Ад пагаднення — да рэальных спраў

- 11:44Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з рэктарам Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта (HFUT) прафесарам Лянь Лянем. У склад кітайскай дэлегацыі, якая наведала галіновае міністэрства, увайшлі супрацоўнікі ўніверсітэта, кіраўнікі ўніверсітэцкіх структур. Ад беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі начальнікі ўпраўленняў Міністэрства адукацыі. Рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта І.В.Войтаў сустрэўся з кітайскімі калегамі з нагоды падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве.

У пачатку сустрэчы І.В.Карпенка падкрэсліў, што адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай развіваюцца дынамічна і прыносяць вялікі плён. Міністр згадаў нядаўні прыезд упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі міністра адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі і праведзены ў рамках ганаровага візіту форум рэктараў беларускіх і кітайскіх універсітэтаў. На мерапрыемстве былі прадстаўлены дзесяткі УВА Кітая, якія гатовы развіваць супрацоўніцтва з універсітэтамі Беларусі, што і было пацверджана падпісаннем шэрага пагадненняў аб узаемадзеянні.

Ігар Васільевіч заўважыў, што прыезд дэлегацыі з Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта з’яўляецца працягам сумесных мерапрыемстваў, якія былі намечаны падчас форуму і якія ўжо рэалізоўваюцца.

— Для прадукцыйнай сумеснай дзейнасці паміж сістэмамі адукацыі нашых краін мы маем усе падставы, — заявіў І.В.Карпенка. — Паміж Беларуссю і Кітаем, і непасрэдна паміж універсітэтамі, падпісаны міжурадавыя, міжведамасныя пагадненні аб супрацоўніцтве. Мы намецілі сумесныя праекты па шэрагу напрамкаў, у тым ліку па развіцці прафесійнай падрыхтоўкі, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў, сумеснай стажыроўцы нашых выкладчыкаў. Ужо вызначаны асноўныя напрамкі па распаўсюджванні кітайскай мовы ў нашай краіне і супрацоўніцтве ў сферы яе выкладання.

Міністр заўважыў, што з новага навучальнага года плануецца пашырыць вывучэнне кітайскай мовы ў навучальных установах Беларусі з улікам усё большай запатрабаванасці ў ёй. У першую чаргу гэта звязана з рэалізацыяй сацыяльна-эканамічных інвестыцыйных праектаў у Рэспубліцы Беларусь, у якіх партнёрам выступае Кітайская Народная Рэспубліка. Гаворка ідзе і аб самым маштабным сумесным праекце Беларусі і Кітая — стварэнні індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Акрамя таго, у нашай краіне дзейнічае шэраг буйных кітайскіх карпарацый у сферы інфармацыйных тэхналогій і будаўніцтва, якія маюць патрэбу ў беларускіх спецыялістах з веданнем кітайскай мовы. Такім чынам, вывучэнне кітайскай мовы ў Беларусі становіцца стратэгічнай задачай.

У працяг размовы, якая тычылася развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, рэктар Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта Лянь Лянь выказаў вялікую задаволенасць паездкай у Беларусь. Ён адзначыў прыгажосць краіны, а таксама высока ацаніў дзейнасць беларускай сістэмы адукацыі, канкрэтных УВА. Кіраўніцтва Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта выказала намер наладзіць больш цесныя сувязі з Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам. Галоўныя напрамкі ўзаемадзеяння і сумесные праекты ў сферы адукацыі і навукі былі ўнесены ў пагадненне аб супрацоўніцтве, якое было падпісана ў час сустрэчы рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта І.В.Войтавым і рэктарам Хефейскага тэхналагічнага ўніверсітэта (HFUT) Лянь Лянем.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.