Аб прафесіі і прызванні

- 11:46Навіны рэгіёнаў

“Прызванне педагог” — такую назву атрымала школа для маладых настаўнікаў, працоўны стаж якіх не перавышае двух гадоў. Упершыню такая форма работы з маладымі спецыялістамі была апрабавана ў Гродзенскай вобласці. Для павышэння іх кваліфікацыі прапанавана тэма “Асаблівасці прафесійнага і асобаснага росту маладога педагога”.

З аднаго боку — 50 маладых настаўнікаў з розных раёнаў вобласці, якія выкладаюць розныя прадметы, педагог-псіхолаг і выхавальнік дашкольнай установы, выхавальнік групы прадоўжанага дня. З другога боку — вопытныя настаўнікі-метадысты, выкладчыкі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, члены клуба “Крыштальны журавель”. І абодва гэтыя бакі аб’яднала агульная якасць — любоў да сваёй прафесіі.
— Менавіта такую мэту — падтрымаць маладых настаўнікаў, папоўніць іх прафесійны багаж дадатковымі ведамі і кампетэнцыямі, даць магчымасць зносін з вопытнымі педагогамі — мы ставілі перад сабой, — расказвае начальнік аддзела агульнай, сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская. — Каб нашы маладыя настаўнікі яшчэ раз пераканаліся ў правільнасці выбранага прафесійнага шляху, абмеркавалі набалелае і атрымалі адказы на гэтыя пытанні ад вопытных старэйшых калег.
Школа была арганізавана па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама пры падтрымцы Гродзенскага абласнога камітэта прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. У распрацоўцы праграмы павышэння кваліфікацыі прынялі ўдзел выкладчыкі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і члены абласнога клуба “Крыштальны журавель”.
Вучэбна-тэматычны план заняткаў быў падзелены на некалькі блокаў: арыентацыйна-інфармацыйны, філасофска-культуралагічны, псіхолага-педагагічны, прадметна-метадычны. Кожны дзень праходзілі лекцыйныя і практычныя заняткі, круглыя сталы, дзелавыя гульні, трэнінгі, майстар-класы.
У першы дзень заняткаў удзельнікі атрымалі… белыя аркушы паперы. Менавіта яны павінны былі ператварыцца ў своеасаблівыя справаздачы аб павышэнні кваліфікацыі. Кожны дзень на іх з’яўляліся водгукі, малюнкі, дыяграмы, калажы.
Старасты дзвух груп — выкладчык фізічнай культуры гімназіі № 5 Гродна Настасся Налівайка і выхавальнік дзіцячага ясляў-сада № 8 Смаргоні Юлія Міхалькевіч — адзінадушныя ў сваіх уражаннях: вельмі патрэбная школа, і патрэбны працяг такога павышэння кваліфікацыі ў наступным годзе. Для Юліі важным было знаёмства з інавацыйнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі і метадамі дыстанцыйнага навучання. Настасся адзначае, што вельмі спадабаліся зносіны з вопытнымі педагогамі, асабліва іх расказы аб уласным вопыце, магчымасць падыскутаваць.
А павучыцца маладым педагогам было ў каго! Аб патрабаваннях да сучаснага ўрока гаварылі настаўнікі-метадысты — выкладчык біялогіі з гродзенскай сярэдняй школы № 26 Ніна Корабава і намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Аскірка; аб дыстанцыйных формах навучання — настаўнік хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Сяргей Абярган; практычныя заняткі правялі пераможца конкурсу “Настаўнік года-2014” настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Жук і фіналіст конкурсу настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Ашмян Марына Дудойць; рэктар Гродзенскага ІРА кандыдат педагагічных навук Святлана Сяргейка прачытала лекцыю “Самарэалізацыя асобы педагога: каштоўнасна-мэтавыя і тэарэтыка-метадалагічныя падставы”.
На круглых сталах абмяркоўвалі стан і праблемы сучаснай школы, арганізацыю сеткавага ўзаемадзеяння і праектнай дзейнасці, інавацыі ў сістэме адукацыі і такую не менш карысную тэму, як метады і прыёмы пераадолення псіхаэмацыянальнай напружанасці настаўніка.
Гэта, так бы мовіць, праграма першай змены заняткаў, а вось другая змена — гэта спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, нефармальныя зносіны, сумесны адпачынак, экскурсіі. Правядзенне школы маладых педагогаў на базе Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната ў маляўнічым месцы Гродзенскага раёна спрыяла і вучобе, і адпачынку.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.