёны, тэрміны, факты і г.д.). Для запамінання такой інфармацыі патрабуецца актыўная разумовая дзейнасць з боку вучня, а задача настаўніка — навучыць прыёмам эфектыўнага запамінання дакладнай інфармацыі, яе пераўтварэння і прадстаўлення (запісы) у зручнай і зразумелай форме.

Асаблівасцю дакладнай інфармацыі з’яўляецца і тое, што яе, у адрозненне ад тэксту, нельга пераказаць прыблізна. Уявіце, што вы прыблізна ўспомнілі тэлефонны нумар або код банкаўскай карткі. Ці прыблізна ўспомнілі матэматычную формулу, прозвішча і адрас. Недакладная інфармацыя скажае даныя.

Калі б мозг чалавека ўмеў запамінац­ь такую інфармацыю, то школьнікі і студэн­ты не пісалі б шпаргалак. Калі б вы маг­лі запамінац­ь тэлефонныя нумары, то ў вас бы не было тэлефоннай запісной кніжкі. Наяўнасц­ь запісной кніжкі — неабвержны доказ таго, што вы не можаце трымаць у памяці вялікія аб’ёмы дакладнай (лічбавай) інфармацыі. Хто-небудзь патрабаваў ад вас завучвання на памяць табліцы Мендзялеева або даведніка па фізіцы? Або ўсіх храналагічных табліц па курсе гісторыі? Калі на экзаменах у студэн­таў і школьнікаў правяраць наяўнасц­ь у памяці дакладнай інфармацыі, то ёсць шанс сапсаваць статыстыку паспяховасці.

Таму я вызначаю для кожнага тэматычнага раздзела праграмы неабходны для запамінання мінімум дакладнай інфармацыі. Гэта тое, што вучні павінны запомніць і ведаць. І потым мы адпрацоўваем гэтую інфармацыю, у тым ліку прымяняючы для запамінання розныя метады і прыёмы візуалізацыі.

— У чым асаблівасць дакладнай (знакавай) інфармацыі?

— Давайце разгледзім крайні выпадак дакладнай інфармацыі — выпадковую паслядоўнасць лічбаў.

314884851017991802076

Мы ведаем, што мозг запамінае толькі сувязі. Усё астатняе генерыруецца па зафіксаваных сувязях. Але сувязі могуць быць утвораны або паміж зрокавымі вобразамі, або паміж сігналамі розных аналізатарных сістэм (вобраз + слова + пах + смак).

Пры ўспрыманні лічбавага шэрага ніякіх вобразаў у вашым уяўленні не ўзнікае. Такім чынам, мозг не можа ўтварыць сувязі. Такая інфармацыя прынцыпова не запамінальная.

Вадзім Паўлавіч Шпетнынастаўнік геаграфіі, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2001”, выдатнік адукацыі.

Педагагічную дзейнасць пачынаў у роднай Ланской сярэдняй школе: спачатку настаўнікам геаграфіі, потым сацыяльным педагогам і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Завочна вучыўся ў аспірантуры БДПУ імя Максіма Танка.

Аўтар дапаможніка “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія”, напісанага ў суаўтарстве з Яўгенам Мяшэчкам, кандыдатам геаграфічных навук, прафесарам кафедры геаграфіі Беларусі БрДУ імя А.С.Пушкіна. Член клуба “Крыштальны журавель”. 

На працягу 2009—2018 гадоў працаваў намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнага комплексу, інфармацыйнай работы і сувязях з грамадскасцю. Тройчы выбіраўся дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў ад Маларыцкай выбарчай акругі. Цяпер працуе ў Маларыцкай раённай гімназіі.

— І што рабіць? Як запамінаць?

— Гэтую праблему дапамагае вырашаць візуалізацыя. Калі звярнуцца да значэння гэтага тэрміна, то візуалізацыя — гэта метад прадстаўлення абстрактнай (дакладнай) інфармацыі ў форме, зручнай для зрокавага ўспрымання і аналізу з’явы або лікавага значэння.

Візуалізацыя (ад лац. visualis “зрокавы”) — агульная назва прыёмаў прадстаўлення лічбавай інфармацыі або фізічнай з’явы ў выглядзе, зручным для зрокавага назірання і аналізу.

