Аб’яўлена амністыя ў сувязі з 75-годдзем Перамогі

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў прыняты парламентам закон “Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Амністыя з’яўляецца праяўленнем гуманізму з боку дзяржавы да грамадзян, якія ўчынілі злачынствы, і аб’яўляецца, як правіла, у сувязі з асабліва памятнымі падзеямі ў гісторыі краіны.

У законе вызначаны катэгорыі грамадзян, якія падля­гаюць вызваленню ад пакарання: непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, асобы пенсіённага ўзросту, інваліды I і II групы, ветэраны баявых дзеянняў, асобы, якія атрымалі раненні ў перыяд праходжання службы, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асуджаных і абвінавачаных. Паводле даных Міністэрства ўнутраных спраў, колькасць такіх грамадзян складзе амаль 5,4 тысячы чалавек.

Асобным катэгорыям асуджаных, якія не падлягаюць поўнаму вызваленню ад крымінальнай адказнасці, прадугледжваецца скарачэнне тэрміну пакарання ў выглядзе пазбаўлення або абмежавання волі на 1 год. Іх колькасць складзе амаль 6,4 тысячы чалавек. У сувязі са знакавай гістарычнай датай і кіруючыся гуманным падыходам, у адрозненне ад папярэдняй амністыі 2019 года, кола такіх асоб пашырана за кошт грамадзян, асуджаных за карупцыйныя злачынствы, а таксама за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (за выключэннем паўналетніх, асуджаных за нарказлачынствы, што ўчынены ў складзе арганізаванай групы або з выкарыстаннем лабараторнага абсталявання, а таксама прывялі да смерці чалавека).

Разам з тым амністыя не дапускае сітуацыі, калі могуць быць пастаўлены пад пагрозу інтарэсы стабільнага прававога парадку і грамадскай бяспекі. Таму ў законе дакладна вызначаецца пералік катэгорый грамадзян, якія ўчынілі злачынствы, на якіх амністыя не распаўсюджваецца.