І мы — грамадзяне Беларусі!

- 10:49Актуально, Апошнія запісы

У Дзень Канстытуцыі ў Рэспубліканскім доме моладзі свае першыя пашпарты атрымалі школьнікі з Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей. Афіцыйны дакумент у дарослае жыццё ім уручылі старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына і міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” праводзіцца ў нашай краіне з 2004 года. Свае пашпарты 14-гадовыя падлеткі ва ўрачыстай атмасферы атрымліваюць з рук кіраўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх дзеячаў і заслужаных людзей краіны. Такое права маюць юныя таленты: выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў і прадметных алімпіяд.

Лідзія Ярмошына выказала надзею, што акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” будзе развівацца і стане не толькі акцыяй БРСМ, але і атрымае агульнанароднае значэнне.

“Хочацца, каб маладыя разумелі важнасць сённяшняга дня, бо пашпарт ідэнтыфікуе іх з краінай, — дадала яна. — Пасведчанне аб нараджэнні выдаецца ўсім, хто нарадзіўся на гэтай тэрыторыі, а пашпарт — толькі грамадзянам. Яго ўручэнне азначае не толькі комплекс правоў, але і комплекс абавязкаў, сярод якіх — любоў да сваёй краіны, абавязак яе абараняць, удзельнічаць у дзяржаўных выдатках і сумленна працаваць”.

Ігар Карпенка, міністр адукацыі Беларусі, зазначыў: “Гэтая акцыя — не проста ўручэнне пашпартоў. Тут важна падкрэсліць пераемнасць пакаленняў. І вельмі сімвалічна, што сёння людзі старэйшага пакалення, якія ўжо маюць пашпарт грамадзяніна, уручаюць гэты дакумент маладому папаўненню — тым, каму нашу краіну развіваць, будаваць і ўмацоўваць у будучыні”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.