Вынік візуалізацыі — зрокава ўспрынятая канструкцыя, якая імітуе сутнасць аб’екта пазнання і дазваляе эфектыўна запамінаць неабходную інфармацыю пра яго. Нябачнае (незразумелае) ператвараецца ў бачнае, у тым ліку разумовы (унутраны) вобраз.

Папулярнымі спосабамі візуалізацыі інфармацыі з’яўляюцца:

  • таймлайн (ад англ. timeline — “лінія часу”);
  • інтэлект-карта (ментальная карта, дыяграма сувязей, карта думак, асацыятыўная карта, mind map);
  • скрайбінг (scribe з англійскай — “накідваць эскізы або малюнкі”);
  • інфаграфіка — графічны спосаб падачы інфармацыі, даных і ведаў, мэта якога — хутка і дакладна падаць складаную інфармацыю;
  • воблака слоў — прадстаўленне спіса катэгорый (або тэгаў, пазнак, цэтлікаў,ключавых слоў і г.д.).

Сродкамі візуальнага прадстаўлення інфармацыі, паводле М.А.Рэзніка (расійскі навуковец), з’яўляюцца чарцёж, формульны спосаб, сімвалічна-наглядныя сродкі. Да гэтых асноўных сродкаў варта дабавіць асацыятыўныя апорныя сігналы, вынайдзеныя В.Ф.Шаталавым, у якіх за адным словам, знакам, лічбай ва ўяўленні вучняў разгортваюцца цэлыя карціны вобразаў.

Аблягчаюць запамінанне і мнеманічныя прыёмы (павялічваюць аб’ём памяці за кошт утварэння штучных асацыяцый (сувязей).

— Вадзім Паўлавіч, як гэтыя прыёмы, сродкі і спосабы працуюць на ўроках геаграфіі?

— У цяперашні час мяне асабліва цікавяц­ь пытанні распрацоўкі прыёмаў запамінання дакладнай інфармацыі вучнямі 5—6 класаў. Напрыклад, у гэтых класах я выкарыстоўваю мнематэхнічныя прыёмы слоўнай візуалізацыі, стварэнне вобраза “лічбы” з дапамогай слоў і слоўных канструкцый.

Праблема запамінання лічбавай інфармацыі вучнямі малодшых класаў заключаецца ў тым, што ў іх свядомасці яшчэ не сфарміравана дастатковая асацыятыўная база, з дапамогай якой можна эфектыўна запамінац­ь інфармацыю.

Вернемся да нашай паслядоўнасці лічбаў. Калі прыгледзецца, то яны не такія ўжо выпадковыя. Калі раскласці іх на сэнсавыя элементы, то запомніць іх не складана: лічба “ПІ” (3,14), вышыня гары Эверэст (8848 м), плошча паверхні Зямлі (510 млн км2), год нараджэння А.С.Пушкіна (1799), напрамак на поўдзень (азімут 1800), плошча Беларусі (207,6 тыс. км2). Цяпер мы запамінае­м не лічбы, а візуальныя вобразы, за якімі стаяц­ь лічбы! Але яшчэ раз паўтару: у вучняў, якія толькі пачынаюць вывучаць геаграфію, такіх вобразаў, з якімі звязаны лічбы, яшчэ не многа (хіба толькі дата нараджэння, нумар дома і інш.), таму над гэтай праблемай трэба сумесна працаваць і настаўніку, і вучню.

Напрыклад, у 5 класе я прапаную вучням наступную мнемаапору для запамінання першаснай інфармацыі пра нашу планету: “Трэцяя ад Сонца, чатыры — даўжыня, пяць — гэта плошча, а шэсць — глыбіня!” Лічбы з’яўляюцца апорай для запамінання наступных параметраў Зямлі: 3 — Зямля трэцяя ад Сонца планета, 4 — даўжыня Зямлі па акружнасці (экватара) 40 000 км (“чатыры нулі”), 5 — плошча зямлі 510 млн км2, 6 — сярэдні радыус Зямлі (глыбіня) — 6371 км.

