Аднадушна высокая ацэнка

- 10:00World Skills

У Слуцкім дзяржаўным каледжы прайшоў Рэспубліканскі навукова-практычны семінар па тэме фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў для сферы HoReCa (гэты тэрмін пазначае сферу паслуг і грамадскага харчавання). Разам з абмеркаваннем канцэптуальных падыходаў у развіцці гэтай галіны вялася гутарка аб значэнні рэсурсных цэнтраў ва ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі будучых кадраў, аб ролі руху WorldSkills Belarus у павышэнні якасці навучання па кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва” і “Рэстаранны сэрвіс”.

У семінары прынялі ўдзел начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Н.М.Шаўчэнка-Саўлакова, прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, галоўны эксперт WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” В.У.Мацыкава, намеснік загадчыка кафедры таваразнаўства і арганізацыі гандлю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій галоўны эксперт WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” Т.М.Рыбакова, кіраўнікі і педагогі аднапрофільных устаноў прафесійнай адукацыі.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікала наведванне рэсурснага цэнтра вытворчага навучання па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”, створанага ў Слуцкім дзяржаўным каледжы. Па сутнасці, наяўнасць гэтага сучаснага падраздзялення ў навучальнай установе прадвызначыла месца правядзення такога маштабнага мерапраемства. Слуцкі дзяржаўны каледж — установа, якая ідзе ў нагу з пераўтварэннямі, інавацыямі, імкнецца быць на перадавых пазіцыях у прафесійнай адукацыі, пра што сведчыць высокая запатрабаванасць выпускнікоў установы з боку прадпрыемстваў і арганізацый перапрацоўчай прамысловасці і грамадскага харчавання. Стварэнне сучаснага мадэрнізаванага рэсурснага цэнтра стала яшчэ адным крокам у працэсе ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.

Грамадскае харчаванне — свое­асаблівы від дзейнасці, прак­тычныя навыкі якога фарміруюцца і замацоўваюцца з першага дня навучання. Сёння гэтая галіна характарызуецца неверагоднай шматграннай рэцэптурай, разнастайнасцю  страў, выкарыстаннем сучаснага, высокатэхналагічнага абсталявання з прымяненнем ІКТ. Інавацыі прыйшлі і ў сферу рэстараннага сэрвісу, дзе канкурыра­ваць на рынку сферы паслуг можна толькі за кошт выдатнага абслугоўвання наведвальнікаў, ведання міжнародных стандартаў абслугоўвання, навыкаў псіхалогіі, этыкі і эстэтыкі. Сёння гэта цэлая навука, якую трэба безагаворачна засвойваць, каб быць лідарам у галіне і мець попыт сярод спажыўцоў. У праекце Канцэпцыі развіцця сіс­тэ­мы адукацыі да 2030 года адной з пазіцый значыцца развіццё рэсурсных цэнтраў у сістэме прафесійнай адукацыі, якія павінны адыгры­ваць важную ролю ў павышэнні якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Таму стварэнне сучаснага рэсурснага цэнтра ў Слуцкім дзяржаўным каледжы з’яўляецца прыкладам аператыўнага рэагавання на патрэбы падрыхтоўкі кадраў сённяшняга дня і на перспектыву. Разам з лабараторыяй “Справа густу” было адкрыта новае памяшканне рэсурснага цэнтра, аснашчэнне якога вялося хуткімі тэмпамі.

Дырэктар каледжа Б.Б.Блахін расказаў, што першае пад­раздзяленне рэсурснага цэнтра працуе ў каледжы больш за дзесяць гадоў. З цягам часу і ў сувязі з новымі патрабаваннямі да арганізацыі грамадскага харчавання, з улікам змяненняў і інавацыйных падыходаў у тэхналогіі гатавання, пашырэння асартыменту вырабаў і  разнастайнасці рэцэптуры спатрэбіліся новыя плошчы, дзе можна было б адточваць прафесійныя навыкі навучэнцаў. Дзякуючы зацікаўленасці органаў кіравання адукацыяй вобласці, непасрэдна кіраўніцтва каледжа, цяпер рэсурсны цэнтр аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. У новай лабараторыі маецца высокатэхналагічнае абсталяванне. Пералічым толькі некаторыя прыстасаванні: печ паскоранага гатавання, міксеры Robot Coupe, кухонныя машыны Kenwood c функцыяй гатавання на пары, мясарубка прамысловая Fimar, узбівальная машына Rosso, печ мікрахвалевая прафесіянальная, цестараскатачная машына, кутар з падагрэвам Robot Coupe, гомагенізатар PacoJet, апарат шокавай замарозкі, мультыборд, халадзільнікі розных відаў і многія іншыя прыстасаванні, пра якія нашы гаспадыні нават і не чулі.

