За сто мінут вакол свету

- 11:40Культура

У Белдзяржцырку стартавала новая праграма “100 мінут вакол свету”, якая запрашае прыхільнікаў цыркавога мастацтва ў захапляльнае падарожжа па розных краінах і кантынентах.

Кожны з 9 нумароў дазваляе акунуцца ў неверагодныя падзеі і пазнаёміцца з каларытнымі персанажамі: канадскімі пумамі, пустыннымі вярблюдамі, горнымі свавольніцамі ламамі, гарэзлівымі поні, прыгажунамі коньмі і віртуознымі гімнастамі ды акрабатамі, а яшчэ стаць удзельнікамі каўбойскага радэа, іспанскіх гульняў з плёткамі і пабываць у Вероне, дзе разгорнецца гісторыя Рамэа і Джульеты.

Для мастацкага кіраўніка Белдзяржцырка Вітаўтаса Грыгалюнаса новая праграма  юбілейная, трыццатая, “і яна такая ж непаўторная, як і ранейшыя”: “Кожны нумар і гэтага шоу ўнікальны. Тут і акрабаты, і гімнастка з непаўторнымі трукамі, і, канечне, нашы любімыя жывёлы. Сярод іх — канадскія пумы, якія даволі даўно не выступалі на нашым манежы. А паміж нумарамі традыцыйна выступае таленавіты клоўн, гэтым разам мы запрасілі Арцёма Велькіна, які задае патрэбны тон паказу. Увогуле лічу, што менавіта ад клоўна залежыць 50% поспеху праграмы”.

Дарэчы, канадскіх пум прывезлі заслужаныя артысты Расіі знакамітыя дрэсіроўшчыкі Уладзімір і Наталля Ісайчавы. Існуе меркаванне, што пумы — лянівыя, непаслухмяныя кошкі, якія не паддаюцца дрэсіроўцы. Аднак гадаванцы Уладзіміра і Наталлі даказваюць адваротнае, паказваючы сапраўдныя трукі, бо яны і пераскокваюць адна праз адну, і ходзяць на задніх лапах, і скачуць у кольцы. Выступаюць яны без клеткі і сеткі, а дрэ-сіроўшчыкі іх трымаюць на звычайных павадках. “Мы ўзялі іх зусім маленькімі сімпатычнымі кацянятамі з вялікімі вачамі, выгадавалі, выхавалі. Мы былі для іх як мама і тата, і сёння яны давяраюць нам, а мы — ім”, — расказала Наталля Ісайчава.

Па яе словах, зараз яны могуць нават паабдымацца са сваімі гадаванцамі: “Праўда, мяне больш любяць і ўспрымаюць хлопчыкі, а Валодзю — дзяўчынкі. Хоць палавыя адрозненні ўсё роўна адыгрываюць меншую ролю, чым індывідуальныя асаблівасці характару, таму да ўсіх жывёл патрэбны розны падыход, як і да людзей”. У той жа час дрэсіроўшчыкі рашуча выказаліся супраць моднага павеву — трымаць дома дзікіх жывёл: “Гаспадары вялікіх кошак моцна рызыкуюць, бо як бы там ні было, пума — гэта дзікі звер”, — дадаў Уладзімір Ісайчаў.

Асобнай увагі вартыя і іспанскія гульні з плёткамі — захапляльны і напружаны атракцыён пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Аркадзя Шацірава. Гледачы з заміраннем сэрца глядзяць на тое, як ён спрытна лязгае плёткамі, выбіваючы з рук партнёршы кветкі, пры гэтым не наносячы ёй ніякай шкоды. Каб гэта атрымлівалася, артысту прыходзіцца трэніравацца штодня. “Плётку я ўпершыню ўзяў у рукі ў шэсць гадоў у мамы дрэсі-роўшчыцы. І адразу зразумеў, што з гэтым прадметам трэба абыхо-дзіцца вельмі асцярожна”, — пажартаваў артыст.

Новая праграма не абыдзецца і без традыцыйных для беларускага цырка віртуозных выступленняў гімнастаў і акрабатаў, дзеля якіх многія і прыходзяць на пастаноўку. Гэтым разам здзіўляць гледачоў будзе паветраная гімнастка Ціна Мамонава ў вобразе індыйскай прынцэсы, выконваючы танец на валасах пад купалам цырка. Гэтую артыстку многія ведаюць па ўдзеле ў шоу “Мінута славы” ў 2017 годзе. Выступае яна без усялякай страхоўкі. Яе валасы звязвае вяроўка, якая злучаецца з карабінам, замацаваным на тросе. Менавіта ён і падымае танцорку ў паветра. Размаўляючы пасля паказу з журналістамі, артыстка прызналася, што пытанне, ці не балюча ёй лётаць на валасах, — самае папулярнае.

“Спачатку было вельмі балюча, але чым больш трэніруешся, тым лягчэй і лягчэй. Праўда, калі б я ўяўляла, з чым прыйдзецца сутыкнуцца, то адразу адмовілася б ад прапановы паспрабаваць такі жанр, — патлумачыла гімнастка. — З’явіўся гэты нумар у маім жыцці наступным чынам. Гадоў 10 назад, калі я працавала ў Англіі, дырэктар цырка Біліяна Кірылава сказала: “Якія ў цябе добрыя валасы, давай нумар зробім”. А я да гэтага нават не чула пра палёты на валасах. Мы доўга выбіралі канцэпцыю, але спыніліся на самай прыгожай — танцавальнай, тым больш у такім стылі не працуе ніхто. Я крыху пасумнявалася, але вырашыла паспрабаваць. Ды і характар у мяне такі: калі сказала “так”, значыць, назад ходу няма. Хоць я і сёння не разумею, як змагла ўсё гэта вытрываць”.

Акрамя таго, увесь вечар гледачоў чакаюць сюрпрызы-інтэрактывы — некаторыя з іх самі змогуць выступіць на арэне. Такім чынам, у праграме “100 мінут вакол свету” задзейнічаны артысты розных жанраў: акрабаты, гімнасты, дрэ-сіроўшчыкі, клоўны, цыркавы балет — мабыць, усе, на каго так любяць хадзіць гледачы. “Мы разлічваем, што, дзякуючы разнастайнасці нумароў, праграма бу-дзе карыстацца поспехам. Ва ўсякім выпадку на найбліжэйшыя паказы ў цырку чакаецца аншлаг”, — падкрэсліў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан. Застаецца да-даць, што “абляцець” свет за 100 мінут можна будзе да 5 снежня.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.