Аб стварэнні медыцынскіх класаў падпісаны дагаворы з шасцю школамі Гомельскай вобласці

- 11:08Образование

На Гомельшчыне развіта сетка профільных класаў, у раёнах і абласным цэнтры ўжо існуюць класы спартыўна-педагагічнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай, інжынернай накіраванасці. У гэтым годзе ў фармаце ўзаема­дзеяння вышэйшай і сярэдняй школы ініцыіравана міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя адкрыццё класаў з медыцынскім ухілам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Так, у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце заключылі пагадненні з прадстаўнікамі сярэдняй школы № 8, № 61 і 56-й гімназіяй імя А.А.Вішнеўскага, а таксама сярэдняй школай № 5 Рагачова і Рэчыцкай раённай гімназіяй імя В.Ф.Маргелава. Крыху раней афіцыйны дагавор аб супрацоўніцтве падпісалі дырэктар сярэдняй школы № 21 Гомеля Інеса Карпіна і рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома. Як не раз падкрэслівалася, намаганні педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі накіраваны на пытанні ранняга выбару школьнікамі прафесійнай траекторыі. І ў рамках факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў медыцынскую прафесію” выкладчыкі Гомельскага медуніверсітэта, практыкуючыя ўрачы азнаёмяць старшакласнікаў з асновамі ўрачэбнай справы і асаблівасцямі спецыяль­насцей. Для адпрацоўкі практычных навыкаў будуць задзейнічаны магчымасці ўніверсітэцкай клінікі, а таксама сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра медыцынскай УВА.

Навучэнцы сярэдняй школы № 5 Рагачова рады атрымаць магчымасць бліжэй азнаёміцца з прафесіяй урача, кіраўніцтва і педагогі нацэлены як мага больш эфектыўна праводзіць прафарыентацыйную работу. У цесным узаемадзеянні двух ведамстваў удасца паказаць дзецям высакародную і гуманную прафесію медыцынскіх работнікаў знутры.

— Разлічваем, што гэтая ініцыятыва будзе садзейнічаць таму, каб нашы навучэнцы выбіралі прафесію больш свядома, паступаючы ва ўніверсітэт, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 5 Рагачова Наталля Зарэцкая. — У першы набор медыцынскага класа залічана 9 дзесяцікласні­каў, усе яны матываваны на паступленне ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Дарэчы, адна вучаніца ўжо з’яўляецца пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”. Думаю, мэта прафарыентацыйнай работы — паспяховае і мэтанакіраванае паступленне выпускнікоў ва УВА краіны — абавязкова будзе дасягнута.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 5 Рагачова