Аб’екты Мазырскага ўмацаванага раёна даследуюць педагогі і навучэнцы Петрыкаўшчыны

- 12:06Родная земля

“Лінія Сталіна” — гэта не толькі знакаміты гісторыка-­культурны комплекс. Пад такой назвай вядомы шэраг умацаваных раёнаў з сотнямі дотаў, узведзенымі ўздоўж заходняй мяжы СССР у 1930­я гады. На Беларусі яны захаваліся пад Мінскам, Полацкам, Слуцкам, а таксама на Палессі, напрыклад, у Петрыкаўскім раёне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Унікальныя збудаванні

Фартыфікацыйныя збудаванні — асаблівыя помнікі архітэктуры, паколькі іх галоўная роля — абараняць мірных жыхароў і салдат ад варожай зброі. І такіх аб’ектаў на беларускай зямлі нямала. Гэта і старадаўнія вежы, і магутныя замкі, крэпасці, і храмы абарончага тыпу. Усе яны цікавяць даследчыкаў, навукоўцаў, іх выявы можна ўбачыць на турыстычных буклетах, а каб сфатаграфаваць гэтыя помнікі, палюбавацца іх веліччу, людзі едуць за сотні кіламетраў.

У гэтым спісе вылучаюцца так званыя малыя фартыфікацыйныя збудаванні — доты. Пачарнелыя ад часу, зарослыя мохам, травой і кустоўем, нярэдка разбураныя, яны выглядаюць не так прывабна, як сярэдневяковыя замкі або вежы, таму і карыстаюцца сярод турыстаў меншай папулярнасцю. Аднак не саступаюць па сваёй унікальнасці. Пра гэта цудоўна ведаюць на Пет­рыкаўшчыне, таму і распрацавалі экскурсійныя маршруты па аб’ектах Мазырскага ўмацаванага раёна.

Напрыклад, вучні Пціцкай ся­рэдняй школы разам з дырэктарам Людмілай Іосіфаўнай Зізюк не толькі наведваюць доты, узве­дзеныя напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, але і даглядаюць магілу невядомага лейтэнанта Чырвонай Арміі, які загінуў у 1942 годзе пры спробе ўзар­ваць чыгуначны мост, каб спыніць паступленне нямецкай тэхнікі на фронт. Дарэчы, знаходзяцца доты і магіла героя на супрацьлеглым беразе Пцічы, дабрацца да іх можна, пераадолеўшы сучасны чыгуначны мост.

А вось школьнікі з Капаткевічаў пад кіраўніцтвам былой настаўніцы гісторыі Надзеі Адамаўны Сігай падрабязна даследавалі асаблівасці абарончых умацаванняў у ваколіцах гарадскога пасёлка. Яны часта наведваюць разам з педагогамі гэтыя аб’екты, каб яшчэ раз прайсціся па падземных калідорах-лабірынтах і на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах стрымлівалі наступленне нямецка-фашысцкіх войскаў чырвонаармейцы.

Кропкі памяці

Перад кожным наведваннем дотаў і магілы невядомага героя вучні абавязкова праходзяць інструктаж па тэхніцы бяспекі. І гэта зразумела, бо давядзецца ісці па чыгуначным мосце — аб’екце павышанай небяспекі. Калі прытрымлівацца ўсіх правіл, то, у прынцыпе, нічога небяспечнага там няма. Наадварот, пераход праз чыгуначны мост як захап­ляльны квест. Злева — металічныя рэйкі, справа — нішы на выпадак раптоўнага з’яўлення цягніка (такая сітуацыя практычна выключана, паколькі на семафорах загадзя загараецца зялёнае святло, а гук цягніка чуваць за некалькі кіламетраў), над галавой — магутныя металічныя апоры, унізе — павольная Пціч і рэшт­кі паляў таго самага моста, які ў 1942 го­дзе падчас аперацыі “Рэха на Палессі” ўзарвалі партызаны, а навокал — маляўнічы прастор.

— Яшчэ ў дзяцінстве разам з аднакласнікамі і настаўнікамі мы хадзілі да дотаў. Праўда, мясцовыя жыхары як тады, так і цяпер не называюць гэтыя аб’екты дотамі, гавораць проста “кропка”: “Пойдзем на кропку”, “Быў на кропцы” і г.д. Цяпер інфармацыю можна лёгка знайсці ў інтэрнэце, а ў мае школьныя часы дарослыя гаварылі, што гэта нейкія ваенныя аб’екты, якія ахоўвалі чырвонаармейцы, — расказала Людміла Іосіфаўна Зізюк.

