Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне, прысвечанае падрыхтоўцы вадзіцеляў-міжнароднікаў і задачам на перспектыву па яе ўдасканаленні. У ім прынялі ўдзел кіраўніцтва Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў “БАМАП”, дэпутаты, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, навучальных устаноў.
Мікалай Іванавіч Баравой, старшыня Асацыяцыі “БАМАП”, адзначыў, што сумесная работа Міністэрства адукацыі, Асацыяцыі “БАМАП”, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і навучальных устаноў дазволіла вывесці падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў на новы ўзровень. З гэтай мэтай быў падпісаны План сумесных мерапрыемстваў па ўдасканаленні падрыхтоўкі вадзіцеляў для міжнародных перавозак на бліжэйшыя гады. А такія кадры вельмі патрэбны для айчыннай транспартнай галіны. Перспектыўная патрэбнасць у вадзіцелях-міжнародніках сёння складае ў сярэднім 500 чалавек у тых транспартных арганізацыях краіны, якія ўваходзяць у Асацыяцыю “БАМАП”. А гэта істотны недахоп кадраў, які мяркуецца вырашыць за кошт маладых вадзіцеляў. На гэта і скіравана дзейнасць Асацыяцыі “БАМАП”.
Мікалай Іванавіч нагадаў, што ўжо тры навучальныя гады ў прафесійных каледжах і ліцэях нашай краіны вядзецца падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў на бюджэтнай аснове. У 2011 годзе пачыналі навучанне ў 6 установах, на наступны год у 9, а з 2013 года ўжо ў 10 установах вядзецца такая падрыхтоўка. Адметна і тое, што ўсе гэтыя гады транспартныя арганізацыі, для якіх вядзецца падрыхтоўка кадраў, па меры магчымасці імкнуцца дапамагчы навучальным установам ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы і пастаўляюць ім як сучаснае абсталяванне, дэталі і вузлы, так і вучэбныя дапаможнікі, іншую метадычную літаратуру для выкарыстання ў вучэбным працэсе.
Цеснае ўзаемадзеянне наладжана з навучальнымі ўстановамі для правядзення стажыровак педагогаў. Як падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара Асацыяцыі “БАМАП” Г.Я.Бальцэвіч, на базе Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” педагогі навучальных устаноў штогод праходзяць стажыроўку, у праграме якой не толькі курсы па тэорыі міжнародных перавозак, але і знаёмства з работай мытных тэрміналаў у рэальных умовах. Напрыклад, для выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў аўтамабіля (міжнародныя перавозкі), Цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” былі праведзены практычныя заняткі на мытным тэрмінале “Калядзічы Аўта” па азнаямленні з тэхналагічным працэсам мытнага афармлення транспартных сродкаў і тавараў. (У бліжэйшы час плануецца правесці стажыроўку выкладчыкаў у пункце пропуску праз дзяржаўную мяжу.) Па выніках стажыроўкі сумесна з Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, звязаных з азнаямленнем і далейшым выкарыстаннем педагагічных методык падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў.
Па словах галоўнага спецыяліста Асацыяцыі “БАМАП” Т.А.Ястраб, сумесна з адукацыйнай галіной Асацыяцыя міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў рэгулярна праводзіць шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку выставы, конкурсы, канферэнцыі, семінары. Навучэнцы выпускных курсаў устаноў прафесійнай адукацыі неаднойчы ўдзельнічалі ў адборачным туры тэарэтычнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства вадзіцеляў магістральных аўтапаяздоў, дзе выступілі на высокім узроўні. Дзякуючы намаганням асацыяцыі і ўстаноў адукацыі спецыялізацыя “Вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)” з’яўляецца запатрабаванай патэнцыяльнымі абітурыентамі і прыцягвае ўвагу перспектыўнай моладзі да прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Для павышэння інтарэсу да гэтай прафесіі сярод моладзі быў створаны прафарыентацыйны відэаролік “Прафесія вадзіцель-міжнароднік”, які можа стаць своеасаблівай візітнай карткай аўтатранспартнай галіны і скіраваць маладзёжную аўдыторыю на выбар прафесіі вадзіцеля.
Для аказання дапамогі ў вырашэнні пытанняў падрыхтоўкі кадраў, ва ўдасканаленні навучання будучых вадзіцеляў створана камісія Асацыяцыі “БАМАП” па прафесiйным навучанні, якую ўзначальвае выканаўчы дырэктар транспартнай арганізацыі “Оствесттранскар” В.П.Ложачнік. Работа камісіі скіравана на павышэнне якасці навучання, укараненне новых методык, адзіных падыходаў ацэньвання, выкарыстанне вопыту міжнародных аўтамабільных перавозак.