У новай лабараторыі рэсурснага цэнтра вытворчага навучання арганізавана 16 індывідуальных рабочых месцаў, якія маюць  усе неабходныя камунікацыі, халоднае і гарачае водазабеспячэнне. На кожным такім месцы ўсталяваны індукцыйныя пліты, а міні-параканвектаматы — на два рабочыя месцы. Мэтанакіраванае і эфектыўнае выкарыстанне базы рэсурснага цэнтра дазваляе падтрымліваць і развіваць педагагічнае майстэрства майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў самога каледжа і іншых навучальных устаноў. Падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі тут можа заняцца і дарослае насельніцтва. Акрамя таго, у рэсурсным цэнтры атрымаюць паўнавартасную падрыхтоўку на звышсучасным абсталяванні работнікі прадпрыемстваў і арганізацый грамадскага харчавання краіны, у тым ліку праз вучэбныя курсы, лекторыі, семінары, практыкумы, трэнінгі і іншыя заняткі. Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце каледжа В.М.Радзюк паведаміла, што ў  цэнтры праходзяць лабараторна-практычныя заняткі для навучэнцаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі па вучэбных дысцыплінах “Тэхналогія гатавання ежы”, “Тэхналогія гатавання страў дзіцячага і лячэбна-прафілактычнага харчавання”, а таксама праводзіцца вучэбная практыка “Кулінарная апрацоўка харчовай сыравіны”. Цэнтр таксама стаў месцам правядзення выпускных кваліфікацыйных і дзяржаўных экзаменаў.

Рэсурсны цэнтр каледжа з задавальненнем наведва­юць школьнікі, якія праходзяць там дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку, што дапамагае падлеткам сарыентавацца ў выбары прафесіі, сфарміраваць першасныя працоўныя ўменні і навыкі. У наступным годзе ў каледжы будзе арганізавана дапрафесійная  падрыхтоўка па прафесіі кухар для юных случчан і падрыхтоўка школьнікаў па прадмеце “Працоўнае навучанне” па прафесіі кухар.

У рамках прафарыентацыйнай работы праводзяцца прэзентацыі рэсурснага цэнтра з мэтай павышэння іміджу адпаведных прафесій, у тым ліку дні адкрытых дзвярэй. Адным з напрамкаў работы рэсурснага цэнтра з’яўляецца правядзенне тэматычных семінараў, майстар-класаў, кулінарных нарад, семінараў-практыкумаў.

Значны ўхіл у дзейнасці рэсурснага цэнтра зроблены на правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва. Перш за ўсё маецца на ўвазе правядзенне этапаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus па кампетэнцыях грамадскага харчавання. Таму асноўны блок пытанняў на семінары быў пры­свечаны менавіта гэтай тэме. Прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, эксперты спаборніцтваў WorldSkills Belarus па кампетэнцыях “Рэстаранны сэрвіс” і “Кулінарнае мастацтва” Т.М.Рыбакова і В.У.Мацыкава прадставілі прысутным вынікі выступленняў канкурсантаў на мінулых рэспубліканскіх чэмпіянатах, на іншых міжнародных конкурсах і адзначылі рост прафесійнага майстэрства канкурсантаў, вызначылі асаблівасці і перспектывы прафесійнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў на найбліжэйшы час. Адбылася прадметная размова і абмен думкамі па пытаннях пашырэння напрамкаў падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы грамадскага харчавання, непасрэдна рэстараннага сэрвісу і кулінарнага мастацтва, неабходнасці абнаўлення адукацыйных праграм і вучэбна-метадычнай літаратуры.

Т.М.Рыбакова засяродзіла ўвагу на развіцці ў свеце рэстараннага сэрвісу, які сёння набывае новыя рысы, што патрабуе ўдасканалення навучання па гэтай кампетэнцыі. Таццяна Міхайлаўна нагадала пра выступленні канкурсантаў на мінулым Рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus, дзе навучэнцы ўдзельнічалі ў наступных модулях: рэстаран, кафэ, банкет, бар. Па кожным модулі канкурсант павінен быў прадэманстраваць уменні планаваць і арганізоўваць рабочы працэс і рабочае месца, забяспечваць абслугоўванне наведвальнікаў для розных стыляў, гатаваць шырокі асартымент страў, распрацоўваць рэцэптуры і гатаваць у прысутнасці гасцей аўтарскія вырабы. Па кожным модулі для ўдзельніка  конкурсу была прадугледжана спецыяльная форма, ён павінен быў валодаць ведамі, як сервіраваць стол, які посуд ужываць, як раскладваць абрус і сурвэткі, як выстаў­ляць заказаныя стравы і напоі.

В.У.Мацыкава зрабіла аналіз падрыхтоўкі канкурсантаў да рэспубліканскага спаборніцтва па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”, расказала, якім быў змест конкурсных заданняў, як былі абсталяваны пляцоўкі. Вольга Уладзіміраўна пацвердзіла значнасць і эфектыўнасць рэсурснага цэнтра Слуцкага дзяржаўнага каледжа, яго мэтанакіраванасць у прафесійнай падрыхтоўцы кадраў, у тым ліку да міжнародных спаборніцтваў, дзякуючы сканцэнтраванасці ў ім звышсучаснага, высокатэхналагічнага абсталявання, найноўшых тэхналогій і суправаджэнню адукацыйнага працэсу методыкамі, заснаванымі на сусветных стандартах. Такі цэнтр успрымаецца сёння як найноўшая міні-вытворчасць, прызначаная для падрыхтоўкі спецыялістаў самага высокага ўзроўню.

