Аб’яднаныя творчасцю і сяброўствам: у віцебскай «Вясёлцы» прынялі ўдзел больш за 1000 маладых талентаў

- 16:00АРТ-квартал, Новости

Уладальнікамі гран-пры ХІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам” сталі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль эстраднага танца і мажарэтачнага мастацтва “Холідэй” (Баранавічы, кіраўнік Тамара Колтун) і старшая група “Дабрадзея” ансамбля славянскай песні “Шчодрык” (Геленджык, кіраўнік Таццяна Федарак), паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У фантастычнай творчай феерыі, якая ўваходзіць у праграму мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прынялі ўдзел больш за 1000 маладых талентаў з Беларусі, Расіі і Турцыі. Яны прадэманстравалі свае таленты і майстэрства ў інструментальнай, вакальна-харавой, фальклорна-этнаграфічнай, харэаграфічнай, тэатральнай творчасці, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, а таксама журналістыцы і блогерстве.

Арганізатарамі любімай ужо некалькімі пакаленнямі юных артыстаў віцебскай “Вясёлкі” з’яўляюцца гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і інфармацыйны цэнтр “Ілва” пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Прывітальныя адрасы ўдзельнікам фестывалю накіравалі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк, які, дарэчы, асабіста далучыўся да фестывальных мерапрыемстваў.

Мастацтва, музыка, песня — самая ўніверсальная мова чалавецтва, — падзяліўся ўражаннямі І. Марзалюк. — Дзіцячы голас, танец, тэкст заўсёды больш шчырыя і праўдзівыя. Ён апелюе да жыцця, вечных фундаментальных каштоўнасцей і сэнсаў. Мне прыемна вітаць юных творцаў і арганізатараў ад імя парламента, сваёй камісіі ў дзівосным старажытным Віцебску. Гэта горад беларускай славы, беларускай культуры, беларускага нацыянальнага духу, які аб’ядноўвае ў сабе дух усяго славянства. Ад усёй душы жадаю фестывалю росту і даўгалецця, а дарослым і дзецям, якія маюць да яго дачыненне, — шчасця, удачы, паспяховасці ва ўсім. Бо той, хто чуе іншага, сэрцам адгукаецца на чароўныя словы музыкі, хто бачыць, чуе і захапляецца сцэнічным мастацтвам такіх маленькіх, прыгожых, цудоўных людзей, — той разумее, што самыя важныя ўніверсальныя каштоўнасці — мір і стварэнне. Гэта тое, што з’яўляецца альфай і амегай для беларускай дзяржавы.

Тэатр моды “Ніка” палаца дзяцей і моладзі Наваполацка — фактычна сямейная справа, бо кіруюць аб’яднаннем па інтарэсах маці і дачка — Алеся і Настасся Зелютковы. Прычым малодшая з педагогаў яшчэ і выпускніца палаца: у школьныя гады яна займалася тут у тэатры моды “Фэст” пад кіраўніцтвам Ганны Волкавай. Па выніках фестывалю новапалачане сталі двойчы лаўрэатамі ІІ ступені.

Нашаму калектыву амаль 5 гадоў, мы вучымся і паступова павышаем узровень, конкурсныя мерапрыемствы гэтаму добра садзейнічаюць, — расказала Н. Зелюткова. — Займаемся дэфіле і дызайнам адзення. Спачатку дзеці даследуюць зададзеную тэму і фантазіруюць, стараюцца намаляваць тое, што прыдумалі. Потым увасабляем лепшыя ідэі ў калекцыях адзення, рэпеціруем і з радасцю паказваем плён сваёй працы шырокай публіцы. Бо для нас важныя натхненне, эмацыянальны водгук, захапленне гледачоў! Калекцыя, якую прывезлі на фестываль, называецца “Сэрца Беларусі”: мы паспрабавалі перадаць, аб чым спявае душа роднай зямлі, яе прыгажосць і мову, багацце народных традыцый. Адсюль на адзенні — белы арнамент, сімвалы стваральнага агню, сям’і. Толькі роспісам дзеці займаліся на працягу некалькіх месяцаў, а ўвогуле за год выпускаем 2—3 калекцыі.

Выступленні ўдзельнікаў ацэньвалі заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, вядомыя педагогі Беларусі і Расіі; узначаліла журы Наталля Банава, народная артыстка Расійскай Федэрацыі. Спецыяльныя падарункі пераможцам падрыхтавала Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

У Віцебск на “Вясёлку” мы прыязджаем штогод, не ўяўляем творчы расклад без гэтага фестывалю, — прызналася педагог сярэдняй школы № 6 Полацка Ала Скуматава. — Па спецыялізацыі я выкладчык па класе баяна, але зараз сюды прывезла не баяністаў, а выдатны школьны ансамбль лыжкароў. За восем гадоў існавання нашы “Калатушкі” ператварыліся ў візітную картку ўстановы адукацыі, гэта падрос ужо другі склад. Мы многа выступаем, нас нязменна падтрымліваюць адміністрацыя школы і бацькі, цёпла сустракаюць гледачы і не абыходзіць увагай журы — напрыклад, па выніках VI Міжнароднага тэлевізійнага праекта “Кубак дружбы” мы ўзнагароджаны дыпломам І ступені. Такую ж высокую ацэнку атрымалі і на гэтым фестывалі, вялікая радасць! Збіраліся прывезці на конкурс адзін нумар, вальс з кінафільма “Сцеражыся аўтамабіля”, а ў працэсе арганізатары папрасілі яшчэ падрыхтаваць адзін з самых рамантычных твораў Юбера Жыро “Пад небам Парыжа”. Адразу мы нават разгубіліся крыху, ператэлефанавалі ў Віцебск, спыталі: “Можа, вы памыліліся? Дзе беларускія лыжкі і дзе Парыж?!” І ўсё ж пагадзіліся паспрабаваць, для людзей творчых гэта такі матывуючы выклік! Атрымалася, напэўна, нядрэнна. Кожны год спрабуем нешта новае і не спыняемся, каб дзецям было цікава.

Усяго за гады існавання фестываль “Вясёлка над Віцебскам” аб’яднаў у дружбе і творчасці мноства ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі, Малдовы, Ізраіля і іншых краін. У гэтым годзе ўпершыню ў яго рамках адбыўся фестываль-конкурс рускай культуры “Вытокі”-Беларусь.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара