Штодзень вучні Камарынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна ідуць уздоўж Алеі Герояў. На дваццаці стэндах — імёны выхадцаў розных рэспублік былога Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Камарына і былі ўдастоены найвышэйшай узнагароды — звання Героя Савецкага Саюза. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Менавіта адсюль, з Камарына, у верасні 1943 года — задоўга да пачатку легендарнай аперацыі “Баграціён” — пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым цяжар гітлераўскай акупацыі скінуў з сябе невялікі палескі населены пункт Камарын. Дваццаць адважных воінаў, якія тут праславіліся пры фарсіраванні Дняпра, атрымалі тады званне Героя Савецкага Саюза. Настаўніца гісторыі Камарынскай сярэдняй школы Валянціна Шульга расказвае, што фарсіраванне Дняпра было вельмі складаным:
— Ахвяр было шмат сярод вайскоўцаў. З правага берага немцы вялі бесперапынны агонь з кулямётаў і гармат. Нашы салдаты на лодках і плытах, на падручных сродках пераплылі Днепр і ўступілі ў вырашальны кровапралітны бой з ворагам. Першым у Беларусі быў вызвалены менавіта Камарын.
У самым цэнтры Камарына — вялікае брацкае пахаванне з прозвішчамі 957 воінаў, якія загінулі пры вызваленні населенага пункта і найбліжэйшых вёсак. Даглядаць яго дапамагаюць вучні мясцовай школы, якая была ўтворана 160 гадоў назад. У музейным пакоі — экспанаты, якія старанна захоўваюцца мясцовымі краязнаўцамі. Тут праходзяць экскурсіі і пазакласныя заняткі.
Педагогі — абаронцы Айчыны
Асобная важная старонка — педагогі — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Яны ў складаны для Радзімы час змянілі месца ля школьнай дошкі на акопы і зямлянкі.
Мікалай Андрэевіч Петрусевіч ваяваў у складзе 3-га Беларускага фронту. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы і Германіі, у Берлінскай аперацыі. 1 мая 1945 года быў ля Рэйхстага. Пасля вайны працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў Камарынскай школе.
Сямён Паўлавіч Волкаў ваяваў у складзе Паўночнага флоту каля Мурманска. Вялікую Перамогу сустрэў пад Архангельскам. Пасля дэмабілізацыі з 1949 года працаваў настаўнікам у Верхняжараўскай сярэдняй школе, а з 1957 года — у Камарынскай сярэдняй школе.
Леў Анатольевіч Ласкавы ў складзе дэсантнай групы ўдзельнічаў у вызваленні вострава Шыкатам (Курыльскія астравы). Дзень Перамогі сустрэў у горадзе Галаце (Румынія). З 1954 года працаваў настаўнікам у Камарынскай школе.
Барыс Барысавіч Шумейка з 1943 па 1945 год ваяваў у складзе 2-га Украінскага і 1-га Беларускага франтоў. Дэмабілізаваны ў ліпені 1944 года ў званні лейтэнанта. З кастрычніка 1946 года па верасень 1976 года — дырэктар Камарынскай сярэдняй школы, выдатнік народнай адукацыі, заслужаны настаўнік БССР.
Феня Сяргееўна Клімянок — удзельніца партызанскага руху. Была сувязной партызанскага атрада імя Чапаева. У 1945 годзе працавала ў Ніжняжараўскай школе, са студзеня 1968 па 1977 год — загадчыцай Камарынскага дзіцячага сада. З 1977 года — настаўніцай нямецкай мовы ў Камарынскай сярэдняй школе.
Вольга Данілаўна Трухановіч у 1943 годзе пайшла ў партызаны. Удзельнічала ў рэйкавай вайне. У сакавіку 1944 года атрад злучыўся з часцямі рэгулярнай арміі. На працягу 29 гадоў выкладала гісторыю ў Камарынскай школе.
Аляксей Іванавіч Мачуленка быў выпускніком Камарынскай школы. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваў у савецкі тыл 70 дзяцей з двух піянерскіх лагераў, уступіў у рады Чырвонай Арміі. Ваяваў на Ленінградскім і Карэла-Фінскім франтах. Пасля вайны скончыў Белдзяржуніверсітэт імя У.І.Леніна, абараніў дысертацыю, стаў кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам. Амаль 40 гадоў працаваў у Беларускім політэхнічным інстытуце ў Мінску.
Школа — сведка падзей мінулага
Вядома, што гарадскі пасёлак Камарын у XIX стагоддзі называўся мястэчка Камарын. Населены пункт уваходзіў у склад Іалчанскага прыхода. У 1863 годзе ў ім была адкрыта першая народная школа. З 1911 года школа стала царкоўнапрыходскай і ўтрымлівалася за кошт падушнага падатку.
