Ад Выгоцкага да дзён сённяшніх

- 10:59Навіны рэгіёнаў

Яшчэ якія-небудзь тры дзясяткі гадоў назад мала хто думаў, што псіхалогія як навука атрымае такое развіццё ў нашай краіне, а прафесія псіхолага стане даволі запатрабаванай. Аднак сёння толькі на факультэце псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны на дзённай і завочнай формах навучання псіхалагічныя спецыяльнасці набываюць больш за тысячу студэнтаў.

Сёлета споўнілася 20 гадоў, як у вядучай УВА Гомельшчыны была адкрыта спецыяльнасць “Псіхалогія”. Але ж гомельскія навукоўцы справядліва лічаць, што гэтаму адносна кароткаму перыяду папярэднічала доўгая перадгісторыя. Звязана яна з імем сусветна вядомага выдатнага псіхолага Л.С.Выгоцкага, які ў 20-я гады мінулага стагоддзя заснаваў у Гомельскім педагагічным вучылішчы, якое, дарэчы, цяпер носіць яго імя, першую ў Беларусі эксперыментальную псіхалагічную лабараторыю для вывучэння ўзроставых, педагагічных і дэфекталагічных праблем навучання і выхавання дзяцей. Сапраўднае ж развіццё псіхалагічнай навукі пачалося ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Вострая патрэба ў маладых спецыялістах-псіхолагах дыктавалася тым, што ў параўнанні з іншымі беларускімі рэгіёнамі Гомельская вобласць у постчарнобыльскі перыяд апынулася найменш забяспечанай педагогамі-псіхолагамі школ і дашкольных устаноў.

Якіх вынікаў дасягнулі на працягу двух дзясяткаў гадоў і якой бачыцца будучыня, расказвае дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ.

— Уладзіслаў Аляксандравіч, усё пачыналася са спецыялізацыі “Псіхалогія”, але ж на гэтым не спыніліся…

— Так, час дыктуе нейкія свае патрабаванні, мы павінны адпавядаць ім, улічваць сітуацыю на рынку працы. Зараз на факультэце студэнты вучацца па трох спецыяльнасцях: “Псіхалогія”, “Сацыяльная педагогіка”, “Сацыяльная педагогіка. Практычная псіхалогія” і трох спецыялізацыях: “Педагагічная псіхалогія”, “Сацыяльная псіхалогія”, “Спартыўная псіхалогія”.

— З працаўладкаваннем выпускнікоў праблем не ўзнікае?

— 100 працэнтаў выпускнікоў факультэта, якія вучацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, размяркоўваюцца па спецыяльнасці. Больш за тое, калі тыя, хто вучыўся па кантрактнай форме, выказваюць жаданне атрымаць першае працоўнае месца, мы ім дапамагаем. Сёння выпускнікі з псіхалагічнай адукацыяй патрэбны ўстановам адукацыі і ўстановам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — гэта асноўныя месцы размеркавання маладых спецыялістаў. Аднак ёсць нямала прапаноў з падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, іншых арганізацый.

— Будучым псіхолагам, як і многім іншым спецыялістам, вельмі важна мець практычныя навыкі. Ці можам мы гаварыць пра практыкаарыентаванасць адукацыйнага працэсу?

— У працэсе навучання студэнты факультэта вывучаюць шырокі спектр дысцыплін, якія ў поўнай меры рыхтуюць іх да будучай прафесійнай дзейнасці. У тым ліку вывучаюцца практыка-арыентаваныя дысцыпліны, накіраваныя на падрыхтоўку студэнтаў да дзейнасці ў галіне прафілактыкі і карэкцыі дэвіянтных і проціпраўных паводзін, работы з сем’ямі, якія выхоўваюць непаўналетніх. Што тычыцца набыцця ў працэсе навучання пэўных практычных навыкаў, то нашы студэнты праходзяць розныя віды практыкі, у тым ліку псіхадыягнастычную, экспертна-кансультацыйную, педагагічную, сацыяльна-педагагічную. Практыка праходзіць пад кіраўніцтвам вопытных спецыя­лістаў на базе ўстаноў адукацыі, у дзіцячых аздараўленчых установах, інспекцыях па справах непаўналетніх.

— Добрую дапамогу ў практычным навучанні аказваюць філіялы кафедр. Як наладжана гэтая работа на вашым факультэце?

— Бясспрэчна, дзейнасць філіялаў кафедр служыць узмацненню практыка-арыентаванай накіраванасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама правядзення даследаванняў. У нас створана 5 філіялаў кафедр. Першыя былі адкрыты ў 2012 годзе ў гімназіі № 10 Гомеля і Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С.Выгоцкага. Потым філіялы кафедр адкрыліся ў Гомельскім абласным цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Гомельскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і аховы грамадскага здароўя, Гомельскім гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры.

— Як наладжана даследчая работа на факультэце псіхалогіі і педагогікі? Наколькі яна цікавая для студэнтаў?

— У нас працуюць дзве навукова-даследчыя лабараторыі і тры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, выконваюцца даследаванні ў розных напрамках педагагічнай і псіхалагічнай навукі. Зараз, напрыклад, зацвер­джаны і распрацоўваюцца восем тэм навуковых даследаванняў. Студэнты актыўна ўцягнуты ў дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, і многія з захапленнем займаюцца даследчай работай. СНДЛ “Альянс” двойчы станавілася лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта. Да таго ж студэнты пішуць курсавыя і дыпломныя работы, артыкулы на навуковыя канферэнцыі, а гэта таксама патрабуе правядзення розных даследаванняў. Варта сказаць, што ў рамках дыпломных работ распрацоўваюцца праграмы прафілактыкі розных форм дэвіянтных паводзін, якія потым укараняюцца ў практыку ўстаноў адукацыі.

— Як плануеце развівацца далей?

— Мы актыўна ўдзельнічаем у міжнародных праектах і праграмах, што заўсёды дае імпульс і дапамагае асвойваць нейкія новыя напрамкі. Факультэт супрацоўнічае з 25 універсітэтамі і інстытутамі краін ЕС, а таксама краінамі постсавецкай прасторы. У нас добра наладжаны абмен вопытам, штогод вядучыя замежныя спецыялісты наведваюць факультэт і чытаюць лекцыі студэнтам. У сваю чаргу нашы выкладчыкі кожны год павышаюць кваліфікацыю і праходзяць замежныя стажыроўкі. Усё гэта і стварае шлях развіцця. І, канечне, мы будзем сачыць за тым, якія спецыялісты запатрабаваны. У 2016 годзе на факультэце была адкрыта спецыяльнасць “Сацыяльная работа”, у гэтым годзе плануецца адкрыццё спецыялізацыі “Псіхалогія сямейных адносін”.

Наталля ЛУТЧАНКА.