Аб бяспецы — з першых дзён

- 10:48Навіны рэгіёнаў, Рознае

Пасля першага ў жыцці школьнага ўрока “Нам мір завешчана берагчы!” першакласнікі Мінскай вобласці адправіліся на яшчэ адны важныя заняткі — урок бяспекі, дзе іх заклікалі берагчы сваё жыццё і здароўе. З першага навучальнага дня прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС спяшаюцца нагадаць школьнікам жыццёва важныя ісціны.

— У рэспубліцы праводзіцца акцыя “У цэнтры ўвагі — дзеці”, у якую актыўна ўключыліся і нашы супрацоўнікі, — расказвае прэс-сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Хрысціна Барэйка. — Мерапрыемствы ў рамках акцыі адбудуцца ў кожнай навучальнай установе. Мы пастараемся зрабіць гэтыя мерапрыемствы цікавымі і ахапіць імі як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак — ад самых маленькіх да старшакласнікаў, а таксама іх бацькоў.

Першы этап акцыі пачаўся ў другой палове жніўня, калі бацькі і дзеці адправіліся ў магазіны і гандлёвыя цэнтры, каб падрыхтавацца да школы. У гандлёвых кропках іх чакалі супрацоўнікі мясцовых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, якія нагадвалі дарослым і дзецям аб правілах бяспекі. Нагадвалі вусна і наглядна: у секцыях школьнага і дзіцячага адзення былі размешчаны баявыя касцюмы ратавальнікаў з таблічкай “Для дзяцей, пакінутых без нагляду”. Такі ж надпіс суправаджаў вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія суседнічалі з канцылярскімі таварамі. Гэты жарт прымусіў бацькоў усміхнуцца, але адначасова кожны задумаўся, што ў гэтым жарце вялікая доля праўды.

Другім этапам акцыі сталі вераснёвыя сустрэчы ў школах. Супрацоўнікі МНС сталі ўдзельнікамі святкавання Дня ведаў у кожнай школе вобласці. Яны звярнуліся да ўсіх навучэнцаў на лінейцы, а для першакласнікаў ладзілі цікавыя ўрокі бяспекі: дзяцей чакалі віктарыны, конкурсы, падарункі. Напрыклад, самыя маленькія вучні нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна ўрок бяспекі правялі на свежым паветры. Да школы прыехала аварыйна-выратавальная тэхніка. Ратавальнікі прадаставілі дзецям свабоду дзеяння і дазволілі ўсё не толькі паглядзець, але і памацаць. Хлопчыкі і дзяўчаты з агеньчыкамі цікавасці ў вачах залазілі ў кабіну пажарнай машыны, уключалі сігнал, звярталіся да сяброў праз гучнагаварыцель, прымяралі баявы касцюм ратавальнікаў, а самыя смелыя ўзнімаліся ўгору ў люльцы пажарнага аўтапад’ёмніка. Зразумела, такія незвычайныя падзеі запомняцца дзецям надоўга, а разам з імі і правілы бяспекі, аб якіх ненавязліва паспелі расказаць арганізатары. З сабой школьнікі забіралі з мерапрыемства не толькі неверагодныя ўражанні, але і разнастайныя падарункі на памяць.

Зараз рэалізоўваецца трэці этап акцыі ў школах і дашкольных установах. Супрацоўнікі аддзелаў МНС праводзяць заняткі з дзецьмі ўсіх узростаў і для кожнага ўзросту абяцаюць знайсці найлепшую і цікавую форму работы. Супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС расказваюць, што даўно зразумелі неэфектыўнасць звычайных лекцый, таму засвоілі мноства сучасных цікавых і ў першую чаргу гульнявых форм работы. І расказваюць яны пра тое, як сябе паводзіць не толькі падчас пажару, але і ў розных складаных сітуацыях: калі чалавек заблукаў у лесе, калі засеў у ліфце, калі з просьбай звяртаецца незнаёмы чалавек і інш. Асветніцкая і прапагандысцкая работа з дзецьмі вядзецца бесперапынна, каб выкананне правіл бяспекі было даведзена да аўтаматызму, а неабходнасць іх выканання цвёрда ўкаранілася ў свядомасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.