Ад ідэі — да выніку

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Абласны семінар для кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі, якія пачынаюць рэалізацыю эксперыментальных і інавацыйных праектаў, “Інавацыйная дзейнасць установы адукацыі: ад ідэі да выніку” прайшоў на базе гімназіі № 2 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7 Ваўкавыска.

У гэтым навучальным годзе ў навучальных установах Гродзенскай вобласці рэалізоўваецца дзевяць эксперыментальных праектаў на базе 46 устаноў адукацыі і 35 інавацыйных праектаў на базе 176 устаноў адукацыі. Актыўна працуе ў гэтым кірунку і Ваўкавыскі раён. За апошнія пяць гадоў у навучальных установах раёна рэалізавана 15 інавацыйных праектаў.

— Сёння 11 устаноў адукацыі раёна задзейнічаны ў інавацыйных праектах, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага раёна Таццяна Газізава. — Развіццю інавацыйнай прасторы садзейнічае і высокі кадравы патэнцыл — звыш 80 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую і першую катэгорыю. Па выніках інавацыйнай дзейнасці выпускаецца метадычная літаратура, праводзяцца майстар-класы і семінары, ствараюцца рэсурсныя цэнтры. Зараз у раёне працуе 13 рэсурсных цэнтраў па вучэбных дысцыплінах і 9 тэматычных.

— Інавацыйная дзейнасць уносіць у работу элементы развіцця, павышае якасць адукацыі, але гэта няпросты працэс, які патрабуе ад яго ўдзельнікаў валодання пэўнымі кампетэнцыямі, — дадае метадыст аддзела маніторынгу і кіравання якасцю адукацыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Кійко. — Мэтай семінара стала не толькі павышэнне прафесійнага вопыту па пытаннях кіравання інавацыйнымі працэсамі ва ўстановах адукацыі, але і прэзентацыя і папулярызацыя вопыту тых, хто ўжо ажыццяўляе інавацыйныя праекты.

Арганізатарамі семінара выступілі Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, аддзел адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама і Ваўкавыскі раённы вучэбна-метадычны кабінет.

— Вельмі важным мы лічылі паказаць тым спецыялістам, якія пачынаюць праектаванне інавацыйных праектаў, усю тэхналогію гэтага працэсу, як кажуць, ад ідэі да выніку, прадэманстраваць вопыт, методыкі работы на прыкладзе ўстаноў, якія маюць пэўныя дасягненні. Арганізавалі работу семінара па прынцыпе пляцовак — цэнтраў адкрытых камунікацый, дзе ўсе ўдзельнікі, падзяліўшыся на групы, станавіліся не проста слухачамі, а актыўна ўключаліся ў праектаванне працэсаў, — расказвае загадчык Ваўкавыскага РВМК Ірына Вялесік.

Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Ваўкавыска Аляксандр Лічык вучыў SWOT-аналізу дзейнасці навучальнай установы для выяўлення моцных і слабых яе бакоў; загадчык ясляў-сада № 2 Ваўкавыска Святлана Бакавец — як сфарміраваць місію і стратэгічнае бачанне ўстановы адукацыі; намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання Ганна Літоўка са сваёй групай працавала над тэхналогіяй выбару і рэалізацыі інавацыйнага праекта. Гаварылі на семінары і аб важнасці псіхолага-педагагічнага суправаджэння інавацыйнай дзейнасці, навукова-метадычнай падтрымцы ў ёй педагогаў.

Калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 7 Ваўкавыска, дзе быў рэалізаваны праект “Укараненне мадэлі фарміравання эфектыўнага бацькоўства як умова сацыяльнй паспяховасці выхаванцаў установы дашкольнай адукацыі”, прадставіў яго вынікі ў выглядзе інтэрактыўнай пляцоўкі, на якой разам выступілі выхаванцы і педагогі. Удзельнікам семінара расказалі аб шматлікіх мерапрыемствах праекта, азнаёмілі з метадычнай базай, работай педагогаў-наватараў па ўзаемадзеянні з бацькамі.

Панарама інавацыйнага вопыту Ваўкавыскага раёна была прадстаўлена творчымі справаздачамі сярэдніх школ №№ 3, 4, 7, 8, гімназіі № 2 Ваўкавыска.

— Вучэбныя семінары для педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі па інавацыйных праектах ГрАІРА праводзіць рэгулярна. Тэматыка іх вельмі разнастайная: напісанне праекта і яго старт, афармленне вынікаў, падрыхтоўка метадычных матэрыялаў, арганізацыйна-кіраўніцкія аспекты дзейнасці рэсурсных цэнтраў, — гаворыць М.І.Кійко.

Дырэктар Спондаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Кацярына Емяльян адзначыла, што семінар надаў упэўненасці і абагаціў новымі ведамі для пачатку рэалізацыі валанцёрскага праекта, над планаваннем якога зараз пачынаюць працаваць у школе.