Пад такой назвай 26 снежня па ўсёй краіне стартуе дабрачынная акцыя для пажылых людзей.
Гэта будзе своеасаблівы марафон добрых спраў, у якім прымуць удзел прадстаўнікі малодшага пакалення, у тым ліку навучэнцы і студэнты. Разам з навагоднімі сувенірамі яны падораць пажылым людзям цеплыню сваіх сэрцаў, святочны настрой, а яшчэ бязмерную падзяку — за наша мірнае неба, шчаслівую будучыню, за іх шматгадовую працу на карысць Радзімы.
Асаблівым клопатам і ўвагай у гэтыя зімовыя дні будуць акружаны ветэраны, інваліды, адзінокія грамадзяне. Сярод тых, да каго з навагоднім настроем завітае моладзь, будуць і былыя настаўнікі. Хаця слова “былыя” ў дачыненні да педагогаў не вельмі карэктнае. Скажам так: яны завітаюць да людзей, якія, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягваюць сеяць у дзіцячых сэрцах разумнае, добрае, вечнае.
Менавіта такія людзі з’яўляюцца героямі нашай традыцыйнай рубрыкі “Настаўнік назаўжды”. Кожны месяц журналісты і пазаштатныя аўтары расказваюць пра настаўнікаў, якія за многія гады сваёй прафесійнай дзейнасці далі пуцёўку ў дарослае жыццё не аднаму пакаленню школьнікаў, выхавалі сотні дастойных грамадзян нашай краіны. Так, у снежні мы пісалі пра Веру Піліпаўну Цімафееву з Воранаўшчыны, Алу Канстанцінаўну Пасюціну з Талачынскага раёна, Тамару Уладзіміраўну Крывеню з Дзятлаўшчыны. Аб’ядноўвае гэтых жанчын, дае сілы ісці ўперад, па іх асабістым прызнанні, любоў да дзяцей і жыцця.
Напрыклад, Ала Канстанцінаўна, нягледзячы на тое, што размяняла восьмы дзясятак, працягвае вучыць дзяцей у Славенскай сярэдняй школе аднаму з самых складаных прадметаў — фізіцы. А яшчэ яна класны кіраўнік, загадчык школьнага музея і нават старэйшына вёскі. Тамара Уладзіміраўна, якая нядаўна адзначыла 75-гадовы юбілей, не адстае ад калегі. Значную частку жыцця яна прысвяціла выкладанню геаграфіі і ўжо 35 гадоў кіруе музеем “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы. Яшчэ займаецца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў нядзельнай школе і спявае ў царкоўным хоры. Я таксама асабіста знаёмы з Тамарай Уладзіміраўнай. Некалькі разоў мне пашчасціла бываць у яе музеі. І кожны раз, калі гутарыў з педагогам-краязнаўцам, здзіўляўся яе актыўнасці, няўрымслівасці, жыццёвай энергіі. А вось у Веры Піліпаўны сёлета быў юбілей усіх юбілеяў — 100-годдзе, прычым больш за 30 гадоў яна працавала загадчыкам Радунскага дзіцячага ясляў-сада. Сёння Вера Піліпаўна — адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Воранаўскага раёна і, безумоўна, атрымае дзясяткі шчырых навагодніх віншаванняў.
У рамках акцыі “Ад усёй душы” ветэрана педагагічнай працы Валянціну Дзмітрыеўну Яцухна павіншавалі з надыходзячымі святамі, а таксама ўручылі кнігу “Гордасць адукацыі Ельшчыны”
І Вера Піліпаўна, і Ала Канстанцінаўна, і Тамара Уладзіміраўна, і тысячы іх калег, ветэранаў педагагічнай працы, вартыя асаблівай увагі і клопату. Невыпадкова рэспубліканская дабрачынная акцыя, якая ўжо стала добрай традыцыяй, носіць сімвалічную назву — “Ад усёй душы”. Ад усёй душы мы будзем віншаваць пажылых людзей.
І яшчэ. Дарыць ім клопат варта не толькі з нагоды навагодніх свят і юбілеяў.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі Ельскага райвыканкама