Ігар КАРПЕНКА: “Каб рухацца далей, неабходна каманда і разуменне”

- 10:49Актуально, Апошнія запісы

На мінулым тыдні Гомельскую вобласць наведаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка. “Пасля назначэння на гэтую адказную пасаду я ставіў перад сабой задачу наведаць усе рэгіёны, і Гомельшчына — чарговы пункт у гэтай праграме, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Для міністра вельмі важна бываць на месцах, на свае вочы бачыць праблемы і дасягненні, гутарыць з людзьмі, якія працуюць у падначаленай яму сферы”.

Цэнтр бяспекі як практычнае навучанне

Праграма візіту была даволі насычанай. Наведванне кожнай установы адукацыі прадугледжвала сустрэчы з педагагічнымі калектывамі. Кіраўнік ведамства прызываў педагогаў да адкрытага дыялогу.

Знаёмства Ігара Карпенкі з рэгіёнам пачалося са спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, дзе міністр азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, умовамі для навучання і выхавання курсантаў, пагутарыў з навучэнцамі і выкладчыкамі, адказаў на пытанні. Падчас экскурсіі Ігар Васільевіч таксама наведаў цэнтр бяспекі. Створаны пры ліцэі два гады назад, ён стаў выдатнай базай для педагогаў і дзяцей не толькі спецыялізаванага ліцэя, але і іншых устаноў адукацыі Гомельскай вобласці ў навучанні правілам бяспекі і паводзін у надзвычайных сітуацыях. Тут не абмяжоўваюцца тэорыяй, наадварот, асноўны ўпор робіцца на практычныя заняткі: навучэнцы засвойваюць навыкі карыстання вогнетушыцелем, вучацца аказваць першую дапамогу, выбірацца з задымленага памяшкання і гэтак далей. А атрыманыя веды можна потым праверыць на спецыяльных камп’ютарных праграмах.

Аналагаў такога цэнтра ў краіне няма. На думку міністра адукацыі, нядрэнна было б ствараць іх і ў іншых рэгіёнах краіны, бо гэта выдатная база, якая ў тым ліку можа даваць практычныя навыкі школьнікам па прадмеце “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”. Акрамя таго, неабходна разгледзець магчымасць частковага выкарыстання прадстаўленых у цэнтры праграм у звычайных школах.

— Патрэбна разгледзець два моманты, — адзначыў Ігар Карпенка. — Па-першае, вызначыць, які праграмны прадукт мы можам укараніць ва ўстановах адукацыі згодна з тымі камп’ютарнымі магчымасцямі, якія ёсць у іх сёння. Па-другое, высветліць, што мы можам арганізаваць у плане навучання педагогаў, якія займаюцца выкладаннем гэтага прадмета. Такія два складнікі дапамогуць нам масава відазмяніць сам працэс навучання.
У гэты дзень на базе ліцэя праходзіла ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае падвядзенню вынікаў Рэспубліканскага фестывалю па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Бяспечнае дзяцінства” сярод устаноў дашкольнай адукацыі, у якім міністр адукацыі таксама прыняў удзел і ўручыў узнагароды пераможцам конкурсу. Прыемна, што гран-пры атрымала дашкольная ўстанова Гомельскай вобласці — яслі-сад № 1 Ельска.

Інстытуты развіцця адукацыі — добрая падмога

Далейшы маршрут першага дня знаходжання міністра адукацыі на Гомельшчыне ляжаў у Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Ігар Васільевіч азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, створанымі ў ёй умовамі для павышэння кваліфікацыі педагогаў, а таксама наведаў абласны музей гісторыі адукацыі. Тут у трох залах сабраны матэрыялы, дакументы, розныя рэчы — сведкі развіцця на Гомельшчыне адукацыі і асветы ад часоў Румянцавых і Паскевічаў да дня сённяшняга.

Пасля міністр адукацыі сустрэўся з прафесарска-выкладчыцкім складам інстытута, дзе на працягу дзвюх гадзін абмяркоўваліся самыя розныя пытанні. Ігар Васільевіч адразу прапанаваў апусціць усялякія ўмоўнасці і быць у дыялогу.

