Ад прафесіяналізму педагогаў — да якасці адукацыі

Педагогі гімназіі Іванава лічаць, што забяспечыць належную якасць адукацыі можна праз максімальнае задавальненне адукацыйных запытаў вучняў, пабудову іх індывідуальных адукацыйных траекторый і стварэнне ўмоў для самаразвіцця дзяцей, каб яны паспяхова паступілі ва УВА і атрымалі прафесіі, запатрабаваныя на сучасным рынку працы. Менавіта на гэта накіравана профільнае навучанне.

— У гімназіі ўжо быў вопыт вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.М.Свірэпа. — Прадметы паглыблена вывучаліся па канкрэтных напрамках. На іх вывучэнне адводзілася шмат часу, вывучэнне матэрыялу мела практычную накіраванасць, але прадметы, якія вывучаліся на павышаным узроўні, былі строга вызначаны. Профільнае навучанне дазволіла спалучаць розныя прадметы для вывучэння на павышаным узроўні.

Паколькі галоўнай фігурай у забеспячэнні якасці адукацыі з’яўляецца настаўнік, асноўнай метадычнай задачай гімназіі стала падрыхтоўка высокакваліфікаваных, творчых, сацыяльна актыўных і канкурэнтаздольных педагогаў, якія будуць не толькі трансліраваць веды, але і вучыць моладзь прымаць усвядомленыя рашэнні, ажыццяўляць прафесійны выбар.

— Асобны рэсурс — гэта настаўнікі, ініцыятыўнасць, творчая актыўнасць, нестандартнасць мыслення, імкненне да абнаўлення адукацыйнага працэсу і наватарства якіх з’яўляюцца своеасаблівым матыватарам для развіцця і руху ўсяго педкалектыву, — гаворыць С.М.Свірэпа. — Так, вопыт настаўніцы хіміі А.В.Таболінай па падрыхтоўцы вучняў да прадметнай алімпіяды і праблемным навучанні запатрабаваны не толькі ў гімназіі. Педагог — член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў хіміі. Летась яна атрымала званне “Чалавек года Брэстчыны” ў галіне адукацыі. Даволі цікавым з’яўляецца і вопыт настаўніцы біялогіі В.А.Лялюк па псіхолага-педагагічным суправаджэнні высокаматываваных вучняў. За дасягненні ў галіне адукацыі яна занесена на раённую Дошку гонару. Гэтыя настаўнікі-прафесіяналы ахвотна дапамагаюць маладым спецыялістам, кансультуюць педагогаў па арганізацыі алімпіяднай работы, удзельнічаюць у метадычных саветах і г.д.

Па словах С.М.Свірэпы, настаўніцкі аўтарытэт адыгрывае важную ролю ў адукацыйным працэсе, бо адносіны вучняў да педагога аўтаматычна пераносяцца на адносіны да прадмета, які ён выкладае. Акрамя таго, асоба настаўніка істотна ўплывае на выбар профільных прадметаў. Нядзіўна, чаму ў гімназіі штогод паспяхова фарміруюцца хіміка-біялагічныя профільныя групы і класы. 97% выпускнікоў выбіраюць у далейшым спецыяльнасці ў адпаведнасці з профілем навучання ў гімназіі.

— Каб развіццё і самаразвіццё педагогаў былі бесперапыннымі, выкарыстоўваюцца розныя віды і формы метадычнай работы, — адзначае С.М.Свірэпа. — Так, даволі прадукцыйным з’яўляецца ўдзел настаўнікаў у рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, які на працягу трох гадоў праходзіць на базе Іванаўскага раёна. Гэтае мерапрыемства — эфектыўны спосаб прыцягнення і прасоўвання новых методык і тэхналогій, аўтарскіх праектаў і перадавых ідэй, якія даюць якасныя вынікі ў навучанні і выхаванні. Кірмаш здольны зацікавіць, захапіць і дапамагчы пабудаваць прафесійную і жыццёвую траекторыю развіцця педагогаў.

Настаўнікі рыхтуюцца да мерапрыемства на працягу года. У залежнасці ад напрацаванага матэрыялу вызначаюць форму ўдзелу: стэндавая прэзентацыя, майстар-клас, аўкцыён. Гэта добры стымул для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці, бо педагогі глядзяць на вынікі сваёй работы як на прадукт інтэлектуальнай працы, які мае пэўны кошт і які можна прадаць/абмяняць. Такі падыход да ацэнкі дасягненняў у практычнай дзейнасці вельмі эфектыўны, паколькі падштурхоўвае да вывучэння і выкарыстання сучасных метадаў і прыёмаў, адаптацыі іх да ўмоў сваёй установы адукацыі. Усё гэта дазваляе ўплываць на якасць адукацыі.

Удзельнікі кірмашу наладжваюць прафесійныя зносіны і абменьваюцца цікавым вопытам, вучацца дастойна ацэньваць сябе і ўласную працу, быць мабільнымі і запатрабаванымі не толькі ў сферы адукацыі. За час існавання кірмашу 15 педагогаў гімназіі ўдзельнічалі ў ім як аўтары, амаль усе настаўнікі набылі метадычныя прадукты калег з устаноў адукацыі Беларусі і Расіі.

— Профільнае навучанне прадугледжвае выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, у тым ліку інфармацыйных, якія павышаюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і гарантуюць высокія вынікі навучання дзяцей, — гаворыць С.М.Свірэпа. — Інтэрнэт — неад’емны інструмент профільнага навучання, бо дазваляе публікаваць вучэбна-метадычную інфармацыю ў гіпермедыйным варыянце, наладжваць педагагічныя зносіны ў рэальным часе, мець адкрыты дыстанцыйны доступ да інфармацыйных рэсурсаў. Гімназія рэалізоўвае інавацыйны праект, накіраваны на павышэнне ўзроўню медыякультуры асобы вучняў. Задача педагогаў — стварыць умовы, каб дзеці навучыліся ў вялікай медыяпрасторы крытычна ацэньваць матэрыялы, асэнсоўваць і адбіраць неабходную інфармацыю. За час рэалізацыі праекта назапашаны вопыт выкарыстання розных медыякрыніц і QR-кодаў, магчымасцей сацыяльных сетак і інтэрнэт-тэхналогій на ўроках, што істотна павысіла ўзровень медыядасведчанасці ўсіх -удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Вялікая ўвага ў гімназіі ўдзяляецца тэарэтычнай падрыхтоўцы педагогаў. Да гэтай работы актыўна прыцягваюцца выкладчыкі УВА, якія праводзяць аўтарскія выязныя курсы для настаўнікаў матэматыкі, беларускай мовы і літаратуры. Праблемнае поле семінараў вызначаюць педагогі, якія выкладаюць у профільных класах, з улікам рэальных патрэб. Узаемадзеянне з УВА адбываецца пераважна праз вэбінары (для настаўнікаў) і ўдзел у інтэрнэт-алімпіядах, завочных конкурсах і адукацыйных паездках (для вучняў). Сярод педагогаў карыстаюцца папулярнасцю дыстанцыйныя курсы павышэння кваліфікацыі, якія прапаноўваюць адукацыйныя інтэрнэт-платформы. Зручнасць такіх курсаў заключаецца ў тым, што настаўнікі выбіраюць тэмы ў адпаведнасці з уласнымі запытамі і патрэбамі і самастойна вызначаюць час работы. Даволі папулярнай формай самаадукацыі педагогаў гімназіі з’яўляюцца і сеткавыя педагагічныя супольнасці (“Медыяадукатар”, “Інфаўрок”, “Мультыўрок”), дзе настаўнікі-практыкі абменьваюцца эфектыўным вопытам, аказваюць адрасную метадычную дапамогу і прафесійныя кансультацыі.

— У метадычнай рабоце задзейнічаны ўсе педагогі, паколькі пры ажыццяўленні дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання неабходна забяспечыць пераемнасць, сістэмнасць і ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Пра якасную яго арганізацыю ва ўмовах профільнага навучання можна гаварыць толькі ў тым выпадку, калі на вынік працуе ўвесь педкалектыў, а не толькі педагогі, якія выкладаюць у профільных класах, — падагульняе С.М.Свірэпа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *