На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.
— Маю вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю — метадыст. Працавала ў сістэме вышэйшай школы 14 гадоў. Патлумачце, калі ласка, на падставе нарматыўнай базы, ці захаваецца ў мяне вышэйшая катэгорыя пры ўладкаванні на работу педагогам-псіхолагам у дашкольную ўстанову ці сярэднюю школу?
— Умовы і парадак прысваення кваліфікацыйных катэгорый педагагічным работнікам вызначаны Інструкцыяй аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2012 года № 101 (далей — Інструкцыя). З тэкстам Інструкцыі вы можаце азнаёміцца на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (https://edu.gov.by).
У адпаведнасці з часткай другой пункта 6 Інструкцыі кваліфікацыйная катэгорыя прысвойваецца педагагічнаму работніку па кожнай займаемай пасадзе. Згодна з пунктам 20 Інструкцыі без уліку стажу работы на пасадзе педагог-псіхолаг можа прэтэндаваць на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі, прысвоенай раней па пасадзе метадыста.
Для вырашэння пытання аб прысваенні кваліфікацыйнай катэгорыі неабходна звяртацца ў атэстацыйную камісію арганізацыі, у якой вы будзеце займаць названую пасаду.
— Просім даць тлумачэнне ў частцы выплаты прафесійнай надбаўкі кіраўнікам і іх намеснікам з ліку педагагічных работнікаў бюджэтных арганізацый, адасобленых і структурных падраздзяленняў у памеры 15% ад акладу: ці распаўсюджвае сваё дзеянне гэтая надбаўка на кіраўніка і намесніка кіраўніка дзіцячай школы мастацтваў?
— У рамках паэтапнага павышэння заработнай платы педагагічным работнікам Міністэрствам адукацыі прынята пастанова ад 20 снежня 2023 № 372, якой з 1 студзеня 2024 года ўсім педагагічным работнікам, у тым ліку педагагічным работнікам дзіцячых школ мастацтваў, устаноўлены наступныя надбаўкі: надбаўка прафесійная кіраўнікам і іх намеснікам з ліку педагагічных работнікаў бюджэтных арганізацый, у тым ліку кіраўнікам і іх намеснікам дзіцячых школ мастацтваў, у памеры 15% ад акладу; надбаўка за работу ў галіне педагагічным работнікам з ліку спецыялістаў (настаўнікам дзіцячых школ мастацтваў, акампаніятарам, канцэртмайстрам, метадыстам і іншым педагагічным работнікам з ліку спецыялістаў) у памеры 15% ад акладу.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
— Я малады спецыяліст, які адпрацоўвае размеркаванне ў ІТ-кампаніі. Па выніках перагляду стратэгіі развіцця кіраўніцтвам было прынята рашэнне аб скарачэнні штату супрацоўнікаў, і я трапіла ў спіс на скарачэнне. Наколькі мне вядома, згодна з заканадаўствам, я як малады спецыяліст трапляю ў катэгорыю супрацоўнікаў, якіх нельга скараціць. Скажыце, калі ласка, якія правы я маю ў гэтай сітуацыі і якім чынам мне трэба дзейнічаць?
— У адпаведнасці з пунктам 34 Палажэння аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572, забараняецца звальненне маладых спецыялістаў, за выключэннем шэрага выпадкаў, у тым ліку выпадку скарачэння колькасці і штату работнікаў (пункт 1 артыкула 42 Працоўнага кодэкса). У адпаведнасці з пунктам 1, падпунктам 2.2.1 пункта 2 артыкула 74 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў выпадку звальнення маладога спецыяліста ў сувязі са скарачэннем колькасці ці штату работнікаў установа адукацыі ажыццяўляе пераразмеркаванне маладых спецыялістаў у адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацыяй і (ці) ступенню. Для разгляду пытання аб пераразмеркаванні малады спецыяліст звяртаецца ва ўстанову адукацыі, якая накіравала яго на работу. Пры звароце прад’яўляюцца дакумент, які сведчыць асобу, і дакументы, якія пацвярджаюць права на пераразмеркаванне. У вашым выпадку гэта выпіска (копія) з працоўнай кніжкі.
— Вучуся ў аспірантуры. Мэтавае накіраванне мне давала сярэдняя школа — дзіцячы сад № 12 Магілёва, у якой я працавала музычным кіраўніком. Звольнілася адтуль у 2021 годзе. На час вучобы ўладкавалася працаваць выхавальнікам у дзіцячы сад № 106 Магілёва. Ці магчыма пасля заканчэння аспірантуры пераразмеркавацца ва ўстанову, дзе я зараз працую, на пасаду, якую я займаю? (Пасля УВА — кваліфікацыя “выкладчык”, пасля магістратуры — “магістр педагагічных навук”, спецыяльнасць аспірантуры — “Агульная педагогіка”.) Мне далі адказ, што пасада павінна быць не ніжэйшай за выкладчыцкую. Але я па мэтавым накіраванні працавала педагогам (музычным кіраўніком), выхавальнік — гэта педагог дашкольнай адукацыі.
