“Формула поспеху”

- 9:40Адукацыйная прастора

Пад такой назвай у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі перад пачаткам новага навучальнага года працуе школа маладога педагога.

Яе слухачамі сталі як сёлетнія выпускнікі педагагічных факультэтаў устаноў вышэйшай адукацыі, так і маладыя настаўнікі са стажам работы да двух гадоў. У праграме школы прадугледжана правя­дзенне майстар-класаў, трэнінгаў, лекцый-дыялогаў, дзелавых гульняў, эўрыстычных гутарак, індывідуальных кансультацый супрацоўнікамі інстытута, у­дзельнікамі, лаўрэатамі і пераможцамі конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”, лепшымі педагогамі вобласці і краіны.

Першы дзень работы школы пачаўся з урачыстай лінейкі, на якой прысутнічалі як слухачы школы, так і іх педагогі. Маладыя людзі былі рады ўліцца ў калектыў сваіх аднагодкаў і таму, з якім цяплом і павагай іх сустракаюць у ГрАІРА. Шчырымі словамі давалі наказ юнакам і дзяўчатам педагогі інстытута.

— Установы вышэйшай адукацыі даюць маладым людзям добрую тэарэтычную падрыхтоўку, а мы дапамагаем ім прымяніць атрыманыя веды, — адзначыла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Калі мы апошні раз право­дзілі штогадовы зрэз, выразна абазначылася пяць блокаў пытанняў, што ўзнікаюць перад педагогамі, якія толькі прыйшлі на работу. І школа маладога педагога, якая ідзе на працягу ўсяго года, а летам на завяршальным этапе падводзіць вынікі работы, якраз і разлічана на дапамогу ў вырашэнні гэтых праблем.

Школа маладога педагога спрыяе прафесійнаму і творчаму росту настаўнікаў, распаўсюджванню інавацыйнага педагагічнага вопыту, павышэнню прэстыжу педагагічнай прафесіі, умацаванню прафесійных кантактаў.

— Стала ўжо добрай традыцыяй: сёмы раз у гэтым годзе мы збіраем на базе ГрАІРА маладых педагогаў і, перш чым за парты сядуць іх вучні, прапаноўваем пабыць у ролі навучэнцаў тым, хто год ці два назад яшчэ сам быў студэнтам, а сёння ўжо настаўнік, — расказала старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ірына Мякеня. — Мы пастараліся зрабіць так, каб адукацыйная праграма была насычаная, цікавая, змястоўная. Спадзяёмся, што ўсе тыя веды, якія яны атрымаюць у нас, змогуць прымяніць на практыцы ў сваіх установах адукацыі. Лепшымі становяцца, калі вучацца ў лепшых. Педагогі, якія ма­юць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, дасягнулі значных вынікаў у сваёй працы, супрацоўнікі інстытута гатовы дзяліцца сваімі сакрэтамі, навінкамі ў адукацыі. Заняткі ў школе праходзяць у інтэрактыўным рэжыме, няма акадэмічных лекцый, калі гэта лекцыя, то актыўны дыялог, візуалізацыя, а таксама майстар-класы, педагагічныя майстэрні, форумы. Мы за жывыя зносіны.

У ходзе работы школы ў­дзельнікі азнаёмяцца з сучаснымі падыходамі да праектавання і правядзення вучэбных заняткаў, новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, інавацыямі ў адукацыі, псіхолага-педагагічнымі аспектамі арганізацыі адукацыйнага працэсу. Таксама яны навучацца рацыянальна арганізоўваць свой час, удасканаляць свае камунікатыўныя ўменні.

Акрамя адукацыйнай праграмы, у другой палове дня для маладых педагогаў запланаваны культурныя мерапрыемствы, сярод якіх — работа ў творчых майстэрнях, экскурсіі, наведванне музеяў і выстаў, інтэлектуальныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.