Калі яна вярнулася ў родную школу ўжо настаўніцай гісторыі, то пачала грунтоўна даследа­ваць доты. Штуршком да больш актыў­най краязнаўчай дзейнасці стала знаёмства з былым экскурсаводам ГКК “Лінія Сталіна”, які з сям’ёй пераехаў жыць у Пціч. Гэты захоплены ваеннай гісторыяй чалавек, які прайшоў Афган, расказаў шмат цікавых фактаў пра будаўніцтва Мазырскага УРа. Менавіта ён паставіў на магіле невядомага чырвонаармейца драўляны помнік. У выніку збору і сістэматызацыі інфармацыі юнымі ўдзельнікамі валанцёрскага атрада “Факел” была напісана работа “Бетонны мерыдыян Палесся”. Школьнікі працавалі з архіўным матэрыялам, неаднойчы наведвалі доты, даследавалі іх як звонку, так і знутры.

Пад кіраўніцтвам педагога была даследавана доўгачасовая агня­вая кропка № 232 Мазырскага ўмацаванага раёна, размешчаная недалёка ад чыгуначнага моста каля аграгарадка Пціч. Школьнікі ўстанавілі, што ў жніўні 1941 года тут ішлі цяжкія баі. Дот не быў заняты ворагам, чырвонаармейцы падарвалі збудаванне і адышлі. Удзельнікамі валанцёрскага атрада на былых ваенных аб’ектах устаноўлены памятныя таблічкі, добраўпарадкавана воінскае пахаванне. Таксама зняты відэафільм “Бетонны мерыдыян Палесся”, спасылку на які можна знайсці на школьным сайце.

Ланцуг абарончых умацаванняў уздоўж дзяржаўнай мяжы СССР ад Карэльскага перашыйка да берагоў Чорнага мора будаваўся з 1928 года да восені 1939 года. Гэтая сістэма ўмацаванняў атрымала неафіцыйную назву “Лінія Сталіна”. Складалася з двух дзясяткаў умацаваных раёнаў, якія ўключалі больш за чатыры тысячы доўгачасовых агнявых кропак (дотаў). Чатыры ўмацаваныя раёны (Полацкі, Мінскі, Слуцкі, Мазырскі) знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Гэта амаль тысяча збудаванняў.

— Каля чыгуначнага моста калісьці была казарма, і да нядаўняга часу там яшчэ жыло некалькі сем’яў. Гэтыя людзі і паведамілі мне аб існаванні і месцазнахо­джанні магілы невядомага салдата. Як далей было высветлена, гэта магіла маладога лейтэнанта Чырвонай Арміі, які, абвязаўшыся ўзрыўчаткай, спрабаваў падарваць чыгуначны мост, але быў забіты. Як сведчаць архівы, уражаныя мужнасцю савецкага салдата, немцы самі яго пахавалі, аддалі належную воінскую пашану. Справа невядомага героя была завершана партызанамі ў лістападзе 1942 года падчас аперацыі “Рэха на Палессі”. Пасля падрыву моста на 18 дзён спыніўся рух нямецкіх эшалонаў на ўсход. А гэта былі дні, калі ішла Сталінградская бітва. Сёння пра тыя падзеі нагадваюць рэшткі драўляных маставых паляў, а таксама шыльдачка на будынку чыгуначнай станцыі Пціч, — паведаміла Людміла Іосіфаўна.

Лабірынты мінулага

Які хлапчук адмовіцца ад прапановы знайсці таямнічы падземны ход або прагуляцца з ліхтарыкам па цёмных лабірынтах? Для некалькіх пакаленняў капаткевіцкіх школьнікаў такія прапановы рэгулярна паступаюць ад педагогаў.

Разам з настаўнікамі яны наведваюцца ў вёску Першая Слабодка, дзе таксама захаваліся рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў Мазырскага УРа. Нягледзячы на 90-гадовы ўзрост, многія з гэтых збудаванняў захаваліся ў добрым стане. Сёння цемната іх калідораў час ад часу рассякаецца ліхтарыкамі смартфонаў у руках аматараў ваеннай гісторыі і сталкераў рознага ўзросту.

Гісторыю ўзвядзення і ролю гэтых дотаў у ваенны час вучні Капаткевіцкай сярэдняй школы даследавалі разам з Надзеяй Адамаўнай Сігай. Сустрэчы з апантаным края­знаўцам заўсёды захапляльныя, а калі яны адбываюцца ў палявых умовах, то становяцца яшчэ больш яркімі і незабыўнымі.