У адпаведнасці з артыкулам 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі выпускнікі, якія атрымалі ў дзённай форме атрымання адукацыі навукова-арыентаваную адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, накіроўваюцца на работу ў адпаведнасці з заключанымі дагаворамі аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
— Згодна з часткай трэцяй пункта 21 Палажэння аб парадку размеркавання, пераразмеркавання, накіравання на работу, перанакіравання на работу, прадастаўлення месца работы выпускнікам, якія атрымалі навукова-арыентаваную, вышэйшую, сярэднюю спецыяльную ці прафесійна-тэхнічную адукацыю (далей — Палажэнне), зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2022 года № 572, месца работы выпускніка, што вучыўся ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якое адрозніваецца ад прадугледжанага ў гэтым дагаворы, вызначаецца ўстановай адукацыі ці дзяржаўным органам, у падпарадкаванні якога знаходзіцца ўстанова адукацыі, у выпадках, указаных у частцы другой пункта 2 Палажэння, калі выпускнік на момант накіравання на работу адносіцца да адной з катэгорый, названых у пункце 9 артыкула 72 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у парадку, устаноўленым у пункце 15 Палажэння, пры прадастаўленні
дакументаў, указаных у частцы сёмай пункта 15 Палажэння.
У выпадку, калі на момант накіравання на работу вы не адносіцеся ні да адной з катэгорый, указаных у пункце 9 артыкула 72 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, вы будзеце накіраваны на работу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Дзеючае заканадаўства ў сферы навукова-арыентаванай адукацыі не забараняе замену заказчыка ў дагаворы аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту (пры ўмове згоды ўсіх бакоў дагавора) і не вызначае пералік пасад, на якія можа быць накіраваны выпускнік, які атрымаў у дзённай форме атрымання адукацыі навукова-арыентаваную адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Згодна з артыкулам 48 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі выпускнікам, якім месца работы прадастаўлена шляхам накіравання на работу, забяспечваецца працаўладкаванне ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, прысвоенай кваліфікацый і (ці) ступенню.
Беручы пад увагу, што вы вучыцеся ў аспірантуры па спецыяльнасці 13.00.01 “Агульная педагогіка, гісторыя педагогікі і адукацыі”, лічым магчымым накіраванне на работу на пасадзе выхавальніка дашкольнай адукацыі пры ўмове замены заказчыка ў дагаворы аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
— Прашу растлумачыць, хто такі суправаджальнік дзіцяці-інваліда і з якім дыягназам дзіця можа атрымаць суправаджальніка ў школе. У сетцы інтэрнэт ёсць толькі інфармацыя аб цьютарах (чалавек з педагагічнай адукацыяй); аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да цьютараў; аб дзецях, якім назначаны цьютар. Хачу даведацца, ці трапляе мая дачка пад катэгорыю дзяцей, для якіх прадугледжаны суправаджальнік (без педагагічнай адукацыі).
— Заканадаўча дадзена магчымасць аказання дапамогі ў адукацыйным працэсе дадатковымі работнікамі ўстановы адукацыі розным катэгорыям навучэнцаў з ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (далей — АПФР).
Пунктам 21 артыкула 273 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей — Кодэкс) устаноўлена, што пры арганізацыі адукацыйнага працэсу для асобы з расстройствамі аўтыстычнага спектра з улікам структуры і ступені цяжкасці парушэння забяспечваецца яго персанальнае суправаджэнне педагагічным работнікам установы адукацыі. Персанальнае суправаджэнне на ўзроўні дашкольнай адукацыі ажыццяўляе выхавальнік дашкольнай адукацыі, на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі — выхавальнік.
У адпаведнасці з пунктам 25 Інструкцыі аб парадку стварэння спецыяльных груп, груп інтэграванага навучання і выхавання, спецыяльных класаў, класаў інтэграванага навучання і выхавання і арганізацыі адукацыйнага працэсу ў іх, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2011 года № 136, навучэнцам з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату (са значным і рэзка выяўленым парушэннем перамяшчэння ці яго адсутнасцю), невідушчым навучэнцам у класах інтэграванага навучання і выхавання дадатковымі работнікамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі аказваецца дапамога ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Пунктам 39 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2022 года № 322, у класах сумеснага навучання і выхавання прадугледжана аказанне дапамогі на вучэбных занятках, занятках памочнікам выхавальніка невідушчым навучэнцам, навучэнцам з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату (са значным ці рэзка выяўленым парушэннем перамяшчэння ці яго адсутнасцю), навучэнцам з парушэннямі маўлення, цяжкасцямі ў навучанні (з парушэннямі паводзін).
Службовыя абавязкі і кваліфікацыйныя патрабаванні па пасадах памочніка выхавальніка, выхавальніка дашкольнай адукацыі, выхавальніка, у тым ліку пры рабоце з выхаванцамі з АПФР, якія маюць патрэбу ў персанальным суправаджэнні, вызначаны выпускам 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджаным пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2020 года № 69.
Неабходнасць стварэння спецыяльных умоў для атрымання адукацыі, у тым ліку арганізацыі дапамогі ў адукацыйным працэсе дадатковымі работнікамі ўстановы адукацыі, указваецца ў заключэнні цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (далей — ЦКРНіР) па выніках псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання (артыкул 270 Кодэкса).
Пры гэтым у кожным канкрэтным выпадку вызначаецца мэтазгоднасць арганізацыі такога суправаджэння (напрыклад, наяўнасць парушэнняў, якія робяць цяжкім перамяшчэнне дзіцяці ў прасторы, непажаданыя паводзіны навучэнца і інш.).
Такім чынам, персанальнае суправаджэнне для вашай дачкі можа быць арганізавана ў выпадку, калі яна адносіцца да адной з катэгорый навучэнцаў з АПФР, названых вышэй, і пры наяўнасці адпаведных рэкамендацый у заключэнні ЦКРНіР.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА