“Сістэма адукацыі — аснова адзінства краіны”

- 10:20Якасць адукацыі

Пад такой назвай прайшла сёлетняя абласная жнівеньская канферэнцыя педагогаў Брэстчыны, удзельнікамі якой сталі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка і першы намеснік міністра адукацыі Беларусі І.А.Старавойтава.

На працягу тыдня ў рамках нарады працавалі 7 тэматычных секцый па актуальных напрамках адукацыйнай дзейнасці, у рабоце якіх удзельнічалі больш за 5 тысяч педагогаў. У цэнтры іх увагі былі пытанні, звязаныя з павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі, арганізацыяй экалагічнага выхавання дашкольнікаў, падтрымкай і распаўсюджваннем эфектыўнай адукацыйнай практыкі і інш. Пленарнаму пасяджэнню, якое праходзіла на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, папярэднічала выстава навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, а таксама дасягненняў прафесійнай адукацыі рэгіёна.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што прыярытэтнымі напрамкамі развіцця сістэмы адукацыі застаюцца якасць і даступ­насць, узаемадзеянне сям’і і школы, бяспека дзяцей і далейшае павышэнне эканамічнай эфектыўнасці галіны. Мінулы навучальны год, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, аказаўся выніковым для адукацыі вобласці. Актыўна будаваліся новыя аб’екты, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, ствараліся сучасныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Завяршылася праграма ўзвядзення дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Сёння ў 58 ДДСТ пражываюць 417 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Уведзена ў эксплуатацыю новая сярэдняя школа ў Баранавічах. Вядзецца будаўніцтва дзіцячага сада на 240 месцаў у Жабінцы і школ-садоў у Кобрыне і Століне на 471 месца кожная. Праектуюцца шматкватэрны жылы дом з убудавана-прыбудаваным дзіцячым садам на 75 месцаў у Іванаве і два дзіцячыя сады ў Брэсце на 350 месцаў кожны. Завяршаецца праграма па будаўніцтве спартыўных зал у сельскіх установах адукацыі.

— Вельмі важна захаваць і зберагчы новыя аб’екты, напоўніць іх цікавым жыццём і арганізаваць іх эфектыўнае выкарыстанне, — падкрэсліў Ю.М.Прасмыцкі.

Разам з удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў праводзіцца сур’ёзная работа па іх кадравым забеспячэнні і метадычным суправаджэнні педагогаў. На працягу апошніх гадоў дашкольныя ўстановы Брэстчыны пры­знаваліся аднымі з лепшых у краіне (яслі-сад № 10 Бярозы, Мотальскі яслі-сад Іванаўскага раёна і яслі-сад № 4 Івацэвіч). Упраўленні па адукацыі Пінскага і Баранавіцкага гарвыканкамаў станавіліся лепшымі ў краіне ў 2019 і 2020 гадах.

— Сфарміравана ўнікальная сістэма навучання асновам бяспечнай жыцця­дзейнасці і прафілактыкі супрацьпраўных паводзін дзяцей рознага ўзросту, — расказаў Ю.М.Прасмыцкі. — Дзякуючы намаганням абласнога ўпраўлення МНС, створаны цэнтры бяспекі ў Брэсце, Камянцы і Століне. Гэтыя сучасныя аб’екты не толькі крэатыўна даносяць карысную інфармацыю, але і даступна тлумачаць дзецям, як паводзіць сябе ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Не першы год на Брэстчыне рэалізуецца шэраг сумесных прафілактычных праектаў з абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (“Правільная пастава — умова здароўя!”, “Мой выбар — жыць з пазітывам”, “Школьнае харчаванне — здаровае і рацыянальнае”, “Ствараю. Адчуваю. Жыву”). Наладжана цеснае супрацоўніцтва з УУС і ДАІ, што дазваляе весці сістэмную работу па прафілактыцы дарожнага траўматызму і навучанні дзяцей правілам дарожнага руху.

Па словах Ю.М.Прасмыцкага, у новым навучальным годзе павышаная ўвага будзе ўдзяляцца экскурсійнаму забеспячэнню адукацыйнага працэсу. Для гэтага вельмі важна максімальна задзейнічаць турыстычны патэнцыял Брэстчыны, пашырыўшы экскурсійныя маршруты ва ўсіх раёнах. 

Вялікія надзеі ўскладаюцца на Рэспубліканскі патрыятычны цэнтр, які ствараецца на базе Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Ён будзе адыгрываць важную ролю ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. 

— Вынікі работы педагогаў пацвяр­джаюцца стабільнымі вучнёўскімі дасягненнямі на міжнародным узроўні, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Так, сёлета 9 школьнікаў вобласці заваявалі 12 медалёў на міжнародных алімпіядах і конкурсах. Гэта заслуга педагогаў ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна і гімназіі № 1 Брэста, Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, гімназіі Лунінца, ліцэя № 1 і гімназіі № 1 Баранавіч. Акрамя таго, павялічваецца колькасць дзяцей, якія атрымалі 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні.

На Брэстчыне планамерна мадэрнізуецца вучэбнае абсталяванне. Так, летась школы вобласці атрымалі 28 кабінетаў біялогіі і 178 інтэрактыўных сэнсарных панэлей. 