— Я выдатна разумею, што аднаму міністру не пад сілу што-небудзь зрабіць, — звярнуўся Ігар Карпенка да калектыву інстытута. — Каб рухацца далей, неабходна каманда і разуменне, таму я запрашаю вас адкрыта абмяркоўваць усе хвалюючыя праблемы, уносіць свае прапановы.

І.В.Карпенка адразу падкрэсліў, што ён не прыхільнік ідэі спыніць існаванне абласных інстытутаў развіцця адукацыі.

— Мне зразумела месца такіх устаноў у сістэме адукацыі, — сказаў кіраўнік ведамства. — Я добра ведаю, якую частку работы бяруць на сябе інстытуты, і ўпэўнены, што яны павінны быць падмогай для ўпраўленняў адукацыі на месцах.

Карэкціроўкі ж форм і зместу працы, якія адбываюцца час ад часу, — звычайны працэс, і адносіцца да гэтага неабходна спакойна. Зараз Міністэрства адукацыі прапаноўвае ўнесці некаторыя змены ў існуючыя правілы пацвярджэння кваліфікацыі педагогаў, а таксама перагледзець змест работы ў кірунку перападрыхтоўкі кадраў. Ігар Карпенка лічыць, што педагогу няма неабходнасці пацвярджаць кваліфікацыю кожныя 5 гадоў, бо малаверагодна, што настаўнік стаў працаваць горш ці страціў свае навыкі. Пакуль гэтае пытанне на абмеркаванні, іншыя аспрэчваюць, маўляў, пацвярджэнне катэгорыі — гэта стымул, калі яго не будзе, настаўнік пачне ленавацца. Але сам міністр праблемы ў гэтым не бачыць: педагог павінен выконваць свае абавязкі і развівацца, інакш з ім проста будуць скончаны працоўныя адносіны. Было адзначана, што і самі настаўнікі павінны актыўна ўключыцца ў абмеркаванне дадзенага пытання.

Што тычыцца перападрыхтоўкі кадраў, то тут, на думку міністра адукацыі, неабходна ўносіць змены. Дзяржзаказ на перападрыхтоўку кадраў павінен быць мінімальным і прадуманым. Яшчэ адзін важны момант — магчымасці для педагогаў атрымліваць актуальныя веды. Дзіўна, але тое, што найбольш неабходна настаўніку, ён можа атрымаць толькі на платнай аснове. Напрыклад, работа з інтэрактыўнай дошкай. Тыя навыкі, якія сёння запатрабаваны часам, павінны быць даступныя.

На сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім складам абласнога інстытута развіцця адукацыі абмяркоўваліся і пытанні профільнай і інклюзіўнай адукацыі. Профільнае навучанне — гэта добра, але ж яго нельга ўспрымаць як выключна падрыхтоўку да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Нельга, каб дзеці канцэнтравалі сваю ўвагу толькі на тых прадметах, па якіх ім прыйдзецца здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Акрамя таго, профільнае навучанне павінна быць нацэлена не толькі на вышэйшую адукацыю, але і на сярэднюю спецыяльную, і на прафесійна-тэхнічную. Наконт інклюзіўнай адукацыі ёсць меркаванне, што звычайным настаўнікам не хапае навыкаў для таго, каб працаваць з асаблівымі дзецьмі. Магчыма, не будуць лішнімі спецыяльныя курсы ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі для настаўнікаў-прадметнікаў тых устаноў, дзе створаны інклюзіўныя класы.

