Ад класікі да рока і робататэхнікі

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Сустрэча была доўгачаканай. Бывалыя, хто не першы год займаецца ў студыях і гуртках палаца, адчувалі сябе разняволена, радасна віталі адно аднаго і сваіх педагогаў. Тыя, хто прыйшоў на знаёмства, з цікавасцю разглядалі выставы, удзельнічалі ў майстар-класах. Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі сабраў усіх на свяце “Дзень добры, палац!”.

Гасцей у гэты дзень было шмат. Толькі ў мінулым навучальным го­дзе ў абласным палацы працавала 256 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведвалі звыш 2200 дзяцей. Усяго ў 39 установах дадатковай адукацыі Гро­дзенскай вобласці амаль у 4 тысячах аб’яднанняў па інтарэсах займалася больш як 45 тысяч дзяцей.

— Для нас гэта сапраўды доўгачаканая сустрэча, — гаворыць дырэктар Гро­дзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Асмалоўская. — Вясной і летам наша дзей­насць была арганізавана ў асноўным дыстанцыйна, але гэта не азначала меншую яе актыўнасць. Такі фармат работы знайшоў водгук у дзяцей і іх бацькоў. Так, зафіксавана 12 тысяч анлайн-наведванняў.

У Інстаграме была створана рубрыка “Ребята из ДворЧата”, героі якой Лёля Мімімішкіна і Сцёпа Улыбашкін павіталі дзяцей на сцэне палаца, а 104 педагогі прадставілі работу аб’яднанняў па інтарэсах, кансультавалі дзяцей і дарослых па іх рабоце, праводзілі майстар-класы.

Да новага навучальнага года палац творчасці падышоў са шматлікімі радаснымі падзеямі. Адна з галоўных — адкрыццё пасля рамонту басейна і спартыўнай залы. Басейн “Сонечны” дасць магчымасць займацца плаваннем 700 навучэнцам Гродна. Асноўная чаша басейна памерам 25 на 12 метраў з чатырма дарожкамі дазволіць праводзіць тут спаборніцтвы. А для маленькіх наведвальнікаў ёсць асобная чаша.

У абноўленай спартыўнай зале дзеці будуць займацца дзюдо, самба, каратэ, эстэтычнай гімнастыкай.

Пры арганізацыі дзейнасці ў новым навучальным годзе ўлічвалі пажаданні дзяцей і іх бацькоў. Так, адкрываецца школа сучаснага выканання на балалайцы “Ад класікі да рока”, якую будзе весці вядомы ў Гродне музыкант, лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выпускнік факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўна­га ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Варанішча. У школе развіцця “Церамок”, якую наведваюць дзеці ва ўзросце ад 3 гадоў, пачне працаваць лагапед. Таццяна Вітальеўна Асмалоўская падкрэслівае, што ў палацы знойдзецца занятак для дзяцей рознага ўзросту і розных інтарэсаў. Гэта і валанцёрскі рух, і работа маладзёжных аб’яднанняў — тут дзейнічае тэрыторыя ініцыятыўнай мола­дзі, дзе рэалізуюцца сацыяльна значныя праекты. А калі бацькі прывядуць дзіця на заняткі ў гурток, то іх час таксама арганізуюць — можна будзе наве­даць заняткі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці ці паплаваць у басейне.

Як паказалі першыя дні работы ўстаноў дадатковай адукацыі і праведзеныя дні адкрытых дзвярэй, дзеці ўжо вызначыліся з прыярытэтамі арганізацыі свайго вольнага часу. У Гродзенскім абласным палацы творчасці найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія кірункі, як спартыўна-эстэтычная гімнастыка, плаванне, вакал, робататэхніка, картынг. Гродзенскі абласны цэнтр турызму і края­знаўства прапануе не толькі навучанне турысцка-прыкладному мнагаборству, спартыўнаму арыентаванню, воднаму і велатурызму, але і азнаямленне з музейнай справай і работай экскурсаводаў. З навінак — спартыўнае скалалажанне. Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дапаможа выву­чыць сучасныя мовы праграмавання і наву­чыць канструяваць сайты. Гродзенскі абласны эколага-біялагічны цэнтр будзе развіваць экалагічную адукацыю дзяцей.

У гэтым годзе ў Гродзенскі абласны палац творчасці дзяцей і мола­дзі прыйшлі працаваць 14 маладых спецыя­лістаў, а гэта значны творчы рэсурс, які будзе рэалізаваны на карысць нашых дзяцей.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.