— Але важна не толькі мець сучаснае аснашчэнне, — заўважыў Ю.М.Прасмыцкі. — Неабходна напоўніць адпаведным зместам адукацыйны працэс. У вобласці дзейнічаюць творчыя групы з ліку настаўнікаў-метадыстаў і творчых педагогаў — аўтараў вучэбных дапаможнікаў, якія маюць вопыт стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў па 16 прадметах. 

Адукацыйныя магчымасці даступны ўсім дзецям. На Брэстчыне адкрыты першыя ДДСТ з універсальным безбар’ерным асяроддзем, рэалізуюцца праекты трансгранічнага супрацоўніцтва, якія дазволяць адкрыць у горадзе над Бугам цэнтр па рабоце з дзецьмі-аўтыстамі. Пабудавана шматгадовая сістэма міжнародных мерапрыемстваў, накіраваная на далучэнне асаблівых дзяцей да творчай дзейнасці.

Шмат робіцца ў галіне прафесійнай адукацыі. Фарміруецца цэласная і гнуткая сістэма падрыхтоўкі кадраў на базе 7 рэсурсных цэнтраў ПТНУ і ССНУ па 8 профілях. Мадэрнізуецца адукацыйная і вытворчая прастора.

Застаюцца актуальнымі пытанні арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі вучняў, якой ахоплены амаль 99% старшакласнікаў. Яны набываюць першасныя навыкі па 56 прафесіях у ПТНУ і ССНУ. Акрамя таго, у школах вобласці дзейнічаюць 58 класаў (груп) педагагічнага і 63 — аграрнага кірунку, а таксама шмат класаў спартыўна-педагагічнага і ваенна-патрыятычнага кірунку. 

Паміж установамі прафесійнай адукацыі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заключана каля 500 дагавораў. Гэта дазваляе своечасова рэагаваць на структурныя змены ў эканоміцы, забяспечыць падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў, запатрабаваных у рэгіёне, працаўладка­ваць усіх выпускнікоў.

— Адзін з найважнейшых кірункаў работы — выхаванне моладзі, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. — Фармалізм тут недапушчальны. Разам з традыцыйнымі метадамі выхаваўчай работы трэба актыўна выкарыстоўваць і новыя падыходы. Неабходна аб’яднаць розныя ініцыятывы ў цэласную сістэму, аб’яднаць намаганні ўсіх сацыяльных інстытутаў (школы, сям’і і грамадства) у пытаннях выхавання. Асаблівая ўвага — інфармацыйным рэсурсам і СМІ. Сацыяльныя сеткі могуць добра дапамагаць у выхаванні падлеткаў.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейка акцэнтаваў увагу на ідэалагічнай рабоце ў школах і яе недахопах, ролі асобы педагога ў выхаванні моладзі.

— Асноўныя прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі — яе даступнасць і якасць, — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь І.А.Старавойтава. — Галоўная задача школы — садзейнічаць развіццю асобаснага патэнцыялу дзяцей, фарміраваць адказных грамадзян-патрыётаў. У краіне прымаюцца меры, накіраваныя на павышэнне якасці адукацыі, абнаўляюцца падручнікі, вучэбныя праграмы і сродкі навучання. Але сёння неабходна найперш узмацняць выхаваўчы патэнцыял урока, каб папярэдзіць ­удзел дзяцей у супрацьпраўнай дзейнасці, і ўмацоў­ваць супрацоўніцтва з сям’ёй, на што накіраваны праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Трэба заўсёды памятаць: у выхаванні вельмі важны нефармальны падыход, які ўлічвае канкрэтныя ўмовы і індывідуальныя асаблівасці дзяцей. 

Па словах І.А.Старавойтавай, грама­дзянская пазіцыя педагога, яго ўдзел у палітычным жыцці краіны — гэта прыклад, на якім выхоўваюцца не толькі вучні, але і іх бацькі. Прэстыж школы і настаўніцкай прафесіі неабходна павышаць, у першую чаргу праз уласную павагу да яе і кампетэнтнасць кадраў. Да педагогаў сёння прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні. Так, распрацаваны праект прыкладных этычных правіл педработнікаў, якія павінны быць унутранай патрэбай кожнага, трывалымі каштоўнаснымі арыенцірамі. Педагогіка — гэта лад жыцця.

Застаюцца актуальнымі пытанні арганізацыі прафарыентацыйнай работы, у якой павінны актыўна ўдзельнічаць баць­кі, установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама буйныя прадпрыемствы з ліку заказчыкаў кадраў. Для гэтага варта выкарыстоўваць патэнцыял шостага школьнага дня.

— Толькі сумесная зладжаная работа дапаможа дасягнуць пастаўленых мэт, — падагульніла І.А.Старавойтава. 

Напрыканцы канферэнцыі лепшыя педагогі атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі”. Сярод узнагароджаных — дырэктар ­Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук (на здымку), намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 35 Брэста А.М.Лявыкіна, дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Брэста Т.А.Мосіна і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Брэста Л.А.Таркіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.