Пашыранае пасяджэнне Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшло ў Гродне — маладзёжнай сталіцы краіны.
Рэктараў усіх устаноў вышэйшай адукацыі краіны і прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання — старшынь Каардынацыйных студэнцкіх саветаў, прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў прымаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
У рабоце Рэспубліканскага савета рэктараў прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, міністр адукацыі Ігар Карпенка.Тэмай абмеркавання ўдзельнікаў пасяджэння савета стала ўдасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнтамі ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
— Сёння неабходна ўдасканальваць формы і метады выхаваўчай работы, — падкрэсліў Ігар Луцкі. — Менш павінна быць бюракратычных рэчаў, больш — нефармальных зносін. Усе мы былі маладымі, студэнтамі, з задавальненнем ездзілі ў будаўнічыя атрады, прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах. Студэнцтва — гэта рухомае асяроддзе, таму трэба даваць магчымасць маладым людзям развівацца. Перш за ўсё, неабходна выхоўваць грамадзян сваёй краіны — людзей, якія адчуваюць адказнасць за краіну і бачаць яе месцам, дзе будуць гадаваць сваіх дзяцей, адчуваюць яе пунктам апоры і крыніцай жыццёвай сілы.
Ігар Карпенка адзначыў, што пасяджэнне савета рэктараў — гэта частка грамадскага абмеркавання канцэптуальных падыходаў у развіцці сістэмы адукацыі, якія плануецца вынесці на рэспубліканскі педагагічны савет у жніўні гэтага года.
— Сёння на абмеркаванне вынесена важнае пытанне: удасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнцкай моладдзю, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Гэтую частку дзейнасці мы разглядаем як фарміраванне не толькі прафесійных, але і асобасных кампетэнцый, развіццё светапоглядных якасцей. Зразумела, што такая работа — працяг вучэбнага працэсу. Да абмеркавання мы запрасілі нашу студэнцкую моладзь.
Кіраўнік ведамства таксама дадаў, што Міністэрства адукацыі, перш чым прыняць нейкія важныя для сістэмы адукацыі рашэнні, імкнецца абмяркоўваць іх у педагагічных, працоўных калектывах, з грамадскімі фарміраваннямі — Рэспубліканскім саветам рэктараў, студэнцкім саветам, саветам дырэктараў школ агульнай сярэдняй адукацыі, — тымі, хто непасрэдна ажыццяўляе адукацыйны працэс.
Адкрываючы пасяджэнне, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш адзначыў, што сустрэча прадугледжвае сур’ёзны аналіз тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў вышэйшай школе, і выпрацоўку адпаведных рашэнняў.
— Выхаванне патрыятызму — задача комплексная. Яна ўключае ў сябе сямейнае выхаванне, грамадскія адносіны, інтэграцыю прафесійнага светапогляду ў сістэму падрыхтоўкі, гуманітарны блок. Гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага. Акрамя таго, вельмі важны ўдзел студэнтаў ва ўдасканаленні зместу адукацыі. Амаль у кожнай УВА наладжана зваротная сувязь, калі студэнты маюць магчымасць выказаць меркаванне аб рабоце выкладчыцкага складу, змесце тых ці іншых дысцыплін, папрацаваць з заказчыкамі. Гэта вельмі сур’ёзны блок, які ляжыць перш за ўсё на органах студэнцкага самакіравання, — расказаў Вадзім Богуш.
Са змястоўным дакладам па акрэсленай тэме выступіў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук. Ён акрэсліў ключавыя напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай работы, вопыт і рэзервы, вектары абнаўлення гэтай дзейнасці ва ўніверсітэтах.
— Мы добра разумеем, што ідэалагічная і выхаваўчая работа са студэнцкай моладдзю — гэта дзейнасць па забеспячэнні ўстойлівага развіцця нашага грамадства, гэта наш сённяшні ўклад у будучыню краіны. І вельмі важна, што гэтае пытанне мы разглядаем на савеце рэктараў з удзелам прадстаўнікоў вядучых маладзёжных і студэнцкіх арганізацый краіны для таго, каб сумесна, пачуўшы адзін аднаго, вызначыць шляхі ўдасканалення сумеснай работы. У нашай краіне выхаванне моладзі не страціла сваёй актуальнасці і сацыякультурнай неабходнасці. Мы захавалі лепшыя традыцыі духоўна-маральнага станаўлення падрастаючага пакалення, пераемнасць пакаленняў, ладзім мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, калектыўныя творчыя справы. Пра гэта сведчаць прыярытэты, якія вызначаюць стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, — адзначыў Аляксандр Жук.
Які сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснага студэнта? З гэтага, на думку дакладчыка, і трэба пачынаць размову пра ўдасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Як паказала сацыялагічнае апытанне, у прыярытэце беларускага студэнцтва сям’я, работа, сябры, умацаванне свайго здароўя. Ад дарослага жыцця моладзь чакае не толькі матэрыяльнага дабрабыту, але і самарэалізацыі, таму імкнецца дасягнуць высокага прафесійнага і сацыяльнага статусу.
Прыярытэтамі ў рабоце з моладдзю застаюцца грамадзянскае, патрыятычнае, духоўна-маральнае, прафесійнае, прававое, эстэтычнае, сямейнае і гендарнае выхаванне, прафілактыка правапарушэнняў і прапаганда здаровага ладу жыцця. Эфектыўнымі формамі выхавання сталі рэалізацыя ў студэнцкім асяроддзі маштабных праектаў і акцый грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку брэндавых мерапрыемстваў універсітэтаў, развіццё маладзёжных грамадскіх арганізацый і студэнцкага самакіравання.
— Галоўнае сёння — зрабіць ідэалагічную і выхаваўчую работу адкрытай, забяспечыць узаемадзеянне ўсіх універсітэтаў, грамадскіх арганізацый і органаў самакіравання на прынцыпах пераемнасці, узаемасувязі, узгодненасці з выразна выбудаванымі сувязямі і абноўленай нарматыўна-прававой базай, — падагульніў Аляксандр Жук.
Пра новыя формы работы і распрацоўку стратэгіі на перспектыву, арганізацыю грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў расказаў другі сакратар ЦК ГА “БРСМ” Аляксандр Прохараў. Вопытам работы органаў студэнцкага самакіравання ГрДУ імя Янкі Купалы падзялілася старшыня савета студэнтка ўніверсітэта Вераніка Басінская. На канцэпцыі маладзёжнай палітыкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ролі пярвічных прафсаюзных арганізацый спыніўся старшыня маладзёжнага савета ФПБ Дзмітрый Гарбачоў.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка, падводзячы вынік, падкрэсліў: трэба задумацца над тым, што сёння неабходна яшчэ зрабіць, як больш якасна арганізаваць ідэалагічную і выхаваўчую работу сярод студэнцкай моладзі.
— Разумеючы, што задача УВА не толькі падрыхтаваць якасныя кадры, але і развіць маладых людзей сацыяльна, асобасна, неабходна звярнуць увагу на змест адукацыі і асабліва на вучэбны кампанент з пункта гледжання выхаваўчага ўздзеяння, любы прадмет павінен несці выхаваўчую нагрузку, — адзначыў міністр адукацыі. — Важная роля ў сістэме ўдасканалення зместу адукацыі і ў фарміраванні прафесійных і асобасных кампетэнцый і грамадзянскай пазіцыі будучага спецыяліста адводзіцца педагогу.
Абмеркаваўшы сістэму ідэалагічнай і выхаваўчай работы, якая на сённяшні дзень склалася ва ўніверсітэтах краіны, удзельнікі пасяджэння вызначылі далейшыя шляхі яе ўдасканалення.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.