Дырэктар Камарынскай сярэдняй школы Наталля Канавальчык расказвае, што ў 1927 годзе ў Камарыне быў пабудаваны вялікі драўляны будынак для беларускай школы:
— Называлася яна тады “Камарынская сямёхгадовая імя Х-годзьдзя Кастрычніка школа”. У 1934 годзе наша школа стала сярэдняй. Першы выпуск 10 класа Камарынскай школы адбыўся ў 1938 годзе. Дваццаць чатыры выпускнікі атрымалі дакументы аб сярэдняй адукацыі. Цікава, што школа была ў Камарыне не адзінай. У 1935 годзе тут была адкрыта яўрэйская пачатковая школа, на базе якой была створана руская сямігадовая. У ёй паспеў адвучыцца толькі адзін выпуск — у 1941 годзе многія з вучняў са школьнай парты пайшлі на фронт. Сам будынак той школы падчас вайны быў падарваны і разабраны для стварэння пераправы праз раку Днепр. Фашысты выкарыстоўвалі будынак Камарынскай школы ў якасці зернясховішча, таму пасля вызвалення Камарына ад захопнікаў ва ўстанове быў зроблены рамонт, а з 1944 года аднавіліся заняткі.
Побач з Чарнобылем
Калі паглядзець на карту нашай краіны — гарадскі пасёлак Камарын знаходзіцца на паўднёвым усходзе Беларусі на своеасаблівым выступе. Мяжа з Украінай — з абодвух бакоў ад населенага пункта. Да саркафага, узведзенага над Чарнобыльскай атамнай станцыяй, адсюль па прамой — 31 кіламетр. Непасрэдна каля Камарына праходзіць мяжа 30-кіламетровай зоны адчужэння і Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
— Складаную гісторыю Камарына ў першыя паслячарнобыльскія гады выдатна адлюстраваў выпускнік Камарынскай школы, мастак і вучоны Віктар Шматаў, — расказвае намеснік дырэктара Камарынскай сярэдняй школы Ірына Ятчанка. — Пасля чарнобыльскай трагедыі ён цалкам прысвяціў свае мастацкія творы адлюстраванню яе наступстваў. Доктар мастацтвазнаўства штогод ездзіў у родны Камарын. У 1986 годзе ён арганізаваў у адселеных вёсках першы пленэр і пасля яшчэ не раз прывозіў туды калег-мастакоў, работы якіх паклалі пачатак Брагінскай мастацкай галерэі. Дарэчы, адна з яго вядомых паслячарнобыльскіх карцін — “Маці” — знаходзіцца цяпер у будынку Еўрапарламента ў Бруселі. Віктар Шматаў таксама арганізоўваў рэгулярныя экспедыцыі ў адселеныя вёскі Чарнобыльскай зоны, адкуль вывез больш за 600 унікальных артэфактаў народнай культуры. Усе яны сталі экспанатамі музея старабеларускай культуры ў Мінску.
Захаваліся таксама вершы, напісаныя пра душэўны боль, перажыты мясцовымі жыхарамі пасля чарнобыльскай катастрофы. Іх аўтар — былы дырэктар Камарынскай школы (з 1988 па 2006 год) Валянціна Каверда.
Сяброўства са спортам
У 1977 годзе для Камарынскай сярэдняй школы быў пабудаваны новы будынак, дзе ў нашы дні займаюцца 262 вучні. Частку з іх арганізавана падвозяць сюды на вучобу з чатырох найбліжэйшых сельскіх населеных пунктаў.
— У нашай школе многія вучні сябруюць са спортам, — адзначае Наталля Канавальчык. — І асобныя вучні, і зборная каманда ўстановы штогод з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых і абласных спаборніцтваў. Летась каманда дзяўчынак заняла 1-е месца ў абласных спаборніцтвах па валейболе. 2-е каманднае месца — у абласных спаборніцтвах мнагаборства “Абаронца Айчыны”, 3-е — у мнагаборстве “Здароўе” заняў выпускнік Іван Пузырын. Нашы вучні Дар’я Лебедзева і Дзмітрый Шульга — лідары абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе. Сёлета ў зімовым абласным мнагаборстве “Здароўе” тры нашы вучні — Максім Буйневіч, Караліна Каляда і Іван Якімовіч — занялі 1-е месца. Самая апошняя перамога — 16 сакавіка васьмікласніца Дар’я Лебедзева стала першай у абласных спаборніцтвах па шашках.
Падлічана, што з 1938 па 2022 год у Камарынскай школе адбылося 80 выпускаў. Больш за 60% супрацоўнікаў усіх арганізацый і ўстаноў Камарына — былыя выпускнікі Камарынскай школы. З 39 настаўнікаў 20 заканчвалі менавіта гэтую ўстанову адукацыі. На 160-годдзе ў любімую школу сабраліся выпускнікі розных гадоў. Госці разам з дружным калектывам настаўнікаў гарталі старонкі гісторыі школы.
Ірына АСТАШКЕВІЧ