Асацыяцыяй “БАМАП” праводзіцца работа з вучэбнымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць дадатковае навучанне на прафесійную кампетэнтнасць ужо прафесійных вадзіцеляў. На базе Цэнтра “БАМАП-ВЕДЫ” для такіх арганізацый нядаўна быў праведзены семінар, дзе асвятляліся агульныя патрабаванні да рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, пытанні па вядзенні вучэбна-праграмнай і ўлікова-справаздачнай дакументацыі, па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу, выкарыстанні сучасных форм і сродкаў навучання. Прадстаўнікі мытнага камітэта, якія прынялі ўдзел у гэтым семінары, расказалі аб зменах заканадаўства гэтага года ў галіне мытнага рэгулявання міжнародных аўтамабільных перавозак. Многія выкладчыкі вучэбных арганізацый прадаставілі свой вопыт работы па падрыхтоўцы міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання на занятках з дарослымі.
— Пакуль не ў поўнай меры вырашана пытанне з вучэбнай літаратурай па арганізацыі міжнародных аўтамабільных перавозак, — паведаміў дырэктар “БАМАП-ВЕДЫ” Г.Б.Дашкевіч. — Вучэбны дапаможнік, які існуе і да гэтага часу, быў выдадзены 20 гадоў назад. Усе гэтыя гады падручнікам карысталіся выкладчыкі ВНУ, іншых устаноў адукацыі. І толькі нядаўна быў выдадзены першы сярод краін СНД вучэбны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі “Міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў” (пад агульнай рэдакцыяй М.І.Баравога) для прафесійнай падрыхтоўкі вадзіцеляў-міжнароднікаў і для ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў. Аўтарамі гэтага вучэбнага дапаможніка з’яўляюцца А.У.Кузняцоў, кіраўнік групы прафесійнага навучання Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ”, і дырэктар гэтага цэнтра Г.Б.Дашкевіч.
Аляксандра Мікалаеўна Пятрова, начальнік упраўлення навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, паведаміла, што ў мінулым годзе Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь зацверджана вучэбна-праграмная дакументацыя для рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, кваліфікацыі “Вадзіцель аўтамабіля”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, спецыялізацыя “Вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)”.
Змест вучэбна-праграмнай дакументацыі абноўлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прад’яўленымі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.
— Неабходна адзначыць ролю Асацыяцыі “БАМАП” у распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі па гэтай спецыяльнасці, — заявіла Аляксандра Мікалаеўна. — Асацыяцыя з’яўляецца прыкладам работадаўцы, які зацікаўлены якасцю падрыхтоўкі патэнцыяльных кадраў. Укладваючы сёння свае матэрыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы ў падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў, кіраўніцтва асацыяцыі забяспечвае сабе стабільнасць кадравай палітыкі ў будучыні.
Пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў Асацыяцыі “БАМАП” Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі сумесна з установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” распрацаваны тыпавыя вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах “Эксплуатацыя транспартных сродкаў”, “Асновы мытнага заканадаўства”, “Арганізацыя міжнародных перавозак” і іншыя.
— Паколькі адным з кірункаў дзейнасці Асацыяцыі “БАМАП” з’яўляецца распрацоўка рэкамендацый па правілах, якія рэгулююць аўтамабільныя перавозкі, у тым ліку перавозкі грузаў і пасажыраў у міжнародных аўтамабільных зносінах, асацыяцыя аператыўна адсочвае змены ў гэтай сферы і ініцыіруе ўнясенне адпаведных карэктываў у змест адукацыйнага працэсу пры навучанні вадзіцеляў-міжнароднікаў, — адзначыла А.М.Пятрова.
Дэпутат А.І.Сягоднік лічыць супрацоўніцтва з “БАМАП” адным з прыкладаў эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж сферай прафесійнай адукацыі і работадаўцамі.
— Прыемна адзначыць, што ініцыятыва падвядзення вынікаў навучальнага года сярод прафтэхустаноў належыць і заказчыкам кадраў, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Хацелася б,каб такіх прыкладаў было намнога больш.
Дзякуючы намаганням асацыяцыі павышаецца матывацыя не толькі навучэнцаў, але і выкладчыкаў устаноў адукацыі, якія ўключаны ў працэс бесперапыннага супрацоўніцтва праз распрацоўку навукова-метадычнага забеспячэння, удзел у спецыялізаваных семінарах, выставах, конкурсах, майстар-класах, якія праводзяцца прадстаўнікамі транспартнай галіны. У працэсе ўзаемадзеяння павышаецца ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, расце імкненне да самаўдасканалення.
