Выхаванне пры дапамозе працоўнага навучання, далучэнне вучняў да праектнай дзейнасці і музейнай педагогікі — гэта тыя кірункі дзейнасці педагогаў Жлобінскага раёна, з якімі журналісты Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” азнаёміліся падчас прэс–туру па Гомельскай вобласці.
Наш ураджай
Пачалося знаёмства з наведвання Бабоўскай сярэдняй школы. Сёння ва ўстанове адукацыі вучацца 163 навучэнцы, а з 20 педагогаў, якія тут выкладаюць, шэсць — выпускнікі гэтай жа школы.
“Мы працуем па двух кірунках, — расказала дырэктар установы Антаніна Зявака. — У першую чаргу рыхтуем будучыя кадры для аграрнага сектара. Дарэчы, сёлета з 14 выпускнікоў 9 класа дзевяць вучняў паступілі ў каледжы, прычым сем дзяцей выбралі спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю, а яшчэ двое — педагагічны і будаўнічы кірункі”.
Разважаючы над сэнсам вяртання выпускнікоў у вясковую школу ўжо дыпламаванымі настаўнікамі, А.Зявака сказала, што гэта сведчыць аб важнасці педагагічнай прафесіі. А на пытанне, што дапамагае выхоўваць вучняў Бабоўскай сярэдняй школы, Антаніна Васільеўна дала адназначны адказ: працоўнае навучанне.
“Нашы сад і агарод размясціліся на ўчастку 25 сотак, — працягнула знаёміць са школай дырэктар. — Пачынаючы з 5 класа дзеці на працягу ўсяго сезона даглядаюць і сад, і агарод. Акрамя гэтага, у нас ёсць дзве цяпліцы, якія загружаны з ранняй вясны і да позняй восені. У іх вырошчваем расаду. Сёння ў цяпліцах растуць агуркі — нашы дзеці іх пасадзілі ў верасні”.
У школе не першы год дзейнічае праект “Клумба з агародніны”. Яго ўдзельнікі — навучэнцы інтэграванага класа. На спецыяльна адведзеным участку дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вырошчваюць фасолю, якую прымяняюць на ўроках па сацыяльна-бытавой арыентацыі. Перабіранне бобу дапамагае развіваць дробную маторыку і станоўча ўплывае на разумовае развіццё, вучыць будаваць лагічныя сувязі, развівае маўленне.
Яшчэ адна ініцыятыва школы — “Сацыяльныя градкі”. Яна прыдумана для школьнікаў з сацыяльна ўразлівых груп. Сэнс ідэі ў тым, што вясной дзеці высейваюць пэўныя культуры, а восенню могуць забраць частку агародніны, якая вырасла, дадому.
“Вельмі ганарымся і нашым садам, — адзначыла А.В.Зявака. — У ім 200 дрэў, сярод якіх яблыні, грушы трох відаў, костачкавыя дрэвы, а таксама рэмантантная маліна, якая пладаносіць некалькі разоў у год, буякі і клубніцы. Першапачаткова наш сад быў падарункам выпускнікоў 2011 года. Заканчваючы школу, яны пасадзілі 16 яблынь”.
Традыцыя высаджваць падчас выпускнога яблыні ўсім спадабалася і прыжылася. І ўжо 14 гадоў сад расце і нагадвае пра тых, хто калісьці вучыўся ў Бабоўскай сярэдняй школе.
Школьны сад і агарод — выдатная пляцоўка для эксперыментальнай і праектнай дзейнасці. Кожны год, калі рыхтуюць градкі да пасеву, вучні стараюцца пасадзіць больш на адну новую культуру ці дапоўніць ужо існуючы асартымент новымі відамі. Гэтым разам вырашылі вырасціць кавуны. Для апрабацыі выбралі некалькі гатункаў, а добры ўраджай далі бедуін і раманза.
“Пастаянна садзім бульбу, моркву, капусту, цыбулю, баклажаны, перац, — пералічыла Антаніна Васільеўна. — Дарэчы, салодкі перац сёлета даў выдатны ўраджай і з гэтага года мы ўвялі яго ў харчаванне дзяцей. Па цыбулі таксама праводзілі эксперымент: спрабавалі вырасціць яе з семкі. Самы добры ўраджай паказаў эксібішэн. Яго цыбуліны дасягаюць вагі ў 1 кілаграм і больш. Увогуле, якія б мэты і задачы для сябе ні ставілі, самае каштоўнае ў нашай рабоце — гэта даказаць самім сабе, што мы можам змяніць свет да лепшага. Таму заўсёды ўсім нагадваем: спрабуйце, эксперыментуйце і ганарыцеся тым, што робіце”.
Умелыя майстры
Сакрэтамі эфектыўнай арганізацыі працоўнага навучання падзяліліся педагогі сярэдняй школы № 11 Жлобіна.
Любоў да працы ў вучняў тут выхоўваюць з пачатковых класаў. Дырэктар школы Таццяна Сахашчык расказала, што адным з метадаў далучэння малышоў да працоўнага навучання з’яўляецца арганізацыя тэматычных выстаў, прычым з удзелам бацькоў.