Вольга Уладзіміраўна яшчэ раз падкрэсліла значнасць міжнародных спаборніцтваў у развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі. У лік пераваг уваходзяць павышэнне статусу і якасці прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, удасканаленне сістэмы прафесійнай арыентацыі моладзі, павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, прыцягненне моладзі ў вытворчы сектар эканомікі, укараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічнага абсталявання. Ставіцца задача надалей укараняць у сістэму адукацыі нашай краіны перадавы міжнародны вопыт падрыхтоўкі кадраў, ствараць умовы для ўдасканалення зместу адукацыйных праграм на аснове міжнародных прафесійных стандартаў. Сёння важна павышаць матывацыю моладзі да бесперапыннага прафесійнага ўдасканалення і дасягнення прафесійнай кампетэнтнасці сусветнага ўзроўню, выяўляць таленавітую моладзь і ствараць умовы для развіцця яе творчых здольнасцей. Дасягненне гэтых мэт немагчыма  без павышэння прафесійнага ўзроўню і творчых здольнасцей педагагічных работнікаў, якія павінны абнаўляць свае веды, удасканальваць прафесійныя навыкі, укараняць новыя педагагічныя тэхналогіі, напаўняць новым зместам адукацыйныя праграмы і вучэбна-метадычную літаратуру. Педагогі павінны ўдзельнічаць у трэнінгах, конкурсах, выставах, майстар-класах, стажыроўках на прадпрыемствах і ў арганізацыях нашай і іншых краін.

Нашы навучэнцы дэманструюць прафесійныя навыкі на міжнароднай арэне, прымаюць удзел у лакальных спаборніцтвах, выязджаюць на конкурсы ў іншыя краіны, што, безумоўна, станоўча адбіваецца на ўзроўні іх прафесійнай падрыхтоўкі. Пасля рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства, які прайшоў у верасні мінулага года, падрыхтоўка ўдзельнікаў нацыянальнай каманды, якая паедзе ў кітайскі горад Шанхай, ідзе поўным ходам. Толькі за апошні час праведзены шэраг спаборніцтваў як рэгіянальнага, так і рэспубліканскага ўзроўню, у тым ліку конкурсы прафесійнага майстэрства па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”, “WorldSkills — музычны” сярод навучэнцаў па спецыяльнасці “Музычная адукацыя”, а таксама навучэнцы спаборнічалі па іншых кампетэнцыях. У гэты перыяд удзельнікі руху WorldSkills, эксперты і трэнеры сустракаліся на розных мерапрыемствах, прысвечаных падрыхтоўцы да наступнага міжнароднага чэмпіянату. Многія з іх былі арганізаваны ў рэжыме анлайн. Па некаторых кампетэнцыях прадстаўнікі нашай краіны прынялі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. Так, у кампетэнцыі “Вэб-тэхналогіі” нашы навучэнцы прынялі ўдзел у конкурсе вэб-распрацоўшчыкаў WorldSkills Asia. Канкурсанты і эксперты з Беларусі ўдзельнічалі таксама ў трэнінгу Skills Camp 2021 па кампетэнцыях “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Сеткавае і сістэм­нае адміністраванне”,“Тэхналогіі прамысловага дызайну”, “Распрацоўка мабільных дадаткаў”. Размеркаваны Еўразійскі чэмпіянат — 2021 адбудзецца ў летні  перыяд, і нашы канкурсанты будуць выступаць у 9 кампетэнцыях. Сёння ў кожнай навучальнай установе, выхаванцы якой увайшлі ў нацыянальную зборную, вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка.

Начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва РІПА Н.М.Шаўчэнка-Саўлакова паведаміла, што ўжо вызначаны тэрмін правядзення наступнага міжнароднага чэмпіянату. WorldSkills Shanghai — 2022 адбудзецца з 12 па 17 кастрычніка. У гэтым годзе пройдзе папярэдняя рэгістрацыя краін, кампетэнцый і экспертаў. Астатнія працэдуры запланаваны на наступны год.

У фае каледжа была разгорнута тэматычная выстава-прэзентацыя з рознакаляровымі стэндамі аб дасягненнях навучальнай установы, былі выстаўлены арыгінальныя вырабы навучэнцаў і педагогаў. У ходзе майстар-класаў прадэманстравалі выраб банкетных закусак, традыцыі і новыя тэхналогіі па прафесіях масла- і сыраробства. Былі выкарыстаны відэакантэнт, інтэрактыўныя метады на занятках прафесійнага кампанента па спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне”.

Было вырашана ў хуткім часе правесці ў Слуцкім дзяржаўным каледжы рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва”. Тым самым была дадзена аднадушна высокая ацэнка дзейнасці кіраўніцтва і педагагічнага калектыву гэтай установы.

Ала КЛЮЙКО.