У гэтым годзе Асацыяцыя “БАМАП” упершыню праводзіла агляд-конкурс метадычных распрацовак выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку вадзіцеляў аўтамабіля (міжнародныя перавозкі), і педагагічных работнікаў вучэбных арганізацый, якія ажыццяўляюць дадатковае навучанне на прафесійную кампетэнтнасць міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
— Мэтай такіх аглядаў-конкурсаў з’яўляецца павышэнне метадычнага ўзроўню педагагічных работнікаў, выяўленне іх творчага патэнцыялу, выпрацоўка рэкамендацый па ўкараненні ў вучэбны працэс актуальных, практычна значных метадычных распрацовак выкладчыкаў, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку вадзіцеляў аўтамабіля (міжнародныя перавозкі), і педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць дадатковае навучанне на прафесійную кампетэнтнасць міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, стымуляванне іх асобаснага і кар’ернага росту, абагульненне і распаўсюджванне лепшага педагагічнага вопыту, — заявіла Т.А.Ястраб.
9 навучальных устаноў прафесійнай адукацыі і 9 вучэбных арганізацый, якія сталі ўдзельнікамі гэтага агляду-конкурсу, прадставілі 20 метадычных распрацовак.
Сярод выкладчыкаў устаноў прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку вадзіцеляў-міжнароднікаў і ўдзельнічалі ў конкурсе, пераможцам прызнаны выкладчык Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя М.В.Пішчэйка. 2 і 3 месцы прысуджаны выкладчыку Смалявіцкага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя М.Ц.Марковічу і выкладчыку Абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя (Дзяржынск) К.А.Княжэвіч.
Мікалая Цімафеевіча Марковіча добра ведаюць у Смалявічах. Прафесіянал самага высокага класа, Мікалай Цімафеевіч ужо 40 гадоў працуе ў Смалявіцкім аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі. Ён пачынаў майстрам вытворчага навучання, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі стаў працаваць старшым майстрам, а потым выкладчыкам спецдысцыплін. З нядаўняга часу Мікалай Цімафеевіч акрамя груп, дзе рыхтуюць па прафесіях трактарыстаў, слесараў, вадзіцеляў, ужо трэці год працуе ў групе, дзе вядзецца падрыхтоўка вадзіцеляў-міжнароднікаў, і імкнецца ўдасканаліць працэс навучання, прымяняючы новыя методыкі, большасць з якіх ён стварае сам.
Сярод іх метадычная распрацоўка па тэме № 11 “Бяспечнае размяшчэнне і мацаванне грузаў пры перавозцы аўтамабільным транспартам”, якая рэкамендавана выкладчыкам спецыяльных дысцыплін па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” па кваліфікацыі “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С” (міжнародныя перавозкі)”. Правядзенне ўрокаў па вучэбным прадмеце “Арганізацыя міжнародных перавозак грузаў” па тэме № 11 “Бяспечнае размяшчэнне і мацаванне грузаў пры перавозцы аўтамабільным транспартам” мае ўзаемасувязь з вучэбнымі прадметамі “Аснова кіравання транспартным сродкам і бяспека руху”, “Правілы дарожнага руху”, “Эксплуатацыя транспартных сродкаў” пры праходжанні тэм, звязаных з бяспекай працы вадзіцеляў.
— Разнастайныя формы контролю ведаў навучэнцаў на ўроку, прымяненне тэхнічных сродкаў навучання (мультымедыйнай устаноўкі, камп’ютара), стэнда “Сродкі мацавання грузаў”, самастойная праца спрыяюць актывізацыі разумовай дзейнасці навучэнцаў, вучаць прымяненню ведаў у незнаёмай сітуацыі, — адзначыў М.Ц.Марковіч. — У гэтай метадычнай распрацоўцы зроблена спроба адлюстраваць методыку правядзення камбінаванага ўрока, а таксама паказаць удасканаленне вучэбнага працэсу пры ўжыванні на ўроку тэхнічных сродкаў навучання і рэальных сродкаў мацавання грузаў. Неабходна адзначыць, што пастаянны контроль за засваеннем навучэнцамі ведаў спрыяе не толькі іх навучанню, але і развівае тэхнічнае мысленне, падахвочвае імкненне і настойлівасць у вывучэнні тэхнікі, павышае прафесійную кампетэнтнасць навучэнцаў, прывівае любоў да абранай прафесіі.
Сярод педагагічных работнікаў вучэбных арганізацый, якія ажыццяўляюць дадатковае навучанне па прафесійнай кампетэнтнасці міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў, пераможцам стала кандыдат педагагічных навук дацэнт Гродзенскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Ю.І.Куніцкая.
2 месца прысуджана кіраўніку групы прафесійнага навучання Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў “БАМАП-ВЕДЫ” А.У.Кузняцову. Выкладчык Рэспубліканскага цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў (Бабруйск) І.І.Аўсянік атрымаў 3 месца. Лепшыя метадычныя распрацоўкі будуць уключаны ў зборнік для распаўсюджвання педагагічнага вопыту і пры навучанні міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
Ала КЛЮЙКО.