Для таго каб запомніць плошчу Зямлі, прапаную прыгадаць, чым наша планета адрозніваецца ад іншых. Тут ёсць жыццё! Запісваем: “Земля заселённая”. Цяпер лічым літары ў словах, у першым — 5, у другім — 10, атрымалася 510. Або такі варыянт: “ЗЯМЛЯ = 6 + 4” (Зямля складаецца з 6 мацерыкоў і 4 акіянаў), таксама атрымліваем лічбу 510.

Для таго каб запомніць сярэдні радыу­с Зямлі, прапаную такую фразу: “Радиус мал”, — сказала я”. Лічым літары ў словах і атрымліваем 6371!

Пры выкарыстанні гэтага прыёму важна, каб фраза мела сэнсавую сувязь з аб’ектам вывучэння, несла інфармацыю аб ім. Напрыклад, для запамінання плошчы Ціхага акіяна прапаную наступную фразу: “О Великий Магеллан!” (178 млн  км2). У гэтай фразе ёсць і прозвішча падарожніка, які першым пераплыў гэты акіян, і яго іншая назва “вялікі”. А сама фраза мае эмацыянальную афарбоўку. Плошчу Паўночнага Ледавітага акіяна можна запомніць з дапамогай фразы “О льды!” (14 млн км2).

Вось яшчэ прыклад, як з дапамогай літар зашыфраваць прасторавую інфармацыю. Еўразія дзеліцца на 2 часткі свету: Еўропа і Азія. Для хуткасці запісу ў далейшым прапаную вучням назву Еўразія замяніць на скарочаны варыянт — “ЕА” (дзве літары сімвалізуюць дзве часткі свету, іх памер паказвае на велічыню гэтых частак — Азія большая, чым Еўропа, размяшчэнне літар паказвае на тое, што Еўропа — на захадзе, Азія — на ўсхо­дзе). Таксама прапануецца варыянт скарочанага запісу назваў іншых мацерыкоў. Так, дарэчы, акрамя прыёмаў запамінання, адпрацоўваюцца навыкі згортвання інфармацыі з выкарыстаннем агульнапрынятых сімвалаў і прыдумвання сваіх.

Прапанаваны варыянт замяшчэння назвы Еўразія літарным сімвалам з’яўляецца яшчэ адным прыкладам візуалізацыі і паказвае, як з дапамогай дзвюх літар можна зашыфраваць некаторы аб’ём інфармацыі.

Нават фізкультхвілінку можна пера­тварыц­ь у візуальную інтэрактыўную форму прадстаўлення інфармацыі. Вывучаючы мацерыкі, часткі свету, астравы і паўастравы, прапаную навучэнцам выйсці да дошкі і ўтварыць шэсц­ь мацерыкоў. У залежнасці ад колькасці вучняў у класе загадзя прадумваю, як падзяліць вучняў, зыходзячы з прапорцый плошчы мацерыкоў. Бліжэй да дошкі — поўнач, справа — усход, злева — захад. З дапамогай геа­графічнай карты звяртаю ўвагу на цесную сувязь Еўразіі і Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі і Паўночнай Амерыкі. Яны злучаюцца перашыйкамі — вузкімі ўчасткамі сушы. Еўразія і Афрыка — Суэцкім каналам, Паўднёвая і Паўночная Амерыка — Панамскім. Зараз там знаходзяцца каналы — Суэцкі і Панамскі.

Прашу ўзяцца двух вучняў з названых мацерыкоў за рукі. Гэтая сувязь мацерыкоў нават адлюстравана ў гістарычных назвах гэтых тэрыторый: Еўразія і Афрыка — Стары Свет, Амерыка — Новы Свет. Якія мацерыкі найбольш аддаленыя? (Аўстралія, Антарктыда.) Прашу аднаго вучня адысці ад групы “Паўночная Амерыка”, “Афрыка”, дваіх — ад Еўразіі, тым самым утвараючы астравы — Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар. Разбіраемся, што такое востраў, знаходзім пералічаныя астравы на карце. Затым мадэлюем паняцце “паўвостраў” і вызначаем яго прыметы і адрозненне ад вострава.

— Дзякуй за цікавыя прыклады.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.