Аб сацыяльнай паспяховасці вучняў

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця — умова забеспячэння прадпрымальнасці і сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” адбыўся на базе гімназіі № 2 і сярэдняй школы № 8 з польскай мовай навучання Ваўкавыска.

Мэтай семінара стала падрыхтоўка ўдзельнікаў інавацыйных праектаў да абагульнення і распаўсюджвання паспяховага вопыту ў дзейнасць іншых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі — удзельнікі інавацыйных праектаў “Украненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” і “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Аляксандр Анатольевіч  Лічык, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Ваўкавыска:

— У першы дзень работы семінара калектыў гімназіі прадставіў свае ўжо вядомыя праекты, такія як “Мэты ўстойлівага развіцця для ўсіх”, “Гімназічнае тэлебачанне “Гімназія TV”, акцыю-праект “Міласэрнасць”, расказаў пра арганізацыю летніх палатачных лагераў, удзел у інтэрнэт-гульні “Наша Беларусь”, а таксама пра мадэль паэтапнага ўключэння вучняў у сацыяльна значную і практычную дзейнасць, на аснове якой будуецца ўся выхаваўчая сістэма гімназіі.

Пацвярджэннем уключанасці навучэнцаў у такую дзейнасць стаў творчы практыкум “Арганізацыя сацыяльна значнай дзейнасці ў інтарэсах устойлівага развіцця мясцовых супольнасцей — умова забеспячэння ў рэгіёне сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў і педагогаў”, якую мы правялі разам з навучэнцам XI класа Ягорам Грушэвічам. Практыкум пачаўся з тэатралізаванага прадстаўлення настаўніка і вучня “Хто ж я”. Удзель­нікам неабходна было ўзгадніць уяўленне аб сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, характары яе праяўлення.

Галіна Аляксандраўна Булай, дырэктар сярэдняй школы № 8 з польскай мовай навучання Ваўкавыска:

— Праз рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі” наш калектыў вырашае задачы стварэння полікультурнага адукацыйнага асяроддзя, фарміравання камунікатыўных, этнакультурных кампетэнцый навучэнцаў. Дасягаецца гэта праз полікультурнае выхаванне навучэнцаў, непасрэдна звязанае з вывучэннем імі культуры, традыцый і звычаяў народаў, якія пражываюць у дадзеным рэгіёне, выхаванне талерантнасці і веданне розных моў. Таму нашы навучэнцы запрасілі ўдзельнікаў семінара ў віртуальнае падарожжа вакол свету. Гэтае падарожжа — а наведалі мы разам Польшчу і Францыю, Англію і гарады роднай Беларусі — дало разуменне, што няма больш прыгожага месца на Зямлі, чым тое, дзе нарадзіўся і вырас, дзе прайшло дзяцінства.

Ганна Станіславаўна Літоўка, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання:

— У нашай школе ўдзельнікі семінара на практыцы азнаёміліся з работай педагагічнага калектыву па стварэнні ўмоў для прадпрымальнасці і сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў.

На працягу дня ўдзельнікі семінара працавалі ў праблемных майстэрнях. Так, у рамках работы майстэрні “Асваенне рэсурсаў мовы — сродак здабывання культурнай ідэнтычнасці ўдзельнікамі адкрытай школьнай супольнасці” яны наведалі бінарны ўрок у IV класе па тэме “Часціны мовы: агульныя звесткі. Паўтарэнне” і факультатыўныя заняткі па польскай мове ў VIII класе па тэме “Нескланяльныя назоўнікі ў польскай і беларускай мовах”. Другая праблемная майстэрня была прысвечана асэнсаванню школьнай супольнасцю свайго “я” як часткі прыроды і культуры. Яе ўдзельнікі наведалі школьны музей “Пяць пачуццяў лесу”. Трэцяя майстэрня была прысвечана арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці ўдзельнікаў адкрытай школьнай супольнасці — навучэнцы прадставілі праекты “Гісторыя развіцця польскай адукацыі на Ваўкавышчыне ў пачатку ХХ стагоддзя” і “Спадчына Вітольда Карпызы”. Чацвёртая майстэрня паказала вынік уплыву дзіцяча-дарослых ініцыятыў на працэсы ўстойлівага развіцця мясцовай супольнасці. Адбыўся таксама практыкум “Выкарыстанне адукацыйнай тэхналогіі “дэбаты” з мэтай фарміравання полікультурнай асобы навучэнцаў” і майстар-клас “Фінансава-эканамічная гульня “Лідары Еўропы”.

Марына Іванаўна Кійко, метадыст аддзела маніторынгу і кіравання якасцю адукацыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— Падчас пленарнай дыскусіі “Інкультурацыя ўдзельнікаў адкрытай школьнай супольнасці ў адукацыйных практыках дзіцяча-дарослых ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця мясцовай супольнасці” ўдзельнікі семінара, а іх было каля 50 чалавек, прадстаўлялі практыку падтрымкі такіх ініцыятыў. Тэматычны практыкум “Кіраўніцкія механізмы ўкаранення мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” і праблемная лабараторыя “Умовы і рэсурсы фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” сталі месцам абмеркавання і вызначэння шляху развіцця інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі.

Да ўдзельнікаў семінара далучыліся намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Таццяна Віктараўна Андрушкевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама Пётр Яўгенавіч Красько, які азнаёміў прысутных з адукацыйнай прасторай раёна.

Экспертамі на семінары выступілі Віктар Стафанавіч Кулік, старшы выкладчык кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кансультант інавацыйнага праекта “Украненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, і Ірына Барысаўна Савелава, выкладчык кафедры педагогікі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, якая з’яўляецца кансультантам інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі станаўлення полікультурнай кампетэнтнасці навучэнцаў у дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Ірына Мечыславаўна Вялесік, загадчык Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета:

— Семінар дазволіў зірнуць на працэсы, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі, па-новаму, убачыць інавацыйную дзейнасць нашых педагогаў, ацаніць іх ініцыятыву і прафесіяналізм, атрымаць вопыт, якім можна скарыстацца і прымяніць у сваёй дзейнасці. Вельмі карыснымі для ўдзельнікаў семінара былі парады і кансультацыі дацэнта кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кансультанта інавацыйных праектаў С.Б.Савелавай. Софія Барысаўна адзначыла, што вопыт навучальных устаноў, якія ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць, будзе абагульнены ў метадычным выданні і  стане даступны шырокаму колу педагогаў краіны.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.