Ад гульні да адукацыйнага праекта

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Пераможцы конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” вызначаны ў Оршы

Займальнае візуальнае аб’ектна-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе праграмавання набывае ўсё большае распаўсюджванне сярод навучэнцаў малодшых і сярэдніх класаў. Сёлета цікавасць да конкурсу, арганізатарамі якога другі год выступаюць упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама і адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій, праявілі ўсе рэгіёны рэспублікі.

Колькасць удзельнікаў дыстанцыйнага этапу ў параўнанні з мінулым годам вырасла ў 1,6 разу: на разгляд журы паступіла 481 работа навучэнцаў з Мінска, Оршы, Віцебска, Гомеля, Ліды, Гродна, Докшыц, Наваполацка і Барані. Рэкордную актыўнасць праявілі канкурсанты з Мінска і Віцебскай вобласці, якія прадставілі 119 і 158 праектаў адпаведна. З устаноў адукацыі варта адзначыць сярэднія школы № 45 Віцебска (21 работа), № 17 Ліды і № 40 Мінска (па 17 работ), № 15 Барані і № 21 Оршы (па 10 работ), Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі (13 работ). У конкурсе з’явілася новая намінацыя — “Юны Scratch-распрацоўшчык”, а самай папулярнай з чатырох намінацый аказалася “Камп’ютарная гульня” (205 заявак). Пасля ацэнкі пададзеных матэрыялаў журы на чале з начальнікам аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандрам Кандратовічам назвала імёны 8 фіналістаў у кожнай намінацыі, а пераможцы вызначыліся ў ходзе публічнай абароны праектаў. У выніку самы ўнушальны камплект узнагарод заваявалі мінчане: два дыпломы І ступені, адзін — ІІ і два — ІІІ, у тым ліку 1-е месца ў намінацыях “Камп’ютарная гульня” (Аляксандр Барысаў з сярэдняй школы № 154) і “Адукацыйны праект” (Валерыя Галаўнёва з сярэдняй школы № 80). У намінацыі “СветМульці” пераможцам стаў Мікіта Крыўцоў з гімназіі № 2 Оршы, а лепшым юным Scratch-распрацоўшчыкам прызнаны Іван Шацілаў з сярэдняй школы № 61 Гомеля. Уладальнікі дыпломаў I, II і III ступеняў атрымалі каштоўныя прызы: планшэты, смартфоны і 3D-акуляры, ноўтбукі. Спецыяльным прызам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адзначаны адукацыйны праект шасцікласніка сярэдняй школы № 2 Докшыц Мікіты Хілько. У рамках конкурсных мерапрыемстваў упершыню ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць пагутарыць са сваімі равеснікамі з устаноў адукацыі Оршы і прэзентаваць ім свае работы, а таксама азнаёміцца з дзіцячай IT-акадэміяй “КомпАС” і папрысутнічаць на спаборніцтвах па робататэхніцы сярод навучэнцаў школ Оршы, якія правёў Аляксандр Францкевіч, член журы конкурсу, выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Таццяна БОНДАРАВА.