Уменне адчуваць настрой дзяцей і будаваць з імі даверлівыя адносіны — менавіта на гэтым грунтуецца работа настаўніцы пачатковых класаў выдатніка адукацыі Аксаны Фёдараўны Гаварушкінай
“Часта арганізуем для дзетак з пачатковай школы экскурсіі на шматлікія прадпрыемствы, дзе яны знаёмяцца з рознымі прафесіямі, — патлумачыла Таццяна Вячаславаўна. — Мы ўпэўнены, што прафарыентацыю трэба пачынаць з 1 класа”.
Настаўнік працоўнага навучання Яўген Міхайлавіч Шаўгеня з вучнямі
Навучэнцы старшых класаў падчас урокаў працоўнага навучання займаюцца ў сучасна абсталяваных майстэрнях.
“Падчас працоўнага навучання хлопчыкі вучацца працаваць са шматлікімі інструментамі, а дзяўчынкі — шыць, гатаваць”, — дадала дырэктар.
Настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Леанідавіч Сярдзюк
На канікулах у школе арганізуюць другасную занятасць. Да работы далучаюцца часцей за ўсё навучэнцы 8 класа. Як правіла, працуюць школьнікі над заказамі, якія паступаюць з іншых устаноў адукацыі: шыюць бялізну, ручнікі, робяць мэблю.
“За пяць дзён работы вучні атрымліваюць яшчэ і зарплату, — расказала Таццяна Вячаславаўна. — А гэта вельмі важны бонус: прыемна, калі праца ацэньваецца”.
Мірныя праекты
Сярэдняя школа № 9 Жлобіна вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце з маладымі спецыялістамі, профільнаму навучанню і рэалізацыі праектаў у межах статусу “Школа міру”.
Сёлета ў школе пачаў працаваць інжынерны клас. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Эма Саўчанка расказала, што ў гэтым годзе да іх прыйшлі працаваць чатыры маладыя педагогі.
“У школе пабудавана работа па адаптацыі маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы праз школу маладога настаўніка, — адзначыла Эма Міхайлаўна. — Увогуле, усе нашы педагогі аказваюць дапамогу маладым калегам у набыцці навыкаў і вопыту работы. Ганарымся тым, што 11 педагогаў калектыву — выпускнікі нашай школы”.
Настаўніца англійскай мовы Кацярына Пятроўна Трушкевіч
Расказваючы пра статус Школы міру, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце адзначыла, што гэта карысны і перспектыўны праект, бо дапамагае прыцягваць да рэалізацыі розных ідэй вялікую колькасць валанцёраў з ліку юных міратворцаў.
“Удзел падрастаючага пакалення ў мірных ініцыятывах — гэта магутны выхаваўчы рэсурс, які дазваляе фарміраваць адказнага грамадзяніна, — запэўніла Э.Саўчанка. — Для таго каб дзеці разумелі значнасць праекта, мы прымаем удзел у многіх акцыях. Ганарымся, што нашы міратворцы сталі лепшымі на фестывалі “Мы дзеці твае, Беларусь!” і атрымалі дыпломы за сваю дзейнасць”.
Прэстыж педагогікі
У гімназіі № 1 Жлобіна вялікае значэнне адводзіцца профільнаму навучанню і ранняй прафарыентацыі.
Установа адукацыі — пераемнік сярэдняй школы № 1 Жлобіна: у статусе гімназіі яна працуе 19 гадоў. За гэты час педагогі падрыхтавалі 128 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
“Мы ў тым ліку імкнёмся працаваць у межах інавацыйных праектаў, — расказала дырэктар Таццяна Калькова. — Сёння рэалізуем трэці, які накіраваны на фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў”.
У гімназіі ёсць свае адукацыйныя традыцыі. Ужо даўно палюбіліся школьнікам і педагогам фестывалі “Гімназія-фэст” і “Гімназія-фэсцік” па замежных мовах, якія праводзяцца для навучэнцаў старшых і малодшых класаў адпаведна.
“Вельмі любяць дзеці і абласны фестываль па замежных мовах для навучэнцаў гімназій і ліцэяў “Залатая ліра”, — дадала Таццяна Міхайлаўна. — Дарэчы, у нашай установе выкладаюцца англійская і нямецкая мовы”.
Закранаючы пытанні адукацыйнага працэсу, дырэктар адзначыла, што ў гімназіі вядзецца дапрофільнае і профільнае навучанне па асобных прадметах, а таксама створаны класы педагагічнага і інжынернага напрамкаў. Акрамя гэтага, па запыце бацькоў і вучняў у 10 класе была арганізавана група ваенна-патрыятычнага кірунку.
“У мінулым навучальным годзе мы праводзілі вялікі савет па адпаведных пытаннях, таксама закранулі тэму прэстыжу педагагічных спецыяльнасцей, — дадала Т.Калькова. — Прыемна, што кожны год нашы выпускнікі з пераліку УВА выбіраюць і тыя, дзе можна атрымаць прафесію настаўніка. Перавагу аддаюць такім кірункам, як хімія, біялогія, замежныя мовы і псіхалогія. Для таго каб работа з профільным навучаннем прыносіла вынік, у гімназіі заключаны дагаворы з УВА Гомеля”.
Матэрыялы Наталлі САХНО
Фота Ігара ГРЭЧКІ