Наваполацк шырокавядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі як пачынальнік, надзейны партнёр, паспяховы выканаўца шэрага ініцыятыў, накіраваных на павышэнне якасці жыцця сваіх жыхароў і ўстойлівае развіццё. Так, пасля далучэння да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ ён першым у рэспубліцы атрымаў ганаровае званне “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Сярэдняя школа № 8 Наваполацка першай у рэгіёне пачала навучанне дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату, а зараз разам з сярэдняй школай № 46 Віцебска і Віцебскім абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ўдзельнічае ў рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”.
Ініцыятарам і каардынатарам новага маштабнага праекта “Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”, што будзе ажыццяўляцца ў партнёрстве з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз транспартнікаў” і грамадскім аб’яднаннем “Беларускае таварыства інвалідаў” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, выступіў гарвыканкам.
Мы розныя! Мы разам!
Мне пашчасціла завітаць у сярэднюю школу № 8 Наваполацка падчас аднайменнага спартыўнага свята. Гэтыя словы на працягу многіх гадоў з’яўляюцца нязменным дэвізам установы адукацыі і найбольш поўна ілюструюць яе дзейнасць. Вось і на свяце сабраліся разам, здавалася б, зусім розныя людзі. У склад журы ўвайшлі майстар спорту па фехтаванні заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Сямён Сушчын, майстар спорту па гімнастыцы намеснік дырэктара спартыўнай школы ААТ “Нафтан” “Залатая шыпоўка” Ірына Дзергачова, майстры спорту па фехтаванні Канстанцін Кавалёў і Аляксей Сінькевіч, параалімпійскі чэмпіён па фехтаванні майстар спорту міжнароднага класа Андрэй Праневіч. Эстафеты і заданні для каманд падрыхтавала і правяла настаўніца фізічнага выхавання Наталля Хаткевіч, смачныя салодкія пірагі для ўсіх удзельнікаў прыгатавалі школьныя кухары-кулінары, канцэртную праграму падрыхтавалі юныя спевакі і танцоры школы пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Макаранка і мастацкага кіраўніка Людмілы Міронавай. У спартыўных конкурсах навучэнцаў суправаджалі і азартна іх падтрымлівалі старэйшыя школьныя таварышы, бацькі, настаўнікі, кіраўніцтва ўстановы адукацыі. Да агульнай справы з імпэтам далучыліся госці-валанцёры: аніматар — майстар па аквагрыме Ірына Зянько — “Ірыска” дапамагала ўсім жадаючым зрабіць знешні выгляд больш прывабным, дзёрзкім і запамінальным; Ганна і Андрэй Дзедушкевічы не спыніліся на “Шоу мыльных бурбалак” і дапоўнілі яго вогненнымі ноткамі! Свята атрымалася цудоўнае, а галоўнай яго адметнасцю стала пачуццё адзінства, сумеснай далучанасці да сапраўднага дзіва — ва ўсіх, хто прысутнічаў у спартыўнай зале, ззялі вочы.
— Такое свята мы праводзім другі раз, — адзначыла дырэктар школы Ніна Адынец. — Спачатку сумняваліся, ці прымуць навучэнцы і бацькі нашу ініцыятыву. Але пасля першых спаборніцтваў пераканаліся, што новай традыцыі быць. Усё было зразумела па рэакцыі ўдзельнікаў, да таго ж праз некаторы час ад сем’яў даведаліся, што нашы дзеці дома працягваюць трэніравацца, рыхтавацца да новых спаборніцтваў. Іншымі словамі, пытання, будзе ці не штогадовае свята, не ставілася, хутчэй — колькі разоў на год яго праводзіць. Мяркуем, як мінімум двойчы, таму што для дзяцей гэта велізарная радасць.
Як дома і нават лепш, чым дома!
Дружная педагагічная каманда на чале з дырэктарам прыкладае вялікія намаганні, каб родную школу ўсе навучэнцы ўспрымалі толькі так. Тут стараюцца кожнаму вучню даць магчымасць праявіць сябе, дапамагчы развівацца, ісці наперад, не баючыся цяжкасцей. Інтэграванае навучанне для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстанове адукацыі ажыццяўляецца з 1996 года.