З гісторыяй будаўніцтва Мазырскага УРа, яго роляй у Вялікай Айчыннай вайне мы знаёміліся не толькі ў школьным музеі, але і непасрэдна на былых ваенных аб’ектах. Прычым расказвала Надзея Адамаўна не агульнавядомыя гістарычныя факты, якія можна прачытаць у інтэрнэце, а тое, што краязнаўцы называюць гістарычнымі легендамі:

— Асаблівасць нашай мясцовасці ў тым, што тут размешчана так званая міна. Гэта некалькі агнявых груп, звязаных паміж сабой сотнямі метраў калідораў. Каля Пцічы знаходзіцца міна № 232. Яна аднапавярховая і будавалася адкрытым спосабам. Хаця, паводле легенды, існуе і другі паверх. У вёсцы Першая Слабодка — міна № 302. Яна двухузроўневая, хаця таксама ёсць легенда пра трэці ўзровень, які, канечне, ніхто з мясцовых жыхароў не бачыў. Гэтая міна будавалася ўжо закрытым спосабам пад дзеючымі могілкамі, якія былі замест маскіроўкі. Калі я выступала на краязнаўчых канферэнцыях і расказвала, што міна будавалася закрытым спосабам і бетон заліваўся ўнутр узвышэння, многія не верылі. Мне таксама складана паверыць, але гэта праўда. Будаўніцтва ў асноўным вялі ваенныя, але прыцягваліся да справы і мясцовыя жыхары. Захаваліся ўспаміны вяскоўцаў пра тое, што каўпак на міне № 302 быў з настолькі тоўстага металу, што са станцыі Пціч яго цягнулі 40 валоў.

— Яшчэ існуе легенда, што ад міны № 302 і іншых дотаў падземныя хады вялі ў Капаткевічы. Можна было прайсці нават пад ракой. Наколькі гэта праўдзіва, мы цяпер не можам сказаць. Аднак адзін з мясцовых жыхароў мне расказваў, што ў дзяцінстве, калі з сябрамі купаўся ў рацэ, ён аднойчы нырнуў і трапіў у квадратны кало­дзеж. Магчыма, гэта быў адзін з выхадаў з дотаў, бо потым рэчышча ракі змянілася. Даследчыкамі інфармацыя не пацверджана. Але, пага­дзіцеся, прыгожая легенда. Гэтыя аб’екты, як і ў Пцічы, мы таксама называем кропкамі. Адзін з дотаў знаходзіўся на высокім месцы, і пасля вайны на ім складвалі скірды з саломай. Таму назвалі дот “саламяная кропка”. Некаторыя гаварылі, што ваенныя выкарыстоўвалі салому для маскіроўкі дота, але гэтая версія не вытрымлівае ніякай крытыкі, — паведаміла Надзея Адамаўна Сігай.

З гісторыі вядома, што доты Мазырскага ўмацаванага раёна не так актыўна былі задзейнічаны ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, як, напрыклад, Мінскага або Полацкага УРа. Аднак, на думку маёй суразмоўніцы, гэта не азначае, што фартыфікацыйным аб’ектам на Петрыкаўшчыне трэба ўдзяляць менш увагі. Намаганнямі мясцовых улад на дотах устаноўлены шыльды, каля асобных ёсць інфармацыйныя ўказальнікі. Былыя ваенныя збудаванні актыўна наведваюць мясцовыя вучні, настаўнікі, доты адыгрываюць важную ролю ў ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.

Святло веры

Для настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 1 Петрыкава Жанны Міхайлаўны Парфіевіч і настаўніцы рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Петрыкава Таццяны Міхайлаўны Серадзюк своеасаблівымі кропкамі памяці з’яўляюцца гарадскія храмы — помнікі архітэктуры ХІХ стагоддзя. З гэтымі храмамі звязаны старонкі гісторыі не толькі горада, але і ўласных сем’яў. Напрыклад, продкі Таццяны Міхайлаўны хадзілі маліцца ў храм свяціцеля Мікалая Цудатворца, а дзядуля быў нават яго старастам.

— Кожную раніцу маіх вучняў, якія спяшаюцца на ўрокі, сустракае па дарозе ў школу Свята-Мікалаеўскі храм. Ён стаіць на высокім узгорку над Прыпяццю. Узведзены ў 1839 го­дзе на месцы згарэлай драўлянай царквы, пабудаванай у 1772 годзе. Гэты храм практычна ў першапачатковым выглядзе цудам захаваўся, да таго ж застаўся адным з нямногіх уцалелых цагляных храмаў руска-візантыйскага стылю на Палессі. Пабудавана святыня на ахвяраванні прыхаджан і купцоў, сярод якіх вядомы прозвішчы Кебеца, Маргуна, Караля, Карульскага. У 1929 го­дзе ён быў закрыты, у ім знаходзіўся склад мукі. Звон вагой больш за 120 пудоў быў зняты са званіцы і адпраўлены на пераплаўку, — паведаміла настаўніца.

