Абліччы ХХІ стагоддзя

- 10:48Навіны рэгіёнаў

У Верхнядзвінску адкрылася школа будучыні

Сучасная, высокатэхналагічная, камфортная, бяспечная, утульная — пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй сярэднюю школу № 2 райцэнтра не пазнаць. Змяненні відаць з першых крокаў па прышкольнай тэрыторыі.

Адразу прыцягвае ўвагу малая архітэктурная форма — вялікая пропісь з пяром і чарніліцай. Навучанне ў першым класе пачынаецца з алфавіта і самых важных для дзіцяці слоў: мама, тата, Радзіма — яны і занатаваны на першай старонцы незвычайнай пропісі. А на другой акуратным почыркам старанна выведзены вялікі сказ: “Я люблю свой горад Верхнядзвінск”. Пяро з чарніліцай — невялікі экскурс у гісторыю адукацыі і сімвал пераемнасці пакаленняў. Характэрна, што ідэя і ўвасабленне цікавага помніка належаць ветэрану педагагічнай працы: падарунак школе да новага навучальнага года зрабіла народны майстар Тамара Іосіфаўна Заляціла, у недалёкім мінулым — загадчык дзіцячага сада ў аграгарадку Шайцерава.

Кажуць, пабачыць падвойную вясёлку — добрая прымета на ажыццяўленне самых запаветных жаданняў. Шыкоўная кветкавая вясёлка на школьных клумбах і альпійскіх горках ззяе-пераконвае: усе смелыя планы верхнядзвінскіх педагогаў і іх вучняў абавязкова здзейсняцца. А ў тым, што мары спраўджваюцца, настаўнікі і школьнікі ўжо пераканаліся 1 верасня. Ад старога будынка засталіся нават не сцены — хіба што нясучыя канструкцыі. Па-сучаснаму прывабным стаў яго знешні выгляд, уцеплены сцены, адрамантаваны сталовая з харчаблокам (для яго набыта новае тэхналагічнае абсталяванне), адноўлены гардэроб, калідоры, лесвіцы і фае, класы, лабараторыі і вучэбныя майстэрні. Устаноўлены на даху геліякалектар забяспечвае школу гарачай вадой і абяцае ў перспектыве значную (па ацэнцы спецыялістаў, амаль у тры разы) эканомію энергарэсурсаў. Прадумана, з густам і ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі падабраны элементы інтэр’ера, нават унутраная колеравая гама выклікае захапленне — стрыманая пастэльная раскоша пяшчотна-ружовага, персікавага, светла-зялёнага, лавандавага адценняў дае адчуванне камфорту, нязмушана настройвае на працу і творчасць.

На радасць дарослым і дзецям аднавіліся класныя кабінеты — пачынаючы партамі і заканчваючы шафамі і стэндамі. Безумоўна, гордасць школы будучыні — вучэбнае абсталяванне. Як паведаміла дырэктар установы Святлана Драздова, ва ўсе кабінеты пачатковых класаў набыты тэлевізары і камп’ютары. З новага і цікавага — інтэрактыўныя дошкі (манаблок дазваляе сумясціць магчымасці такой дошкі і камп’ютара), тры перасовачныя мультыборды, два звычайныя камп’ютарныя класы і адзін перасовачны — з ноўтбукамі. У новых кабінетах фізікі і хіміі — адкрытая прастора для правядзення доследаў на сучасным лабараторным абсталяванні. Аматараў астранамічных таямніц магнітам прыцягвае новы лічбавы тэлескоп, пры дапамозе якога можна назіраць за любым аб’ектам зорнага неба. Самы папулярны ў навучэнцаў на сёння, напэўна, новы кабінет робататэхнікі з камплектамі абсталявання двух узроўняў складанасці для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Запланавана набыццё камплекта, разлічанага на старшакласнікаў.

