“Соты” аўтобус да 100-гадовага юбілею

- 10:00Якасць адукацыі

30 кастрычніка БДУ адзначыць юбілей. Адным з мерапрыемстваў, прымеркаваных да стагоддзя галоўнага ўніверсітэта краіны, стаў запуск у Мінску экскурсійнага аўтобуса № 100. На маршруце “ДС Славінскага — Стары аэрапорт” пасажырам раскажуць гісторыю ўстановы. 

“Юбілейны” аўтобус адрознівае ад іншых шыльда ў бела-­сініх колерах “100 гадоў Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту”. Пра тое, што пасажыраў чакае не проста паездка, а адукацыйная міні­-вандроўка, у першыя дні запуску ве­даюць не ўсе. Таму многія заняты сваімі справамі: нехта глядзіць у акно, хтосьці — у тэлефон. 

І вось дыктар расказвае пра важную для ўніверсітэта дату, тлумачыць, што аўтобус не зусім звычайны. Пасажыры пачынаюць услухоўвацца. 

Пачатковы пункт экскурсійнага маршруту, звязаны з Белдзяржуніверсі­тэтам, — Нацыянальная акадэмія навук. Першым кіраўніком гэтай установы быў прафесар БДУ Усевалад Ігнатоўскі. У акадэмічных структурах займалі розныя пасады многія ўніверсітэцкія выкладчыкі. 

— На працягу доўгага часу пасаду акадэміка­-сакратара Аддзялення грамадскіх навук АН БССР займаў прафесар БДУ Ула­дзімір Перцаў. Менавіта ён у 1945 годзе паставіў подпіс пад дакументам аб заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, — даносіцца з дынамікаў.

Недалёка ад галоўнага будынка Нацыянальнай акадэміі навук размяшчаецца комплекс першай гарадской клінічнай бальніцы. Яе гісторыя пачалася ў 1928 годзе: тады было прынята рашэнне аб будаўніцтве клінічнай базы медыцынскага факультэта БДУ.

Наступны прыпынак — “Плошча Якуба Коласа”. Мала хто ведае, што пісьменнік належыць да плеяды першых выкладчыкаў БДУ. З 1923 па 1926 год ён вёў курс па методыцы выкладання беларускай мовы на педагагічным факультэце ўніверсітэта. Часта класік выступаў са сваімі творамі перад моладдзю. 

Праязджаючы плошчу Перамогі, пасажыры даведваюцца пра змаганне супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ за свабоду сваёй Радзімы. 

— 1941 год, які быў для ўніверсі­тэта  юбілейным, стаў годам суровага выпрабавання. У першыя ж дні вайны 450 добраахвотнікаў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пайшлі на фронт, многія пазней сталі партызанамі і падпольшчыкамі. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з нямецка­фашысцкімі захопнікамі, 12 супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, — гаворыць дыктар. 

Па праспекце Незалежнасці, 26 знахо­дзіцца дом у псеўдарускім стылі, які яшчэ называюць “Юбілейным”. Менавіта сюды ў 1922 годзе пераехала бібліятэка БДУ, фонды якой на той час налічвалі больш за 100 тысяч тамоў. У 1924 годзе бібліятэка БДУ была ператворана ў Дзяржаўную бібліятэку БССР, якую сёння мы ведаем як Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Гісторыя Купалаўскага тэатра таксама звязана з БДУ: тут 11 ліпеня 1921 года было аб’яўлена пра адкрыццё ўніверсітэта. На вуліцы Кірава, што знаходзіцца непадалёк, у пачатковы перыяд дзейнасці БДУ размяшчаліся рэктарат і першыя факультэты — рабочы, медыцынскі і факультэт грамадскіх навук. Сёння ў доме № 1 БДУ знаходзіцца гістарычны факультэт. 

На плошчы Незалежнасці размяшчаецца ўніверсітэцкі гарадок, праект якога быў зацверджаны ў 1928 годзе. Увогуле закладка першай цэглы ў падмурак комплексу будынкаў БДУ адбылася ў лістападзе 1927 года. План архітэктараў Івана Запарожца і Георгія Лаўрова прадугледжваў будаўніцтва каля 20 аб’ектаў у стылі канструктывізму. Па розных прычынах праект не быў цалкам рэалізаваны, але ў 1930 годзе ўніверсітэт атрымаў 5 карпусоў, некаторыя з якіх захаваліся да нашых дзён.

Пасля выхаду з экскурсійнага аўтобуса нехта аналізуе новыя звесткі з гісторыі БДУ, нехта задумваецца, ці ёсць такія ж маршруты пра іншыя ўніверсітэты. А мы знаёмімся з хлопцам, які стаў голасам “юбілейнага” аўтобуса БДУ, магістрантам факультэта журналістыкі Максімам Цюцяньковым.  

— Людзі, якія вучыліся ў Белдзяржуніверсітэце, ведаюць, калі ён быў пабудаваны, калі пачаліся першыя заняткі, хто быў першым рэктарам, а тыя, хто не мае дачынення да БДУ, даведаюцца шмат новага і карыснага, — гаворыць Максім. — Мае сябры, якія жывуць у іншых гарадах, гавораць, што цяпер у іх з’явілася нагода прыехаць у Мінск і пакатацца на “сотцы”.

Дарэчы, экскурсійную праграму распрацавалі студэнты і супрацоўнікі гістарычнага факультэта БДУ. Юбілейны аўтобус № 100 бу­дзе курсіраваць каля 5 разоў на дзень да канца кастрычніка.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена прэс­службай БДУ.