— Мы пачыналі з арганізацыі рознаўзроўневых груп, якія складаюцца, зыходзячы са стартавых магчымасцей і здольнасцей дзетак, а пасля дасягнення пэўнага ўзроўню яны перамяшчаюцца, — расказала Ніна Адынец. — Потым плаўна ўключыліся ў рэспубліканскі эксперымент па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі. Наш калектыў праходзіць дыстанцыйнае павышэнне кваліфікацыі па адукацыйнай праграме “Педагагічныя інавацыі ў інклюзіўнай адукацыі”. Экспертным саветам па інавацыйнай дзейнасці Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адобраны і рыхтуецца да друку ў гэтым навучальным годзе вопыт практычнай дзейнасці школы ў галіне інтэграванага навучання. Я шчыра ўдзячная лёсу за магчымасць ужо больш за 30 гадоў працаваць у школе са слаўнымі традыцыямі і гісторыяй, поруч з таленавітымі прафесіяналамі і выдатнымі людзьмі. У нас камфортна ўсім, і ўсе аб гэтым клапоцяцца. Дзеці дапамагаюць адно аднаму. На перапынках трэба бачыць, як плаўна вірлівы дзіцячы натоўп “абцякае” навучэнцаў на інвалідных калясках, як далікатна і ўважліва да іх адносяцца. Паказальны, на мой погляд, момант: за права суправаджаць такога навучэнца ў школьную сталоўку ў нас спаборнічаюць!
Чаго ў школе яўна не хапала і што было даўняй марай дырэктара — гэта прылада, якая дапамагала б перамяшчаць дзяцей-калясачнікаў па паверхах. Дзякуючы праекту “Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”, ва ўстанове адукацыі з’явіцца ліфт. Акрамя таго, плануецца абсталяваць клас дыстанцыйнай адукацыі і мабільную адаптыўную спартыўную пляцоўку. Разам з тым, як вынікае з назвы, новая наваполацкая ініцыятыва не абмяжоўваецца адной школай. Ужо сёння ў горадзе курсіруе спецыяльны аўтобус, абсталяваны пляцоўкай, якую вадзіцель апускае для камфортнай высадкі і пасадкі пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод аб’ектаў, дзе ў найбліжэйшай перспектыве значна пашырыцца безбар’ернае асяроддзе, — дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі “Палац дзяцей і моладзі Наваполацка” і дзіцячы аздараўленчы лагер “Ізумрудны”.
Да інклюзіўнага горада
Праект можна з поўным правам назваць лагічным працягам рэалізаваных раней мерапрыемстваў па стварэнні даступнага гарадскога асяроддзя. Ён уключае шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку семінары, трэнінгі і паездкі па абмене вопытам, даследаванні міжведамаснай камісіі пры гарвыканкаме і рабочай групы (да яе могуць далучыцца ўсе жадаючыя) па запытах жыхароў горада, рэканструкцыю аб’ектаў і шырокую інфармацыйную кампанію па дасведчанасці грамадства ў пытаннях інклюзіі і мабільнасці. У рамках рэканструкцыі, у прыватнасці, прадугледжана абсталяванне сцэны і памяшканняў Палаца дзяцей і моладзі, а таксама аднаго з карпусоў лагера “Ізумрудны” для задавальнення запытаў дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі перамяшчэння. Бюджэт праекта складае каля 514 тысяч еўра, з якіх фінансаванне Еўрапейскага саюза — 423 тысячы, а астатняя сума — сродкі гарадскога бюджэту. Канчатковай мэтай ініцыяваных гарвыканкамам мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі ўстойлівай мабільнасці з’яўляецца стварэнне ў Наваполацку такіх умоў, каб кожнае дзіця магло атрымліваць паўнацэнную адукацыю і пры падтрымцы грамадства пераадольваць самаізаляцыю, актыўна кантактаваць з равеснікамі. У выніку мяркуецца выпрацаваць канкрэтныя інструменты для гарадскіх улад у галіне задавальнення базавых патрэб людзей з інваліднасцю. У дзейнасць мясцовых органаў улады будуць шырока ўкараняцца інавацыйныя падыходы і практыкі па забеспячэнні даступнасці не толькі адукацыйнага асяроддзя, але і ўсіх базавых гарадскіх аб’ектаў і паслуг. На найбліжэйшыя некалькі месяцаў запланаваны трэнінг па развіцці навыкаў кіравання для прадстаўнікоў рабочай групы праекта, канферэнцыя па абмене вопытам у стварэнні інклюзіўнай адукацыі для настаўнікаў, школьнай адміністрацыі, прадстаўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна і семінар па пытаннях інклюзіі для прадстаўнікоў гарадской адміністрацыі, грамадскіх арганізацый і прадпрыемстваў транспарту.
Пастаўлена высокая мэта, ёсць неабходны стартавы патэнцыял, рэсурсы і вялікае жаданне яе дасягнуць — а значыць, можна быць упэўненым: у хуткім часе Наваполацк мае ўсе шансы стаць інклюзіўным.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.