У Дзень ведаў на ўрачыстую лінейку ў школу завіталі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. Мікалай Шарстнёў уручыў дырэктару школы сертыфікат на набыццё камп’ютарнага класа. Звяртаючыся да навучэнцаў, кіраўнік вобласці падкрэсліў: каб прыгажэла і квітнела Бацькаўшчына, усім неабходна прыкласці намаганні. Менавіта сённяшнія школьнікі — будучыня Верхнядзвінска, яго клопат і надзея. Быць патрэбным роднай зямлі, свайму народу — гэта павінна стаць мэтай жыцця кожнага. У сваю чаргу прадстаўнікі ўлады будуць рабіць усё магчымае для стварэння ва ўстановах адукацыі моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая дапаможа дзецям атрымліваць максімум ведаў, быць лепшымі ў вучобе, а ў далейшым — і ў выбранай прафесіі. Падарункам установе адукацыі ад раённага органа выканаўчай улады стаў сертыфікат на набыццё лінгафоннага кабінета, уручаны старшынёй райвыканкама Ігарам Марковічам.

— Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву вобласці і раёна, органам кіравання адукацыяй за мэтанакіраваную і паслядоўную работу па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу, умоў вучобы, працы і адпачынку дзяцей, — не хавае радаснай узрушанасці дырэктар. — Шчыры дзякуй будаўнікам Полацксельбуда і ТАА “Новбелагро”, нашаму працоўнаму калектыву, навучэнцам і бацькам, рукамі якіх адрамантавана і добраўпарадкавана школа. У нас моцныя традыцыі трывалых ведаў, творчых і спартыўных дасягненняў. Нашы дзеці штогод дэманструюць дастойныя вынікі ў вучобе. Напрыклад, сёлета залатыя медалі ўручаны чатыром выпускнікам, на цэнтралізаваным тэсціраванні па 8 вучэбных прадметах з 11 нашы выпускнікі атрымалі бал вышэйшы за сярэднерэспубліканскі. Упэўнена, што адноўленая вучэбна-тэхналагічная база стане асновай для далейшага развіцця, новых поспехаў і больш высокіх перамог.

На працягу многіх гадоў Верхнядзвінская школа ўтрымлівае лідарскія пазіцыі ў круглагадовай раённай спартакіядзе сярод навучэнцаў. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце (і, дарэчы, выпускніцы школы) Алены Слямнёвай, росту папулярнасці фізкультуры, спорту і здаровага ладу жыцця садзейнічаюць прафесіяналізм і асабісты прыклад педагогаў, а таксама ўдалае размяшчэнне ўстановы — побач з ёй знаходзіцца вялікі сучасны стадыён. Цяпер рэсурсная база для пакарэння новых спартыўных вышынь выйшла на якасна новы ўзровень. Набыта сучаснае турыстычнае абсталяванне, грунтоўна арамантаваны і абсталяваны спартыўная і трэнажорная залы, цір, з’явілася вулічная пляцоўка для заняткаў варкаўтам. Побач з ёй — новая дзіцячая пляцоўка: у пачатковых класах вучыцца больш за 200 хлопчыкаў і дзяўчынак, працуе група прадоўжанага дня, непадалёк — дзіцячы сад. Для ўсіх юных верхнядзвінцаў гэта цудоўны падарунак.

У рэйтынгу раённага цэнтра дзяцей і моладзі па выніках удзелу ў выхаваўчых мерапрыемствах школа займае 1-е месца. Многія жыхары раёна добрым словам успамінаюць валанцёраў школьнага атрада “Вясёлка” — ён, дарэчы, сярод лепшых у вобласці. Навучэнцы займаюцца ў 15 гуртках і аб’яднаннях па інтарэсах розных профіляў і напрамкаў. Пасля рамонту юныя артысты не нарадуюцца актавай зале з новай мэбляй, гукавой апаратурай і светлавым абсталяваннем, юныя экскурсаводы — адноўленаму музею, юныя інспектары — новай пляцоўцы для вывучэння правіл дарожнага руху. Новы гурток адкрыты пры кабінеце робататэхнікі. Усе навінкі — агульны набытак калектыву, яны будуць задзейнічаны ў арганізацыі і правядзенні не толькі школьных, але і раённых, абласных мерапрыемстваў.

