Абуджэнне экалагічнай свядомасці

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Мы жывём ва ўнікальным месцы, на беразе самага прыгожага і вялікага вадаёма Беларусі — возера Нарач. Натуральна, што для нас экалогія не проста частка вучэбнага працэсу — гэта лад жыцця. Таму ў нарачанскай сярэдняй школе № 2 дзейнічае экалагічны клуб. Калі дзеці хочуць рэалізаваць свой асобасны патэнцыял, удзельнічаць у экалагічных акцыях, семінарах, валанцёрскіх летніх лагерах, міжнародных канферэнцыях, калі хочуць стаць неабыякавымі людзьмі, змяніць нешта да лепшага ў сабе і вакол сябе, то яны прыходзяць у экалагічны клуб ЮНЕСКА “Абуджэнне”.

Экалагічны клуб “Абуджэнне” ў нарачанскай сярэдняй школе № 2 з’явіўся ў 1994 годзе. У 1996 годзе ён уступіў у Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА і стаў паўнапраўным яе членам. Працуючы ў экалагічным напрамку, члены клуба “Абуджэнне” — а гэта самыя актыўныя, крэатыўныя дзеці з лідарскімі задаткамі і якасцямі — знаходзяць прымяненне сваім здольнасцям, раскрываюць новыя магчымасці рэалізацыі інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу, атрымліваюць новыя веды. Такая дзейнасць выхоўвае вучняў грамадзянамі сваёй краіны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Мы працуем на будучыню.

Клуб накіроўвае свае намаганні на фарміраванне экалагічнай культуры школьнікаў, правільнага стаўлення да роднай прыроды. Пры арганізацыі экалагічнай работы з вучнямі актыўна выкарыстоўваюцца такія інтэрактыўныя прыёмы, як “роўны навучае роўнага”, асветніцкія акцыі, інтэрактыўныя семінары. Тэхналогія “роўны навучае роўнага” карыстаецца вялікай папулярнасцю ў маладзёжным асяроддзі, бо падлеткі схільны давяраць інфармацыі, якая ідзе ад іх равеснікаў. Многія вучэбныя заняткі ў клубе праводзяцца ў форме інтэрактыўнага семінара. Інтэрактыўны семінар характарызуецца раўнапраўнай, прыязнай і дынамічнай атмасферай, разнастайнасцю выкарыстаных прыёмаў. Вынікам з’яўляецца не толькі атрыманне новых экалагічных ведаў, але і адпрацоўка новых навыкаў, якія тычацца як тэмы, што вывучаецца, так і спосабаў зносін, узаемадзеяння паміж навучэнцамі. Асветніцкія экалагічныя акцыі — гэта эфектыўныя формы работы з навучэнцамі розных узростаў у нашым экалагічным клубе. Асветніцкія экалагічныя акцыі накіраваны на прыцягненне ўвагі да праблемы, стымуляванне цікавасці да праблемы, на развіццё матывацыі да здзяйснення дзейнасці.

З 2012 года курортны пасёлак Нарач удзельнічае ў міжнароднай кліматычнай акцыі “Гадзіна Зямлі”. Ініцыятарам яе правядзення ў пасёлку стаў менавіта клуб “Абуджэнне”. Штогод актыўны ўдзел у акцыі прымаюць гасцінічны комплекс “Нарач”, навукова-вучэбны цэнтр “Нарачанская біялагічная станцыя імя Г.Г.Вінберга”, а таксама нарачанская сярэдняя школа № 2. Падсветка гэтых будынкаў на адну гадзіну адключаецца ў дзень правядзення кліматычнай акцыі.

Традыцыйным стала правядзенне экалагічных акцый “Мурашнік”, “Кармушка”, “Крыніца”. Кожны год вясной дзеці бяруць актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах і экалагічных акцыях, якія праводзяцца Нацыянальным паркам “Нарачанскі” на тэрыторыі пасёлка.

Праектная дзейнасць з’яўляецца прыярытэтнай для клуба. Экалагічны клуб “Абуджэнне” займаецца рэалізацыяй многіх праектаў. Яго члены зацікавіліся школьным праектам па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі SРARE. Дзякуючы гэтаму праекту навучэнцы атрымліваюць інфармацыю аб энергазберажэнні і аднаўляльных крыніцах энергіі. Таксама клуб працуе па праектах “Разумнае спажыванне”, “Энергетычная палітыка сям’і”. Мы прапагандуем экалагічна дружалюбны лад жыцця, актыўна працуем са спажыўцамі над праблемай празмернага спажывання. У рамках праекта ўкараняем станоўчыя практыкі спажывання, праводзім інфармацыйныя мерапрыемствы, акцыі, тэматычныя творчыя конкурсы. Наш клуб прымае ўдзел у рэалізацыі праекта “Назіранне за рэкамі”, ініцыіраванага Цэнтрам экалагічных рашэнняў Мінска.

Клуб “Абуджэнне” сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і карпарацыяй “Стрыт Ло” (ЗША) рэалізаваў праект “Экалагічны куток у школе”. Была зроблена кветкавая клумба і лаўкі, пасаджаны 105 саджанцаў (па колькасці членаў клуба).

Школьнікамі быў рэалізаваны даследча-краязнаўчы праект “Сем цудаў Нарачанскага краю”. Мы вырашылі вывучыць гісторыю самых вядомых славутасцей роднай старонкі, стварыць уласную карту-даведнік, падрыхтаваць сваіх экскурсаводаў-гідаў для экскурсійных тураў і паездак для навучэнцаў нашай школы, іншых школ раёна і гасцей нашага краю.

Многія экалагічныя мерапрыемствы клуб плануе зыходзячы з праграмы “Экалагічны школьны каляндар”, якая ўяўляе сабой план дзейнасці калектыву педагогаў і навучэнцаў на працягу навучальнага года, накіраваны на экалагічнае выхаванне моладзі. Амаль да кожнай экалагічнай даты выпускаюцца бюлетэні, змяшчаецца асветніцкая інфармацыя на экалагічны стэнд клуба. Праграма “Экалагічны школьны каляндар” з’яўляецца творчай, бо накіравана і на развіццё творчых магчымасцей яго ўдзельнікаў, і на паглыбленне ведаў пра навакольны свет, засваенне духоўнай і культурнай спадчыны роднага краю.

Людміла САЛАВЕЙ,
настаўніца пачатковых класаў, куратар экалагічнага клуба
ЮНЕСКА “Абуджэнне” нарачанскай сярэдняй школы № 2.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.