Магчымасці развіцця ў сельскай школе

Раніцай другога дня міністр адукацыі часова пакінуў абласны цэнтр, каб наведаць Грабаўскі дзіцячы сад — сярэднюю школу Гомельскага раёна — невялікую сельскую ўстанову адукацыі з беларускай мовай навучання.
І.В.Карпенка азнаёміўся з праектамі настаўніка інфарматыкі Кірыла Дземусёва. Кірыл Аляксандравіч прадставіў асабістыя распрацоўкі “Штодзённік настаўніка” і “Вэб-школа”. Першы прадугледжвае падтрымку вучэбнага працэсу па ўсіх прадметах школьнай праграмы. Гэта электронны сродак навучання, дзе педагогі з усёй рэспублікі ствараюць базу заданняў. Трэба адзначыць, што іх ужо нямала, паколькі праект працуе з 2012 года. У праекце “Штодзённік настаўніка” закладзены прынцып кіравання адукацыйным працэсам. Ён служыць для планавання вучэбнага працэсу, дапамагае аналізаваць якасць адукацыі ў аўтаматычным рэжыме і ў некаторай ступені замяняе папяровы штодзённік педагога. Акрамя таго, праект дае магчымасць правядзення дыстанцыйных семінараў. І гэта толькі малая частка яго магчымасцей. Ігар Васільевіч быў зацікаўлены распрацоўкамі маладога настаўніка і запытаў у яго, ці не ўзнікае жадання змяніць сельскую школу на большую, гарадскую. Кірыл Дземусёў шчыра адказаў, што ў яго ёсць вельмі добрая магчымасць развівацца ў Грабаўскай школе і перадаваць свае веды вясковым дзецям, і нешта мяняць у гэтым ён пакуль не плануе.

У вясковай школе міністр наведаў таксама першы ў рэспубліцы музей водараў, якім кіруе настаўніца біялогіі Алена Баравікова, і застаўся пад уражаннем ад такой задумкі педагогаў.

Акрамя таго, цікавай і змястоўнай атрымалася гутарка Ігара Васільевіча са школьнікамі і з педагагічным калектывам.

Ад выхавання да выбару прафесіі

Пасля вяртання ў Гомель міністр адукацыі наведаў яшчэ дзве ўстановы адукацыі: Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй і Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання.

Дырэктар абласнога ліцэя Сяргей Рыдны расказаў аб праграмах энергазберажэння, якія паспяхова рэалізоўваюцца ва ўстанове. Тут жа адкрыты і вучэбна-практычны цэнтр па энергазберажэнні, работу якога прадставілі ліцэісты, якія вучацца па фізічным профілі. У размове з хлопцамі І.В.Карпенка запытаў, якія прафесіі яны выбралі для сябе. Кожны з іх мае намер далей вывучаць фізіку.

— Мяне турбуе, што многія выпускнікі сёння робяць выбар не згодна з тым, што ім цікава, а згодна з прахаднымі баламі ва ўніверсітэтах, — заўважыў Ігар Васільевіч. — Калі “не дацягнуў” баламі па цэнтралізаваным тэсціраванні да сваёй мары, ідзе туды, дзе яго лічба ўпісваецца ў залічэнне ў студэнты.

Шмат актуальных пытанняў было абмеркавана на сустрэчы з педагагічным калектывам ліцэя. Нямала станоўчых эмоцый выклікала таксама тэма пацвярджэння катэгорыі і даступнасці для настаўнікаў курсаў па засваенні сучасных ведаў.

Яшчэ адно набалелае пытанне ляжыць у выхаваўчай плоскасці. Так склалася, што школа атрымала асноўную функцыю ў выхаванні дзіцяці, а разам з ёй і амаль поўную адказнасць за яго дабрабыт. Многія бацькі застаюцца ў баку ад выхавання свайго дзіцяці. Між тым першачарговая роля ў гэтым належыць сям’і. Ігар Васільевіч адзначыў, што ён бачыць гэтую праблему і сур’ёзную працу з бацькамі ставіць у шэраг важных задач, якія неабходна вырашыць у найбліжэйшы час.

Завяршальным пунктам у праграме візіту міністра адукацыі на Гомельшчыну стала сустрэча з педагогамі і выхаванцамі Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання. І.В.Карпенка наведаў вытворчыя майстэрні ўстановы, у якіх навучэнцы засвойваюць прафесійнае майстэрства. Галоўнымі субяседнікамі Ігара Васільевіча былі навучэнцы і майстры вытворчага навучання.

У чарговы раз можна было ўпэўніцца ў тым, што прафтэхадукацыя — важная прыступка для далейшага развіцця і росту выпускнікоў школ. Так, многія навучэнцы прыйшлі ў каледж з нізкімі баламі, а за год-два іх паспяховасць стала на парадак вышэйшай.

У цэлым І.В.Карпенка выказаў задавальненне адукацыйнай сферай Гомельскай вобласці. Ён адзначыў, што знайшоў тут разуменне з боку кіраўніцтва і педагогаў, а таксама падкрэсліў: у вобласці ёсць цікавы вопыт, годны для пераймання.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.