У іншай петрыкаўскай святыні — Свята-Узнясенскага храма — таксама няпросты лёс. Ён быў узведзены ў 1890 годзе, а праз 40 гадоў яго закрылі. У будынку царквы была абсталявана воданапорная вежа і прабіта артэзіянская свідравіна. Над гэтай свідравінай на апорах устаноўлена драўляная ёмістасць для вады, у якой петрыкаўскія падпольшчыкі падчас Вялікай Айчыннай вайны захоўвалі радыёпрыёмнік, а таксама лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро. У пасляваенныя гады, па словах настаўніцы, у будынку храма было нават кафэ-марожанае. Сёння ў праваслаўным храме, як і належыць, гучаць словы малітвы.

— Усе мы з гонарам называем сябе людзьмі XXI стагоддзя. А ці памятаем тых, хто даў нам магчымасць увайсці ў новае стагоддзе? Тых, хто ствараў магутную духоўную спадчыну, каб перадаць нам? Тых, хто будаваў храмы, умацоўваў праваслаўную веру і маліўся за нас? Нашы продкі добра разумелі, што без духоўнага жыцця будучыні няма. Храмы патрэбны нам, людзям ХХI стагоддзя. Храмы — гэта нашы карані, наша памяць, наша мінулае. А без мінулага, як вядома, няма будучыні.

Выхаванне чалавека, які адчувае гордасць за сваю краіну, пачынаецца са спазнання малой радзімы, яе святых месцаў. Задача школы — выхаванне чалавека не толькі высока­адукаванага, але і высокадухоўнага. Чалавек павінен змяніцца ўнутры сябе, у ім павінна быць святло. Хочацца верыць, што вера маіх вучняў і іх бацькоў будзе шчырай, сапраўднай, — падзялілася думкамі Таццяна Міхай­лаўна.

Для духоўнага росту навучэнцаў у сярэдняй школе № 2 Петрыкава выкладаўся курс “Петрыказнаўства”, сёння вучні наведваюць факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”, удзельнічаюць у праваслаўных алімпіядах, творчым конкурсе “Прыгажосць Божага свету”, адукацыйных чытаннях, настаўнікі выдалі кнігу “Петрыкаў — горад над Прыпяццю”. Часта ў школу прыходзяць святары. Гэта настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма Васіль Немеш і настаяцель Свята-Узнясенскага храма Дзмітрый Пасечнік. Іх аўтарытэтнае меркаванне і выступленні садзейнічаюць духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей.

— Петрыкаў — прыгожы горад з цікавай шматвяковай гісторыяй. Гэта мой родны горад, я яго карэнная жыхарка ў сёмым пакаленні. У мяне дом і малая радзіма — у адным месцы. Мяне і маіх вучняў якраз і аб’ядноўвае любоў да малой радзімы, — адзначыла настаўніца.

Фарміраванне ў школьнікаў любові да роднага краю — галоўны напрамак дзейнасці і Жанны Міхайлаўны Парфіевіч. Пэўны час настаўніца вяла ў першай школе факультатыў “Жывая гісторыя”. Дарэчы, яе аповед пра Петрыкаў таксама быў жывым, напоўненым асабістымі пачуццямі, думкамі, уражаннямі. З асаблівым хваляваннем настаўніца расказ­вала пра страчаныя святыні горада, у прыватнасці, Свята-Уваскрасенскую царкву, узарваную ў 1957 годзе.

— Вось фотаздымак, зроблены ў той самы момант, калі храм бурылі. Як расказвала мама, узрывалі царкву некалькі разоў — настолькі моцнымі былі сцены. Перад узрывам тэрыторыю абгарадзілі, але ўсё роўна хтосьці з мясцовых жыхароў прабраўся і таемна зафіксаваў на фотастужку той момант. Сёння на месцы храма — будынак школы-інтэрната. Захаваліся толькі капліца, якая знаходзілася каля царквы, і фрагменты іканастаса, якія можна ўба­чыць у Свята-Мікалаеўскім храме, — паведаміла Жанна Міхайлаўна.

Месцы прыцяжэння

У пачатку верасня Петрыкаў маштабна, урачыста адсвяткаваў 500-годдзе.

У шматвяковай гісторыі горада, як і ўсяго раёна, былі белыя і чорныя старонкі. Не ўся ўнікальная архітэктурная спадчына, узведзеная мінулымі пакаленнямі, дайшла на нас. Многае знікла ў віхуры часу, але штосьці захавалася. І сёння гэтыя аб’екты ўвахо­дзяць у экскурсійныя маршруты.

Іх актыўна наведваюць мясцовыя настаўнікі і вучні, прысвячаюць ім даследчыя работы і нават вершы. Гэтыя аб’екты — своеасаблівыя кропкі прыцяжэння тых, хто неабыякавы да гісторыі роднай зямлі. Гэта кропкі нашай памяці.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара