Ад першай асобы

- 15:42Выхаванне, Выхаваўчая работа

У маёй педагагічнай дзейнасці заўсёды чырвонай ніткай праходзіць глыбокае і разнапланавае вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не дзіўна, бо я з пакалення педагогаў, якія асабіста былі знаёмы з многімі ветэранамі, у чыіх сем’ях шануюць памяць аб подзвігу народа.

Выхаваўчы патэнцыял тут велізарны. Класічныя метады вывучэння гэтай тэматыкі, вядома, ніхто не адмяняў. Даследчыя работы, сустрэчы з ветэранамі, музейныя ўрокі, экскурсіі маюць месца быць. Аднак жывых сведак вайны ўсё менш, а без захаплення маладога пакалення ваенным мінулым праблематычна фарміраваць патрыятызм і павагу да Ра­дзімы. Таму я ўзяў на ўзбраенне новыя методыкі.

У 2020 годзе распрацаваў шэраг квест-гульняў для навучэнцаў сярэдняй школы № 28 Віцебска па месцах памяці, звязаных з віцебскімі падпольшчыкамі. У 2021 го­дзе сумесна з абласной газетай “Віцебскія весткі” быў рэалізаваны інтэрнэт-праект “Месцы сілы. Віцебск”. Гэта адзін з самых сур’ёзных праектаў у горадзе, які дазволіў сістэматызаваць на адным сайце (www.sila.vitvesti.by) амаль 200 месцаў, звязаных падзеямі вайны. Сайт мае зручны інтэрфейс, змяшчае вялікую колькасць даведачнай інфармацыі, геалакацыю аб’ектаў.

Далей — больш. У верасні 2021 года на базе Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі пачало работу аб’яднанне па інтарэсах “Месцы сілы Віцебшчыны”, якое стала новай вяхой у маёй педагагічнай кар’еры. Справа ў тым, што на занятках з навучэнцамі я апрабую найноўшую адукацыйную методыку — “гістарычны блогінг”. Праграма ўнікальная тым, што ўяўляе сабой спалучэнне края­знаўчай работы з асновамі журналістыкі і інтэрнэт-дасведчанасці. Пры гэтым галоўная мэта гуртка, які аб’яднаў навучэнцаў сярэдняга звяна, — гэта захаванне памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне павагі да ваеннага мінулага малой ра­дзімы, памятных месцаў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Што ж такое месцы сілы? Безумоўна, для кожнага чалавека яны свае. Для некага гэта дом, дзе нарадзіліся яго продкі, вуліца, што стала роднай, ці горад, у якім жывеш. Але пасля Вялікай Айчыннай вайны з’явіліся асаблівыя месцы. Гэта месцы памяці тых, хто загінуў у гады вайны. У кожным гора­дзе, вёсцы і пасёлку Беларусі ёсць вуліцы, помнікі, мемарыяльныя таблічкі, брацкія магілы, славутасці, якія сталі знакамітымі. На Віцебшчыне такіх аб’ектаў не адна сотня, толькі ў нашым абласным цэнтры — больш за 150. Пасля з’яўлення спецыялізаванага сайта, дзе ўся інфармацыя сістэматызавана, вывучаць іх стала значна прасцей. Гэтым мы і займаемся ў аб’яднанні па інтарэсах “Месцы сілы Віцебшчыны”.

Гістарычны блогінг спалучае краязнаўчую работу з асновамі журналістыкі і інтэрнэт-дасведчанасці. Пры гэтым галоўная мэта — захаванне памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне павагі да ваеннага мінулага малой радзімы, памятных месцаў, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Адбываецца гэта ў актыўнай, пазнавальнай форме, можна сказаць, “ад першай асобы”. Дзеці вывучаюць асаблівасці відэамантажу, асновы блогерства, сцэнічную мову, рэжысуру і, вядома ж, знаёмяцца з месцамі сілы. А потым прэзентуюць атрыманыя веды ў выглядзе відэааглядаў, вулічных апытанняў, рэпартажаў на папулярных у маладзёжным асяроддзі інтэрнэт-пляцоўках праз створаныя каналы і старонкі ў TikTok, Instagram, “УКантакце”, YouTube. 

Папулярызацыі ваеннай гісторыі садзейнічае тое, што адміністрацыя Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі арганізуе экскурсійныя паездкі, у якіх навучэнцы бліжэй знаёмяцца з мінулым свайго рэгіёна і, вядома ж, з месцамі сілы. Так, дзеці пабывалі ў Полацку, дзе знялі цыкл гістарычных сюжэтаў, запланавана паездка ў Оршу.

Іскрынка нашага інфармацыйна-патрыятычнага праекта яшчэ і ў тым, што мы можам пашы­раць інтэрнэт-аўдыторыю за кошт розыгрышаў. У аб’яднання па інта­рэсах з’явіліся пастаянныя парт­нёры з бізнес-асяроддзя, якія прадастаўляюць удзельнікам розыгрышаў і віктарын розныя прызы (білеты на выставы, у музеі, забаўляльныя цэнтры і інш.). Такім чынам, нашы падпісчыкі з яшчэ большай цікавасцю лічаць ступені ля манумента “Тры штыкі”, літары на мемарыяльных дошках або вызначаюць становішча тых ці іншых памятных месцаў.

Сёння нам ёсць чым пахваліцца. За навучальны год мы знялі і размясцілі ў інтэрнэце каля 70 пазнавальных ролікаў, наша аўдыторыя ў сацыяльных сетках дасягнула амаль 600 рэальных падпісчыкаў. Цікава, што пра наш праект даведаліся далёка за межамі Беларусі. Са мной звязаліся даследчыкі-пошукавікі з Карэліі з просьбай дапамагчы ў пошукавай дзейнасці. Праект працягвае развівацца: створана настольная мема-гульня па гераічных месцах Віцебска, неўзабаве з’явіцца аналагічная інтэрнэт-гульня на платформе Kahoot. У далейшым плануецца стварыць серыю відэааглядаў па ўсіх музеях Віцебска.

З вуснаў маіх навучэнцаў, юных блогераў, амаль пасля кожнага відэаагляду гучаць словы: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. “Мы памятаем і шануем памяць герояў, хаця мы пакаленне і маладое”. Гэтыя словы невыпадковыя, яны адлюстроўваюць галоўную мэту нашай дзейнасці — захаванне гістарычнай памяці сярод падрастаючага пакалення, выхаванне пачуцця гордасці за сваю Радзіму і ўсіх тых, хто цаной жыцця абараніў мір на нашай Зямлі.

Аляксандр КУТЫНКА, 
настаўнік гісторыі, педагог дадатковай адукацыі
Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.