Ад фундаментальных даследаванняў — да прыкладных распрацовак

- 15:29Навука і інавацыі

Хімічны факультэт БДУ — адзін з самых навукаёмістых ва ўніверсітэце. Тут працуюць 26 дактароў навук, і ў кожнага — свая галіна навуковых даследаванняў, свая каманда, свае дасягненні. Дэкан — прафесар Дзмітрый Вадзімавіч Свірыдаў — з’яўляецца членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, што не так часта сустракаецца ў вышэйшай школе. І свае распрацоўкі ён ажыццяўляе тут, на факультэце, далучаючы да іх у тым ліку аспiрантаў i студэнцкую моладзь.

Як паведаміў Дзмітрый Свірыдаў, навуковыя інтарэсы сучаснага хімічнага факультэта (летась ён справіў сваё 85-годдзе) звязаны з двума асноўнымі трэндамі: гэта распрацоўка новых матэрыялаў і даследаванні ў галіне стварэння новых біялагічна актыўных рэчываў. Менавіта на скрыжаванні гэтых напрамкаў тут вядзецца работа па стварэнні кіруемых кантэйнерных сістэм.

— Маюцца на ўвазе кантэйнеры памерам некалькі дзясяткаў нанаметраў (не больш за 1 мкм), — тлумачыць Дзмітрый Вадзімавіч, які кіруе новым напрамкам даследаванняў. — Гэтыя кантэйнеры могуць утрымліваць актыўныя рэчывы і выпускаць іх у навакольнае асяроддзе пры знешніх уздзеяннях. Такімі ўздзеяннямі можа быць светлавое апраменьванне або працяканне хімічных рэакцый цi змяненне кіслотнасці асяроддзя.
Згаданы напрамак даследаванняў развіваецца на хімічным факультэце апошнія 5 гадоў. За гэты час створаны цэлы шэраг цікавых кантэйнерных сістэм, якія могуць прымяняцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, у медыцыне і г.д.

— Калі пакрыць падложку кантэйнерамі, якія ўтрымліваюць, напрыклад, гарманальныя прэпараты, то, выпускаючы іх, можна кіраваць ростам клетак, — тлумачыць Дзмітрый Вадзімавіч. — Або лазерным промнем акрэсліць месца, дзе павінен вырасці нерв, і клеткі адпаведным чынам дыферэнцыруюцца — з’явіцца нерв. Кантэйнеры могуць мець і больш простае прымяненне. Напрыклад, яны ўтрымліваюць дэзынфіцыруючае рэчыва. Пры кароткачасовым апраменьванні паверхня, высланая такімі кантэйнерамі, умомант становіцца стэрыльнай. У выпадку асаблівай неабходнасці ў памяшканнях асаблівай небяспекі (пры рабоце з біялагічнымі рэчывамі, патагеннымі мікраарганізмамі, вірусамі і г.д.) не трэба доўга “смажыць” іх ультрафіялетам, дастаткова ўключыць святло неабходнай даўжыні хвалі — і кантэйнеры адкрыюцца, апрацаваныя паверхні будуць стэрылiзаваны.

У мінулым годзе Дзмітрый Вадзімавіч Свірыдаў быў узнагароджаны медалём памяці акадэміка М.М.Эмануэля, які заснаваны Расійскай акадэміяй навук, МДУ імя М.В.Ламаносава і Міжнародным фондам “Навуковае партнёрства”. Гэтая прэстыжная навуковая ўзнагарода прысуджаецца за значныя тэарэтычныя, эксперыментальныя і прыкладныя даследаванні, распрацоўкі, вынаходкі і адкрыцці ў галіне фізіка-хімічнай біялогіі, хімічнай кінетыкі, біятэхналогіі і біяхімічнай фізікі. Штогод такі медаль уручаецца двум расійскім і аднаму замежнаму вучонаму. Дзмітрый Вадзімавіч Свірыдаў стаў другім беларускім хімікам, які атрымаў такую высокую навуковую ўзнагароду.

Гэта прыклады кіравання кантэйнерамі з дапамогай святла, але яны могуць кіравацца шляхам працякання хімічных рэакцый.

— Можна ўвесці такія кантэйнеры, напрыклад, у фарбу, — расказвае Дзмітрый Свірыдаў. — Яны ўтрымліваюць у сабе каразійны інгібітар (рэчыва, якое падаўляе карозію), надзейна ізаляваўшы яго ад навакольнага асяроддзя, і будуць захоўвацца ў рэжыме чакання да таго часу, пакуль на фарбаванай паверхні не пачнуцца каразійныя працэсы. Пад іх уздзеяннем абалонка кантэйнера, адчувальная да адпаведных хімічных працэсаў, раскрыецца, вызваліць інгібітар — і гэта спыніць каразійны працэс.

Дзмітрый Вадзімавіч паведаміў, што распрацоўка кантэйнерных сістэм пачалася на хімічным факультэце з мэтай адраснай дастаўкі лекаў. Спачатку з’явіліся кантэйнеры, якія біялагічна з’ядаюцца. Потым вынайшлі кантэйнеры, адчувальныя да розных хімічных працэсаў. А пазней вучоным удалося дабіцца таго, што яны атрымалі яшчэ і фотаадчувальнасць.

З чаго зроблены кантэйнеры?

— Безумоўна, у сваіх даследаваннях мы абапіраемся на традыцыі, на тыя работы, якія праводзіліся на хімічным факультэце многія гады, — расказвае дэкан. — Тут даўно даследуюцца фотаадчувальныя паўправадніковыя матэрыялы, і маленькія порыстыя шарыкі ці тонкія плёнкі з дыяксіду тытану ў спалучэнні з палімернымі мембранамі дазваляюць ствараць фотаадчувальныя кантэйнерныя сістэмы. Яны могуць быць адчувальнымі да розных спектральных дыяпазонаў. Намі былі прадэманстраваны кантэйнеры, якія адкрываюцца бачным святлом, ультрафіялетам, інфрачырвоным выпраменьваннем. Гэта дазваляе ствараць складаныя канструкцыі для самых розных прымяненняў.

Распрацоўка кантэйнерных сістэм, якая вядзецца на хімічным факультэце, наглядна паказвае, як літаральна на вачах фундаментальны напрамак даследаванняў становіцца прыкладным і ў хуткай будучыні абяцае перарасці ў нешта яшчэ большае.

— Сёння мы працуем з іншымі навукова-даследчымі групамі над стварэннем падложкі, якая дазваляла б пры дапамозе лазернага промня кіраваць працэсамі вырошчвання клетак для наступнай перасадкі пацыентам, — расказвае Дзмітрый Свірыдаў. — Такім чынам, мы ўжо прайшлі стадыю фундаментальных даследаванняў і зараз працуем над тым, каб перадаць медыцыне канкрэтныя распрацоўкі для ўкаранення. Вядома, для гэтага патрэбен час. Улічваючы ўзровень часопісаў, дзе мы публікуем свае вынікі, тое, як міжнародная навуковая грамадскасць успрымае нашы распрацоўкі, як лёгка мы ўстанаўліваем кантакты, можна меркаваць, што мы знайшлі вельмі перспектыўны напрамак даследаванняў.

Каманда хімічнага факультэта актыўна ўзаемадзейнічае з установамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з Інстытутам Макса Планка (Патсдам), бальніцай Шарытэ (Берлін), Iнстытутам хiмiчнай фiзiкi iмя М.М.Сямёнава (Масква), універсітэтам ІТМО (Санкт-Пецярбург) і іншымі навуковымі і навукова-практычнымі цэнтрамі. Кантакты ўсталёўваюцца імгненна, і гэта дае надзею на хуткі поспех.

— Трэба сказаць, што хімікі традыцыйна выступаюць у якасці інтэгратараў навукі, — гаворыць Дзмітрый Вадзімавіч. — Мы ў стане інтэграваць фізікаў з іх інструментарыем, біёлагаў і медыкаў з іх спецыфікай і іх інтарэсамі, матэматыкаў з іх магчымасцямі апісаць неабходныя працэсы. У нас ёсць вялікая колькасць прыкладаў, дзе такая інтэграцыя прывяла да вельмі перспектыўных вынікаў.

Безумоўна, хімічны факультэт БДУ не мог бы кааперыравацца з сур’ёзнымі навуковымі цэнтрамі, калі б тут не выконваліся распрацоўкі сусветнага ўзроўню па перадавых напрамках навукі.

— Быць на перадавой складана, — прызнаецца дэкан. — І не таму што існуе моцная канкурэнцыя, а таму што нашы замежныя калегі валодаюць значна большымі рэсурсамі, чым мы. Толькі правільная пастаноўка задач, удала выбраныя падыходы і апора на велізарныя матэрыялазнаўчыя дасягненні хімічнага факультэта дазваляе нам выконваць работы на самым высокім узроўні.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.