Аб духоўным узбагачэнні асобы разважалі на адзіным уроку, прысвечаным Еўфрасінні Полацкай, у мінскай гімназіі № 1

- 12:23Актуально, Духовность и патриотизм, Образование

У чым прызначэнне чалавека на Зямлі? Ці могуць навучэнцы суперажываць, дапамагаць тым, хто ў гэтым адчувае патрэбу, цаніць тое, што створана папярэднімі пакаленнямі? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў адзінага ўрока, прысвечанага жыццю і дзейнасці Еўфрасінні Полацкай, у сталічнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Ганаровымі гасцямі сталі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай і Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веньямін.

Дырэктар гімназіі Наталля Бушная адзначыла, што прайшло амаль дзевяць стагоддзяў пасля смерці Еўфрасінні Полацкай, але і ў нашы дні вобраз асветніцы з’яўляецца сімвалам духоўнай сілы нацыі. Зусім нямнога дакументальных звестак захавалася аб прападобнай, але яе спадчына з’яўляецца для нас, беларусаў, каштоўнай, а вобраз прыцягвае ўвагу іканапісцаў, мастакоў, кампазітараў і літаратараў.

Мітрапаліт Веньямін акцэнтаваў увагу вучняў на духоўнай спадчыне Еўфрасінні Полацкай, яе асветніцкай дзейнасці, якая мела вялікае значэнне для Полацкага княства. Ігумення адкрывала школы пры манастырах, бібліятэкі, іканапісныя і ювелірныя майстэрні. Дзялілася сваімі ведамі з вучнямі. Дапамагала ўрэгуляваць канфлікты паміж княствамі. З яе іменем звязана стварэнне школы архітэктуры і жывапісу.

— Каб знайсці кампраміс, трэба імкнуцца зразумець іншага чалавека, нават калі ён і памыляецца. Каб чалавек пачуў, трэба каб ён адчуў, што да яго адносяцца па-добраму, хочуць дапамагчы. Вось гэтым мастацтвам святасці, калі чалавек набывае багаты духоўны вопыт, калі ён назірае, што адбываецца ў яго душы, і імкнецца пазбавіцца дрэннага, негатыўнага, і валодала Еўфрасіння, — адзначыў мітрапаліт Веньямін.

У манастыры Еўфрасіння перапісвала кнігі: адны з іх ляглі ў аснову манастырскіх бібліятэк Полацкага княства, іншыя прадаваліся, а атрыманыя грошы прападобная шчодра раздавала бедным. Таксама яна вяла Полацкі летапіс і збірала бібліятэку Сафійскага сабора, якая з цягам часу стала сапраўдным духоўным скарбам. З імем Еўфрасінні звязана будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага храма, стварэнне полацкім майстрам Лазарам Богшам знакамітага крыжа-шэдэўра старажытна-беларускага ювелірнага мастацтва.

Па словах Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, жыццё Еўфрасінні, яе бязмежнае самаадрачэнне спрыялі росквіту ў беларускім народзе хрысціянскай дабрачыннасці. Святая ўвасабляе вельмі важныя каштоўнасці, асабліва актуальныя ў нашы дні: міралюбнасць, духоўнасць, асвечанасць і любоў да сваіх каранёў.

Уразіў старшакласнікаў той факт з жыцця Еўфрасінні, што свой сур’ёзны жыццёвы выбар яна зрабіла ва ўзросце 12 гадоў. Мэтай яе жыцця стала служэнне Богу, а служэнне Богу без служэння людзям проста немагчыма.

Навучэнцы задавалі гасцям хвалюючыя пытанні. Іх цікавіла, напрыклад, якую якасць нашага народа нельга страціць, чаму павялічваецца колькасць людзей у дамах састарэлых, а таксама магчымасці духоўнага росту.

На думку намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, галоўнае сёння не страціць чалавечнасці, якая ўключае ў сябе і ўзаемаразуменне, і спагаду, і міласэрнасць, і павагу, і многія іншыя аспекты, што заснаваны на праваслаўнай веры і выхоўваюцца ў маладога пакалення. Важна, каб яно гэта захавала і перадало далей сваім нашчадкам.

Калі мы хочам вывучыць матэрыял, то вяртаемся да яго зноў і зноў, пакуль не засвоім, гэтак жа і добрыя якасці, якія мы хочам выхаваць у сабе: мы думаем пра іх, клапоцімся, і яны становяцца нашымі, замацоўваюцца. Але калі мы не будзем іх падтрымліваць, то яны забудуцца, страцяцца, — мяркуе мітрапаліт Веньямін.

Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што сёння важным з’яўляецца клопат аб духоўным узбагачэнні сваёй асобы. І таму вельмі актуальна гучаць словы клятвы, што даюць вучні пры пасвячэнні ў гімназісты: быць добрым і старанным, з усёй сілы авалодваць ведамі, як нашчадак люду беларускага, рабіць усё магчымае, каб квітнела культура народа, і дзеля гэтага не шкадаваць свае сілы, быць спагадлівым да чужога гора.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара і з архіва гімназіі