Бяспецы дзяцей, фарміраванню навыкаў бяспечных паводзін надаецца прыярытэтнае значэнне. Школьнікаў вучаць правільна дзейнічаць не толькі на дарозе, але і ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Для адпрацоўкі навыкаў штучнага дыхання і аказання першай медыцынскай дапамогі набыты спецыяльны трэнажор, які адразу паказвае, калі штосьці зроблена няправільна. Імітатар раненняў і паражэнняў дазваляе зрабіць падрыхтоўку яшчэ больш якаснай і эфектыўнай.

У прыятытэце школы і дапамога ў прафесійным самавызначэнні. Па папулярнасці ў дзяўчат гурток абслуговай працы — у ліку найпершых. Іначай і быць не можа, таму што на гэтых занятках вучаць карыснай для кожнай гаспадыні швейнай справе, а пра ўзровень падрыхтоўкі і якасці вырабленых юнымі майстрыхамі сувеніраў сведчаць шматлікія перамогі на выставах, аглядах і конкурсах. Сёлета на базе школы пачалася дапрофільная падрыхтоўка — навучэнцы старшых класаў будуць асвойваць асновы спецыяльнасцей швачкі і сталяра. Новы клас працоўнага навучання абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Тут устаноўлены 3D-прынтар, лазерна-гравіравальны і лазерна-фрэзеравальны станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Пасля падрыхтоўкі ў навучэнцаў будзе магчымасць сваімі рукамі стварыць практычна любы сувенір ці мадэль, зрабіць гравіроўку на дрэве, шкле, пластыку, метале. Прастора для творчасці адкрытая! Праводзіць вучэбныя заняткі і кіруе гуртком неардынарны, творчы малады педагог, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў Мікалай Казакоў. Разам з ім з верасня ў школу прыйшлі працаваць яшчэ два маладыя спецыялісты — настаўніца замежнай мовы Кацярына Кулакова і інжынер-праграміст Дзяніс Маеўскі.

— Наша агульная першачарговая мэта — стварыць спрыяльную адукацыйную прастору для выяўлення здольнасцей, усебаковага развіцця і самарэалізацыі навучэнцаў, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ларыса Латышонак. — Школа працуе з 1944 года, існуючы будынак узведзены ў 1976, а цяпер мы будзем святкаваць яшчэ адзін дзень нараджэння. Падзея сапраўды знакавая і для педагогаў, маіх сённяшніх калег, і тых, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і для выпускнікоў, і для навучэнцаў, якіх у нас больш за 500, і для іх бацькоў. У нас вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі з рознымі магчымасцямі — установа адукацыі з’яўляецца апорнай для навучання дзяцей з АПФР, для высокаматываваных дзяцей арганізавана профільнае навучанне. Пра кадравы склад найперш хачу сказаць, што ён моцны і стабільны. З 53 педагогаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 57 працэнтаў, першую— 21 працэнт, ёсць выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прычым палова настаўнікаў — нашы выпускнікі. Пра наступную змену клапоцімся сёння ўсім калектывам. У 7—8 класах працуюць профільны гурток і факультатыў “Увядзенне ў педагагічную прафесію”. У старшых класах гэтая работа працягваецца: мы выпусцілі адну педагагічную групу і набралі другую. Спадзяёмся, што гэтыя навучэнцы набудуць профільныя спецыяльнасці і таксама вернуцца працаваць у родную школу.

Наперадзе школы будучыні — новыя нестандартныя ідэі, грандыёзныя планы і амбіцыйныя праекты. Кіраўніцтва вобласці паставіла перад калектывам канкрэтную задачу: адноўленая база школы не самамэта, яе трэба напаўняць зместам, таму ўвод аб’екта ў эксплуатацыю — гэта толькі кропка адліку. Новыя рэсурсы неабходна асвоіць, максімальна задзейнічаць у адукацыйным працэсе і развівацца далей.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.