Абмяняліся эфектыўным вопытам

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Настаўнікі павінны займацца пастаяннай самаадукацыяй і вучыцца на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці. Для гэтага існуюць курсы павышэння кваліфікацыі, праводзяцца тэматычныя фестывалі, конкурсы, канферэнцыі. Важную ролю ва ўдасканаленні педагагічнага майстэрства адыгрываюць прадметныя раённыя метадычныя фарміраванні.

Надзвычай цікава на базе Маларыцкай раённай гімназіі прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі, на якім абмяркоўвалася роля міжпрадметных сувязей у аптымізацыі адукацыйнага працэсу пры правядзенні ўрокаў па гэтым прадмеце. Эфектыўным вопытам работы дзяліліся кіраўнік РМА Генадзь Піпко з сярэдняй школы № 2 Маларыты, Раман Морскі з сярэдняй школы № 1 Маларыты, Мікалай Кірычук з Хаціслаўскай сярэдняй школы, Сяргей Сай з Радзежскай сярэдняй школы і Сяргей Карабчук з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Педагогі дапрызыўнай падрыхтоўкі Маларытчыны наведалі адкрыты ўрок па тэме “Стралковая зброя”, які правёў у 10 класе старшы лейтэнант запасу Леанід Лук’янчук. Урок атрымаўся не толькі насычаным і цікавым, але і практыка-арыентаваным, чаму садзейнічалі нагляднасць і тэматычныя відэаматэрыялы. Дзесяцікласнікі працавалі з падручнікам, адказвалі на пытанні, разгадвалі крыжаванкі і замацоўвалі набытыя веды на практыцы. У гэтым вучням дапамагаў начальнік паста сувязі пагранічнай камендатуры “Маларыта” Сяргей Косік, які прыйшоў на ўрок з некалькімі сапраўднымі аўтаматамі АК-74. Сяргей Мікалаевіч дапамагаў старшакласнікам разбіраць і збіраць аўтаматы, адказваў на пытанні дзяцей.

— Леанід Лук’янчук — адзін з самых вопытных настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі Маларытчыны, — расказала метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Аксана Мішчук. — Ён вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме і Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай па спецыяльнасці “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца”. Пачынаў настаўнічаць у школах Маларыты. Чатыры гады выкладаў чарчэнне і працу ва ўстановах адукацыі Мангольскай Народнай Рэспублікі. Пасля вяртання ў родны горад працаваў у розных школах. На рахунку настаўніка вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі шмат узнагарод рознага ўзроўню. Леанід Лук’янчук ніколі не шкадаваў, што стаў настаўнікам і прысвяціў жыццё рабоце з дзецьмі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.